Алімпійскія гульні — гэта свята спорту, міру і міжнароднага супрацоўніцтва, аднак у гісторыі заўсёды ёсць цёмныя старонкі. Трагічныя выпадкі, якія адбыліся падчас Алімпійскіх гульняў, нагадваюць нам пра рызыкі, з якімі жывуць спартсмены штодзённа. А сусветныя падзеі могуць закрануць нават і гэтыя вялікія спартыўныя мерапрыемствы.
PALATNO расказвае пра самыя жудасныя і трагічныя выпадкі на Алімпіядах.
Змест
Першы спартсмен, які загінуў падчас Алімпіяды
У 1912 годзе Алімпійскія гульні праходзілі ў Стакгольме. У іх удзельнічалі толькі 28 краін, а на спаборніцтвы прыехалі каля двух з паловай тысяч спартсменаў. Партугалія ўпершыню спаборнічала на турніры, а малады, 21-гадовы, марафонскі бягун Франсішку Лазару ўжо быў трохразовых чэмпіёнам сваёй краіны. Лазару быў не толькі фаварытам у марафонскім бегу, але і галоўнай надзеяй Партугаліі на Алімпіядзе.
Франсішку Лазару быў спартсменам-аматарам. Ён працаваў цесляром на аўтамабільным заводзе ў Лісабоне, а свабодны час прысвячаў спорту. Пачынаў ён як футбаліст у «Бенфіке», але кінуў гэты від спорту пасля траўмы галавы падчас матчу: пасля яго ў Лазару застаўся шрам на твары. Франсішку быў бедным, таму штодня бегаў на працу, а не карыстаўся грамадскім транспартам. Так атлет пачаў займацца марафонскім бегам — усё з-за адсутнасці грошай на транспарт да працы.
На Алімпіяду Лазару паехаў як удзельнік і сцяганосец нацыянальнай зборнай.
15 ліпеня 1912 года Лазару выйшаў на марафонскую дыстанцыю. Перад забегам ён нібыта абмазаў сваё цела свіным тлушчам, каб абараніцца ад сонечным апёкаў. Цікава, што з-за таго, што ён намазваўся перад забегам, ён амаль не прапусціў старт: яго знайшлі ў распранальні калегі па алімпійскай зборнай. Па афіцыйнай версіі такая «абарона» толькі перашкодзіла потавыдзяленню спартсмена — і гэта прывяло да смяротнага дысбалансу электралітаў у арганізме. Яго даставілі ў шпіталь з тэмпературай цела ў 41°C.
Аднак у выніку анатаміравання дактары не знайшлі ніякіх слядоў ад свінога тлушча. Існавала тэорыя, што Лазару мог выкарыстаць стрыхнін, які, па сутнасці, з’яўляецца ядам, але і стымулятарам. Аднак дактары не знайшлі і гэтых слядоў на целе. Пазней, ужо праз гады пасля смерці спартсмена, яго сваякі будуць расказваць, што ён адмаўляўся бегчы ў такую спякоту, але яго прымусілі гэта зрабіць.
Доктар Фолке Хенхена, які праводзіў анатаміраванне, лічыў, што Франсішку Лазару загінуў з-за анамальнай спякоты ў дзень спаборніцтваў. Тады ў Стакгольме тэмпература даходзіла да 40°C. Дактары хацелі перанесці забег на больш позні час, каб тэмпература паветра была ніжэйшай, аднак яе пачалі па абедзе.
Дарэчы, палова марафонцаў адмовілася ад удзелу ў такую спякоту, да фінішу прыйшлі толькі 35 з 68 удзельнікаў.
Франсішку змог дабегчы толькі да 30-га кіламетру. Ён упаў і больш не ўставаў. Дактары прывезлі яго ў бальніцу і паставілі памылковы дыягназ — менінгіт. Лазару памёр на наступную раніцу. Цела спартсмена знаходзілася ў Стакгольме яшчэ два месяцы, бо ў алімпійскага камітэта Партугаліі не было сродкаў на перавозку цела. Шведскі кароль Густаў V загадаў сваёй дзяржаве аплаціць усе выдаткі на пахаванне і перавозку цела Фрасішку Лазару.
