
Уявіце сабе: навагодняя ноч у Гродне ператвараецца ў драму са смяротнымі стрэламі з рэвальвера, сямейная сварка за зямлю становіцца справай дзяржаўнай здрады, а на вясковай вечарыне раптам узрываецца бомба. Што звязвае гэтыя падзеі? І як яны адлюстроўваюць рэчаіснасць 1925 года ў Заходняй Беларусі?
Змест
Самазабойства паліцэйскага ў навагоднюю ноч
1 студзеня 1925 года ў Гродне адбылося самазабойства, пра якое доўга казалі ў горадзе. Паліцэйскі Мячыслаў Латоўскі застрэліўся на танцах. Як сведчыла мясцовая прэса, прычынай яго самазабойства стала нераздзеленае каханне да Леакадзіі Чаркуўны.
Мячыслаў і Леакадзія былі знаёмымі. У той дзень яны сустрэліся на танцах, але прыйшлі туды асобна адзін ад аднаго. Леакадзія была ў кампаніі іншага мужчыны, што выклікала рэўнасць у Латоўскага. Ён адштурхнуў спадарожніка Леакадзіі і схапіў жанчыну за рукі і пачаў з ёй танцаваць. Падчас танцу паміж імі адбылася сварка. Леакадзія спешна адышла да гардэробу ў надзеі хутчэй сысці і ад Латоўскага, і з танцаў. Латоўскі ішоў за жанчынай са словамі: «Думаеш, я гэтага не зраблю?». У той жа час ён выцягнуў рэвальвер і стрэліў у бок Леакадзіі. На шчасце, дзяўчына змагла схавацца за шафай і пазбегла раненняў.
Пасля гэтага Латоўскі накіраваў рэвальвер на сябе і стрэліў.
У гэты час да гардэробу прыбег Міхаіл Панасюк, які пачуў шум і стрэлы. Панасюк убачыў Латоўскага ў крыві, які трымаўся за сцяну. Той яшчэ раз паднёс рэвальвер да галавы і здзейсніў фатальны стрэл.
Пазней высветлілася, што Латоўскі не павінен быў знаходзіцца на танцах. Але замест дзяржурства ў пастарунку ён выбраў гэту залу, поўную смеху і танцаў, якая зусім хутка ператварылася ў месца трагедыі. Як адзначалі сучаснікі, у Латоўскага была дастаткова дрэнная рэпутацыя на працы з-за прагулаў і шкодных звычак — ад схільнасці да алкаголю да магчымай залежнасці ад наркотыкаў.
Медыцынская дапамога не была аказаная Латоўскаму своечасова. Спачатку прыехаў ваенны доктар, які вырашыў, што Латоўскі памёр: «Ён ужо труп», — сказаў медык. Пазней на месца інцыдэнту выклікалі павятовага доктара, які таксама адмаўляўся дапамагаць цяжка параненаму, але яшчэ жывому Латоўскаму. Аднак пасля доктара ўгаварылі зрабіць перавязку, а параненага даставілі ў бальніцу, дзе мужчыне зрабілі аперацыю. Аднак для аперацыі было ўжо занадта позна: куля адарвала мазжачок, што зрабіла шанцы на выжыванне нулявымі.
За 1925 год, як за папярэднія і будучыя, паліцэйскія неаднаразова здзяйснялі самагубствы. Іх прычыны былі рознымі: каханне, цяжкае фінансавае становішча… Сілавыя органы ў сярэдзіне 1920-х на тэрыторыі Заходняй Беларусі працавалі ў складаных умовах. Яны разбіраліся з бытавымі злачынствамі: крадзяжамі і падпаламі. Таксама звычайнай справай у той час былі бандыцкія напады, якія фіксавалі па дзясятках на тыдзень. Аднак гэта ўсё не апраўдвае тое, што паліцэйскія часам маглі перавышаць свае паўнамоцтвы і здзейсняць злачынствы…
У турму на шэсць гадоў за сварку з сваякамі
У лістападзе 1925 года Віленскі Акруговы суд на выязной сесіі ў Глыбокім разглядаў справу жыхаркі Дзісны Надзеі Нікіфароўскай. Жанчыну абвінавачвалі ў тым, што яны была грамадзянкай Польшчы, але пайшла на працу ў палітаддзел пры савецкай арміі і дапамагала ў дзейнасці супраць Польшчы. Суд прызнаў Нікіфароўскую вінаватай і прысудзіў шэсць гадоў пазбаўлення волі.
