Амаль сто гадоў таму, у снежні 1925 года, у Мінску адбылася маштабная выстаўка твораў беларускіх мастакоў. На ёй выставілі больш за тысячу экспанатаў, удзельнічалі сотні творцаў. Арганізатары хацелі аб’яднаць беларускіх мастакоў і паказаць, якой разнастайнай з’яўляецца беларуская культура. Ужо праз пяць гадоў двух арганізатараў рэпрэсіравалі па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі» і забаранілі займаць пасады. А яшчэ адзін арганізатар пісаў разгромны водгукі пра нацыяналістаў.
PALATNO расказвае пра першую Усебеларускую выстаўку.
Змест
Ад ідэі да рэалізацыі: як змаглі арганізаваць маштабную культурную падзею
Прыкладна ў 1924 годзе сярод членаў Інбелкульта і Саюза мастакоў узнікла ідэя арганізаваць маштабную мастацкую выстаўку. Ужо ў маі 1925 года задуму ўхвалілі ў наркамаце асветы БССР. Арганізатарамі прызначылі Язэпу Дылу, Міколу Шчакаціхіна і Арона Касцелянскага. Падрыхтоўчая праца заняла лета, а пачатак грандыёзнай выставы для мастакоў вырашылі зрабіць у пачатку зімы. Сродкі на арганізацыю выдаткаваў СНК БССР.
Арганізатары лічылі, а насамрэч савецкі ўрад, што Усебеларуская выстава закрые дзве задачы. Па-першае, на ёй можна будзе прадэманстраваць, як эвалюцыянавала беларускае мастацтва, колькі ў краіне працуе мастакоў у розных жанрах. Па-другое, выстава павінна была дапамагчы аб’яднаць дзясяткі беларускіх мастакоў.
Усебеларуская выстаўка пачалася 6 снежня, адбылася ў Мінску. На выстаўцы прадставілі больш за тысячу твораў мастацтва. Гэта былі карціны, скульптуры, графіка. Разам з гэтым выставай былі не зусім давольныя, бо на ёй было шмат экспанатаў на тэму пейзажу, а не пра рэальнае жыццё (пад рэальным жыццём маецца на ўвазе дэманстрацыя поспехаў савецкай дзяржавы).
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Загадкавае забойства настаўніка Шагала ў віцебскім пад’ездзе: смерць Юдаля Пэна
Тлумачым на драніках мастакоў эпохі Рэнесансу
Як беларускія мастакі бачылі і паказвалі восень?
А што паказалі на выстаўцы?
На Усебеларускай выстаўцы нават стварылі асобную секцыю для выстаў вучняў інстытутаў і мастацкіх гурткоў. Большасць прац студэнтаў была зроблена на савецкую тэматыку: рэвалюцыя, Ленін і гэтак далей. Аднак былі працы, якія выходзілі за межы сацрэалізму. Мастак Булычоў напісаў карціну з Кастусём Каліноўскім, а Шыбанаў прадставіў карціну пад назвай «Прастытутка». Дарэчы, матывы прац з Кастусём Каліноўскім былі загадзя ўсхваленыя спецыяльнай камісіяй, як і ўсе тэмы, з якімі маглі выстаўляцца мастакі.
У выстаўцы ўдзельнічаў тады яшчэ навучэнец Віцебскага мастацкага вучылішча Заір Азгур. Для выставы ён падрыхтаваў скульптуры з гліны галава — рабочага і галава старога.
Асобнай секцыяй выстаўлялі дэкарацыі тэатраў. Па экспанатах можна зразумець, якім было тэатральнае мастацтва ў сярэдзіне 1920-х. На выстаўцы паказвалі дэкарацыі, касцюмы і ўлёткі з спектакляў «Эдып», «Машэка» Міровіча, «Мешчанін у шляхецтве» Мальера, «Панскі гайдук» Бываеўскага, «Вясковы суддзя» Кальдэрона, «Сон у летнюю ноч», «Цар Максімільян» і гэтак далей.
