Now Reading
Тадэвуш Касцюшка, Іван Луцкевіч, Міхал Радзівіл. Тры (нешчаслівыя?) гісторыі кахання

Тадэвуш Касцюшка, Іван Луцкевіч, Міхал Радзівіл. Тры (нешчаслівыя?) гісторыі кахання

каханне і беларусы, каханне ў беларускай гісторыі

У гісторыі і культуры вобраз мужчыны звычайна акцэнтуецца найперш на яго дасягненнях, перамогах і грамадска-публічнай дзейнасці. Маўляў, мужчыны — гэта ваяры, палітыкі, дзеячы, мужныя, суровыя і практычныя. Эмацыянальная ж роля пераважна аддаецца жанчынам — на іх быт, дзеці, закаханасць і імкненне да шлюбу. Але ці так гэта?

PALATNO прыгадвае тры гісторыі кахання вядомых ў беларускай гісторыі дзеячаў.

Тадэвуш Касцюшка і Людвіка Сасноўская (Любамірская)

Ці быў Тадэвуш сапраўды адналюбам, як любяць прыгадваць даследчыкі? Невядома. У сваіх лістах ён пісаў што хацеў бы стварыць сям’ю, нават прыгадваў адну са знаёмых, як прыклад ідэальнай жонкі. Хадзілі чуткі пра яго мімалётныя стасункі, але самай важнай была яго закаханасць у Людвіку Сасноўскую. Іх пару нават называлі «польскія Рамэа і Джульета».

Тадэвуш паходзіў з дробнага шляхецкага роду з Мерачоўшчыны, Людвіка жыла па суседству — дачка смаленскага ваяводы, літоўскага польнага гетмана Юзэфа Сасноўскага. Чуткі пра стасункі між імі папаўзлі пасля каралеўскага балю ў Варшаве. 19-гадовы Тадэвуш вучыўся ў кадэцкім корпусе, 14-гадовая Людвіка — у пансіёне.

Ці здарылася між імі тады сапраўды закаханасць? Невядома. Касцюшка паехаў у Францыю, потым вярнуўся на радзіму і з пратэкцыі караля патрапіў да Юзэфа Сасноўскага працаваць дамашнім настаўнікам. Юнак вучыў дзяўчат мастацтву і маляванню, а таксама дапамог гетману перабудаваць у маёнтку паркі і сад на заходні лад. Кажуць, што менавіта ў абноўленым садзе маладыя і прызналіся ў пачуццях.

каханне ў беларускай гісторыі, касцюшка, радзівілы
Тадэвуш Касцюшка і Людвіка Сасноўская.

Але лёс склаўся да іх неспрыяльна. Юзэф Сасноўскі за гульнёй у карты дамовіўся з кашталянам кіеўскім Станіславам Любамірскім, каб ажаніць сваіх дзяцей Людвіку і Юзэфа. Сасноўскі выйграў землі на тэрыторыі Віннічыны, але, каб не біць па гонару пераможанага і не адбіраць уладанняў, прапанаваў кампрамісны варыянт — пажаніць дзяцей і падарыць ім землі.

Людвіка, імаверна, была шакавана. Тадэвуш жа асмеліўся папрасіць рукі дзяўчыны, але быў прагнаны з маёнтка, як быццам бы тады гетман прамовіў нават: «Галубкі не для вераб’ёў, а дочкі магнатаў не для шляхцюкоў». Касцюшка быў гатовы выкрасці дзяўчыну і збегчы з ёй, але даверыў свае планы каралю, якога прасіў пра дапамогу, а той адмовіў і выдаў планы Сасноўскаму. Ёсць версіі, што меркаваны пабег адбыўся ў жніўні 1775 года: іх спынілі, Людвіку вярнулі бацькам (магчыма, нават выслалі потым у манастыр), Касцюшку ж пабілі слугі.

Тадэвуш з’ехаў у Парыж. Ужо там ён атрымаў звесткі пра шлюб дзяўчыны, і неўзабаве выехаў у Амерыку.

