Вы чытаеце:
Смяялася з пракурора, хацела аб’яднаць Беларусь. Кім была Вера Маслоўская

Смяялася з пракурора, хацела аб’яднаць Беларусь. Кім была Вера Маслоўская

вера маслоўская, працэс 45-ці

Пракурор патрабаваў пажыццёвага зняволення — яна смяялася яму ў вочы. Так успаміналі сучаснікі Веру Маслоўскую падчас судовага працэсу, у якім яе абвінавачвалі ў кіраўніцтве арганізацыяй, што мела на мэце аб’яднанне беларускіх зямель.

PALATNO расказвае пра настаўніцу і паэтку Веру Маслоўскую — жанчыну, якая хацела аб’яднаць Беларусь.

Вучылася на настаўніцу, а пазнаёмілася з беларускім рухам

Вера Маслоўская (у дзявоцтве — Матэйчук) нарадзілася 24 сакавіка 1896 года ў вёсцы Агароднічкі на Беласточчыне — цяпер гэта тэрыторыя Польшчы. Атрымала пачатковую адукацыю ў Супраслі, затым уладкавалася на працу на тэкстыльнай фабрыцы. Адтуль Маслоўскую звольнілі — за арганізацыю забастоўкі работнікаў.

У 1914 годзе здала іспыты ў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю. Каб аплаціць вучобу ў семінарыі, жанчына працавала пакаёўкай у Беластоку.

Свіслацкая настаўніцкая семінарыя — навучальная ўстанова для школьных настаўнікаў. Семінарыя дзейнічала ад 1876 да 1921 года. Ва ўстанове выкладалі асновы педагогікі, рускую і царкоўнаславянскую мовы, арыфметыку, фізіку, геаграфію, гісторыю, музыку і іншыя прадметы. У семінарыі вучыліся тры гады, ад 1907-га тэрмін навучання павялічылі да чатырох гадоў.

У 1917 годзе Маслоўская арганізавала беларускую народную школу ў вёсцы Грабавец, таксама на Падляшшы ў Польшчы. Яшчэ праз два гады настаўніца вырашае павысіць узровень і едзе ў Вільню на беларускія настаўніцкія курсы. Там яна далучаецца да беларускага руху, працягвае настаўнічаць, але ўжо на Міншчыне — працавала ў Барысаўскім і Дзісненскім паветах. У тыя часы Маслоўская пазнаёмілася з Палутай Бадуновай. Пад уплывам апошняй напісала першы верш «Ідзі!». Сваю дзейнасць працягнула ў створаным ёй Цэнтральным саюзе беларускіх жанчын — арганізацыю зачынілі летам 1920-го, калі Мінск захапілі бальшавікі.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Бадунова, Сівіцкая-Войцік, Сямдзянава. Выбітныя жанчыны ў гісторыі Беларусі

У 1920 годзе Вера пабралася шлюбам з Уладзіславам Маслоўскім, які ў хуткім часе загінуў у польска-савецкай вайне. Пасля смерці мужа вярнулася ў родную вёску.

«Працэс 45-ці». Як Маслоўскую абвінавачвалі ў кіраванні беларускімі падпольшчыкамі ў Польшчы

У Агароднічкі Вера Маслоўская вярнулася напрыканцы 1920 года. Яна прыехала на Беласточчыну па заданні ўраду БНР, які на той час знаходзіўся ў выгнанні ў Коўне. Вера Маслоўская павінна была стварыць падпольную арганізацыю: за год Вера змагла дапамагчы ўтварыць ячэйкі ва ўсіх паветах Беласточчыны і Гродзеншчыны.

Савецка-польская вайна скончылася Рыжскай мірнай дамовай. І праз некалькі месяцаў, у верасні 1921 года, Маслоўская паехала ў Прагу на Першую Усебеларускую канферэнцыю. Там яна выступіла аўтарам пастановы аб барацьбе за ўз’яднанне ўсіх беларускіх зямель. Гэта не засталося без увагі польскага ўрада.

У тым жа годзе ў падпольную арганізацыю ўкаранілі агента польскіх службаў Эдварда Лянкевіча. Праз яго дзейнасць арыштавалі падпольшчыкаў, знайшлі ў іх зброю (частка з вінтовак была іржавай). «Працэс 45-ці» прызначылі на май 1923 года, ён адбываўся ў Беластоку.

вера маслоўская, працэс 45-ці
Вера Маслоўская падчас судовага працэсу ў Беластоку ў маі 1923 года.

Веру Маслоўскую абвінавацілі ў арганізацыі і кіраванні падпольнай арганізацыяй, супрацоўніцтве з беларускім паўстанцкім штабам у Літве. Жанчына прызнала, што хацела аб’яднаць падзеленыя часткі Беларусі, але не прызнала сябе вінаватай. Падчас суда размаўляла па-беларуску. Пракурор хацеў, каб абвінавачваемай прызначылі пажыццёвы тэрмін: сведкі працэсу пазней успаміналі, што Маслоўская пасля гэтых слоў рассмяялася. Аднак суд прызначыў ёй шэсць гадоў зняволення.

А як скончыўся працэс для іншых удзельнікаў? Суд не змог даказаць непасрэдны ўдзел абвінавачваемых у вайсковых акцыях, таму дзеячаў прыгаварылі да турэмнага зняволення. Былі асуджаныя і сваякі Маслоўскай: брат Канстанцін і сястра Яўгенія Матэйчукі. Пасля арыштаў члены ячэек рабілі тэрарыстычныя акты супраць урада — нападалі на паліцэйскія пастарункі. Вядома, што трох партызан Янку Захарчука, Андрэя і Васіля Тамашукоў расстралялі.

Забарона на прафесію, вайна і вершы

З турмы Вера Маслоўская вызваліліся датэрмінова ў 1927 годзе. Тады ж у другі раз выйшла замуж — за Уладзіміра Карчэўскага. З Карчэўскім пазнаёміліся падчас адбывання пакарання, таемна перапісваліся. Карчэўскі быў настаўнікам і палітычным вязнем.

Маслоўская і Карчэўскі пасля вызвалення не змаглі працаваць настаўнікамі, бо былі асуджаныя па палітычных артыкулах. Дарэчы, у гэты час Маслоўская занялася мастацкай самадзейнасцю і паставіла «Паўлінку», у якой выканала галоўную ролю.

Яны змаглі вярнуцца да настаўніцкага рамяства толькі падчас савецкай акупацыі. У 1940 годзе яны разам арганізавалі ў роднай вёсцы Маслоўскай беларускую школу. У 1941 годзе немцы пачалі наступленне на Савецкі Саюз, а праца школы спынілася — тады дзяцей пачалі вучыць таемна.

Пасля Другой сусветнай вайны Маслоўская пераехала ў Сілезію, арганізавала там дзіцячы садок і жыла ў той мясцовасці толькі да 1951 года. Яны разам з мужам вярнулася на родную Беласточчыну, Маслоўская пазней працавала ў супрасльскай бібліятэцы.

Яе вершы апублікавалі толькі ў апошнія гады жыцця, надрукавалі ў беластоцкай газеце «Ніва». У Маслоўская былі псеўданімы Вера Мурашка, Беларуская Мурашка.

Вера Маслоўская памерла 23 студзеня 1981 года ў Супраслі.

Вярнуцца ўгару