Лета, сонца, спякота, вакацыі! Хто не хацеў бы выкарыстаць гэты час як найлепей? Каму, як не беларусам, ведаць, як моцна нам не хапае цяпла і вітаміну D?
Мора, пляж, сонца, музыка і жыццялюбная Іспанія — пра гэта мой сённяшні аповед. Але не толькі, бо Іспанія — гэта мой досвед. А я паспрабую пераканаць вас браць ад жыцця як мага больш і пражыць тое, што, магчыма, ніколі не пражывуць вашы знаёмыя.
Змест
Трапіць на працу, куды не трэба работнікі
Сядзеў неяк я ў лютым, калі надвор’е ў нашых шыротах не цешыла сонцам і нейкай перспектывай добрага настрою, і вырашыў — лячу ў Іспанію! Грошай мала, знаёмыя, з кім можна было б некуды разам паляцець, усе ў працы. Сітуацыя нясмачная, трэба нешта выдумаць. А пашукайма музычных фестываляў і запрапануйма ім сваю працу задарма! Такая была мая першая думка (і, спойлер, апошняя).
Пошукі пачаліся са звычайных запытаў «найлепшыя фестывалі ў Іспаніі». Каб праглядзець дзясяткі фестываляў, спатрэбілася некалькі дзён. Нічога, час быў. У будучым спатрэбілася яго яшчэ больш.
Ужо пасля таго, як я дазнаўся ўсё пра ўсе фестывалі, пачаў пісаць мэйлы да арганізатараў. На жаль, большасць з самых буйных фестываляў мае абмежаваныя часам наборы валанцёраў, праз што мае лісты не мелі ніякага эфекту. Таму я пачаў пісаць да арганізатараў камеральных, маленькіх фестываляў — і, нарэшце, адазваўся Transition Festival, які ладзіцца ўжо шмат гадоў непадалёк Альмонтэ, каля двух гадзін аўтобусам ад Севільі. А ўся party адбываецца ў лесе побач з Нацыянальным паркам «Даньяна».
Як высветлілася, у гэтым годзе яны нават не шукалі валанцёраў, але мой ліст, відаць, зачапіў адкрытасцю да новага досведу. Усё ж такі адзін з лозунгаў фестывалю Make your Transition. Я прапанаваў арганізатарам дапамогу і рукі, а яны запрапанавалі мне намёт і ежу падчас працы. Не буду хаваць, перапіска з арганізатарамі і абмеркаванне ўсіх падрабязнасцяў заняла шмат часу, але ўсё ж удалося дамовіцца. І вось ужо 23 красавіка, за тыдзень да пачатку фестывалю, я лячу ў Севілью. А наступнага дня ўжо быў у фестывальным лесе.
Першы дзень быў досыць нервовы — трэба было пазнаёміцца з людзьмі, з новым месцам, пабачыць умовы, у якіх давядзецца жыць і спаць бліжэйшыя два тыдні. Канечне, лес гэта не люксавы гатэль — я ведаў, што чакаць нечага надзвычайнага не варта.
Як ішло валанцёрства
У першы і другі дзень ніякай працы для мяне не было, таму збольшага гэта быў проста адпачынак і шмат знаёмстваў. А вось у наступныя дні працы было даволі шмат, але ўсё, канечне ж, па жаданні. Хочаш працуеш, не хочаш — ідзеш сабе на перапынак.
Я дапамагаў і будаваць артыстычныя інсталяцыі, і шукаў ламачча і галіны ў лесе, і мыў посуд, і прыбіраўся ў нашай палявой кухні, і дапамагаў развешваць ліхтары на дрэвах, і працаваў таксама на вэлкам-поінце – сустракаў і вітаў гасцей фестывалю.
Работы хапала, але часамі даводзілася нават самому яе шукаць і прапаноўваць дапамогу іншым. А працавалася ў атачэнні цудоўных людзей і ладнай прыроды выдатна!
Чаму варта займацца валанцёрствам?
- Перадусім гэта каштоўны досвед. Умовы, у якіх вы можаце аказацца падчас валанцёрства, могуць быць нечым абсалютна новым у жыцці. Новыя навыкі — гэта тое, што вы набудзеце.
- Людзі. Гэта галоўны складнік добрага валанцёрства. Пазнаючы новых людзей, мы пазнаем не толькі новыя культуры, але таксама разам з імі і іншы погляд на жыццё. Гэта часамі можа сапраўды «адкрыць Амерыку», а простыя словы некаторых людзей з іншага культурнага кола могуць паўплываць на нашае жыццё. Новыя кантакты па ўсёй Еўропе таксама ідуць як бонус.
- Эмоцыі. Шчыра кажучы, яны будуць у вас розныя. Ад кепскіх да цудоўных. Часам можа нават захочацца ўсё кінуць. Але толькі пасля вяртання дамоў можна зразумець, што гэта быў патрэбны досвед, патрэбны менавіта табе і менавіта ў той момант, і падзякаваць сабе, што нягледзячы ні на што застаўся або засталася і пражыў або пражыла гэта да канца.
- Свабода. Гэта неверагоднае пачуццё, якое не пакідае ані ўдзень, ані ўначы. Знаходзячыся так блізка да прыроды, пачынаеш адчуваць гэтую сувязь з ёю і трошку запавольваешся, пачынаеш жыць тут і зараз, а ўсе бар’еры і межы быццам знікаюць.
- Акіян і сонца. Тут няма чаго нават дадаць. Магутнасць прыроды ў такіх мясцінах уражвае і дазваляе пачуцца шчаслівым.
- Гэта танна! Падарожнічаць і дапамагаць іншым можна з мінімумам грошай у кішэні. Часцей за ўсё трэба будзе аплаціць толькі білеты і прызначыць сабе нейкі невялічкі бюджэт на малыя выдаткі, а з рэштай вам дапамогуць.
Часамі працаваць задарма трэба, калі хочаш здабыць знаёмствы, эмоцыі і досвед. Хочаш нечага, але табе не адчыняюць дзвярэй — грукай мацней. А калі не спрацуе, дык паглядзі, можа ты не ў тыя дзверы грукаеш. Нічога немагчымага няма, а бар’еры — яны толькі ў галаве.
Аўтар Уладзіслаў Папроцкі