Легенды кажуць, што ідучы да алтара, Людвіка сказала бацьку: цела яна аддае мужу, але яе сэрца назаўсёды застанецца з Тадэвушам. Яны захавалі сяброўства праз перапіску, у сваіх лістах дзяўчына называла яго «мой дарагі сябар»:

«…Была б рада, каб ты пераканаўся, што нікога пад сонцам твая доля так не хвалюе, як мяне. Ніколі не думаю пра цябе без сардэчнага і душэўнага хваляванне. І гэта не дзіўна: душа мая не няўдзячная, а ты выклікаў у яе першае пяшчотныя пачуцці. Няшчасці твае заўсёды мяне турбавалі, і каб магла, то ўласным шчасцем сваім спакутвала б тваё шчасце і задавальненне. Раскажы мне больш пра сябе, дарагі сябар, што робіш, з кім жывеш, ці думаеш жаніцца. Няхай кожны з тваіх дзён, <> не мінае без згадкі пра самую шчырую тваю сяброўку. Людвіка Любомірска» (Заўв. PALATNO — пераклад аўтара).

Іван Луцкевіч і Юльяна Мэнке (Вітан-Дубейкаўская)

Яшчэ адна драматычная гісторыя, у якой цесна пераплялося сяброўства, рамантычныя пачуцці і супольная праца — адносіны Івана Луцкевіча і Юльяны Мэнке.

Юліяна нарадзілася і вырасла ў Вільні, яе бацька быў заможным купцом. Дзяўчына закончыла Вышэйшыя Жаноцкія Курсы ў Пецярбургу, атрымала працу пры кафедры гісторыі мастацтва і планавала займацца навукай. Але пачалася Першая cусветная вайна і яна вярнулася дадому.

У маі 1915 года Юльяна пазнаёмілася з Іванам Луцкевічам (браты Луцкевічы пераехалі з Менска ў Вільню ў 1906 годзе). Той працаваў для Беларускага камітэту, фінансаваў газету «Наша Ніва», арганізаваў сетку карэспандэнтаў і збіраў калекцыю старажытнасцяў.

Іван і Юльяна пасябравалі, і ён часта праводзіў час з іх сям’ёй, вучыў дзяўчыну беларускай мове. У Беларускім камітэце Юльяна займалася тым, што перакладала мемарыялы па беларускім пытанні на нямецкую мову, а таксама суправаджала братоў Луцкевічаў па справах, бо тыя дрэнна размаўлялі па-нямецку.

каханне і беларусы, каханне ў беларускай гісторыі
Іван Луцкевіч і Юльяна Мэнке.

Між імі ўзніклі і рамантычныя адносіны.  У мемуарах «Мае ўспаміны» Юльяна піша, што ёй пра гэта намякалі ўсе знаёмыя, але самі яны доўга не наважваліся паразмаўляць:

«Іван выцягнуў партфель і паказаў мне некалькі соценак. Я прасіла яго быць асцярожным у прамовах, ну і затым перадусім памятаць аб сваім здароўі.

— Чаму мне пані заўсёды кажа аб маім здароўі, ці яно пані гэтак дарагое?

— Усім нам дарагое вашае здароўе, пане Іване, а мне асабліва, — і глянула на яго. Вочы яго як бы засмяяліся і ён глянуў на мяне з гэткай любасцю, што мы самі не ведалі, як нашыя вусны першы раз злучыліся і мы сардэчна пацалаваліся на развітанне».

Юльяна прыгадвае і іх сустрэчы:

«Сад быў глухі, зарослы кустамі бэзу і там так добра было схавацца, седзячы на лаўцы. У гэтае прыгожае лета гэты сад стаўся месцам нашых спатканняў, дзе мы бязь сведкаў маглі й пацалавацца і казаць усе мілыя словы кахання. Заўсёды радасныя мы вярталіся ў кватэру і нават Антон пачаў жартаваць, што рад бы пазычыць у нас добрага настрою».

