Адзінота і безвыходнасць. Пяць твораў беларускай літаратуры пра Чарнобыль

беларуская літаратура пра чарнобыль

Ці не кожны ў Беларусі хаця б раз чуў пра «Чарнобыльскую малітву» Святланы Алексіевіч. Але гэта не адзіны твор на тэму тэхнагеннай катастрофы, якая адбылася 26 красавіка 1986 года.

Прапануем вам падборку з пяці твораў ад беларускіх класікаў, не менш вартых вашай увагі.

«Львы» Івана Пташнікава (1987)

Іван Пташнікаў. Фота: архіў выдавецтва «Мастацкая літаратура»

Іван Пташнікаў — гэта той пісьменнік, які ў паваеннай беларускай літаратуры зрабіў імя галоўным чынам на дзвюх тэмах — вайне і вёсцы. Яму было што расказаць, бо нарадзіўся ў 1932 годзе на Лагойшчыне, з дзяцінства зведаў ваеннае ліхалецце.

Пташнікаў быў з сялянскай сям’і, добра ведаў вясковы побыт і шмат працаваў, таму з-пад ягонага пяра выходзілі аб’ёмныя творы, па якіх сёння можна вывучаць тагачаснае жыццё. Быў тонкім назіральнікам і выдатным стылістам, амаль усё жыццё працаваў у часопісе «Полымя», ва ўласнай творчасці выкарыстоўваў шмат рэгіяналізмаў.

Пісьменнік не любіў даваць інтэрв’ю, не рабіў гучных заяў у камуністычнай прэсе, трымаўся падалей ад шумных пісьменніцкіх тусовак. Больш ахвотна бавіў час за рыбалкай або хадзіў у грыбы. Разам з тым нельга сказаць, што ён быў абыякавы да грамадскага жыцця.

Хутчэй быў абыякавы да заказнога сацрэалізму і палітычнай кан’юнктуры, за што іншыя атрымлівалі прэміі і ўзнагароды. Але калі здарылася аварыя на ЧАЭС, Іван Пташнікаў адгукнуўся на яе аповесцю «Львы». Гэта быў ці не першы твор пра тую трагедыю ў беларускай літаратуры.

Зборнік прозы Івана Пташнікава «Львы». Ілюстрацыя: livelib.ru

Галоўны герой там сабака, якога пакінулі гаспадары ў час эвакуацыі. Джукі застаецца сам-насам з вялікім светам праз тое, што гаспадара забіраюць:

«Пацягнуўшы носам густы пыл з палыном і мазутам, Джукі адразу пачуў, што ягонага маладога гаспадара няма ў грумадзе. Але ён бег, усё нюхаючы пыл і форскаючы носам, у грумаду да школы пад канец вёскі. Усюды пахла палыном і саляркай, здратаванай травой, дымам ад папярос і праціўным вінным перагарам, як ад кіеўскага таксіста, а ён, Джукі, цягнуў і цягнуў носам пыл: не ля школы, дык ля магазіна гаспадар будзе мала, што ён у тую раніцу сеў з маладой гаспадыняй у яе на руках было двое малых, а ён валок два вялікія чамаданы у бітком набіты аўтобус. Перад тым гаспадар пусціў яго ў хату і доўга гладзіў па галаве, гледзячы ў вочы. Пасля сам лізнуў яго, Джукі, у нос і заплакаў. Джукі бег ззаду за аўтобусам аж за Стралічава, не дабегшы да Хойнік. Джукі не раз быў у Хойніках, ведаў, што малады гаспадар мог сесці ў вялікі чырвоны аўтобус і паехаць далей у Гомель. Ну і што?.. Не раз было: паедзе прыедзе…».

Як той Хаціка, сабака спачатку чакае гаспадара, потым спрабуе шукаць яго, сутыкаецца з сабакамі, якія зведалі ўздзеянне радыяцыі і з гэтай прычыны нагадваюць львоў. Па ўсім відаць, што Джукі і сам перанёс радыяцыйны ўдар, бо яго ўвесь час ванітуе, але поўсць яшчэ не злазіць.

У канцы нас чакае нібыта хэпі-энд — адзін з кіроўцаў, які бярэ ўдзел у эвакуацыі, шкадуе жывёлу і забірае з сабой. Але калі сабака пачынае выць у кабіне, кіроўца са словамі «Можа, і выжывеш» праганяе сабаку ды з’язджае.

«Луп» Юрыя Станкевіча (1988)

Юры Станкевіч. Фота: penbelarus.org

Юры Станкевіч яшчэ пры жыцці займеў статус кантраверсійнага аўтара, які падымае нязручныя тэмы. Ён прыйшоў у літаратуру, калі меў больш за 40 гадоў і працаваў журналістам у рэгіянальнай прэсе.

Самы вядомы яго твор — скандальны раман «Любіць ноч — права пацукоў», дзе ўздымаецца пытанне нелегальнай міграцыі і замяшчэння тытульнага насельніцтва чужынцамі. Выдадзены ў 1998 годзе, шмат у чым ён нагадваў фільм «Брат» Аляксея Балабанава, які тады толькі выйшаў на экраны і ў адно імгненне стаў культавым.

