Ці ўзнікала ў вас пытанне, чаму бразільцы размаўляюць па-партугальску? А чаму Расія так імкнецца дагэтуль зрабіць Крым сваім? Усё гэта вынікае з дамоў, якія былі падпісаныя стагоддзі таму.
PALATNO расказвае, як мірныя дамовы прывялі да глабальных канфліктаў.
Змест
Дамовы Іспаніі і Партугаліі аб падзеле свету
Калі ў вас узнікала пытанне, чаму Бразілія размаўляе па-партугальску, а не па-іспанску, як большасць Лацінскай Амерыкі, то гэта прамое следства дамоў паміж Іспаніяй і Партугаліяй. У канцы XV стагоддзя свет уваходзіць у эпоху вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Партугалія адкрыла шлях вакол Афрыкі, а Іспанія актыўна фінансуе Калумба, які знайшоў Новую Зямлю. Партугалія і Іспанія, дзве вялікія марскія дзяржавы таго часу, раптам разумеюць: калі яны не змогуць дамовіцца між сабой, то будуць дзесяцігоддзямі ваяваць за новыя землі і гандлёвыя шляхі. Дзве краіны — каталіцкія, таму арбітрам у спрэчцы можа выступіць Папа Рымскі.
У 1494 годзе была заключана Тардэсільяская дамова, а ў 1529-м — Сарагосская дамова. Яны фактычна падзялілі свет напалову паміж Іспаніяй і Партугаліяй па восях поўдзень-поўнач.
Згодна з Тардэсільяскай дамовай Іспанія і Партугалія правялі па мапе вертыкальную лінію ў Атлантыцы і дамовіліся, што ўсё на захад ад яе належыць Іспаніі, а што ўсё на ўсход — сфера ўплыву Партугаліі. Гаворка ў той дамове нават ішла не пра канкрэтныя месцы, што падзялілі паміж сабой краіны, а пра будучыя адкрыцці. Сарагосская ўмова прадугледжвала падзел свету ўжо на другім баку планеты, у Азіі.

Гэтыя дамовы былі праблемнымі. У тыя часы людзі не ведалі дакладнай даўжыні экватара і памеру Зямлі. Лініі, якія праводзілі праз дамовы, не адпавядалі рэальным геаграфічным ведам, таму тэрытарыяльныя спрэчкі ўзнікалі пастаянна.
Англія, Францыя і Нідэрланды ігнаравалі гэтыя дамовы. Да прыкладу, пасля 1550-х гадоў яны пачалі каланізацыю Паўночнай Амерыкі, захапілі частку Карыбскага басейна.
Дамовы між Іспаніяй і Партугаліяй сталі падставай для шматлікіх канфліктаў, хоць першапачаткова яны павінны былі іх прадухіляць. Іспанцы і партугальцы ваявалі за асобныя мясціны і канкрэтныя выспы.
Таксама дамовы цалкам выключылі карэннае насельніцтва з палітыкі. Усе землі і народы былі размеркаваныя як аб’ект і без уліку іх волі. Гэта юрыдычна ўзаконіла захоп тэрыторый, прымусовую працу, навязванне хрысціянства і знішчэнне мясцовых сістэм улады.
Аўгсбургскі мір
У першай палове XVI стагоддзя Еўропа ўвайшла ў эпоху Рэфармацыі. У 1517 годзе Марцін Лютэр апублікаваў свае тэзісы, Свяшчэнная Рымская імперыя паступова прымае лютэранства і там пачынаецца шэраг рэлігійных і палітычных канфліктаў. Імператар спрабаваў захоўваць адзінства каталіцкай веры, але рэальна кантраляваць сотні княстваў і гарадоў для цэнтральнай улады цяжка. Так, у 1555 годзе ў Аўгсбургу збіраецца вялікая рада, на якой дзяржаўныя эліты спрабуюць юрыдычна спыніць рэлігійныя сутыкненні.
Галоўным і самым вядомым пунктам быў «Cuius regio, eius religio» (чыя ўлада, таго і рэлігія). Атрымлівалася, што князь сам абіраў, якая вера будзе ў тэрыторыі, якой ён кіруе. У той жа час афіцыйна прызнавалася толькі адна плынь пратэстантызму — лютэранства.
Аўгсбургская дамова часова спыніла адкрытыя войны ў імперыі, прызнавала рэлігійны дуалізм (каталіцтва+лютэранства), на заканадаўчым узроўні аформіла раздзяленне ўлады паміж імператарам і княствамі. На некалькі дзесяцігоддзяў палажэнне ў Паўднёвай і Цэнтральнай Германіі было стабільным.