«Нам здавалася, што толькі мы чуем, як у сэрцах нашых гучыць наш лейтматыў, але нашыя блізкія з вачэй нашых чыталі, што мы закаханая пара. Мы бачыліся кожны дзень, калі я не заходзілася ў Камітэт, то Іван прыходзіў пад вечар і я потым мусіла да глыбокай ночы сядзець над маімі перакладамі, гэтак міла мне была ягоная прысутнасць, і мы ціха паўтаралі: “Якое шчасце быць любімым, якое шчасце любіць”!»

Яны сустракаліся, аднак не бралі шлюб з-за прынцыповага стаўлення Івана, дакладней — яго пачуцця гонару:

«…Яська казаў, што пакуль вайна, ён не можа жаніцца. <> Ну і ягоныя матэрыяльныя варункі на гэта не дазваляюць. Дарма я старалася яго пераканаць, што ў доме маіх бацькоў мы маглі б мець сваю кватэрку. Я ж зарабляю, гэтак нам хопіць на нашыя скромныя выдаткі. Гэтая прапанова абурыла Івана: як я сабе гэта ўяўляю! Ён войдзе ў чужую сям’ю й жонка на яго працаваць будзе! Не, для яго гэткая сітуацыя немагчымая, гэта супраць ягонага гонару. Калі ён здолее столькі зарабляць, што зможа ўтрымаць сваю сям’ю, тады мы павянчаемся. Цяпер, у часы акупацыі, ён нідзе працаваць не можа, бо ўтраціў бы сваё незалежнае становішча й не мог бы праводзіць сваю лінію ў палітычнай працы. Трэба чакаць канца вайны!»

Вайна закончылася, але з’явілася новае выпрабаванне — абвастрэнне хваробы Луцкевіча, сухотаў. Юльяне з сястрой атрымалася размясціць яго ў санаторыі ў Закапаным, але гэта не дапамагло. У 1919 годзе Іван быў вельмі слабы і шкадаваў, што ўсё так склалася:

«… І я думаў аб табе, я ізноў перажыў, як мы пазнаёміліся й пакахаліся, якая ты для мяне была заўсёды добрая, а я часта быў “немагчымы”, а галоўнае, што я не парупіўся даць табе сваё імя. І вось гэта мяне асабліва мучыць, што за ўсімі справамі я забыўся аб нашай асабістай справе. Чаму ты мяне ў той час не лаяла й не дамаглася свайго права?

Я яго супакоіла як магла, што хвароба й цяжкія абставіны маёй сям’і былі перашкодай, што тут больш маёй віны, чым яго, што ў Вільні ніхто на нас коса не глядзеў, што мы не венчаныя; усе, хто нас знаў, разумелі, што ў такіх абставінах, як мы былі, трудна вымагаць, каб мы пажаніліся. Але цяпер вайна скончылася, на канферэнцыі ў Версалі вырашаецца лёс новай Еўропы і Незалежная Беларусь зажыве сваім собскім жыццём. Няхай цяпер іншыя вядуць далей беларускія справы, а ты заслужыў на адпачынак і вось я прыехала, каб цябе даглядаць і як толькі паправішся, то разам паедзем у Вільню й там павянчаемся.

— Не Юлінька, — радасна ўсхапіўся Іван, — мы ўжо тут, перад ад’ездам возьмем шлюб, і падарожжа ў Вільню будзе нашым вясельным. Ну і я хутка папраўлюся, калі ты будзеш пры мне. Ах, як мне хочацца ў Вільню!».

Неўзабаве ад той размовы Іван памёр. У лютым 1922 года дзяўчына выйшла замуж за старшыню Беларускага камітэту ў Варшаве, інжынера-архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага.