Полеяміэліт і адзіны ў гісторыі пасмяротны алімпійскі медаль
У 1948 годзе на Алімпіяду ў Лондане паехала перспектыўная і таленавітая жаночая зборная Чэхаславакіі па гімнастыцы. Элішка Місакава таксама была ў складзе той каманды. Місакава адчула сябе дрэнна ўжо падчас палёту ў Лондан — яна падумала, што захварэла на грып. Калі самалёт сеў, спартсменку адразу адвезлі ў шпіталь.
Дактары палічылі, што ў Элішкі можа быць менінгіт. Аднак праз час у яе дыягнаставалі поліяміэліт. Партнёрка па камандзе і сястра Элішкі Міласлава змагла наведаць яе, дактары дазволілі паглядзець на дзяўчыну толькі праз шкло. На той час у Элішкі адняліся рукі і ногі, яна ўжо не магла самастойна дыхаць — ёй дапамагалі «жалезныя лёгкія». Дактары спрабавалі выправіць сітуацыю, пералілі ёй кроў чалавека, які перанёс поліяміэліт, але і гэта не дапамагло.
«Яна не размаўляла па-англійску, нікога не разумела, яе проста ізалявалі. Напэўна, ёй было так цяжка», — успамінала гімнастка Вера Ружычкова, якая таксама была на той Алімпіядзе ў складзе чэшскай зборнай.
Элішка Місакава памерла раніцай, калі чэшскія гімнасткі ўзялі залатыя медалі Алімпіяды. Перад смерцю яна змагла зноў пабачыцца са сваёй сястрой Мілаславай, якая сказала ёй пра перамогу на Алімпіядзе. Міжнародны алімпійскі камітэт узнагародзіў не толькі зборную-пераможцу, але і Элішку Місакаву — гэта дагэтуль адзіны выпадак у гісторыі, калі спартсменку пасмяротна ўзнагародзілі алімпійскім медалём.
Дагэтуль застаецца невядомым, як 22-гадовая Элішка Місакава захварэла на поліяміэліт. За некалькі тыдняў да Алімпіяды чэхаславацкая зборная трэніравалася ў Німбурку. У той час спартсменкам забаранілі купацца ў Одэры, бо ўжо фіксаваліся выпадкі захворвання на поліяміэліт. Аднак, па словах саміх спартсменак, яны ўсё роўна купаліся, але не казалі пра гэта сваім трэнерам. Магчыма, менавіта так Элішка Місакава і захварэла.
Цела Місакавай давезці ў Прагу не змаглі, яе крэміравалі з-за таго, што яна хварэла на поліяміэліт. Зборную разам з залатымі медалямі і ўрнай з прахам дадому на самалёце даставіў пілот і брат малодшай сястры Элішкі Ганны.
З той чэхаславацкай зборнай звязаная і першая гісторыя палітычнай эміграцыі падчас Алімпіяды. Марыя Правазнікава рыхтавала гімнастак да выступу ў Лондане, але адначасова выступала супраць камуністычнага рэжыму ў Чэхаславакіі. Яна змагла застацца ў Лондане пасля Алімпіяды, а пасля эмігравала ў ЗША.
«Кроў у басейне». Матч-бойка па водным пола Венгрыі і СССР
У 1956 годзе савецкія войскі падавалі венгерскую рэвалюцыю. За два тыдні падаўлення былі забітыя каля трох тысяч венграў, паранена больш за дзесяць тысяч чалавек. Праз некалькі тыдняў пасля падаўлення рэвалюцыі ў Мельбурне пачаліся Алімпійскія гульні.
Венгерскія ватарпалісты ў час рэвалюцыі знаходзіліся на трэніровачнай базе пад Будапештам. Яны чулі страляніну, бачылі вогнішчы і дым. Ужо ў Аўстраліі ватарпалісты даведаліся, што ў Венгрыі ўстанавілі камуністычны рэжым. Герой таго «крывавага» матчу Эрвін Задор абвясціў камандзе, што не паедзе дадому пасля Алімпіяды: «Раней было кепска, а тады я адчуў, што будзе значна горш, што рускія ніколі не сыдуць».
