«Сілавік пабачыў пасведчанне музейнага супрацоўніка — і пачаў смяяцца». Як культура рэагуе на грамадска-палітычныя крызісы

культура беларусі, пратэсты ў беларусі, сілавікі ў беларусі

Як беларуская культура адрэагавала на падзеі 2020 года ў Беларусі і чаму частка людзей з культуры адмовілася падтрымаць пратэст? Пагутарылі з музыкам Вячкам Красуліным, які да падзей жніўня 2020-га працаваў у музеі і ва Універсітэце культуры, а таксама з’яўляецца вакалістам гурта «Кашлаты Вох». PALATNO раскажа, як дзеяч культуры рэагаваў на грамадскае ўзрушэнне, гвалт сілавікоў і беларускі пратэст.

Гэта гутарка была запісаная да пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.

Ланцугі салідарнасці і прага людзей да перамен

— Мяне завуць Вячка Красулін. Я жыў у Мінску да падзей жніўня 2020 года, працаваў канцэртмайстрам і выкладчыкам. Таксама працаваў у Беларускім дзяржаўным музеі культуры і побыту, там быў малодшым навуковым супрацоўнікам. Маю хобі – займаюся музыкай, у мяне ёсць гурт «Кашлаты Вох».

Я ўдзельнічаў ва ўсялякіх мітынгах, якія былі афіцыйна дазволеныя. Мне было цікава паглядзець, колькі людзей туды прыходзяць, які настрой у людзей. Напрыклад, пасля падзей 2015 года, калі выбары былі абсалютна марыянетачныя, а людзям было ўсё роўна, — тады не было ніякага лідара, які мог бы абудзіць людзей, каб людзі былі больш актыўнымі ў палітычным плане.

Я хадзіў на некалькі мітынгаў у Парку Дружбы народаў. Бачыў, што людзі хочуць перамен. Мяне прыемна ўразіла, колькі там было маладых людзей.

На ланцугі салідарнасці не хадзіў, бо працаваў да дзевяці гадзін вечара, а ў гэты час яны ўсе ўжо заканчваліся. І такі фармат не падыходзіў мне. Чым меншая акцыя — тым складаней не быць пасля затрыманым. У сярэдзіне 2000-х, калі было шмат дробных акцый, я ўдзельнічаў каля Палацу Рэспублікі — мяне пагрузілі ў бусік з амапаўцамі. Зразумеў, што такія акцыі перасталі выклікаць нейкую рэфлексію людзей навокал. А тады, у 2020-м, я радаваўся, што людзі пачалі ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны.

Мне было цікава, як пройдуць выбары. Было бачна, што ўсе моцныя апаненты былі прыбраныя, [улады] спрабавалі зрабіць з гэтага фарс, але не атрымалася.

Затрыманне і збіццё сілавікамі

9 жніўня схадзіў гадзінак у сем вечара на выбарчы ўчастак з белым бранзалетам. Паглядзеў, колькі яшчэ людзей з белымі бранзалетамі. Пабачыў, што людзі спадзяюцца, што нарэшце галасы падлічаць, а не намалююць. Я бачыў усіх гэтых людзей. Пазней вырашыў выйсці ў горад і паглядзець, што там адбываецца. Увогуле, я планаваў святкаваць перамогу. Ведаў, што ўлады будуць рабіць усё, каб людзі не сабраліся. Але я не мог, канешне, меркаваць, што яны настолькі загнуць з вынікамі выбараў: ну якія 80%? Усе гэта зразумелі і раззлаваліся: колькі можна нас дурыць? 9 жніўня прыйшоў на Стэлу, паглядзеў на ўсе гэтыя феерверкі. Людзі ў чорным пачалі адціскаць пратэстоўцаў ад Стэлы, а калі я апынуўся ў маленькай групе — сыходзіў па дварах, агародамі. Я пабачыў, што пачалі збіваць і кідаць гранаты ў людзей. Такі варыянт развіцця падзей прадбачыў: падзялілі вялікую групу на маленькія і пачалі хапаць — гэта можна было прадказаць.

