Натхненне

Паплечнік Каліноўскага, стваральнік прататыпа «Кодака», верагодны фальшываманетчык. Кім быў Уладзіслаў Малахоўскі?


Паплечнік Каліноўскага, стваральнік прататыпа «Кодака», верагодны фальшываманетчык. Кім быў Уладзіслаў Малахоўскі?

Біяграфія Уладзіслава Малахоўскага выглядае як сцэнарый гістарычнага фільма: паўстанне, палітычныя змовы, эміграцыя, навуковыя адкрыцці і нават абвінавачванні ў фальшываманецтве.

PALATNO расказвае пра Уладзіслава Малахоўскага.

Шлях ад паўстанца да эмігранта

Уладзіслаў Малахоўскі нарадзіўся ў 1827 годзе ў маёнтку Мацы Кобрынскага павета ў сям’і палкоўніка. Атрымаў адукацыю ў Свіслацкай гімназіі і Санкт-Пецярбургскім інстытуце інжынераў шляхоў зносін. У Пецярбургу Малахоўскі пазнаёміўся з Кастусём Каліноўскім. Дзякуючы гэтаму знаёмству Малахоўскі далучыўся да нацыянальна-вызваленчага руху і стаў адным з кіраўнікоў Паўстання 1863-1864 гадоў.

Падчас паўстання стаў членам Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы, а затым увайшоў у склад Выканаўчага аддзела Літвы. Малахоўскі таксама быў паўстанцкім начальнікам Вільні.

Улетку 1863 года Малахоўскі арганізаваў замах на прадстаўніка расійскіх уладаў. Замах быў няўдалым, у выніку арыштавалі некалькі дзясяткаў чалавек, сямёра з іх павесілі. Малахоўскі зразумеў, што хоць яго не змаглі прыцягнуць да пакарання за замах, заставацца ў Вільні было небяспечна.

Летам 1863 года Малахоўскі аказаўся ў Пецярбургу, а затым яго накіравалі за мяжу. У хуткім часе, яшчэ падчас паўстання, зноў вярнуўся ў Пецярбург, каб арганізаваць сувязь з «Зямлёй і воляй». Наступным крокам ва ўдзеле ў паўстанні было забеспячэнне паўстанцаў зброяй.

Калі паўстанне аказалася разгромленым расійскімі ўладамі, Малахоўскі зноў пераехаў у Санкт-Пецярбург. Там змог атрымаць англійскі пашпарт на імя Леона Варнэрке.

Як Малахоўскі стаў вынаходнікам

У Вялікабрытаніі Малахоўскі пачаў карыстацца імем Леон Варнэрке. У Лондане ён адкрыў фірму і заняўся фотасправай. З англійскім перыядам звязаны шэраг вынаходніцтваў, што зрабіла Малахоўскага-Варнэрке вядомым у свеце навукі і тэхнікі.

У 1875 годзе Малахоўскі стварыў фотаапарат са скручанай касетай, які дазваляў рабіць да ста здымкаў без змены носьбіта. Гэты апарат лічыцца прататыпам «Кодака», бо апярэдзіў вынаходніцтва рулоннай фотастужкі Джорджа Істмана на дзевяць гадоў.

Малахоўскі таксама распрацаваў новы тып фотаэмуляцыі, якая магла пераносіцца на шкло і выкарыстоўвацца як негатыў. Лічыцца, што гэта была адна з першых спроб стварыць гнуткую фотаплёнку.

У 1880 годзе Малахоўскі распрацаваў сенсітометр — прыбор, які ўпершыню дазваляў дакладна вымяраць святлоадчувальнасць фотаэмульсій. Сістэма атрымала міжнароднае прызнанне і стала асновай для пазнейшай стандартызацыі фотаматэрыялаў (аналаг сучасных ISO і DIN).

Уладзіслаў Малахоўскі падтрымліваў сувязі з вядомымі навукоўцамі, у тым ліку з Дзмітрыем Мендзялеевым. Па яго прапанове ён стварыў секцыю фатаграфіі пры Расійскім імператарскім тэхнічным таварыстве.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Эвалюцыя табліцы Мендзялеева: што змянілася праз паўтара стагоддзя?

Ці быў Малахоўскі фальшываманетчыкам?

У эміграцыі Уладзіслаў Малахоўскі стаў паспяховым і заможным чалавекам дзякуючы сваім вынаходніцтвам. Аднак у яго жыцці былі і цёмныя бакі.

У 1898 годзе ў філіяле яго фірмы знайшлі фальшывыя грошы, у тым ліку расійскія рублі. Яго судзілі за фальшываманецтва, аднак віну даказаць не змаглі.

Рэпутацыйны ўдар стаў для Малахоўскага фатальным: у 1900 годзе ён скончыў жыццё самагубствам у гасцініцы ў Жэневе. Праўда, некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ён падрабіў смерць, каб пазбегнуць далейшага пераследу за фальшываманецтва.

Доўгі час лічылася, што Малахоўскі быў ахвярай і ніякага дачынення да фальшываманецтва не меў. Аднак з цягам часу даследчыкі высветлілі, што ў філіяле лабараторыі Малахоўскага ў Марсэлі сапраўды знайшлі фальшывыя грошы. Малахоўскі лічыўся арганізатарам іх вытворчасці.

У 1991 годзе былі знойдзены банкноты, тыпаграфічныя пячаткі, вадзяныя знакі і іншыя пацвярджэнні таго, што Малахоўскі сапраўды быў задзейнічаны ў фальшываманецтве. Усё гэта было знойдзена ў тайніку Малахоўскага ў Лондане. Высветлілася, што ён працаваў у гэтай сферы на працягу 30 гадоў.

Ураджэнец Беларусі, які апярэдзіў час

Уладзіслаў Малахоўскі быў першапраходцам у фатаграфіі і тэхналогіях, якія змянілі свет. Ён быў чалавекам, які, не ведаючы гэтага, стаў папярэднікам эпохі масавай фатаграфіі.

Яшчэ пры жыцці ён меў мноства ўзнагарод. У 1877 годзе ў Бельгіі атрымаў прыз за працу ў сферы фотамастацтва. У 1881 годзе Малахоўскага ўзнагародзілі Медалём прагрэсу Каралеўскага фатаграфічнага таварыства Вялікабрытаніі. У Расійскай імперыі ў былога паўстанца была фоталабараторыя «Варнэрке і К», за дзейнасць якой атрымаў медаль на Усерасійскай выстаўцы. Малахоўскі чытаў лекцыі перад фатаграфічнымі аб’яднаннямі Англіі, Францыі, Бельгіі і Германіі.

Малахоўскі таксама займаўся іншым бізнесам. У яго былі цікавасці ў прамысловасці: ён меў інтарэс у вытворчасці фотапласцінак у Расіі, таму ў Санкт-Пецярбургу быў заснаваны завод па вырабе жэлацінавых сярэбрана-брамідных пласцінак, пасля там пачалі рабіць яшчэ і фотапаперу.