6 снежня 1956 года пачаўся той самы матч, які атрымаў назву «Кроў у басейне». Зборная СССР выйшла ў паўфінал з другога месца сваёй групы, а венгры перамаглі ўсіх сапернікаў у сваёй.
Задар расказваў, што венгерскі план заключаўся ў тым, каб раззлаваць савецкіх спартсменаў: «План быў такі: мы гуляем, яны б’юцца». Венгерскія ватарпалісты ведалі рускую мову, таму размаўлялі з сапернікамі на зразумелай для іх мове.
На трыбунах сядзелі сотні венгерскіх эмігрантаў, якія заўзелі за сваіх гульцоў. У залі знаходзілася каля васьмі тысяч заўзятараў. У другой палове сустрэчы венгры вялі ў матчы — 4:0. Савецкія ватарпалісты не змаглі на аднаго разу прарвацца скрозь абарону венграў. Аднак падчас невялікіх сутычак нічога экстраардынарнага не здарылася.
Аднак хутка матч ператварыўся ў сапраўдную бойку, ужо не славесную. Асноўная сутычка адбылася з удзелам Валянціна Пракопава і Эрвіна Задора. Дагэтуль невядома, што канкрэтна справакавала Пракопава на ўдар, аднак ён дакладна прыклаўся кулаком у брыво венгерскага ватарпаліста. У Эрвіна Задора аказалася рассечанае брыво, некалькі хвілін пасля ўдару ён знаходзіўся ў басейне, пакідаючы пасля сябе крывавы след на вадзе.
Здымак Задора, які выходзіць з басейна з абкрываўленым тварам, абляцеў усе сусветныя газеты. Для прэсы гэта была ілюстрацыя не толькі напружанага і жорсткага спартыўнага матчу, але і савецкай агрэсіі супраць венгерскай рэвалюцыі.
Сам матч Венгрыі і СССР скончыўся паразай для апошніх. Зборная Венгрыі ўзяла залатыя алімпійскія медалі пасля перамогі ў фінале каманду Югаславіі. Пасля Алімпіяды значная частка венгерскіх ватарпалістаў прасіла палітычную абарону, Эрвін Задор не павярнуўся ў Венгрыю. Акарамя ватарпалістаў каля сотні венгерскіх спартсменаў засталіся за мяжой і адмовіліся вяртацца ў камуністычную Венгрыю.
У 2002 годзе ўдзельнікі «крывавага» матчу сустрэліся і выбачаліся адзін перад адным.
У 2006 годзе выйшаў фільм па матывах матчу пад назвай «Szabadság, szerelem».
Смерць, з-за якой пачалі правяраць на допінг
Наступная гісторыя — пра дацкага велагоншчыка Кнуда Энемарка Енсэна. Кнуд нарадзіўся ў другім па велічыні горадзе Даніі, Орхусе. Да 1960 года ён перамог у каманднай гонцы ў чэмпіянаце Паўночных краін і стаў удзельнікам алімпійскай зборнай на Гульнях у Рыме.
Гонка праходзіла пры высокай тэмпературы. Адзін з чатырох велагоншчыкаў у дацкай камандзе выбыў: Ёрген Ёргенсэн атрымаў сонечны ўдар. Тры астатнія гоншчыкі, уключаючы Кнуда, павінны былі скончыць гонку, каб каманду не дыскваліфікавалі. Падчас гонкі Енсэн сказаў партнёрам па камандзе, што ў яго кружыцца галава — яго падтрымлівалі з двух бакоў, каб гоншчык не ўпаў з ровару.
Кнуда аблілі вадой — і той сказаў, што адчувае сябе лепш, таму партнёры па камандзе больш яго не трымалі. Калі яго адпусцілі, Енсэн зваліўся з ровара і разбіў галаву аб асфальт.
Спартсмена даставілі ў намёт непадалёк ад фінішу, і на наступны дзень ён памёр. Пасля падзення Кнуд так і не апрытомнеў.
Трэнер дацкай каманды Олуф Ёргенсэн расказваў следчым, што даваў Енсэну і іншым гоншчыкам роніякол — нікацінілавы спірт. Італьянскія дактары, якія праводзілі анатаміраванне, заявілі, што спартсмен памёр ад цеплавога ўдару і ў яго целе не знайшлі ніякіх рэчываў. Цалкам справаздачу ніколі не публікавалі. Праз шмат гадоў пасля падзей адзін з дактароў Альвара Маркіоры заявіў, што ў целе Енсэна былі сляды некалькіх рэчываў, у тым ліку амфетаміну.
