Now Reading
Беларуская сучасная паэзія для (ад) восеньскай самоты

Беларуская сучасная паэзія для (ад) восеньскай самоты

вершы пра восень па-беларуску, беларускамоўныя вершы, восень, вершы

Восенню кожнаму з нас варта зрабіць паўзу. Удыхнуць халоднае паветра, пнуць лісце, захутацца ў шалік і (ня)зручную цёплую куртку, згубіцца ў імгле ці проста пазлавацца, што час (ня)хутка ідзе, што жыццё (не)мяняецца, што проста складана ці сумна. І гэта — нармальна.

Іншая справа, што часам няпроста зразумець, што менавіта турбуе, чаго не хапае, як выказаць словамі тое, што віруе ў думках. І тут на дапамогу прыходзіць паэзія. Не тая, якой нас «кармілі» ў школе. Магчыма, для многіх нават будзе адкрыццём, што наша літаратура можа быць настолькі іншай у параўнанні з «афіцыйнай».

Сучасная беларуская паэзія існуе. Вострая, складаная, пошлая, меланхалічная, з няроўным рытмам, з перакручаным зместам і смелымі формамі.

Дзе шукаць літаратуру? Тры платформы

TAUBIN — інтэрнэт-часопіс

Інтэрнэт-часопіс Taubin публікуе беларускую паэзію, пераклады іншамоўных вершаў, інтэрв’ю і літаратурную крытыку.

Як гаворыцца на сайце, «Taubin — гэта даніна павагі нашым папярэднікам, пакаленням беларускіх паэтаў, якія сваімі вершамі закладалі магчымасць для існавання сучаснай беларускай паэзіі. Гэта даніна памяці тым, хто гаварыў, каб быць пачутым, хто ўмеў сказаць так, што нават праз дзясяткі гадоў прамоўленае застаецца актуальным. Мы не ставілі сабе на мэце стварыць музей памерлых паэтаў. Наша мэта — гэта прастора жывых, сучасных, адметных. Дзякуй, што вы з намі».

Сучасны, прыгожы сайт, арыентаваны менавіта на паэзію. Варта звярнуць увагу на ўкладку «Аўтары і аўтаркі» там і біяграфіі, і публікацыі.

ЛітРАЖ — віртуальны літаратурны часопіс

Віртуальны літаратурны часопіс мае цікавы аўтарскі стыль і шырокі ахоп жанраў (проза, паэзія, пераклады, крытыка, эсэістыка і г. д.). Хочаце нырнуць у самую нефармальную, сучасную і цікавую беларускую літаратуру? Вам сюды.

«Найбольшую ўвагу мы надзяляем цяпер паэзіі й постпаэзіі, перакладной і сучаснай, на другім месцы эсэ, з крытыкай пакуль што вялікія перабоі, а проза дык наагул. У кожным разе, амбіцый задаволіць усе густы і адлюстраваць беларускі т. зв. “ліцірацюрны працэс” у яго сымулякравай паўнаце мы больш ня маем: на дадзены момант ён нам да літража. Урачыста гарантуем, што будзем люстраваць у нашым люстрадзёне перадусім сябе, а таксама любімых намі аўтараў усіх часоў і народаў», — гаворыцца на сайце.

Litradio — медыя пра сучасную беларускую літаратуру

Трыбуна жывога літпрацэсу з новымі вершамі, эсэ, апавяданнямі і ўрыўкамі з раманаў беларускіх пісьменніц і пісьменнікаў. А таксама крытыка, рэцэнзіі ды падкасты.

«Хто мы? Нефарматныя аўтары, мабільныя эксперты ды санітары лёсу. Партызаны друкаванага слова. Чаго не будзе? Агрэсіўнай прамоцыі “сваіх”. Культурніцкай цэнзуры. Самазакаханых прэзентацый генералаў літпрацэсу. Лагоднасці ды зручнасці. Чаго хочам? Вольна выказвацца. Ствараць новыя сэнсы. Качаць энергію».

Цудоўны партал для тых, хто ўжо трошкі ведае аўтараў (і іх творчасць) і хоча пазнаёміцца з імі яшчэ бліжэй. Асабліва раім падкасты і раздзел крытыкі.

Падборка: сем розных вершаў пра восень

Восень — цудоўная пара, каб сумаваць. І рабіць гэта лепей у кампаніі беларускіх творцаў. Сем аўтараў, сем вершаў, тэма адна — восень.

