
Як правільна па-беларуску будзе вясёлка? Дакладна не радуга і дакладна вясёлка? А ці чулі вы такія словы як тэнча ці цмок, калі кажуць пра вясёлку? Калі так, то мы ведаем, адкуль вы.
PALATNO шукае адказы.
Вясёлка ці радуга?
«Радуга» з’яўляецца самай распаўсюджанай назвай. Калі б вы назвалі гэту прыродную з’яву радугай ля Браслава ці ў Касцюковічах, вас бы зразумелі на 100%.
Разам з гэтым выкарыстоўвалі слова «вясёлка». У большай ступені яно было распаўсюджана на ўсходзе — у Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Цікава, што на Міншчыне (ля Мар’інай Горкі) і на Магілёўшчыне (ля Асіповічаў) панавала іншая назва — «перавяселка».
Бывала, што на Случчыне і Салігоршчыне вясёлку называлі ўвогуле «радаўніцай». Гэта можна было яшчэ пачуць ля Століна і Давыд-Гарадка, а таксама ля Нароўлі і зусім далёка на поўначы ля Відзаў на Браслаўшчыне.
Часцяком на Брэстчыне, Гродзеншчыне, Гомельшчыне і поўдні Міншчыны вясёлку называлі «весялухай».
Тэнчай і цмокам сапраўды называюць вясёлку. А дзе?
У Заходняй Беларусі — пераважна на Гродзеншчыне, Віцебшчыне і заходняй частцы Міншчыны — вясёлка мела назву «тэнча».
Хутчэй за ўсё, гэта слова прыйшло з польскай мовы, бо па-польску вясёлку будзе tęcza.
Яшчэ адно цікавае назіранне навукоўцаў, што вясёлку называлі «цмокам» на Астравеччыне, Ашмяншчыне, Мядзельшчыне і ля Паставаў. Такую ж назву выкарыстоўвалі на землях ля Лунінца і Пінска.