Смерць Енсэна мела сур’ёзныя наступствы для алімпійскага руху. На наступных Алімпіядах спартсмены здавалі тэсты на забароненыя рэчывы — першыя допінг-пробы адбыліся на зімовых Гульнях у Грэноблі-1968 і летніх у Мехіка-1968.
Тэракт у Мюнхене
У 1972 годзе Алімпійскія гульні прымаў Мюнхен. Арганізатары спрабавалі стварыць лёгкую атмасферу, улічваючы, што апошняя Алімпіяда адбывалася ў часы нацысцкай улады. Ахова спартыўных аб’ектаў і алімпійскай вёскі, дзе жылі спартсмены, была слабая. Члены ізраільскай зборнай баяліся, што слабая ахова можа прывесці да нападу. Аднак нямецкія ўлады адмовіліся забяспечыць надзейную ахову.
Раніцай 5 верасня 1972 года, калі ізраільскія спартсмены спалі ў сваіх нумарах, восем тэрарыстаў з арганізацыі «Чорны верасень» змаглі пранікнуць у алімпійскую вёску. У іх з сабой былі аўтаматы, пісталеты і гранаты.
Першым забілі суддзю па барацьбе Мошэ Вайнберга, які двойчы спрабаваў аказваць супраціў тэрарыстам. Другім забілі цяжкаатлета Ёзэфа Рамана, калі той накінуўся на аднаго з тэрарыстаў: спартсмена катавалі і пакінулі паміраць ад страты крыві. У першы дзень у тэрарыстаў у закладніках заставаліся дзевяць членаў ізраільскай дэлегацыі.
Тэрарысты патрабавалі вызваліць са зняволення ў Ізраілі некалькі сотняў палесцінцаў, а з турмаў Еўропы некалькі дзясяткаў чалавек. Таксама яны запатрабавалі самалёт і вылет у Егіпет. Калі патрабаванні не будуць выконвацца — тэрарысты абяцалі забіваць кожную гадзіну па адным закладніку.
Кіраўніцтва Ізраіля адмовілася весці перамовы з тэрарыстамі і прасіла немцаў накіраваць да будынку з закладнікамі групы спецназу. Аднак немцы, у сваю чаргу, вырашылі правесці перамовы. У выніку іх, тэрарыстаў даставілі на аўтобусе да верталётаў — верталёты прывезлі іх разам з закладнікамі ў аэрапорт.
Немцы разлічвалі, што змогуць вызваліць закладнікаў у аэрапорце, а тэрарыстаў забіць. Аднак паліцэйскія, якія павінны былі чакаць тэрарыстаў у самалёце, сышлі са сваіх пазіцый. Так тэрарысты зразумелі, што гэта спецыяльна створаная для іх пастка. Тады ў тэрарыстаў пачалі страляць пяцёра снайпераў, але не змаглі нікога з іх забіць. Тэрарысты схаваліся за самалётамі і адстрэльваліся ад нямецкіх паліцэйскіх і памежнікаў.
У гэты ж час былі забітыя ўсе закладнікі — іх расстралялі і закідалі гранатамі тэрарысты. Жывымі пасля гэтай бойкі вышлі толькі трое тэрарыстаў.
Аперацыя па вызваленні ізраільскіх закладнікаў лічыцца праваленай. Германія адмаўлялася даваць інфармацыю пра тэракт і тое, як яго спрабавалі прадухіліць і выратаваць закладнікаў. Пасля яе многія еўрапейскія дзяржавы стварылі контртэрарыстычныя вайсковыя часткі, якія маглі змагацца ў такіх сітуацыях. Падчас Алімпійскіх гульняў правялі памінальную службу — на ёй адсутнічалі толькі спартсмены з арабскіх краін і СССР.
Пасля Алімпіяды «Масад» ліквідаваў людзей, якія была прама ці ўскосна датычныя да тэракту ў Мюнхене. Ізраільская аперацыя помсты працягвалася каля дваццаці гадоў.