На наступны дзень, 10 жніўня, зрабіў усе свае справы і вырашыў, што трэба выйсці ў горад. Я жыў недалёка ад Пушкінскай. Там стыхійна арганізоўваўся мітынг, і зноў пачалося тое, што было на Стэле. Адтуль я таксама змог збегчы. Адсядзеўся ў адным пад’ездзе, потым мяне запрасілі ў госці — спрабаваў неяк дабрацца датуль. Але ўвесь горад быў у заторах. Пайшоў за групай людзей.

На гандлёвым доме «Рыга» былі барыкады, іх раней звалілі — а пасля зноў адбудавалі. Паглядзеў радасна, што людзі супраціўляюцца. Людзі былі вельмі ўзлаваныя, што на іх ціснуць. Гэта была міні-вайнушка супраць народа. Калі пачаўся разгон гэтай дэманстрацыі, то людзі пачалі разбягацца, паляцелі светлашумавыя гранаты.

Я падумаў, што калі буду занадта бегчы, то буду надта лёгкай для іх мішэнню. Я спакойненька пайшоў, зрабіў выгляд, што я — дрэва, якое крышачку рухаецца пад напорам ветру. Гляджу з такім адчуваннем — блін, што ж адбываецца навокал? Было бачна, што гэтыя сілавікі гатовыя на ўсё.

Я пачаў рухацца ў адзін бок, пад’ехала спецтэхніка з нейкай дурацкай назвай, тыпу «Багатыр». З яе тырчалі двое сілавікоў — адзін з драбавіком, другі — з гранатамі ў руках. Яны кідалі ў аднаго мужыка гранаты, стралялі. Да яго падбег малады чалавек у белым халаце, спрабуе яму дапамагчы. У мяне ўключылася абсалютнае слоў-мо. Было два варыянты: дапамагчы гэтым людзям ці збегчы. Я вырашыў падбегчы да іх, і тут на мяне з-за кута выбеглі чатыры сілавікі — білі па нагах, закінулі ў аўтазак. Там цёмна, нічога не бачна. Зразумеў, што я першы, як яны любяць казаць, «кліент».

Потым нейкі высокі сілавік падняў мяне і пабачыў у мяне даўгія валасы. Я не бачыў, што там адбываецца, але ён нажом адрэзаў мне частку валасоў. Паралельна з гэтым у мяне думкі: «О, які ён гопнік!». Карацей, зразумеў усё пра яго ўзровень культуры. Ён мяне не біў, але спрабаваў маральна прынізіць, тыпу я валасаты і мне трэба пастрыгчыся. Пасля гэтага мне будаўнічымі сцяжкамі замацавалі рукі, кінулі на падлогу, стукнулі і адабралі заплечнік. Пачалі прыводзіць іншых людзей, збівалі, клалі адзін на аднаго. Хтосьці з сілавікоў глядзеў мой заплечнік, паглядзелі мае дакументы — пасведчанні музейнага супрацоўніка і сябра Саюза музычных дзеячаў Беларусі. Чамусьці смяяліся — напэўна, вельмі смешна ім было чытаць, адразу з’яўляюцца новыя пачуцці. Потым можна будзе знайсці гэтых персанажаў і ўзяць у іх інтэрв’ю: што яны адчувалі, калі чыталі мае дакументы.

Што адбывалася на Акрэсціна ў першыя дні пасля выбараў

Калі мяне затрымалі і я патрапіў на Акрэсціна, самым страшным было тое, што было незразумела, што са мной зробяць. Я нават не адразу ведаў, дзе знаходжуся, мне іншыя затрыманыя пра гэта сказалі. Я ніколі не быў на Акрэсціна і ні ў якіх такіх установах. Яны проста прывезлі і паставілі нас каля плота — абсалютна незразумела, дзе мы знаходзіліся. На мяне моцна ціснула тое, што не ведаю, што будзе далей.

Мне далі адміністратыўны арышт. Тады ўжо пачаў наладжваць сябе на такі лад: «Ага, значыцца, мне трэба яшчэ столькі сядзець. У нас у камеры на шэсць чалавек не сорак чалавек, а ўжо перавялі ў меншую камеру».

