«Каралеўскі шлях», перанос турмы, аэрахаб… Топ-7 ідэй для Гродна (+аўдыё)

гісторыя гродна, што паглядзець у гродна, што змяніць у гродна

Што трэба зрабіць, каб горад над Нёманам зноўку пачаў дыхаць? Каб людзі не з’язджалі з Гродна, але — прыязджалі і хацелі застацца? Каб лэйбл «еўрапейскі горад» з геаграфічнага стаў усебаковым?..

Яшчэ 3-4 гады таму Гродна параўноўвалі з Вільняй і Львовам. Па вуліцах блукалі тысячы польскіх ды літоўскіх турыстаў. Уік-энд у Гродне, з кавярнямі і вузкімі вулачкамі, — норма для мінчукоў. Для турыстаў з Беларусі і Расіі — «блізкая Еўропа». Для заходнікаў — «еўрапейскі твар Беларусі».

На жаль, сёння Гродна нагадвае мядзведжы кут, з якога нават і не паедзеш нікуды. Як у часы СССР: заходні «выступ» вялізнай імперыі. Пра інвестыцыі, сумесныя з ЕС праекты, рост дробнага бізнесу і тых самых утульных кавярняў, здаецца, можна забыцца. Напрацоўкі і сувязі мінулых гадоў злітыя ва ўнітаз.

Зрэшты, гэта не замінае складаць планы на будучыню. Дык што мае змяніцца ў Гродне (ясна, што ў часы дэмакратычнай Беларусі), каб горад зноўку стаў прывабным?

Гэты тэкст можна прачытаць, а можна паслухаць у падкасце «Голасам».

1. Рэгенерацыя Рынкавай плошчы

Рынкавая (Савецкая) плошча з Фарай Вітаўта, від з Замкавай вуліцы. Фота: oldgrono.by

Галоўная плошча горада — Савецкая — нагадвае «узлётную паласу». Выцягнуты кавалак зямлі са скверам, які плаўна перацякае ў Стары мост. Чыста мінская тэма, дзе ўсе плошчы размешчаныя ўздоўж праспекта Незалежнасці і ёсць яго часткамі. Такімі сабе прыстанкамі ўздоўж дарогі на Маскву.

У Гродне ўсё было (і павінна быць) інакш. Гэта класічная еўрапейская Рынкавая плошча: як у Кракаве ці Львове. І яна — замкнёная. Менавіта замкнёнасць дадае ўтульнасці і закончанасці. Не хапае мінімум двух важных аб’ектаў: Фары Вітаўта і палаца Радзівілаў. У ідэале — яшчэ і ратушы па цэнтры. Усе гэтыя велічныя будынкі або пацярпелі падчас вайны, або былі знішчаныя ў мірны час камуністамі.

Фантастыка? Зусім не. У Варшаве, Гданьску, Уроцлаве ці Дрэздэне аднаўлялі і не такое. Прыклад Беластока: у 1950-х тут аднавілі не толькі Рынак Касцюшкі, але і з нуля адбудавалі Ратушу, разабраную камуністамі ў 1940-м.

Што зрабіць у новапаўсталых будынках? Фара Вітаўта можа пераўтварыцца ў залу для арганных канцэртаў ці выстаў або вярнуцца да вернікаў. Палац Радзівілаў і ратуша — плошча для гандлю, канферэнцый, пад музейныя патрэбы. Пытанне з рэгенерацыяй Рынкавай плошчы — прынцыповае. Гэта гісторыя пра права звацца еўрапейскім горадам у прынцыпе.

2. Турме не месца ў цэнтры горада

Турма ў цэнтры Гродна. Фота: vgr.by

Адзін з парадоксаў цэнтра Гродна — старая турма на галоўнай плошчы горада. Зараз тут СІЗА і «крытка», дзе сядзяць таксама палітвязні. Увесь час над цэнтрам горада чуваць брэх канвойных аўчарак, відаць ахоўнікаў у камуфляжы са зброяй, а праз браму туды-сюды ездзіць «спецтранспарт» з вязнямі, паралізуючы рух на вуліцы Кірава…

Турэмны замак ужо 200 год «навісае» над горадам. Яго збудавалі расіяне ў 1820-х: перарабілі пад турму былы езуіцкі калегіум, самую старую навучальную ўстанову горада. Тут сядзелі ўсе: ад паўстанцаў 1863 года і Напалеона Орды да Шарамета, Пачобута, Івашына і Мажэйкі ў нашы дні.

