Вы калі-небудзь задумваліся, з чаго пачыналася вайна ў ВКЛ? Перш чым ваяр выцягваў меч з ножнаў, уступаў у сілу закон. Статуты ВКЛ дакладна дэкларавалі, хто павінен стаць пад харугву, хто мае права вырашаць лёс вайны, як збіраць войска і чым яго карміць, як караць за ўцёкі, гвалт і рабунак.
PALATNO расказвае, як вайна стала строга ўпарадкаванай справай дзяржавы.
Змест
Вайна была агульнадзяржаўным абавязкам
Усе землеўладальнікі ў Вялікім княстве Літоўскім былі павінны служыць земскую службу ў выпадку патрэбы. Вайна разумелася справа не толькі прафесійнага войска, але ўсёй зямельнаўласніцкай супольнасці. Дзяржава чакала, каб падданыя былі не проста лаяльнымі, а прымалі актыўны і канкрэтны ўдзел у абароне.
Былі выпадкі, калі ўласнік зямлі не мог сам служыць. Напрыклад, зямлёй валодала ўдава, сірата і нават непаўналетні спадчыннік, то тады з маёнтка ўсё роўна выстаўлялі ўброеннага конніка ў адпаведнасці з памерам уладання. У выпадку, калі маёнтак знаходзіцца ў закладзе, то з яго служыць павінен той, хто фактычна ім валодае.
Духоўныя асобы не вызваляліся ад службы. Яны павінны былі выставіць адпаведную колькасць ратнікаў і замест сябе паставіць прыдатнага да вайны шляхціца.
Хвароба таксама не скасоўвала абавязку: хвораму дазвалялася не ехаць самому, ён мусіў паслаць ратнікаў і годную замену для сябе.
Вайна ў ВКЛ не была аднаасобнай воляй вялікага князя. Калі ўзнікала патрэба арганізаваць абарону ці пачаць вайну, то спачатку адбываўся вялікі сойм. Вайну мусілі абмеркаваць з удзелам паноў-рады і земскіх паслоў, і толькі пасля агульнага рашэння пачыналіся адпаведныя дзеянні.
Паспалітае рушанне і арганізацыя войска
Асноўнай формай ваеннай мабілізацыі ў часы Вялікага княства Літоўскага было паспалітае рушанне. Пасля таго, як сойм прыме адпаведную пастанову пра пачатак вайны, то ўсе абавязаныя да службы павінны з’явіцца ў вызначанае месца, запісацца і чакаць агляду з боку вялікага гетмана.
Збор пачынаўся з таго, што харунжы з кожнага павету атрымліваў вестку пра соймавую пастанову. Пасля харунжы паведамляў пра гэта шляхце і расказваў, дзе павінен быў адбыцца збор. Далей шляхта збіралася з ратнікамі, а пад кіраўніцтвам харунжага ішла да месца збору. На месцы збору ваяры пераходзілі пад кіраўніцтва кашталяна або маршалка, потым — ваяводы і гетмана.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Ад мяча і цесака да алебарды і арбалета: чым ваявалі ў Вялікім княстве Літоўскім?
Вельмі важным быў прынцып тэрытарыяльнай арганізацыі. Павятовая шляхта павінна была стаяць пад павятовай харугвай. Нельга было самавольна служыць у іншым месцы або абмінаць сваю баявую адзінку. Калі нехта быў пры двары гаспадара ці служыў у магната або ўрадніка, то ён абавязаны быў паставіць пад сваёй харугвай брата, родзіча або іншага шляхціца замест сябе.
Гетман — галоўная фігура ў войску
Статут ВКЛ надаваў вялікаму гетману вельмі значныя ваенныя паўнамоцтвы. Аднак яны не былі бязмежнымі. Гетман быў галоўным арганізатарам агляду, уліку, дысцыпліны ў войску. Менавіта гетман падпарадкоўваў сабе ваяводу, кашталянаў, маршалкаў, харунжых і ўсё рушанне пасля прыбыцця на месца збору.
Вялікі князь даваў гетманства годным і дасведчаным людзям са шляхты. Таму гетман разглядаўся як і ваенная і як палітычныя фігура ў княстве.
Гетман быў галоўным суддзёй у лагеры і полі. Ён караў за спазненні, самавольны ад’езд ваяроў, уцёкі з бітвы, незаконны захоп ежы, сваркі, гвалт і іншыя правіны.
За што каралі ў вайсковай справе
Вайсковая справа патрабавала надзвычайнай увагі да дысцыпліны. Вайна разумелася як прастора, якую трэба жорстка кантраляваць.
За неяўку на службу, няўдзел у перапісе, самавольны ад’езд да завяршэння агляду або пасля яго прадугледжвалася страта маёнтка. Для неаседлых наймітаў, якія ўцякалі пасля атрымання платы, наступствам была страта гонару — тое самае прадугледжвалася для тых, хто ўцёк з полю бітвы.
За спазненне да войска без прычыны вінаваты заносіўся ў асаблівы рэестр, а потым павінен быцў адбываць дадатковую службу ўдвая даўжэй за час спазнення. За ўцёкі з бітвы прадугледжвалася страта гонару і маёмасці. За пазыку коней, даспеху і зброі іншым для падману пры аглядзе гэта маёмасць канфіскоўвалася.
Караць маглі не толькі шэраговых шляхціцаў, а нават чыноўнікаў. Напрыклад, калі харунжы наўмысна ўтойваў таго, хто застаўся дома або быў адпушчаны, то страчваў сваю пасаду.
Статут ВКЛ рэгламентаваў адносіны войска да мірнага населніцтва. Ратнікам забаранялася па дарозе на вайну і стаянках чыніць каму-небудзь шкоду. Харчы для сябе і коней павінны былі пакупацца за грошы, а не браць дарма. Найбольш суровыя пакаранні прадугледжваліся за напады на шляхецкі дом, сажалкі, а яшчэ — за забойства, раненні і гвалт над жанчынамі. Той, хто прычыняў шкоду, мусіў адказваць неадкладна, яшчэ да прыходу да гетмана. У выпадку цяжкіх злачынстваў карай была смерць.