Камера была перапоўненая ў сем разоў. Там быў рознакаляровы кантынгент. Былі людзі, якія міма праходзілі. Выпадковых людзей у камеры была палова, якіх проста так затрымалі. Калі ты сядзіш у экстрэмальных умовах у адных майтках — ляжаць, сядзяць, усё забіта, — сядзіш і, як я рабіў, назіраеш за іншымі людзьмі. У людзей, якія даволі агрэсіўныя, гэтыя якасці пачынаюць праяўляцца ва ўсялякіх побытавых момантах. Напрыклад, нам прыносілі боханы хлеба — былі людзі, якія сачылі, каб ніхто не з’еў больш. Тыя, хто больш інтэлігентны, тыя і паводзілі сябе так. Для людзей ствараюцца такія ўмовы, што людзі павінны прымаць гэтую зонаўскую субкультуру.

Чаму з’ехаў з Беларусі

[Пасля таго, як выйшаў з Акрэсціна,] Я схадзіў у Следчы камітэт, мне выдалі паперку, што з’яўлюся падазраваным па крымінальным артыкуле. Ведаў, што як мінімум атрымаю «хімію». Не хацеў губляць хаця б год, не хацеў рабіць з сябе пакутніка. Гэта рамантычны вобраз, але абсалютна не практычны. Вырашыў, што ад мяне будзе значна больш карысці, калі я буду на волі і не ў Беларусі. Гэта лепш, чым сядзець у турме, есці сухары і радавацца, што праз плот бачныя хоць крыху зялёныя дрэвы. У мяне няма пачуцця віны, што я з’ехаў. Я зрабіў усё, што мог, у першыя ж дні. І перад гэтым рабіў. Уся мая творчасць была скіраваная на тое, каб развіваць грамадства, каб грамадства было падрыхтаванае да гэтых змен. Культура змяняе чалавека. Любая культура змяняе.

Я разглядаў тры варыянты, куды з’ехаць. Першы – Варшава, і польская мова падобная да беларускай, ёсць варыянт, дзе жыць і працаваць. Другім варыянтам была Чэхія – праваабарончая арганізацыя казала, што прыме мяне. І быў варыянт з Літвой. Так атрымалася, што Вільню ведаю вельмі добра, тут хапала сяброў. Моўны бар’ер мяне не пужаў: тут можна было паразмаўляць па-англійску і па-руску, некаторыя дзяжурныя літоўскія фразы ведаў. Мне падабаецца Вільня сваёй атмасферай, культурай. Варшава і Прага — больш буйныя гарады.

Універсальная юрысдыкцыя

У Вільні падаў дакументы на прызнанні мяне пацярпелым праз празмернае ўжыванне фізічнай сілы пры затрыманні. Ёсць такая штуковіна — універсальная юрысдыкцыя. Яе функцыя — фіксаваць злачынствы, заводзіць крымінальная справы і весці расследаванні. Тое злачынства, якое прымянялася да мяне, не мае тэрміну даўніны. Пакуль не разбяруцца, гэтую справу не могуць закрыць. Канешне, некаторыя прадстаўнікі рэжыму пасмяяліся, тыпу — як вы нас дастанеце. Дык вось, усе памагатыя рэжыму зафіксаваныя, пасля яны будуць весяліцца. Гэта будзе накшталт Другой сусветнай вайны — міжнародны суд вельмі сур’ёзны. Гэта будзе не заўтра і не паслязаўтра, але па выніку гэта будзе.

Усе краіны, якія падпісалі дакумент па ўніверсальнай юрысдыкцыі, павінны ўдзельнічаць у гэтым расследаванні. Чаму я ўвогуле даю інтэрв’ю… Чым больш інфармацыі, тым лепш для расследавання. Вельмі добра, што нашы прыўкрасныя ўлады розным чынам і з розных бакоў пра сябе нагадваюць. Еўропа звычайна ўсё адпускала на тармазах пасля выбараў. Яны глыбока заклапочваліся, а потым заклапочанне марнела. Вельмі добра, што больш інфармацыі збіраецца, пасля будзе «очэнь інцерэсна».