Але пачынаў Станкевіч з іншага. У 1989 годзе, на самым сконе савецкай эпохі, у бібліятэчцы часопіса «Маладосць» выйшла яго дэбютная кніга прозы пад назвай «Луп» — аднайменная аповесць і тры невялікія апавяданні.

Вокладка кнігі «Луп» Юры Станкевіча. Ілюстрацыя: knihi.com

Станкевіч тады працаваў у рэдакцыі выдання і кожны дзень ездзіў з Барысава ў Мінск на электрычках на працу. Таму не дзіва, што добра ведаў жыццё беларускай правінцыі, адчуваў яе пісьменніцкім нутром.

У «Лупе» ніяк не згадваецца Чарнобыль наўпрост, але паказваецца вусцішная атмасфера, на фоне якой і разгортваюцца падзеі. Ужо першыя радкі настройваюць на адпаведны лад:

«Ён стаяў і пазіраў праз акно на вуліцу. Зіма абяцала быць халоднай і працяглай, бо з палёў сабралі незвычайна вялікі ўраджай (старыя казалі, што гэта не на дабро), у садах восенню ламаліся сукі ад яблыкаў, груш, сліў, а ў лесе дубы паскідалі столькі жалудоў, што хапіла б і на некалькі гадоў; грыбы таксама ўрадзілі: і белыя, і падасінавікі, і апенькі, і ваўнянкі, і грузды, і шампіньёнаў на пакінутым палігоне за горадам было столькі, што можна касіць касой. Рабіны ламаліся ад ягад, палымнелі чырванню, мурашкі ўзнялі вышэй свае мурашнікі, а пчолы амаль поўнасцю заляпілі ляткі воскам. Ішла зіма. З раннімі прыцемкамі, піліпаўкай і маразамі».

Галоўны герой — Мастак, не асабліва ўдачлівы самотны чалавек, які працуе ў запаведніку. У вялікім горадзе ён страціў працу, карціны яго не асабліва каб і куплялі, з жонкай таксама складваецца не ўсё добра.

Зачын адбываецца ў снежні «198…» года, калі Мастак чарговы раз выпраўляецца на працу ў зону. На птушыным рынку ў невялічкім гарадку ён заўважае, як селянін прадае ваўка, каб крыху зарабіць. Мастак не застаецца ў баку і праз гэта чарговы раз сутыкаецца з чалавечай жорсткасцю.

Аповесць надзвычай кінематаграфічная і багатая на апісанні. Яно і не дзіва, бо Юры Станкевіч, акрамя прозы, пісаў кінасцэнарыі і драматычныя творы, якія зрэдчас ставілі на сцэне. Магістральная тэма — стаўленне людзей да жывёл, адзін да аднаго, да саміх сябе.

Хочацца спадзявацца, што прыйдзе той момант, калі і «Луп» будзе экранізаваны. Можа атрымацца неблагі нуарны трылер пра самотнага рэйнджара, што сутыкнуўся з празмернай жорсткасцю — усё, як любіў аўтар, і паводле законаў эпохі VHS.

«Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» Віктара Казько (1990-1991)

Віктар Казько нарадзіўся перад самай вайной і зведаў яе ліхалецце, як і Іван Пташнікаў. Выхоўваўся ў дзіцячых дамах, рана пайшоў працаваць — быў праходчыкам у шахтах, а ад 1962 года рабіў кар’еру ў журналістыцы.

Віктар Казько. Фота: budzma.org

Творы гэтага пісьменніка прасякнутыя трагізмам і болем, ён відавочна свядома абірае такія тэмы. Паходзіць Віктар Казько з Гомельшчыны, таму няма ніякага дзіва ў тым, што і ён адгукнуўся аповесцю «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» на наступствы Чарнобыля.

Вокладка кнігі «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» Віктара Казько. Ілюстрацыя: kamunikat.org

Аповесць паказвае не рэальны свет, але парадыйны, у ёй жорстка высмейваюцца тагачасныя савецкія парадкі і прагнілая дашчэнту сістэма. Напісаў яе аўтар у апакрыфічным стылі:

«І атамныя, пазначаныя радыем ваўкі чарнобыльскага прыплоду пайшлі па зямлі, змятаючы ўсё жывое на сваім шляху, не зважаючы на свайго ранейшага гаспадара і ўладарніка, асабліва шчыруючы пры сустрэчы з гэтым уладарнікам, нібыта ў гэтым новым нараджэнні ім зверху было прадпісана распачаць вайну з чалавекам. Высачыць, знайсці і знішчыць. І кроў чалавека, яго жывое мяса бадзёрылі ваўкоў, абнаўлялі іх закіслую за гады і стагоддзі ўслугоўвання кроў. Час навучання і рабства дапамаглі ім зведаць чалавека, яны прадбачылі і абыходзілі ўсе яго пасткі і хітраванні і адказвалі на іх сваімі хітрыкамі, сілай, бязлітаснасцю натоўпу, зграі. У трэцюю паслячарнобыльскую зіму яны нібыта самім Люцыферам выпушчаныя з-пад чацвёртага рэактара невядома куды, у якую далячынь, у якія гады і якому новаму богу на ўслугоўванне, спружынай прашылі гэты лес, пакінулі пасля сябе не адзін шкілет хатняй жывёліны і дзікага звера. Пакінулі, пэўна, і патомства шкоднае. Але чалавека, на шчасце, не кранулі, не сустрэлі яго на шляху свайго канца».

