Чаму Уінстанам Чэрчылем так захапляюцца?

уінстан чэрчыль, прэм'ер-міністр вялікабрытаніі чэрчыль

Уінстан Чэрчыль быў адным з найбольш вядомых і ўплывовых палітыкаў мінулага стагоддзя. Ён стаў сімвалам устойлівасці і адвагі ў цяжкія часы не толькі для сваёй краіны, але і для свету. Яго рашучае лідарства падчас Другой сусветнай вайны, магутныя прамовы, што натхнялі на барацьбу, зрабілі яго фігурай, якую паважаюць і памятаюць ва ўсім свеце.

PALATNO расказвае, чаму Чэрчыль стаў такім магутным персанажам у палітыцы і гісторыі.

ВЕЛЬМІ КАРОТКАЯ БІЯГРАФІЯ
Уінстан Чэрчыль (1874–1965) — брытанскі дзяржаўны дзеяч, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі падчас Другой сусветнай вайны (1940–1945, 1951–1955). Ён пачаў палітычную кар’еру ў 1900 годзе, займаў розныя ключавыя пасады, у тым ліку першага лорда Адміралцейства падчас Першай сусветнай вайны. Чэрчыль быў выдатным пісьменнікам і атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры ў 1953 годзе за свае мемуары і гістарычныя творы.

Вялікая палітычная кар’ера

Уінстан Чэрчыль пачаў палітычную кар’еру ў 1900 годзе, калі ўвайшоў у Палату абшчын як член Кансерватыўнай партыі. Пазней ён перайшоў на бок лібералаў. Чэрчыль займаў шэраг высокіх пасад: міністра ўнутраных спраў, міністра фінансаваў і першага лорда Адміралцейства.

Падчас Першай сусветнай вайны ён быў першым лордам Адміралцейства. У гэты час быў рэфарміраваны каралеўскі флот: яго ўмацавалі яшчэ да вайны. Аднак Чэрчыля і крытыкавалі, напрыклад, за няўдалую кампанію на Галіпалі ў 1915 годзе.

У 1930-я гады Чэрчыль аказаўся ў палітычнай ізаляцыі, але настойліва папярэджваў аб небяспецы нацысцкай Германіі. Большасць не ўспрымала яго папярэджанні ўсур’ёз. Лічыцца, што Уінстан Чэрчыль быў адным з няшматлікіх заходніх лідараў, хто рана ўсвядоміў пагрозу Адольфа Гітлера і нацысцкай Германіі.

Роля ў Другой сусветнай вайне

У 1940 годзе нацысцкая Германія хутка захапіла вялікую частку Еўропы. Вялікабрытанія аказалася ў ізаляцыі і сутыкнулася з непазбежнай пагрозай уварвання нацысцкіх вайскоўцаў. У тым жа годзе Уінстан Чэрчыль быў прызначаны прэм’ер-міністрам. Лічыцца, што ён узяў кіраванне ў краіне ў адзін з самых цёмных момантаў у яе гісторыі. Прынамсі, так лічаць англійскія гісторыкі.

Многія ў англійскім урадзе і ваенным кіраўніцтве краіны былі гатовыя да перамір’я з Германіяй. Аднак Уінстан Чэрчыль рашуча адхіляў ідэю капітуляцыі ці магчымых перамоў. Чэрчыль верыў, што адзіны шлях да перамогі ў вайне — супраціў да канца. Прэм’ер здолеў пераканаць кабінет міністраў у неабходнасці барацьбы.

Уінстан Чэрчыль
Уінстан Чэрчыль у часы Другой сусветнай вайны.

Нават у самыя цяжкія моманты вайны Чэрчыль праяўляў аптымізм і рашучасць. Ён часта паўтараў, што Вялікабрытанія ніколі не здасца і што перамога непазбежная.