Я шмат чаго чытаю, што адбываецца ў Беларусі, як на гэта рэагуюць Захад і Усход, то ўмоўна я быццам бы і не з’язджаў. Тое, што цяпер адбываецца з грамадствам, — на вялікі жаль, людзі стомленыя. Гэта стан тэрору і затрыманняў. Спецыяльна не затрымліваюць усіх, каб падтрымліваць пачуццё «і за мной прыйдуць». Настрой у грамадства сумны. Людзі не тое што страцілі надзею, але вельмі стаміліся і расчараваліся, што яны мелі такія светлыя думкі і надзеі, а тут усё растапталі ім. Роспач. Людзі ці маюць такі настрой, ці цалкам адключыліся да таго, што адбываецца ў краіне, уцякаюць у свой свет. Беларускі пратэст не прайграў, ён працягваецца, але перайшоў у іншую форму. Як мы бачым, сотні тысяч чалавек ні да чаго не прывялі, таму фармат змяніўся.

Як беларуская культура рэагавала на пратэсты

Чаму людзі з культуры ўдзельнічалі ў руху супраць улады? За пэўны час, як Беларусь стала незалежнай, вырасла пакаленне інтэлігенцыі — гэтыя людзі адукаваныя, яны пастаянна развіваюцца і ездзяць за мяжу. Я сачыў за развіццём культуры: з’яўленне новых культурных незалежных устаноў і прастораў, арганізоўваліся майстар-класы, адкрываліся стартапы і краўдфандынгавыя пляцоўкі. Мяне радавала, што развівалася беларускамоўная прастора. Ілля Чарапко ў інтэрв’ю напачатку 2010-х казаў, што не выкарыстоўваў беларускую мову, таму што яе не ведаў. А цяпер ён у адным з буйных інтэрв’ю казаў, што вучыць мову, выкарыстоўвае яе пры ліставанні, хоць у жывую яму пакуль крыху сорамна.

Я так пачынаў выкарыстоўваюць беларускую мову ў 17 гадоў. Размаўляў з сябрам па тэлефоне, а ён мне: «Ну ты ўжо паўхвіліны маўчыш, скажы па-руску». А я адмаўляўся, спрабаваў успомніць словы. Чаму пачаў размаўляць па-беларуску? Некалькі аспектаў было. Калі вырашыў займацца нечым культурным, то трэба быць паслядоўным у гэтым. Кінуў політэхнічны каледж і пайшоў ва ўніверсітэт культуры, а ўлічваючы маю спецыяльнасць «Этнаграфія і фальклор» — зразумела, што там усё скіравана на беларускую нацыянальную культуру. Мне казалі, што ўніверсітэт культуры — гэта ўстанова, дзе большасць прадметаў яшчэ выкладаецца па-беларуску. Так зрабіў, што ўся мая сфера дзейнасці была звязаная з беларускай мовай і культурай.

Дарэчы, чаму я спыніў займацца нейкімі палітычнымі перформансамі і ўдзельнічаць у нейкіх акцыях вельмі доўгі час… Бачыў, што ўсе арганізацыі, якія іх праводзяць, знаходзяцца пад пільнай аховай КГБ. Усё гэта курыравалася з канца 1990-х, я так лічу. Я пабываў у адной арганізацыі — «Малады фронт», і ўсё гэта выглядала вельмі сумна. Вырашыў для сябе, што трэба культурна адукавацца спачатку, прапагандаваць беларускі фальклор.

У дзяцінстве я глядзеў на ўсё гэта і казаў: «Я не люблю фальклор». Калі даведаўся пра сапраўдныя аўтэнтычныя формы фальклору, то меркаванне памянялася. Я — спецыяліст у гэтай галіне. Што тычыцца іншых, то бачыў, што расце цікаўнасць да сапраўдных формаў мастацтва. У дзяржаўных установах калі не будуць займацца самаадукацыяй, то ты вырасцеш у наменклатурнага дзеяча культуры. Гэта цяпер адбываецца з Купалаўскім тэатрам і з тымі, хто не выступіў супраць. Магчыма, у іх ёсць думкі, што іх гэта ўсё закалупала за 29 гадоў, але ж «против системы не пойдёшь».

Усе астатнія, хто выступіў са зваротамі і заявай культурных дзеячаў, — гэта нармальна. У спісе не нейкія андэрграўдныя персанажы, як я, і не местачковыя стваральнікі культуры, а выбітныя асобы. Вельмі здорава, што за апошнія дваццаць гадоў беларуская культура зрабіла такі крок.