Аповесць Віктара Казько — гэта страшны рэквіем прыродзе Палесся, якая зведала шмат жахаў пасля 26 красавіка 1986 года.

«Злая Зорка» Івана Шамякіна (1993)

Першым буйным творам у беларускай літаратуры аб наступствах катастрофы на ЧАЭС прынята лічыць раман Івана Шамякіна «Злая Зорка».

Іван Шамякін. Фота: haroshak.by

Шамякін паходзіў з Гомельшчыны, не адзін раз наведваў зону забруджвання, таму і трагедыю гэтую ўспрыняў як асабістую. Раман — гэта гісторыя людзей, двух сямей, лёсы якіх у адзін момант ламаюцца ў выніку выбуху на атамнай станцыі. Зачын твора — вяселле, якое мае горкі прысмак трагедыі замест чаканага шчасця і радасці.

Вокладка кнігі з раманам «Злая Зорка» Івана Шамякіна. Ілюстрацыя: grsmu.by

Пісьменнік стварыў эпічны твор у лепшых традыцыях сацрэалізму, таму цяпер ён можа чытацца крыху іначай, чым у момант публікацыі. На старонках рамана Іван Шамякін задаецца глабальнымі пытаннямі, там прысутнічае выразны сацыяльны пафас, якога сённяшнія аўтары імкнуцца пазбягаць:

«Столькі мы гаварылі пра ядзерную катастрофу, столькі палохалі людзей бомбамі, якія могуць прынесці ракеты з-за акіяна. I ні разу не сказалі пра магчымасць вось такой катастрофы. З-за чаго? З-за адсталасці тэхнікі? З-за праліку фізікаў? Ці, можа, з-за нашай безадказнасці, бязладдзя, бесталковасці? Усяго, на жаль, хапае».

Як бы там не было, але ў Івана Шамякіна атрымалася адметнае тэматычнае чытво. Яго варта перачытаць хаця б каб зразумець, як бачылі катастрофу на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі 30 гадоў таму.

Хто чытаў шамякінскія дзённікі, якія пісаліся ў той самы час, могуць заўважыць — усе гэтыя падзеі моцна хвалявалі класіка. Ён цяжка перажываў распад савецкай сістэмы, галечу, у якой апынулася творчая інтэлігенцыя, не мог заставацца ў баку і ад чарнобыльскай тэматыкі.

«Ваўчыная яма» Васіля Быкава (1998)

Адгукнуўся на Чарнобыльскую трагедыю і Васіль Быкаў, які напісаў «Ваўчыную яму».

Васіль Быкаў. Фота: planetabelarus.by

Галоўныя героі гэтай аповесці — салдат і бесхацінец, якія выпрабоўваюць свае сілы ў зоне.

Вокладка кнігі з аповесцю «Ваўчыная яма» Васіля Быкава. Ілюстрацыя: kamunikat.org

Людзі, што з розных прычын апынуліся тут, разважаюць над тым, што было, што будзе і што можа быць:

«Шмат што ва ўласным лёсе салдата здавалася яму няпэўным ці зусім кепскім. Людзі, якіх ён сустракаў, таксама ня надта захаплялі яго. Да бамжа ён зь першага дня прыглядаўся з асаблівай увагай — усё ж ня так часта выпадала яму сустракаць бамжоў. Спосаб ягонага існаваньня і некаторыя словы часам зьдзіўлялі салдата, які зь дзяцінства прывык, можа быць, з празьмернай увагай ставіцца да словаў і ўчынкаў старэйшых. У старэйшых хлопцу перш за ўсё хацелася бачыць пэўнасьць і грунт, — якасьці, якіх, можа, не хапала самому. Але не нашмат болей ён знаходзіў іх у старэйшых, сярод якіх таксама панавалі зьменлівасьць і выпадковасьць. Пачынаючы ад дробных, асабістых падзеяў ды ўчынкаў і канчаючы Чарнобылем. Людзі яўна не разумелі, куды йшлі і куды трэба было йсьці. Часам ён думаў, што ўся гісторыя чалавецтва надта ж падобная на мітусьлівы рух згаладнелых мухаў па пустым стале. Ні законаў у тым руху, ні пэўнасьці, адно толькі памкненьне — знайсьці і зжэрці».

Васіль Быкаў у звыклай для яго манеры на фоне вусцішнай атмасферы разважае ў творы над праблемамі, якія ніколі не губляюць актуальнасці. Аповесць «Ваўчыная яма» — must read для тых, хто памылкова думае: пісьменнік камфортна пачуваўся адно ў вайсковай тэматыцы.

Вярнуцца ўгару