Гісторыя Надзеі Нікіфароўскай поўная несправядлівасці. Яе асабістая гісторыя стала пераплеценай з палітычнай барацьбой, а сямейныя сваркі ператварыліся ў падставу шматлікіх арыштаў і катаванняў.
Сям’я Нікіфароўскіх трапіла ў канфліктную гісторыю са сваякамі — Лабуцямі. У іх цягнулася доўгая спрэчка за зямлю з 1916 года з іх сястрой Марыяй Нікіфароўскай, яна была маці Надзеі і яе сястры Верай. Лабуці выдатна скарысталіся зменай улады і перанеслі бытавую спрэчку на палітычны грунт.
У 1919 годзе з той тэрыторыі адступілі палякі, а Лабуці данеслі бальшавіцкаму ўраду, што Надзея Нікіфароўская з сястрой Верай і маці Марыяй сядзелі ў акопах і стралялі ў бальшавікоў. Жанчын арыштавалі, цягалі па допытах, але ў выніку адпусцілі. Лабуці не здаваліся і зноў данеслі на Нікіфароўскіх — аднак і ў другі раз адпусцілі. Потым Лабуці прыдумалі напісаць вялікі ліст, быццам ад грамадскасці, каб сям’ю Нікіфароўскіх выселілі ў Расію як контррэвалюцыянераў.
У гэты ж час Надзея Нікіфароўская пайшла на працу ў палітычны аддзел. Тады Лабуцёў арыштавалі як праціўнікаў савецкай улады, бо яны ў 1919 годзе хавалі ў сябе язенскага пана Сакалова і дапамагалі яму ўцячы да палякаў. Нікіфароўская змагла абараніць сям’ю ад рэпрэсій савецкага ўраду, але толькі часова, бо зусім хутка ў Дзісну павярнуліся польскія войскі і мястэчка стала часткай польскай дзяржавы.
У 1920 годзе ў мясцовасці ўсталявалася польская ўлада. Зноў зменай улады скарысталіся Лабуці, якія данеслі ў паліцыю, што Надзея Нікіфароўская супрацоўнічала з бальшавікамі. Жанчыну арыштавалі і адправілі на следства ў Маладзечна, дзе яна правяла месяц — і пасля адпусцілі. Новы арышт рушыў праз некалькі месяцаў. Гэтым разам Надзею арыштоўваюць з усёй сям’ёй у падазрэнні ў тым, што яны маюць адносіны да камуністычнай партыі. Надзею перавозяць у Глыбокае, адтуль — у Кракаў. Яе маці і сястру, Марыю і Веру, арыштавалі ў лютым 1921 года і выслалі ў беластоцкую турму. Адтуль яны павярнуліся дадому ўлетку таго ж года, іх чакаў муж і бацька Ян Нікіфароўскі. Хутка да іх павярнулася і Надзея з Кракава.
У кастрычніку 1922 года напярэдадні выбараў да польскага Сойму, усю сям’ю разам з бацькам арыштавалі ў Дзісне і трымалі ў мясцовым пастарунку амаль два тыдні. Там мясцовы паліцэйскі агент Улінскі некалькі разоў дапытваў Надзею і моцна збіваў. Бацькі Надзеі спрабавалі ёй дапамагчы, падавалі скаргі і прасілі выклікаць доктара да дачкі, але нічога не было зроблена з боку паліцыі. Праз два тыдні пасля арышту вызвалілі Яна Нікіфароўскага, а жанчын — Марыю, Надзею, Веру — адправілі ў Вільню. З Вільні Марыю вызвалілі праз некалькі дзён, дачку Веру — праз некалькі тыдняў, а Надзею пасадзілі ў сумнавядомую турму ў Лукішках.
Надзея знаходзілася ў зняволенні да жніўня 1923 года. Беларуская віленская прэса адзначала, што ў жанчыны існавала магчымасць уцячы за мяжу і пазбегнуць судовага працэсу і магчымага зняволення. Але Нікіфароўская засталася ў Вільні і чакала суд, бо лічыла, што яе долю справядліва вырашаць суддзі.
Цікава, што Надзею Нікіфароўскую судзілі як грамадзянку Польшчы, якой яна падчас працы ў савецкай установе не была, а польскага пашпарту яна не атрымала і яе ўвогуле пры польскай уладзе рэгістравалі як іншаземку. Сведкі абвінавачвання не маглі ўспомніць, ці сапраўды жанчына была польскай грамадзянкай. Таксама адзін з паліцэйскіх агентаў успамінаў, што Нікіфароўская працавала ў 1921-м годзе ў Полацку і яна яго там нібыта збівала нагайкай. Але гэтыя паказанні пасля аспрэчыла жанчына, якая здавала жытло сям’і Нікіфароўскіх і не прыгадвала, што Надзея кудысьці выязджала за межы Дзісны.
