Таямнічы князь, які ўмацаваў дзяржаву ў агні і крыві. Расказваем пра вялікага князя Трайдзеня

вялікі князь трайдзен, трайдзен вкл, вялікія князі ВКЛ, вялікія князі літоўскія спіс

Яго паходжанне застаецца невядомым, але дзякуючы летапісам мы ведаем, што ён — Трайдзень — зрабіў для Вялікага княства Літоўскага. Пад кіраўніцтвам яго дзяржава вытрымала націск крыжакаў, татараў і галіцка-валынскіх князёў.

PALATNO — пра Трайдзеня.

Таямніца вакол узыходжання і паходжання Трайдзеня

У 1270-я гады памёр вялікі князь Шварн, які атрымаў уладу ад сына Міндоўга, Войшалка. Пасля смерці Шварна наступным вялікім князем стаў Трайдзень. Гісторыкі не ведаюць дакладна, што адбывалася паміж смерцю Шварна і ўкняжаннем Трайдзеня — гэты перыяд застаецца «белай плямай» у летапісах. Таксама застаецца невядомым паходжанне самога Трайдзеня.

Некаторыя крыніцы называюць Трайдзеня сынам нейкага Рамана або Ромунта, але гэтыя звесткі малаверагодныя. Згодна з версіяй гісторыка Міколы Ермаловіча, Трайдзень мог быць славянскага паходжання — на гэта намякае яго імя і славянскія імёны яго братоў (Борза, Сірпуцій, Лесій і Свелкеній).

Уступленне Трайдзеня на пасаду азначала разрыў з Галіцка-Валынскім княствам, якое раней мела моцны ўплыў на Літву праз шлюб Шварна з дачкой Міндоўга.

Вайна з трох бакоў

Асноўнай задачай Трайдзеня ў часы кіравання ВКЛ стала абарона і захаванне незалежнасці дзяржавы. З поўдня пагражалі галіцка-валынскія князі, на ўсходзе — татары, з захаду — крыжакі.

У 1274 годзе Трайдзень напаў на Драгічын (сучасная Польшча), які належаў князю Льву Данілавічу. У адказ на гэта Леў разам з татарамі напалі на Наваградак. Праз тры гады, у 1277 годзе, галіцка-валынскія князі разам з татарамі зноў напалі на Наваградак. Татары першымі дайшлі да горада і абрабавалі яго, а галіцка-валынскія князі не паспелі да рабавання гораду і былі гэтым вельмі засмучаныя. Дарэчы, у часы, калі на Наваградак не нападалі, Трайдзень разам з братам Сірпуцыем здзейснілі набег на польскія землі пад Люблінам.

На поўначы Трайдзень змагаўся з Лівонскім ордэнам. Вядома, што пэўны прамежак часу паміж Трайдзенем і Ордэнам былі заключаныя гандлёвыя пагадненні, але пасля адносіны значна сапсаваліся. Трайдзень спрабаваў захапіць Дынабург (сучасная Латвія), але гэта не атрымалася зрабіць, таму пасля ён захапіў Герцыке, і крыжакі абмянялі Дынабург на гэту крэпасць. Крыжакі час ад часу нападалі на вялікалітоўскія землі: падчас аднаго з нападаў яны абрабавалі без супраціўлення землі, а затым мясцовыя сабраліся ў вялікае войска і разбілі крыжацкіх ваяроў пад Ашэрадэнам у Курляндыі.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Міндоўг і ВКЛ: што рабіць, калі вакол крыжакі і татары — а табе трэба стварыць дзяржаву

 

«Дом цмока» па-беларуску: Дэйман — Каліноўскі, Рэйніра — Барбара Радзівіл

 

Як сын помсціў за бацьку. Гісторыя князя Войшалка, які быў на троне ўсяго два гады


Пашырэнне тэрыторый і знешняя дыпламатыя

Пры Трайдзені да ВКЛ былі далучаныя землі яцвягаў, земгалаў і селаў. Гэта значна пашырыла ўплыў ВКЛ на захадзе і паўночным захадзе. Трайдзень таксама даваў прытулак уцекачам з Прусіі пасля задушэння там антыкрыжацкага паўстання, яны пасяліліся ў ваколіцах Гродна і Слоніма (пазней яны будуць дапамагаць змагацца супраць галіцка-валынскіх войскаў).

Пра дыпламатычныя зносіны Трайдзеня з іншымі князямі вядома не так шмат, як пра яго бітвы. Вядома, што важным дыпламатычным крокам стаў шлюб яго дачкі Гаўдэмунды з князем Мазовіі Баляславам Плоцкім. Гэты шлюб умацаваў сувязі з Польшчай і пашырыў уплыў ВКЛ на захад.

* * *

Трайдзень, верагодна, памёр у 1282 годзе. Невядома дакладна, хто змяніў яго на вялікакняжацкай пасадзе. Ім мог быць Даўмонт, а затым Будзікід і Будзівід.

Вярнуцца ўгару