Катажына Ляўдацкая

Восень любіць
ранкам запаліць цыгарэту
заплюшчыць вочы і падумаць пра сваю адзіноту
пра тое, што яна — восень кахання
восень надзеяў
саркастычна ўсміхнуцца
успомніўшы
як салодка ўсё пачыналася

Восень любіць
назіраць як вецер
(адзін з тых жорсткіх салдафонаў восені)
бязлітасна зрывае апошнюю вопратку
з аголеных сарамлівых дрэваў
усё што ім засталося
маўкліва памерці
каб ізноў уваскрэснуць
(калі Камусьці гэта стане патрэбным)

Восень любіць
назіраць як магілы модляцца
як палаюць плаксівыя знічы
і разам з шэрай варонай
якая прыляцела адведаць сваіх памерлых
пакрукаць пра вечнае пра таямнічае
пакрукаць пра надзеі і каханне

Паплакаць разам са знічамі
пра тое што памірае
што болей не вернецца

Катажына Ляўдацкая нарадзілася ў 1992 годзе ў Гродне. Аўтарка паэтычнага зборніка «У свабодзе поўнай адзінота» (2008), друкавалася ў часопісе «Верасень». Журналістка, карэктарка. Яе вершы можна знайсці ў сацсетках і на літаратурных парталах, але большасць з іх датуецца 2008-2012 гадамі.

***

Альгерд Бахарэвіч. Вось яны, а вось мы

Гэты горад — нібы хірургічны разрэз,

А вачэй не схаваць, не адвесьці.

Ты даўно на ражон і ў жорны ня лез,

Ды застаўся за сьпінай сьмярдзючы пад’езд,

Па завулках найлепшага з тысячы мест

Ты ідзеш на апошняе шэсьце.

П’яны спальнік ускраінны,

доўгія дамбы-дамы.

І суседзі на лаўцы

ў абдымках штодзённай чумы.

Вось яны, а вось мы.

Вось яны, а вось мы.

Праглынаем пякучае крыўды камы,

І нязгоды грымяць унутры камяні,

І з разгорнутых горлаў шугаюць агні

І лятуць на прадмесьце.

Беларускія Паркі

прадуць толькі зь белага льну.

Апусьцелыя паркі

хаваюць за дрэвамі восень, а можа, вайну.

І жалезныя турмы на колах бягуць сярод белага дня.

І нам часам здаецца, што гэта такая гульня.

Пахаваныя ў гэтай краіне жыўцом,

Запляваныя ўшчэнт найвышэйшым жрацом,

Мы гадаем, нас сто або дзьвесьце.

Як бы ты ні баяўся ўласнай крыві,

Калі чуеш “Жыве”, калі ласка, жыві.

Датрывай тое “мы”, нечаканае “мы”

да другога прышэсьця.

Перамогі Пандора, бяззбройны Ахіл…

Кожны танны смартфон — гістарычны архіў.

Што рабіць сярод гэтай сьмяротнай любові?

Я прачнуцца аднойчы хачу без навін.

А пакуль што туды, да напружаных сьпін,

Незнаёмыя твары зьліліся ў адзін,

Насьцярожаны, напагатове.

Мы пакрочым у цэнтр, рука ў руку,

Каб уліцца ў жывую раку на рагу,

Каб сябе ў яе цела ўплесьці.

І кідаецца

вуліца

проста пад колы

жалезнай турмы.

Вось яны, а вось мы.

Вось яны, а вось мы.

І вачэй нам ужо не адвесьці.

Альгерд Бахарэвіч нарадзіўся ў 1975 годзе ў Мінску. Адзін з самых папулярных сучасных беларускіх пісьменнікаў, аўтар раманаў «Дзеці Аліндаркі», «Сабакі Эўропы», «Апошняя кніга пана А.» ды інш., зборнікаў эсэ, вершаў і публіцыстычных тэкстаў. Гэты верш напісаны напярэдадні восені 2020 года.

***

Адам Глобус. Восень

Салодкі дым гадзіны шарай
На поўдзень крылы птушак нёс.
Блакітна-попельныя хмары
Цяклі па дрэвах срэбрам слёз.

У мякка-чорныя калюгі
Плылі апошнія лісты;
А ядлаўцовыя кусты
Ішлі
На груд,
Як валацугі.

Адам Глобус нарадзіўся ў 1958 годзе ў Дзяржынску. Мастак, пісьменнік, выдавец і, безумоўна, паэт. Правакацыйны, пераменлівы, яскравы, таленавіты. Аўтар такіх кніг як «Дамавікамерон», «Толькі не гавары маёй маме», «Сшыткі», «Новае неба». Пачынаў творчасць, дарэчы, якраз з вершаў — у 1981 годзе.

