У дзень 100-годдзя Васіля Быкава прыгадваем некалькі малавядомых фактаў з жыцця класіка, якія дазваляюць лепш зразумець яго асобу, а таксама паказваюць пісьменніка без флёру пафасу і бронзы.
PALATNO — пра Васіля Быкава.
Змест
Вельмі добра вучыўся
З самага дзяцінства Васіль Быкаў вельмі добра вучыўся, але з гэтай прычыны вымушаны быў правесці два гады ў адным класе. Як так магло атрымацца? Вельмі проста!
Калі ён вучыўся ў 3-м класе, настаўнік проста пасярод навучальнага года перавёў яго ў 4-ты — такія добрыя здольнасці дэманстраваў вучань. Аднак бацька літаратара меркаваў, што малому будзе цяжка хадзіць за тры кіламетры ў сярэднюю школу, таму пакінуў яго на другі год.
Пісьменнік вучыўся ў вядомай Віцебскай мастацкай вучэльні на скульптарскім аддзяленні, але так яго і не скончыў з-за вайны. Акрамя гэтага Быкаў вучыўся на пуцейца ў чыгуначнай школе ў Актарску. Да таго ж — выдатнікам скончыў Саратаўскае пяхотнае вучылішча, з чырвоным дыпломам скончыў вучылішча Паўднёвага Сахалінска.
Ледзь не быў расстраляны
Усе ведаюць вядомую гісторыю пра тое, як родныя Быкава атрымалі «пахавальную» — тады памылкова падалі інфармацыю пра смерць пісьменніка. Але куды радзей прыгадваюць, што ў 1941 годзе яго ледзь не расстралялі…
У той час будучы класік беларускай літаратуры адбіўся ад сваіх, яго арыштавалі супрацоўнікі НКВД з замалёўкай лініі фронту ў кішэні. Пасля допытаў, каб доўга не разбірацца і высвятляць усе магчымыя акалічнасці, было вырашана проста расстраляць падазронага маладзёна.
Але вайсковец, якому тое даручылі выканаць, пашкадаваў Васіля — той абсалютна шчыра расплакаўся перад блізкай смерцю. «Пацан, бяжы! Хутка» — сказаў ён, калі адпускаў пісьменніка на волю. Відавочна, што карані менавіта «быкаўскага» экзістэнцыялізму варта шукаць у гэтай гісторыі.
Пачынаў як перакладчык
Васіль Быкаў пачаў сваю літаратурную кар’еру не як паэт, і не пагатоў як празаік, але як перакладчык. У свой час яго вельмі ўразіў раман Жуля Верна «Autour de la Lune», вядомы ў расейскай літаратурнай традыцыі пад дзвюма назвамі — «Вокруг луны» або «Из пушки на луну».
Васіль Уладзіміравіч пераклаў яго на беларускую мову і даслаў у рэдакцыю газеты «Піянэр Беларусі», «каб там надрукавалі і пазнаёмілі беларускіх дзяцей з гэтым творам». Агулам жа ён вельмі любіў прыгодніцкую літаратуру і зачытваўся творамі Джэка Лондана, Вальтэра Скота і нават Мігеля Сервантэса.
«Мабыць, я ўсё ж у большай ступені рамантык, чым некаторым здаецца. Калі не ў сваіх творах, дык у сваіх чытацкіх прыхільнасцях. Дон Кіхот — вось мая кніга», — сцвярджаў аўтар у сваіх аўтабіяграфічных нататках.
Не быў у партыі
Часцяком Васіля Быкава нашы сучаснікі называюць «савецкім пісьменнікам», хай сабе і беларускім. Маўляў, пісаў на актуальныя для камуністычнага рэжыма тэмы, за што адпаведна і быў уганараваны многімі важнымі прэміямі ды ордэнамі. Разам з тым, пісьменнік у адрозненні ад многіх сваіх калег, ніколі не быў сябрам камуністычнай партыі.
«Халяўская мая паліткар’ера ляснулася ў самым пачатку» — згадваў пазней Быкаў. Справа ў тым, што калі ён быў камсоргам, то прапіў разам з сябрамі камсамольскія ўнёскі, за якія нёс адказнасць. Натуральна, што з такім фактам у біяграфіі яго не асабліва імкнуліся зацягнуць у сябры КПСС, а ён не асабліва і імкнуўся.