Чаму ж Аўгсбургскі мір праваліўся? Кальвінізм, які не быў прызнаны, у другой палове XVI стагоддзя становіцца верай шматлікіх нямецкіх князёў і вядучай сілай у Нідэрландах, Францыі, Швейцарыі. Паводле Аўгсбургу-1555, кальвіністы не мелі легальнага статусу, а гэта стварала пастаянныя канфлікты і супярэчнасці.
Аўгсбургскі мір прывёў да вялікага адкладзенага канфлікту — Трыццацігадовай вайне 1618-1648 гадоў. Тая вайна стала кульмінацыяй таго, што Аўгсбург не змог вырашыць: прызнанне кальвінізму, праблему царкоўнай уласнасці, саперніцтва між імператарам і княствамі, знешнюю інтэрвенцыю вялікіх дзяржаў.
Парыжская дамова пасля Крымскай вайны
Трохгадовая Крымская вайна ў сярэдзіне XIX стагоддзя разгарэлася на фоне агульнаеўрапейскага «Усходняга пытання», калі Асманская імперыя паступова развальвалася, а вялікія дзяржавы змагаліся за кантроль над яе спадчынай. Расія прэтэндавала на ролю абаронцы праваслаўных падданых султана і хацела ўмацаваць становішча ў Чорным моры, але сутыкнулася з інтарэсамі Францыі, Вялікабрытаніі і Аўстрыі. Вайна працягвалася ад 1853 да 1856 года ў Крыме, на Каўказе і дунайскіх княствах. Вайна скончылася пасля падзення Севастопаля і смерці Мікалая I, новы цар Аляксандр II быў больш гатовы да перамоў.
У 1856 годзе ў Парыжы была падпісана мірная дамова. Для Расіі яна была балючай і пазбаўляла шэрагу тэрыторый і бонусаў. Да прыкладу, самым балючым рашэннем было пазбаўленне Расійскай імперыі мець ваенны флот на Чорным моры, там жа забаранялася будаваць ваенныя базы і крэпасці, а мора абвяшчалася цалкам адкрытым для гандлёвых суднаў усіх дзяржаў. Расія страціла частку Бесарабіі, то бок страціла кантроль над вусцем Дунаю, а значыць і над важным гандлёвым шляхам.

Асманская імперыя, дзякуючы дамове, атрымлівала юрыдычную абарону ад еўрапейскіх дзяржаў. Так, асманскія землі сталі часткай еўрапейскай дыпламатычнай сістэмы. З аднаго боку, гэта стабілізавала палажэнне на кантыненце, а з другога боку — Асманская імперыя стала яшчэ больш залежнай ад Еўропы.
Дамова ў Парыжы не вырашыла «Усходняе пытанне», а толькі часова яго замарозіла: Балканы ўсё роўна заставаліся рэлігійна падзеленымі, нацыянальна не вызначаныя. Праз 20 гадоў пасля Парыжскай дамовы ўсё гэта прывядзе да вялікага выбуху.
Наступным фактарам, які прадвызначыў правал Парыжскай дамовы, стала нейтралізацыя Чорнага мора. Расія і Асманская імперыія не маглі там будаваць караблі, абараняць свае берагі і падтрымліваць флот. Дзве вялікія дзяржавы не маглі жыць без флоту, які вызначаў іх бяспеку. Так, Расійская імперыя пачала марыць пра рэванш з першых гадоў пасля міру.
Дамова значна пахіснула міжнародны баланс, была штучнай і кароткачасовай. У 1860-1870-я гады нацыянальныя рухі на Балканах пачалі набіраць моц. У 1870 годзе Францыя прайграла Прусіі, а Парыжская дамова пачала развальвацца: Расія заявіла, што не бачыць сэнсу ў нейтралізацыі Чорнага мора. Такім чынам, у 1877 годзе пачынаецца новая руска-турэцкая вайна, якая абрушыла парыжскую сістэму.
