
Жыццё Уладзіслава Вярыгі пачалося з трагічнай страты бацькоў і выгнання сям’і з-за Паўстання Кастуся Каліноўскага. Ён вярнуўся на бацькоўскую радзіму і пачаў кар’еру этнографа: пазнаёміўся з беларускім народам, яго культурай і адстойваў яго ўнікальнасць.
PALATNO расказвае пра жыццё і працу Уладзіслава Вярыгі.
Паляк з цікавасцю да Беларушчыны?
Бацькі, браты і сёстры Уладзіслава Вярыгі паходзілі з беларускіх зямель. Аднак пасля падаўлення Паўстання Кастуся Каліноўскага яго бацькам прыйшлося выехаць у Пскоў, яны пазбавіліся радавога маёнтка пад Полацкам. Уладзіслаў нарадзіўся ўжо ў Пскову 9 жніўня 1868 года.
У восем гадоў хлопчык застаўся сіратой. Апека над ім лягла на бабулю і старэйшых братоў і сясцёр. Сярод іх была сястра Марыя Вярыга, якая пазней стала вядомай рэфарматаркай дашкольнай адукацыі ў Польшчы. Там жа, у Польшчы, Марыя будзе нашмат вядомай за свайго брата, і ў гонар яе нават існуе прэмія аднаго з часопісаў пра дашкольную адукацыю.
У 1878 годзе Уладзіслаў паступіў у пскоўскую гімназію, але не скончыў яе і перавёўся на вучобу ў Санкт-Пецярбург. Пасля вучобы ў Санкт-Пецярбургу ён вярнуўся на беларускія землі, дзе ў яго прачнулася захапленне народнай беларускай культурай. У гэтым Вярызе дапамог этнограф Ян Карловіч, які не толькі рэдагаваў яго тэксты, але і друкаваў іх. Паміж імі захавалася шмат лістоў, першая перапіска адбылася толькі ў 1885 годзе, калі Вярыга даслаў Карловічу запісаныя беларускія песні:
«Маю маленькі зборнік песень — не літоўскіх, але беларускіх. Запісваў іх выключна з намерам, каб бліжэй ведаць народ, таму што ні да чаго іншага не адчуваю сябе прыгатаваным».
У 1889 годзе свет пабачыў першы зборнік Вярыгі пад назвай «Думкі беларускія», прысвечаны баладным песням пра драматычныя падзеі сялянскага жыцця.
Па парадзе Карловіча Вярыга пачаў збіраць беларускія казкі. Пасля ён адзначаў, што казкі было збіраць складана: «Амаль кожную з баб, якія дыктуюць мне песні, прасіў я і пра казкі, але заўсёды атрымліваў адмоўны адказ. Маладыя дзяўчаты кажуць, што чулі іх, але не зразумелі… Старыя — што расказваюць казкі не іх справа, а хлопцаў і дзядоў». Перашкодай было і недасканалае валоданне беларускай мовай. Карловіч нават адмаўляўся браць у працу некаторыя тэксты Вярыгі з-за таго, што аўтар не мог патлумачыць асобныя словы, якія ён запісваў. Нягледзячы на цяжкасці, крыху пазней Вярыга выдаў зборнік «Беларускія паданні», у якім сабраў вусную народную прозу з Лідчыны.
Вярыга вывучаў не толькі беларускі фальклор: у Віцебскай губерні ён запісваў латышскія казкі. Аднак латышскай мовай так і не авалодаў. Сам Вярыга расказваў у лістах да Карловіча, што разумее мову, але сам гаварыць не можа, таму запісаныя казкі былі апублікаваныя па-польску. Дарэчы, казкі беларускага сялянства пісаліся Вярыгай выключана па-беларуску.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Тры скандалы Белага дома, пра якія вы маглі не ведаць
«Чалавек — стваральнік Бога». Расказваем гісторыю Казіміра Лышчынскага
Этнаграфія змяняецца філасофіяй
Пасля вялікай этнаграфічнай працы на беларускіх землях Вярыга вырашаў пераехаць у Варшаву. Там ён паступіў у Варшаўскі ўніверсітэт (верагодна, на філалагічным факультэце) і працаваў у часопісе «Вісла», дзе напісаў шматлікія рэцэнзіі.
З Варшавы пераехаў у Берлін, затым — Берн. Вярыга працягнуў адукацыю ў Еўропе, дзе, хутчэй за ўсё, ён стаў моцна цікавіцца філасофскай думкай. Калі падчас вучобы ў Польшчы ён яшчэ збіраў фальклорны матэрыял, праўда, ужо польскі, то ў Германіі і Швейцарыі ён амаль кінуў гэту дзейнасць. У 1892 годзе ён скончыў універсітэт і абараніў доктарскую дысертацыю «Маркс як філосаф».
Пасля атрыманай еўрапейскай адукацыі Вярыга цалкам прысвяціў сваё жыццё філасофіі. Ён вярнуўся ў Польшчу са Швейцарыі, а ў 1897 годзе заснаваў у Варшаве часопіс «Przegląd filozoficzny». З часам Вярыга апублікаваў «Польскую філасофскую бібліяграфію». Уласныя творы пасля публікацыі доктарскай працы ў Берне ад Вярыгі не захаваліся, таксама не існуе сведчанняў, што ён штосьці пісаў.
Уладзіслаў Вярыга памёр 29 жніўня 1916 года ва ўзросце 48 гадоў.
* * *
Выява Уладзіслава Вярыгы створаная штучным інтэлектам.