Вядома, што Надзея Нікіфароўская адсядзела амаль год у лукішскай турме, у хуткім часе яна захварэла там і ляжала ў турэмнай бальніцы.
Выбух на вечарыне ў Радашкавічах
Гучала музыка, ногі маладых людзей танцавалі ў рытм, і раптам — выбух! Крыкі, крывавыя плямы на падлозе і шок на тварах маладых хлопцаў і дзяўчат… Як такое магло здарыцца там, дзе толькі што панавала радасць?..
Летам 1925 года ў вёсках ля Радашкавічаў мясцовыя хлопцы ладзілі вечарыны, але ўвесь час на тыя імпрэзы прыходзілі п’яныя польскія вайскоўцы і перашкаджалі мясцовым адпачываць, часам збівалі хлопцаў і нават ламалі гармонікі.
Восенню замест старых вайскоўцаў з’явіліся новыя. Тыя пачалі ладзіць вечарыны ў сваёй прасторнай і вялікай вартоўні, куды запрашалі мясцовую моладзь.
15 лістапада 1925 года вайскоўцы ў чарговы раз запрасілі да сябе ў вартоўню моладзь з бліжэйшых вёсак — прыйшло шмат хлопцаў і дзяўчат. А яшчэ да вайсцоўцаў завіталі чатыры асаднікі, якія некалькі гадоў жылі ля Радашкавічаў. Пачатак вечарыны быў удалым, але з часам усё пагоршылася.
Асаднікі прыехалі ўжо нападпітку і прасілі дзяўчат танцаваць з імі, а хлопцаў, якія перашкаджалі ім танцаваць, адштурхоўвалі. Вайскоўцы і мясцовыя хлопцы не звярталі ўвагі на п’яных асаднікаў, палічылі, што будзе найлепшым проста ігнараваць іх.
Падчас танцаў, каля васьмі гадзін вечару, раптоўна ўзарвалася бомбу — пачуліся крыкі, енк параненых. Усіх прысутных на імпрэзе адразу затрымалі, усіх абшукалі. Пасля ператрусу ўсіх прысутных адпусцілі дадому — тых, хто не быў паранены ці змог самастойна перасоўвацца. Трох асаднікаў арыштавалі там жа, а падчас ператрусаў у іх дамах знайшлі бомбы.
Вядома, што бомба, якая ўзарвалася на вечарыне, былі кінутая не праз вакно ці праз дзверы, а тым, хто непасрэдна знаходзіўся ў будынку.
Параненых перавязалі на месцы, а на другі дзень адвезлі на фурманках да чыгуначнай станцыі, а адтуль вясковых — у Вілейку, а вайскоўцаў — у Вільню.
Тое, што адбылося пасля кінутай бомбы, выглядала сапраўды страшэнна. Адзін вайсковец, у якога засталася жонка і двое дзяцей, быў забіты на месцы; яшчэ шасцёра вайскоўцаў былі лёгка і цяжка параненыя. З хлопцаў і дзяўчат — усе яны былі родам з вёскі Максімаўкі — былі параненыя сямёра. Асабліва цяжка траўмавалася Настасся Ярук: у яе быў паранены жывот, грудзі, ногі. Уладзімір Руды быў ранены ў абедзве нагі, на адной адбітая пята. Міхаіл Баран, Мікалай Ключнік таксама былі параненыя ў ногі. А вось тры дзяўчыны — Зінаіда і Ганна Ключнікі, Антаніна Ходзька — паранены значна лягчэй.
Бацькі параненых адмовіліся плаціць за лячэнне ў бальніцы па дзвюм прычынам. Па першай, іх дзеці пайшлі на вечарыну да вайскоўцаў без дазволу і былі параненыя на іх тэрыторыі, таму заплаціць павінны яны. Па другой прычыне, кінутая бомба таксама можа належыць да кагосьці з вайскоўцаў, таму заплаціць за лячэнне таксама павінны ваенныя. Бацькі мелі намер дайсці да судовай інстанцыі, каб атрымаць кампенсацыі за скалечанне дзяцей.
* * *
Як бачым, 1925 год у Заходняй Беларусі быў напоўнены драматычнымі і часта несправядлівымі падзеямі. І гэта толькі частка з падобных гісторый…