***

Міхаіл Бараноўскі

горад што ўпарта спрабуе змяніць аблічча

зморшчыны старасвецкіх завулкаў

разгладзіў рукою

сабой быць не хоча і не прызнаецца нікому

другім быць не можа лаві яго вобраз знікомы

пад тоўшчай бетону пластмасы за яркай рэкламай

шпітальнай стэрыльнасці вер і не вер адначасна

як тая дзяўчына што грошы збірае

каб выправіць носік

альбо той мужчынка што ўцягвае пуза прадмесцяў

не ведае дзе схаваць свае рукі на людзях

і толькі ў тумане сівым выдыхае з палёгкай

пад восеньскім небам тваім заблукаў назаўсёды

пыл пылу твайго што прыбіла дажджом да асфальту

шукаю сябе ды ці буду я рады знаходцы

Міхаіл Бараноўскі нарадзіўся ў 1984 годзе ў Мінску. Аўтар кніг паэзіі «Volumen.1» (2016) і «Volumen.2» (2020), заснавальнік і аўтар тэкстаў гурта «Нельга забыць». Лаўрэат прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў 2017 годзе, пераможца Літаратурнага конкурсу «Экслібрыс» (2019).

***

Наста Кудасава

не спяшай, прашу цябе, спыніся,

дай мне выткаць гэтае радно…

тут на мяккіх лапах ходзяць рысі,

дыхаючы восені віном,

тут рудыя дрэвы цешаць вецер,

хутаецца ў шэрань лістапад,

сонца нараджае на дасвецці

плямкі незлічоных зайчанят…

ні глыбіняў не хачу, ні высяў –

мне б вось тут пажыць яшчэ хоць раз!

не спяшай, прашу цябе, спыніся,

час…

Наста Кудасава нарадзілася ў 1984 годзе ў Рагачове. Аўтарка кніг паэзіі «Лісце маіх рук» (2006), «Рыбы» (2013), «Маё невымаўля» (2016), «Вясна. Вуснам цесна» (2021). Лаўрэатка шматлікіх літаратурных прэмій. Паэтку можна пачуць ужывую на розных фестывалях («Вершы на асфальце», PRADMOVA і інш.).

***

Алесь Плотка. Прагноз надвор’я

дождж пойдзе ўначы і змые з нас усё

усё дрэннае, злое, пустое,

нямае прычын не пацёмкаць пазём

і не захапляцца табою.

бесперапынна прыспешваюць бег

і дождж, і наш лёс, і кроплі.

хто плача мацней: неба ці чалавек,

і хто з нас сапраўдны воін?

і воля ў кулак, і манета ўверх

узмывае ў вільготным паветры,

новымі ранкамі ксцім недавер

нашых сардэц геаметрыі.

дзе кожная формула мае намер,

а ўсе тэарэмы — верныя.

хлеб і віно. дама і кавалер.

шанцы няшчасця — мізэрныя.

бесперапынна прыспешваем бег,

восень мы тролім вясною.

бачыш дажджом становіцца снег.

ачараваны табою.

Алесь Плотка нарадзіўся ў Гомелі. Літаратар, перакладчык, паэт, фронтмэн гурта «Sož». Аўтар кніг паэзіі «Байсан» (2015) і «Лотас на асфальце» (2020), фотаальбома «Bloodlands 20/22» і нават сімвала «Вершніца» (фемінізаваны варыянт гістарычнага герба «Пагоня»).

***

Анатоль Івашчанка

Захавацца.

Дажыць

да вясны.

Дагартаць

пералётныя сны.

Дапаліць

недапалены золак.

Дапісаць

кулямётнае сола.

Перабіць

усе стрэлкі,

парогі,

паролі.

Даіграць

зьненавідную [трэцюю]

ролю.

Выйсьці вонкі

зь сябе.

Й не вярнуцца

туды больш

ніколі.

Анатоль Івашчанка нарадзіўся ў 1981 годзе ў Мінску. Паэт, літаратуразнаўца, кандыдат філалогіі. Аўтар кніг вершаў «ВершNICK» і «Хай так», кнігі прозы «Анаталогія», манаграфіі «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Лаўрэат прэміі «Залатая літара» за радок «Я — слуп, прыбіты да ганебнага чалавека».

Вярнуцца ўгару