Цікава, што ўжо ў часы «Вялікага тэрору» Касцелянскі , які быў адным з арганізатараў, пісаў пра тую першую Усебеларускую выстаўку: «На выстаўцы нацыянал-дэмакраты лічылі патрэбным прадэманстраваць старажытнае мастацтва Беларусі, якое змяшчалася ў іконах быццам бы беларускага пісьма і стылю». Касцелянскі падкрэсліваў, што на першай выстаўцы свае творы паказвалі мастакі, якія былі схільныя да нацыяналізму. Частку мастакоў ён нават пералічыў, да таго часу іх ужо рэпрэсавалі і схапілі чэкісты.
На Усебеларускай выстаўцы было сапраўды шмат нацыянальнага і беларускага. Вядома, што ў адным з будынкаў выстаўкі экспанаваўся крыж Ефрасінні Полацкай. Навучэнцы Віцебскага мастацкага вучылішча паказвалі кампазіцыі беларускага арнаменту, эскізы беларускага традыцыйнага адзення. На выстаўцы паказалі эскізы слуцкіх паясоў, сялянскага быту.
Лёс арганізатараў склаўся трагічна
Язэп Дыла, Мікола Шчакацінін і Арон Касцелянскі пасля выставы яшчэ некалькі гадоў змаглі адпрацаваць у культурнай сістэмы БССР. Аднак ужо ў пачатку 1930-х гадоў на іх, як і на сотні прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, звярнулі ўвагу чэкісты.
Падчас выстаўкі Язэп Дыла працаваў дырэктарам купалаўскага тэатра, затым працаваў у Інбелкульце, а ў 1930 годзе быў інспектарам у наркамаце асветы. Дылу арыштавалі па сумна вядомай і сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Для Дылы гэта не быў першы арышт у часы камуністычнага рэжыму. Яшчэ раней, у 1919-м, яго арыштавалі і нават выслалі з Беларусі з-за канфлікту з тагачасным кіраўніком краіны Аляксандрам Мясніковым. Аднак тая сітуацыя вырашылася пра некалькі гадоў і Дыла вярнуўся на працу ў Мінск. Пад арыштам па справе «Саюза вызвалення» Язэп Дыла правёў год у зняволенні, у 1931 годзе яго выслалі ў Пермскую вобласць. У 1938 годзе яго зноў арыштавалі, але неўзабаве справу спынілі. Дыла застаўся жыць у Саратаве. У 1957 годзе яго рэабілітавалі. А ў 1973 годзе ён памёр ва ўзросце 92 гадоў.
Мікола Шчакаціхін у сярэдзіне 1920-х працаваў у БДУ і Інбелкульце. Шчакаціхіна арыштавалі ў той жа дзень, што і Дылу. Ён адсядзеў пад арыштам амаль год. У 1931 годзе яго выслалі ў Башкірскую АССР. У высылцы працягваў займацца навукай, аднак яму забаранялі займаць пасады, якія нейкім чынам звязаныя з навукай. Шчакаціхіна рэгулярна арыштоўвалі, але хутка адпускалі. Падчас адной з такіх прафілактычных адсідак захварэў на сухоты. Памёр у 1940 годзе, калі яму было 43 гады.
Арон Касцелянскі абмінуў лёс папярэдніх арганізатараў выставы. Яго не рэпрэсавалі, хаця ў яго сям’і былі выпадкі рэпрэсій. Касцелянскі ўдзельнічаў ва ўсіх Усебеларускіх выставах пры жыцці. Быў выбітным мастаком. Напрыканцы 1920-х мастак пачаў скардзіцца на галаўныя болі, яго адвезлі на медагляд у Маскву, а там дактары знайшлі пухліну мозгу. Вядома, што медыкі зрабілі як мінімум адну аперацыю, пасля якой Касцелянскі страціў зрок на адно вока. У 1934 годзе ён памёр ва ўзросце 43 гадоў.