Міхал Радзівіл і Марыя Караліна (Шарлота) Сабеская

Міхал Казімір Радзівіл па мянушцы Рыбанька ўвайшоў у гісторыю як шчыры каталік, актыўны грамдска-палітычны дзеяч, ваявода віленскі і вялікі гетман літоўскі. Ён пакінуў вельмі падрабязны дзённік, які вёў ад 1719 да 1761 года. Шмат там прыгадвае і сваю славутую жонку, Уршулю Радзівіл з роду Вішнявецкіх, якую ўзгадвае няйначай як «жонка мая», падрабязна апісвае іх сустрэчу і каханне.

Але яго лёс таксама мог скласціся іначай — першая моцная закаханасць здарылася з ім у 17 год.

У 1719 годзе Міхал Казімір разам з маці і сястрой прыехаў у Альбу — да экс-каралевіча Якуба Сабескага, дзе пазнаёміўся з яго дочкамі — Казімірай і Марыяй Каралінай па мянушцы Шарлота. У апошнюю Радзівіл закахаўся літаральна з першага погляду.

«Яна была прыгожанькім, высокім, рудавалосым чалавекам з добрай фігурай, што яна падкрэслівала пры кожнай магчымасці. Сваімі дасціпнымі заўвагамі яна рассмяшыла прыхільнікаў вакол сябе і горача з імі фліртавала», — апісвалі Шарлоту.

каханне і беларусы, каханне ў беларускай гісторыі
Міхал Радзівіл і Марыя Караліна Сабеская.

Міхал Радзівіл пад датай 14 лістапада ў сваім дзённіку запісаў: «І я прыехаў да Алавы, дзе каралевіча Якуба не засталі (…), але саму каралеўну з дзвюма засталі дачкамі, Казіміру і Шарлоту, у якой страшна закахаўся».

Марыя Караліна была на пяць гадоў старэйшай за Міхала Казіміра. Дзяўчына адказала на яго пачуцці абсалютнай узаемнасцю. Гісторыкі прыгадваюць, што яны вялі актыўную перапіску, і «іх лісты поўныя ўзаемных прызнанняў у любові і прыхільнасці».

Маці ж Рыбанькі была рашуча супраць іх адносін і адразу загадала вяртацца назад з Алавы. У 1720 годзе стала ясна, што бацькі Шарлоты таксама хочуць для яе іншай партыі. У 1721 годзе Шарлоту бацькі выдаюць замуж. Імператар Леапольд І Габсбург не дазволіў ёй сысці ў манастыр, і яе неўзабаве яе мужам стаў Фрэдэрык Маўрысій, герцаг дэ Турэн. Аднак праз дзесяць дзён малады муж скончыў жыццё самагубствам — зноў з’явіўся шанец для Радзівіла.

Мікалай Казамір прыгадвае ў дзённіку сваю размову з арцыкнязёўнай Марыяй Элізабэт, дачкой цэсара Леапольда, з якой размаўляў пра Шарлоту:

«Між іншым, пыталася мяне, ці ведаю каралеўну Сабескую Шарлоту? Адказаў я, што ведаю i маю той гонар да яе належаць. <…> Пры гэтым гаворыць: “Кажы мне шчыра, з чаго не выйшла тая прыязнь паміж вамі?” Адказваю, што каралеве нешта не здалося. “А цяпер хочаш? Таго толькі асьцерагаюся, ці не дарэмна ўжо, бо мелася пайсці за княжыча lе Boullion, аднак жа буду старацца перашкодзіць таму”. Затым, руку ёй пацалаваўшы, адышоў».

Аднак амаль адразу дзяўчыну выдалі замуж за брата яе нябожчыка мужа, герцага дэ Буйона. Гэты шлюб таксама быў няўдалы і закончыўся разводам, аднак Міхал Казімір ужо быў жанаты з Францішкай Уршуляй.

Незадоўга да сваёй смерці Марыя Караліна завяшчала ўсю сваю маёмасць Радзівілу, а той замовіў ёй надмагілле ў выглядзе медальёна ў касцёле сакрамэнтак у Варшаве.

Вярнуцца ўгару