Дарэчы, за мурам той самы езуіцкі калегіум XVIII стагоддзя цудоўна захаваўся. Бліжэйшы аналаг — галоўны корпус Віленскага ўніверсітэта — гэта таксама езуіцкі калегіум часоў Вялікага Княства Літоўскага. Ёсць цудоўныя прыклады турэмнай фартыфікацыі XIX стагоддзя: ад будынкаў да пліткі на падлозе і металічных ажурных лесвіц.

Што зрабіць? Музей, гасцініца, офісныя ці адміністратыўныя памяшканні — без розніцы. Галоўнае: турма ў сэрцы горада — зло.

3. Пешаходны цэнтр

Вуліца Кірава — максімальна нязручная ані для транспарту, ані для пешаходаў. Фота: vgr.by

Транспартныя коркі — вечныя спадарожнікі цэнтра Гродна. Стабільна раніцай і ўвечары на Маркса, Кірава, Сацыялістычнай, Траецкай ды Давыда Гарадзенскага — чэргі з аўто, маршрутак, тралейбусаў і аўтобусаў. Чаму? Бо гэта стары горад: вуліцы вузкія. Гэта не праспект Незалежнасці ў Менску.

Тут два варыянты: або зрабіць стары цэнтр пешаходным, або знесці старыя камяніцы і пашырыць вуліцы (такі вар’яцкі праект быў яшчэ за часамі СССР). Калі браць першы варыянт, то транспарт лагічна перанакіраваць праз іншыя вуліцы. Са Старога моста вывесці праз Румлёўскі, Паповіцкі ці нават збудаваць яшчэ адзін (ёсць і такі праект) каля Чыгуначнага моста.

Што атрымлівае горад? Жывы цэнтр з турыстамі і кавярнямі на сённяшніх дарогах — як у Львове. Бо зараз ты не можаш там ані правесці экскурсію (ходнік ля турмы — метр шырынёй!), ані вынесці сталы на вуліцу (калі ты ўласнік кавярні). У плюсе — і архітэктурныя помнікі, бо адна з прычын павольнага разбурэння, напрыклад, Фарнага касцёла — вібрацыі ад транспарту. У плюсе — і аўтамабілісты, бо ў корках не трэба будзе стаяць немаведама колькі.

4. Аэрахаб

Гродзенскі аэрапорт каля Абухава. Фота: tut.by

Зараз, каб гродзенцам дабрацца хоць куды на самалёце, трэба ехаць у Мінск, Вільню ці Варшаву.

Гэта дзіўна, бо аэрапорт каля горада ёсць: ля вёскі Абухава. Праблема ў тым, што там амаль нічога не лятае (раней былі рэйсы на Калінінград, зараз — раз на месяц у Егіпет)…

Ёсць і стары аэрапорт ля Каробчыцаў, але зусім невялікі: там зараз «тусуецца» аэраклуб.

Выхад — выйграць міжнародны тэндар на аэрахаб. Ці варта тлумачыць, што ўсе будуць у плюсе? Горад стане не проста адкрытым горадам, але яшчэ і мабільным ва ўсіх сэнсах. Не маючы выхаду да мора, Гродна нарэшце стане «партовым горадам», толькі не для марскіх, але для авіясуднаў. Гродна як авіясталіца Беларусі — нешта новае, нечаканае і неверагоднае!

5. «Каралеўскі шлях». Вільня — Гродна — Кракаў

Панарама Вільні. Фота: travel-or-die.ru

Гродзенскі вакзал сёння — гэта тупік. Ані ў Польшчу, ані ў Літву нічога не ходзіць. У Маскву ці Піцер — калі ласка… Каб пераадолець эфект «тупіковай станцыі», варта ўспомніць гісторыю. Як у часы Рэчы Паспалітай каралі з Кракава дабіраліся ў Вільню і назад? Праз Гродна. Гэта і быў «Каралеўскі шлях».

Адрадзіць той шлях можна і ў фармаце трасы, але найпрасцей — чыгункай. Злучыць тры гарады (ясна, прыстасаваўшы фармат чыгуначнага палатна пад еўрапейскі, бо шырыня каляі ў былым СССР і ў ЕС розніцца на восем сантыметраў).