Пасля далучэння да Беларускага Народнага Фронту, якім кіраваў Зянон Пазняк, Быкаў паказаў сябе даволі дысцыплінаваным чалавекам. Пісьменнік рэгулярна наведваў соймы арганізацыі, браў удзел у партыйным жыцці, агітаваў за Пазняка, калі той высунуў сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта ў 1994 годзе.
Умеў у іронію
У сваёй апошняй кнізе «Доўгая дарога дадому», якая пабачыла свет незадоўга да смерці пісьменніка ў 2003 годзе, ён прыводзіць безліч камічных і анекдатычных сітуацый з савецкай рэчаіснасці.
Вось адна з такіх:
«…Здаралася, што даймалі і некаторыя дужа актыўныя вершатворцы, асабліва з ліку адстаўнікоў, былых вайскоўцаў. Адзін зь іх — падпалкоўнік Е. кожны панядзелак прыносіў два-тры вершы, напісаныя за выхадныя пад пэўныя даты наступнага тыдню. Ён не спазняўся, тое было добра, але газета не магла рэалізаваць усёй ягонай вершаванай прадукцыі, якая да таго ж была не надта высокай якасці. Часцяком я не ведаў, што яму адказаць, усе мае аргументы даўно былі вычарпаны. Тады я сказаў аднойчы: “Нашто вам харошыя вершы друкаваць у нашай правінцыйнай газеце? Пашліце куды ў Маскву”. — “А што, думаеце, пройдуць?” — “Напэўна!” — “I ў “Правду” падыдуць?”. Ён забраў вершы і пабег, а я першы раз уздыхнуў з палёгкай — ужо адтуль яму дадуць адказ! I якое ж было маё здзіўленне, калі праз даволі кароткі час Е. прынёс мне “Правду” са сваім вершам на першай старонцы. Выгляд ён меў трыумфатара і вельмі дзякаваў мне за параду. Праўда, болей ягоных вершаў у “Правде” не з’явілася.”
Відавочна, што Васіль Быкаў добра разумеў увесь абсурд савецкай сістэмы, таму часцяком і не мог абыходзіцца без гумару і нават сарказму.
Крытычна ставіўся да сябе
Васіль Быкаў быў не толькі сумленным пісьменнікам, але і вельмі крытычным у адносінах да самога сябе чалавекам. На схіле дзён ён пераймаўся, што не выгадаваў у свой час сыноў у беларускай культуры і не далучыў іх да беларушчыны, аб чым згадваў з яўнай скрухай:
«Дрэнна хіба, што пры пэўных абставінах жыцця я не мог стварыць ім нацыянальных умоў выхавання, і хлопцы выраслі па сутнасці ў касмапалітычным гарадскім асяродку. Жонкі іх таксама былі небеларускамі, — у аднаго расейка, а ў другога ўкраінка».
Займаўся рэабілітацыяй
Пры непасрэдным спрыянні Васіля Быкава адбылася канчатковая рэабілітацыя многіх беларускіх пісьменнікаў, якія былі несправядліва асуджаныя на смерць у сталінскія часы, або занесеныя ў спісы «контррэвалюцыйных» і «рэакцыйных».
Сярод больш чым 50 імёнаў расстраляных і выкрасленых з гісторыі беларускай літаратуры пісьменнікаў, дзякуючы Быкаву былі вернутыя ў беларускі кантэкст. Сярод іх прыкладам Алесь Гарун і Цішка Гартны, якія стаялі ля вытокаў нашага Адраджэння ў пачатку ХХ стагоддзя.
Акрамя гэтага Васіль Быкаў быў адным з ініцыятараў стварэння «Мартыралогу Беларусі» — добраахвотнага грамадскага таварыства, якое ўзнікла летам 1988 года і займалася ўшанаваннем памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Пазней на яго аснове быў створаны Беларусі Народны Фронт, да якога пісьменнік таксама меў самае непасрэднае дачыненне.