Now Reading
Трагедыя, збудаваная з выпадковасцяў. Расказваем пра адну з найбуйнейшых чыгуначных катастроф у Беларусі

Трагедыя, збудаваная з выпадковасцяў. Расказваем пра адну з найбуйнейшых чыгуначных катастроф у Беларусі

трагедыя ў крыжоўцы, сутыкненне цягнікоў у крыжоўцы

У спякотны майскі дзень, калі сотні людзей заскокваюць у электрычкі дадому ці наадварот на лецішча, адбылася адна з самых маштабных чыгуначных катастроф Беларусі. 2 мая 1977 года загінулі 22 чалавекі, дзясяткі сур’ёзна пацярпелі пасля таго, як у электрычку на станцыі Крыжоўка ля Мінска ўрэзаўся цягнік. Апошнія вагоны электрычкі сціснула нібыта «гармонікам», бацькі прыязджалі забіраць целы сваіх дзяцей, а вінаватых знайшлі сярод працаўнікоў чыгункі…

PALATNO расказвае, як шэраг маленькіх і быццам нязначных выпадковасцяў прывялі да адной з самых маштабных чыгуначных катастроф Беларусі.

Збег абставін ці чалавечы фактар?

Першамай у 1977 годзе быў халодным, а на наступны дзень рэзка пацяплела. Сучаснікі ўспаміналі, што тэмпература на вуліцы паднялася да 30°С. 2 мая 1977 года электрычкі былі забітыя натоўпамі людзей, якія хацелі паспець адпачыць, бо наступны дзень ужо быў працоўным.

Для працы чыгункі змяненне тэмпературы мае істотны ўплыў: чыгуначнікі атрымліваюць зводкі ад метэаролагаў, каб адаптаваць сваю працу пад умовы надвор’я. Зводку пра экстрэмальнае спякотнае надвор’е атрымаў і майстар Зянон Петрык, які адказваў за перагон Беларусь-Крыжоўка ў той дзень.

54-гадовы Петрык працаваў на тым перагоне толькі паўгода, а раней — ля Баранавічаў. Спецыфіка працы адрознівалася: на яго былым рабочым месцы была паўаўтаматычная блакіроўка, а на новым — цалкам аўтаматычная. Гэты фактар яшчэ згуляе ролю ў будучай трагедыі, але надвор’е больш уздзейнічала на падзеі ля Крыжоўкі.

Ад высокай тэмпературы рэйкі моцна награваліся, што ўплывала на працу аўтаматычнай блакіроўкі — з-за перагрэву рэйкі самкнуліся ў месцы ізалюючых стыкаў. Калі электрычны ланцуг замыкаецца, то святлафор гарыць чырвоным: гэта сігнал, што ў тым месцы праязджае цягнік.

У гэты ж час дзяжурная на пуцявым пасту «Крыжоўка» Алены Бруйло пабачыла на табло сігнал, што да станцыі набліжаюцца цягнікі. У раскладзе ніякіх цягнікоў не было — аўтаблакіроўка дала збой. Бруйло павінна была паведаміць пра гэта дыспетчару, але не зрабіла гэтага. Замест яна звязалася з электрамеханікам Мікалаем Кухаравым. Кухараў разам з Петрыкам спрабавалі разамкнуць рэйкі гідраўлікай, але ў іх не атрымалася. Тады Петрык разам з брыгадзірам пуці Шаховічам пачалі пілаваць наплыў рэйкі.

трагедыя ў крыжоўцы
Від на ізалюючы стык. Фота: архіў Беларускай Чыгункі

Чыгуначнікі былі павінны спыніць усе цягнікі, але адмовіліся гэта рабіць, бо любае спыненне азначала пазбаўленне прэмій і прачуханку ад кіраўніцтва. Насуперак інструкцыі Кухараў уручную пераварочваў рэле: запальваўся залёны свет — так уяўлялася, што сігналы спраўныя. Так чыгуначнікі прапусцілі па перагоне Беларусь-Крыжоўка дванаццаць саставаў. Пазней на судзе Петрык будзе казаць, што Кухараў сказаў яму, што з рухам усё ў парадку і трэба толькі разамкнуць рэйкі.

Апошняй была электрычка №548 Аляхновічы-Мінск, якая прыбыла на станцыю ў 17:00. З-за спякотнага надвор’я электрычка перагрэлася і задымілася, памочнік машыніста спрабаваў ліквідаваць узгаранне. Гэта прыцягнула ўвагу дзяжурнай Алены Бруйло, якая выйшла на вуліцу, каб паглядзець на здарэнне: жанчына не змагла назіраць за табло, на якім паказвалася набліжэнне цягнікоў. Так яна прапусціла цягнік Гродна-Орша, які ў 17:14 урэжацца ў прыгарадную электрычку на станцыі Крыжоўка.

Ланцужок трагічных выпадковасцяў замкнуўся на машынісце цягніка Гродна-Орша Антоне Якубоўскім. Якубоўскі быў адзіным машыністам цягніка — такое новаўвядзенне адбылося дзякуючы начальніку Мінскага аддзялення чыгункі Істушкіну. Істушкін прапанаваў абслугоўваць цягнікі без памочнікаў машыніста, каб сэканоміць на заробках. У самім цягніку Гродна-Орша таксама было не ўсё ў парадку: у машынным аддзяленні былі непаладкі з ціскам, таму Якубоўскі пайшоў разбірацца з непаладкай. Папярэдне машыніст паклаў цагліну на педаль, каб не адбылося тармажэння.