Вядома, што Уінстан Чэрчыль адыграў ключавую ролю ў вызначэнні стратэгіі Вялікабрытаніі на розных этапах вайны. Ён быў ініцыятарам некаторых важных ваенных кампаній, у тым ліку высадкі ў Нармандыі ў 1944 годзе. Нагадаем, што высадка ў Нармандыі стала паваротным момантам Другой сусветнай вайны.

Чэрчыль стаў сімвалам барацьбы супраць нацызму і таталітарызму, што зрабіла яго не толькі брытанскім героем, але і міжнародным сімвалам супраціву. Ён не хаваў небяспекі і цяжкасцяў, з якімі сутыкалася Вялікабрытанія, але яго ўменне паказаць у гэтых цяжкасцях гонар і мужнасць паказалі яго як вялікага лідара.

Выключныя прамовы, якія ўвайшлі ў гісторыю

Прамовы Уінстана Чэрчыля адыгралі важную ролю ў фарміраванні настрою грамадства падчас вайны. Яго прамовы натхнялі людзей на барацьбу, нават калі перспектывы былі змрочнымі. Чэрчыль выдатна ўмеў выкарыстоўваць слова для ўзняцця маральнага духу.

Найбольш вядомымі прамовамі «Мы будзем змагацца на пляжах» і «Гэта іх найлепшы час».

«Мы будзем змагацца на пляжах» (4 чэрвеня 1940 года)

Прамова прагучала пасля эвакуацыі з Дзюнкерка — гэта найбуйнейшая ваенная аперацыя, у выніку якой больш за 300 тысяч брытанскіх і французскіх салдат эвакуіравалі з французскага ўзбярэжжа пасля паражэння ад нямецкіх войск. У прамове Чэрчыль празнаў складанасць сітуацыі, але з рашучасцю падкрэсліў, што Вялікабрытанія не збіраецца здавацца:

«Мы будзем змагацца на пляжах, мы будзем змагацца на месцах высадкі, мы будзем змагацца на палях і вуліцах, мы будзем змагацца ў гарах. Мы ніколі не здадзімся».

Уінстан Чэрчыль
Уінстан Чэрчыль.

«Гэта іх найлепшы час» (18 чэрвеня 1940 года)

Прамова адбылася праз некалькі дзён пасля падзення Францыі. Вялікабрытанія засталася адна ў барацьбе супраць нацысцкай Германіі, і многія лічылі, што паражэнне непазбежнае. У прамове Чэрчыль прызнаваў, што перад Вялікабрытаніяй стаіць сур’ёзная пагроза, але падкрэсліў, што менавіта ад іх залежыць лёс свабоды ва ўсім свеце. Прэм’ер заклікаў народ зрабіць усё магчымае дзеля перамогі.

Самы вядомы ўрывак з прамовы: «Праз тысячу гадоў людзі ўсё яшчэ скажуць: “Гэта быў іх найлепшы час”».

Прамова стала своеасаблівым заклікам да дзеяння, які заахвоціў нацыю змагацца да канца і стаць аплотам свабоды. Чэрчыль хацеў паказаць, што нават у змрочныя часы Вялікабрытанія не збіраецца здавацца і гатовая змагацца да перамогі.

Літаратурныя дасягненні

Чэрчыль быў таксама выдатным пісьменнікам. Яго творы сталі класікай англійскай літаратуры. Ён напісаў шматтомны твор «Гісторыя англамоўных народаў», які ахоплівае гісторыю ад антычнасці да пачатку XX стагоддзя.

Уінстан Чэрчыль
Уінстан Чэрчыль.

У 1953 годзе Уінстан Чэрчыль атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры «за высокае майстэрства твораў гістарычнага і біяграфічнага характару, а таксама за выдатнае аратарскае мастацтва, з дапамогай якога абараняліся найвышэйшыя чалавечыя каштоўнасці».

Яго мемуары пра Другую сусветную вайну складаліся з шасці тамоў. Яны дагэтуль даюць глыбокае разуменне падзей таго часу і з’яўляюцца не толькі адлюстраваннем асобы Чэрчыля, але і важным гістарычным дакументам.

Вярнуцца ўгару