І гэта важна не толькі для беларусаў з Гродна, каб не быць мядзведжым кутом, але і для палякаў з літоўцамі. Бо зараз з Вільні ў Польшчу ты едзеш праз Коўна, потым на Сувалкі, потым перасадка 15 хвілін, бо забірае польскі цягнік… Нязручна. А чаму? А таму, што без Беларусі пазл рэгіянальнай лагістыкі краін былой Рэчы Паспалітай (чытай — Міжмор’я) проста не складваецца. І гэта быў бы яшчэ адзін пункт у скарбонку Гродна як «партовага горада».

6. «Як дайсці на чыгуначны/аўтавакзал?»

Аўтавакзал у Гродне. Фота: vgr.by

Пытанне, вынесенае ў падзагаловак, я чуў мільён разоў удзень ці ўначы, жывучы ў Гродне. Чаму? Бо ў адрозненні ад абсалютнай большасці еўрапейскіх гарадоў, дзе аўтавакзал побач з чыгуначным, у Гродне ўсё інакш. Трэба дабірацца пешкі ці замаўляць таксі. А калі ноч, то ты наўпрост губляешся і нічога не разумееш…

Як так атрымалася? Чыгуначны вакзал быў збудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, калі пытання з аўтобусамі не стаяла. Аўтавакзал — у 1950-х. А зараз цікавае: яго адмыслова зрабілі на ўсходнім выездзе з горада (на той час гэта быў ускраек), каб маршруты хадзілі па мінска-маскоўскім кірунку. Пра заходні кірунак ніхто не думаў.

Што рабіць? Пераносіць чыгуначны вакзал сэнсу няма: яго вялізны будынак адрэстаўравалі ў 2010-х. А вось будынак аўтавакзала — стары і максімальна нязручны. І збудаваць новы аўтавакзал каля чыгуначнага – лагічна. Там акурат побач велізарны паркінг, а яшчэ сквер, дзе п’е прывакзальная публіка. То бок тэхнічна — нескладана.

7. Зялёны горад 2.0

Зялёны Гродна 1990-х. Фота: Леанід Шчаглоў

Кожны гродзенец 30+ памятае зялёны Гродна 1990-х і нават нулявых. Зарослая Замкавая гара, каштаны на Ажэшкі, яшчэ жывы і поўны зеляніны парк Жылібера. Нават старыя могілкі — каталіцкія і праваслаўныя — яшчэ з дрэвамі. У кожным двары — яблыні, алыча, цень улетку — таму акурат дзяцей з двароў было не выцягнуць!

Пасля адбылося страшнае: за дзясятак гадоў горад нібы перамясціўся ў Сярэднюю Азію. Ніякіх дрэваў. Ніякага ценю. Ніякіх яблыкаў. Старыя стагадовыя ліпы і каштаны спілавалі. На іх месцы — невялічкія пруткі, якія пазасыхалі ці былі паламаныя дзеткамі. Прычына зразумелая: зелянбуд імітаваў бурную дзейнасць, спілоўваючы старое, а пасля атрымліваў грошы на высадку новага. Калі тое новае засыхала, то закуплялі яшчэ новае… і так бясконца.

Што рабіць? Старыя дрэвы не вернеш, так? Ліквідаваць заганную схему зелянбуда па спілоўцы і высадцы дрэваў. У дадатак, у Гродне яшчэ год дзесяць таму была купленая машына па перасадцы дарослых (!) дрэваў, а не пруткоў. Дзе яна — ніхто не ведае. То бок у новых і старых раёнах можна адразу саджаць вялікія клёны ці каштаны. І не абавязкова экзоты, якія ў нас не жывуць. Ёсць дубы з ліпамі, а ёсць алыча, яблыня, вішня — чаму не?

***

Канешне, гэта толькі некалькі ідэй з добрых пары дзясяткаў. Што яшчэ? Мастацкі музей у Палацы тэкстыльшчыкаў, які дагэтуль пусты і раздзяўбаны. Вайсковы музей — у Доме афіцэраў (там яшчэ горш, чым у Палацы тэкстыльшчыкаў…). Перанос заапарка, бо гэта сапраўды здзек з жывёл, а перспектыў росту — няма. Перанос атракцыёнаў з парка Жылібера ў Каложскі парк. Ажыўленне ўзбярэжжа Нёмана, дзе зараз няма нічога — зэро. І гэтак далей.

Але галоўная ўмова перамен да лепшага ў Гродне — гэта свабода. Бо «таталітарна развіваць горад», даючы загады і нормы па турыстах, кавярнях і музеях, — гэта фэйл. Гэта мы ўжо праходзілі.

Алесь Кіркевіч

Вярнуцца ўгару