Калі вернецца ў Беларусь

Я вярнуся ў Беларусь, калі змагу дакладна быць упэўненым, што там мне будзе бяспечна. Я хачу, каб гэта адбылося хутчэй. Як толькі прыехаў у Вільню [у 2020 годзе], то думаў, што ўсё скончыцца да Новага года. Зацягнулася ўсё… Усё роўна гэта калі-небудзь ляснецца. Перавага Вільні — у тым, што адсюль блізка вяртацца дахаты. Калі я тут знайду пастаянную працу, то адсюль можна ездзіць у Мінск і займацца сваімі справамі.

Кантэкст

Сусветнае мастацтва і культура на працягу ўсяго свайго існавання рэагавалі на палітычныя і грамадскія ўзрушэнні. У артыстаў няма адзінага спосабу, якім яны рэагуюць на сацыяльныя, палітычныя, эканамічныя падзеі. Аднак мастацтва заўсёды закранала пытанні дзяржаўнага гвалту, ваенных злачынстваў, барацьбы за нацыянальнае вызваленне і грамадзянскія правы. Мастацтва было побач і адлюстроўвала падзеі, што адбываліся ў грамадстве. Пісьменніца Ніна Паўэр у разважаннях наконт таго, як артысты адклікаюцца на сацыяльна-палітычныя ўзрушэнні, пісала: «Нам сапраўды трэба турбавацца пра тыя перыяды, калі няма мастацкага каментарыя ці ўмяшальніцтва, таму што гэта сапраўды часы без чалавечнасці».

PALATNO раскажа пра тры творы мастацтва ў сусветнай гісторыі, якія сталі рэакцыяй на тое, што адбывалася ў грамадстве.

Гурт The Cranberries з песняй Zombie

Гэта песня з’яўляецца адной з самых папулярных песень ірландскага рок-гурта. Тэкст і музыку напісала лідарка гурта Далорэс О’Рыардан пасля тэракта ў англійскім Уорынгтане: ад двух выбухаў загінулі два малыя хлопцы, адказнасць за тэракт узялі баевікі Ірландскай рэспубліканскай арміі (ІРА). Спявачка была глыбока ўзрушана трагедыяй, а таксама яе, як ірландку, абразіла, што ІРА нібыта здзейсніла гэта ад імя Ірландыі. Песня знаходзілася на першых радках чартаў у Германіі, Аўстраліі і Францыі, а вось у Вялікабрытаніі песня трапіла ў «бан-ліст». Гэта адбылося з-за таго, што ў кліпе выкарыстоўваліся здымкі з беспарадкаў у Белфасце — і гэта не спадабалася BBC, якія захацелі пусціць у эфір адрэдагаваную версію.

«Герніка» Пабла Пікаса

Пабла Пікаса напісаў «Герніку» ў 1937 годзе як адказ на бамбардзіроўку фашысцкай Іспаніяй і нацысцкай Германіяй баскскай вёскі Герніка. З гэтай карцінай Пікаса звязана шмат легенд. Адна з іх расказвае пра тое, як нямецкі афіцэр уварваўся ў кватэру мастака пасля акупацыі Парыжа, паказаў на карціну і запытаўся: «Гэта ты зрабіў?». На што Пікаса адказаў: «Не, гэта зрабілі вы». «Герніку» шмат крытыкавалі, а адзін мадрыдскі часопіс назваў гэту працу Пабла Пікаса «самым слабым творам мастака». Аднак, нягледзячы на крытыку, «Герніка» з’яўляецца адным з самых вядомых антываенных і антыфашысцкіх твораў у гісторыі.

Васіль Быкаў і «Мёртвым не баліць»

Твор Васіля Быкава «Мёртвым не баліць» — самы антысталінскі твор беларускага пісьменніка. Ён быў апублікаваны ў 1966 годзе. Доўгі час пасля таго публікацыя твора была забароненая, «Праўда» нават напісала выкрывальніцкі артыкул пра Быкава, а самога аўтара пачалі цкаваць — у яго кватэры разбівалі вокны, у жонку кідаліся памідорамі. Даследчык творчасці Васіля Быкава Сяргей Шапран у 2014 годзе апублікаваў без цэнзуры твор «Мёртвым не баліць». Цэнзары выкрэслівалі імёны Іосіфа Сталіна, Лаўрэнція Берыі, узгадкі пра СМЕРШ і нават пра загад №227 «Ни шагу назад».

Вярнуцца ўгару