За некалькі хвілін да трагедыі ўжо нічога нельга было змяніць. Электрамеханік Кухараў забыўся перавярнуць рэле, каб загарэлася чырвонае святло. Дзяжурная Бруйло была не на працоўным месцы і не бачыла таго, што да станцыі прыбліжаецца яшчэ адзін цягнік. Машыніст Якубоўскі не адрэагаваў на тое, што на яго шляху стаіць электрычка — ён разгубіўся і нясвоечасова затармазіў. Пазней машыніст будзе расказваць некалькі версій, чаму так здарылася. Спачатку ён сказаў, што выскачыў з акна; потым расказваў, што адбег далей па вагоне і лёг на падлогу, таму і застаўся жывым.

Дзясяткі загінулых і параненых, тэорыі і чалавечыя трагедыі

2 мая 1977 года ў 17:14 цягнік урэзаўся ў электрычку на хуткасці 52 км/г. У гэты час на пероне станцыі знаходзілася шмат людзей, у вагоны прыгараднай электрычкі ўжо набіўся натоўп. Два апошнія вагоны электрычкі былі разбіты ўшчэнт, некалькі вагонаў гродзенска-аршанскага цягніка перакуліліся ад мацнейшага ўдару.

Мінакі пачалі выцягваць з разбітых вагонаў параненых і загінулых людзей. Па словах відавочцаў, целы загінулых складвалі ў полі. На месца аварыі паспявалі прыехаць сваякі тых, хто знаходзіўся ў электрычцы. Выцягваць людзей з электрычкі было складана: разразалі аўтагенам.

У апошнім вагоне змагла выжыць 59-гадовая Клаўдзія Барміна. Падчас удару яе адкінула ў сярэдзіну вагона, яе прыціснула лаўкай. Пасля аварыі ў яе дыягнаставалі страсенне мозгу і рваныя раны. Святлана Длатоўская, якой на момант аварыі было 11 гадоў, таксама знаходзілася ў апошнім вагоне электрычкі: яе дзед загінуў на месцы, а яна з маці і малодшай сястрой моцна пацярпелі.

У Крыжоўцы загінулі два сыны Эмы Чувічкі. Іх бацька Васіль прыехаў туды, каб ратаваць сваіх дзяцей, але змог дастаць з вагона ўжо загінулага 16-гадовага сына Лёню. 15-гадовага Сяргея бацька знайшоў толькі ноччу… у бараўлянскім моргу. Адзінае, што зрабілі ўлады для сям’і Чувічкаў — вызвалілі ад ільготы на бяздзетнасць. Пазней ужо пасля суда Чувічкі адпачывалі ў санаторыі, дзе былі чыгуначнікі, якія незнарок сказалі: «Калі ў Крыжоўцы адбылася трагедыя, думалі, усім галовы пазносяць. Але Машэраў загадаў спусціць усё на тармазах, бо ў нас юбілей — 115 гадоў чыгунцы».

Усяго ў аварыі загінулі 22 чалавекі, пацярпелі больш за 80 чалавек. Пра здарэнне ў прэсе шмат не пісалі, ад гэтага і нарадзілася шмат тэорый: пра тое, што колькасць ахвяр была значна большай.

Каго пакаралі, а каго — не?

Следчыя ў той жа дзень выехалі на месца здарэння. Галоўным следчым следчай групы стаў Мікалай Ігнатовіч, які ў часы незалежнай Беларусі будзе генеральным пракурорам. Пад яго кіраўніцтвам працаваў памочнік транспартнага пракурора Мікалай Мультан. Мультан пазней успамінаў: «На мой погляд, дзяжурная па станцыі Бруйло была вінаватая больш за ўсіх. Калі на станцыю прыбыла электрычка, загарэлася букса, памочнік пабег яе тушыць, а ў гэты час Бруйло выйшла на ганак, абаперлася на парэнчы і стала глядзець, што адбываецца. Яна пакінула сваё працоўнае месца на 13 хвілін! Калі б дзяжурная была на месцы, то ўбачыла на экране набліжэнне цеплавоза, тут жа можна было звязацца з Якубоўскім і папярэдзіць: шлях заняты. Акрамя таго, пра збой блакіроўкі яна не далажыла дзяжурнаму дыспетчару».

сутыкненне цягнікоў у крыжоўцы
Схема аварыі. Фота: архіў Беларускай Чыгункі

Следчыя хутка раскрылі справу. У іх аказаліся ўсе доказы і паказанні сведкаў, удзельнікаў падзей і падазраваных. Алена Бруйло, Зянон Петрык, Мікалай Кухараў і Антон Якубоўскі праходзілі абвінавачваемымі па крымінальнай справе. Іх судзілі ў Вярхоўным судзе. Усіх прызналі вінаватымі: Кухараву далі 12 гадоў турмы, Петрыку — 10 гадоў, Якубоўскаму — 7, а Бруйло зацяжарыла падчас следства і ёй далі чатыры гадоў умоўнага тэрміна. Толькі Кухараў часткова прызнаў сваю віну, усе астатнія лічылі сябе невінаватымі.

Гэтыя тэрміны яны не адсядзяць — усе трапяць пад амністыю, а іх тэрміны скароцяць у два разы.

Цікава, што ідэя з адзіным машыністам у цягніку пасля трагедыі ў Крыжоўцы забылася. Караць за яе не сталі і яе натхняльніка.

Пасля катастрофы і суда большасць удзельнікаў — і ахвяры, іх сваякі і асуджаныя — адмаўляюцца ад інтэрв’ю. Зянон Петрык памёр у 1994 годзе, яго дачка Галіна ўспамінала, што бацька за час суда і турмы моцна пастарэў. Былы машыніст Антон Якубоўскі пражыў да сталага ўзросту, але адмаўляўся ад кантактаў з журналістамі.

Вярнуцца ўгару