
З яго імем звязваюць герб «Пагоня», але гэта хутчэй міф, чым сапраўднасць. Яго паходжанне — загадка, якую гісторыкі дагэтуль не разгадалі. Яго называлі смаленскім уцекачом, сынам Трайдзеня, полацкім княжычам. Кім жа быў адзін з першых уладараў ВКЛ, вялікі князь Віцень?
PALATNO расказвае пра вялікага князя Віценя.
Змест
Хто ты, Віцень?
Паходжанне Віценя з’яўляецца гістарычнай загадкай. Адны крыніцы сцвярджалі, што той паходзіць з Жамойці, другія называлі яго сынам Трайдзеня, а трэція казалі пра смаленскі радавод. А яшчэ ў больш познія часы з’явілася версія, што Віцень быў сынам полацкага князя.
Згодна з адной з легенд, Віцень паходзіў з Жамойці, а ў малым узросце яго ўбачыў Трайдзень і ўзяў да сябе. Пазнейшыя інтэрпрэтацыі гэтай легенды дайшлі да таго, што Віцень стаў сынам Трайдзеня. Летапісы Маскоўскай дзяржавы ўвогуле называлі Віценя смаленскім князем, які нібыта выратаваўся ад татарскага набегу.
Так ці інакш, першая ўзгадка пра Віценя датуецца часам, калі ён яшчэ не быў вялікім князем. У 1291 годзе ён рушыў з паходам на Берасцейскую зямлю. На той час ёй валодаў валынскі князь Мсціслаў, які змагаўся за яго са сваім жа пляменнікам Юрыем Львовічам. Мясцовыя жыхары падтрымалі Юрыя, за што іх абклалі вялікай данінай. У выніку зямля перайшла ўвогуле да Вялікага княства Літоўскага.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Таямнічы князь, які ўмацаваў дзяржаву ў агні і крыві. Расказваем пра вялікага князя Трайдзеня
Палякі і крыжакі
У Віценя, калі той стаў вялікім князем, былі два кірункі барацьбы. Віцень неаднаразова выходзіў у паходы супраць палякаў. Падчас свайго княжання ён зрабіў гэта як мінімум чатыры разы. У 1293 годзе Віцень уварваўся ў Сандамірскую зямлю, атрымаў багатую здабычу, але выніку яго разбілі. Але асноўным ворагам для вялікага князя былі тэўтонцы.
У часы Віценя крыжакі часта нападалі на землі ВКЛ. Вядома, што тэўтонцы мінімум дзевяць разоў даходзілі да ваколіц Гродна. У 1314 годзе яны напалі на Наваградак і спалілі горад, а пасля пачалі штурмаваць замак. Аднак намаганні крыжакоў разбіў вядомы Давыд Гарадзенскі.
Існуе нават версія, што Віцень дапамог выгнаць крыжакаў з Полацка, але гісторыкі лічаць, што Полацк увогуле не быў у іх руках. Дакладна вядома, што ў 1298 годзе Віцень скарыстаўся абвастрэннем адносінаў паміж Ордэнам і Рыгай, заключыў саюз з рыжанамі і паспяхова адбіў крыжацкі наступ у Жамойці.
Віцень працягваў сяліць прусаў, якія ўцякалі ад крыжакаў, на Гродзеншчыне. Дарэчы, гэтую лінію пачаў праводзіць яшчэ Трайдзень. Аднак за гэта крыжакі помсцілі, таму і здзяйснялі напады на Гродзеншчыну.
Што зрабіў Віцень для дзяржавы і як з’явіўся міф пра герб «Пагоню»?
Пра часы Віценя мы больш ведаем пра ваенныя паходы і яго заваёвы, але ўнутраная палітыка амаль невядомая. Летапісы сцвярджаюць, што дзякуючы Віценю да ВКЛ далучылася Берасцейская зямля, пры ім жа канчаткова да дзяржавы адышла Полацкая зямля.
Што ж рабіў Віцень унутры дзяржавы? Ён працягваў дзейнасць мінулых князёў літоўскіх, якія змагаліся за адзінства дзяржавы. Вядома, што ў 1294 годзе князь задушыў паўстанне жамойцкіх феадалаў, якія схіляліся да саюзу з крыжакамі.
Дзякуючы летапісам вядома імя аднаго з галоўных унутраных ворагаў Віценя. Яго зваля Пялюзы. Паходжанне Пялюзы такое ж цьмянае, які і паходжанне яго візаві. Пялюзы мог быць сынам ці Трайдзеня, ці Даўмонта (гісторыкі схіляюцца да апошняга варыянта). Пялюзы ўступіў у саюз з крыжакамі і займаўся нападамі на памежныя вялікалітоўскія землі. Вядома, што Пялюзы пазней схапіў Гедымін і пакараў таго смерцю.
Доўгі час было прынята лічыць, што Віцень прыняў у якасці дзяржаўнага герба «Пагоню». Аднак беларускія гісторыкі лічаць, што гэта міф. На час Віценя заходнееўрапейская геральдычная традыцыя яшчэ не дасягнула мяжы Літвы. Гэта адбылося ў часы Крэўскай уніі — то бок, праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля смерці Віценя. Звестка пра прыняцце «Пагоні» ўпершыню з’явілася ў «Хроніцы Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» (~1530-я гады): згодна з ёй, герб дзяржаўным зрабіў міфічны князь Нарымонт. Ужо пазней у «Рускім летапісцы» (першая палова XVII стагоддзя) з’явілася версія пра прыняцце «Пагоні» Віценем.
* * *
Віцень памёр у 1316 годзе. Гісторыкі дакладна не ведаюць, як і чаму памёр Віцень. Выказваліся здагадкі, што Віценя мог забіць Гедымін. Таксама існуе версія пра тое, што Віценя забіла маланка.
Пасля Віценя кіраўніком маладой дзяржавы стаў вялікі князь Гедымін. Гедыміна называюць сынам ці братам Віценя. Беларуска-літоўскія летапісы сцвярджаюць, што Гедымін быў сынам Віценя, а вось у лісце Рыжскага магістрата Гедымін названы братам Віценя.