Пад канец 2015 года беларуска Альжбета (імя зменена ў мэтах бяспекі — заўв. PALATNO) трапіла на заняткі беларускай мовы ў Мінску. Адзін з удзельнікаў расказаў, што пасведчанне кіроўцы можна зрабіць па-беларуску. І тады дзяўчына вырашыла, што яна хоча менавіта такое.
PALATNO расказвае гісторыю беларускі, якая захацела сабе пасведчанне не такое, як у большасці беларусаў.
«Навошта Вам па-беларуску?»
У 2015 годзе беларуска Альжбета трапіла на заняткі беларускай мовы ў Мінску. У той час яна акурат вучылася ў аўташколе.
— Па шчырасці, я нават не ведала, што пасведчанне складзена па-беларуску, а ўжо інфармацыя пра асобу і ім запісваецца па-руску. І чамусьці гэтая думка цалкам захапіла мяне і не давала мне спакою. Пазней, ужо пасля заняткаў, я знайшла ў Facebook гэтага чалавека, які расказаў пра пасведчанне па-беларуску, і запыталася ў яго, як гэта можна зрабіць. Ён мне сцісла апісаў схему, якая даволі простая.
Дзяўчына вырашыла падстрахавацца і пацікавілася ў свайго выкладчыка ў аўташколе, ці ведае той, як можна зрабіць пасведчанне па-беларуску. Выкладчык сказаў, што ніхто яшчэ за ўсю ягоную практыку не задаваў яму такога пытання.
— У мяне экзамены ў ДАІ былі ў Мінску па вуліцы Сямашка, але, думаю, схема ўсюды адна. Пры падачы дакументаў на здачу экзаменаў трэба паведаміць, што вы хочаце, каб пасведчанне кіроўцы было на беларускай мове. Жанчына прымае дакументы, правярае іх, на першай старонцы робіць пазнаку «бел.мова», абводзіць яе, вяртае вам дакументы — і ўсё. З гэтым вы ідзяце на экзамены.
Ніякіх цяжкасцяў з атрыманнем пасведчання на беларускай мове ў Альжбеты не было — акрамя яе ўласнага страху, што яна «тут такая нейкая вырашыла зрабіць пасведчанне не такое, як у большасці», але на практыцы ўсё аказалася проста. Толькі інспектар, які прымаў практыку на пляцоўцы і па горадзе, пацікавіўся: «Навошта Вам па-беларуску?».
— Я адказала, што дзіўна, калі шаблон па-беларуску, а інфармацыя па-руску. Лепш, калі ўсё будзе на адной мове. Пасля ён запытаўся, дзе я вучуся. Я адказала, што ва ўніверсітэце культуры. Тады ён сказаў: «А-а-а, ну ясна». Дзіўны ён, канешне. Але можа гэта я ў яго вачах выглядала дзіўнай. Калі я ўжо атрымлівала пасведчанне ў ДАІ, жанчына чамусьці не змагла прачытаць маё імя па бацьку. Для мяне было гэта смешна.
На думку Альжбеты, пасведчанне кіроўцы па замоўчванні робяць па-руску, таму што большасць людзей выкарыстоўвае для камунікацыі менавіта гэтую мову: «Таму і не напружваюцца, каб не пісаць з памылкамі і не ганьбіцца».
Калі беларуска працавала ў дзяржаўнай установе, то звяртала ўвагу на тое, што часцей за ўсё дзяржаўныя служачыя выкарыстоўваюць у дакументах рускую мову. А калі Альжбета пачала складаць дакументы па-беларуску, то сутыкнулася з неразуменнем з боку калег.
— Пакуль што я не чула, каб нехта з майго атачэння рабіў пасведчанне кіроўцы па-беларуску. Хіба што была адна гісторыя, калі чалавек вырашыў памяняць сваё пасведчанне на новае, каб яно было на беларускай мове.
Пасля таго, як Альжбета зрабіла пасведчанне кіроўцы на беларускай мове, радыкальных змен у яе жыцці не адбылося. Затое, як адзначае дзяўчына, з’явілася цікавая гісторыя пра маленькі крок да роднай мовы. Па яе словах, гэта гісторыя часам натхняе іншых, а часам дапамагае патлумачыць іншаземцам, якая ў нашай краіне моўная сітуацыя.
— Варта расказваць людзям, што ёсць магчымасць зрабіць пасведчанне кіроўцы па-беларуску — для гэтага трэба толькі паведаміць пра сваё жаданне пры падачы дакументаў. Думаю, большасць проста не ведае пра гэты механізм і пра тое, што, калі нічога не сказаць, то ў дакуменце будзе двухмоўе. Камусьці зрабіць гэта ў наш час можа быць вельмі страшна. Але страх толькі ў нашых галовах.
Дзіўныя рэчы ў аўташколах, звязаныя з беларускай мовай
У 2012 годзе, дзякуючы Таварыству беларускай мовы імя Францішка Скарыны, выйшаў першы ў гісторыі краіны звод правіл дарожнага руху па-беларуску. Але ўсё яшчэ няма магчымасці вучыцца ў аўташколе па-беларуску, затое можна здаць на беларускай мове экзамен у ДАІ. Каб атрымаць пасведчанне кіроўцы па-беларуску, неабходна загадзя папярэдзіць. Калі гэтага не зрабіць — правы будуць па-руску.
Акрамя таго, на аўтамабілі, на якім ездзіць курсант, абавязкова ўсталёўваецца адмысловы знак — ПДР. Ён мае выгляд літары «У» і азначае «учебная». На беларускую мову слова перакладаецца як «вучэбная», але знак з літарай «В» ставіць нельга, бо ў саміх ПДР ён не прадугледжаны.
З 1 лютага 2011 ДАІ Мінска пачала выдаваць правы новага ўзору. Тады было заяўлена, што новыя правы будуць афармляцца на англійскай, беларускай і рускай мовах. У тым жа годзе адбыўся выпадак, калі пасведчанне кіроўцы выдалі з памылкамі. Адзін з беларусаў выклаў у сеціва выяву новых правоў. На іх толькі словы «Водительское удостоверение» правільна напісалі па-беларуску («Вадзіцельскае пасведчанне») і па-англійску («Driving licence»). А ў графе, кім выдадзены дакумент, на трох мовах было пазначана так: «ГАИ Мингорисполкома», «ГАІ Мінгорісполкома» і «GAI Mingorispolkoma».
«Адбылася тэхнічная памылка — збой праграмнага забеспячэння, усталяванага на камп’ютарах, на якіх раздрукоўваюць пасведчанне кіроўцы. У ім не прадугледжаны пераклад на беларускую мову. Гэта значыць, перакладаюцца прозвішча, імя, імя па бацьку, а ў астатніх радках ставяцца беларускія і лацінскія літары, і ўсё. Аператары ж не маюць права нешта мяняць у праграме, яны толькі ўносяць дадзеныя ў камп’ютар. Пакуль што дакументы на беларускай папрасілі аформіць усяго некалькі чалавек, таму памылку заўважылі толькі цяпер», — патлумачыла начальніца прэс-службы УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Жанна Трайно.
Марыя Седышова.