Віктар Івашкевіч прыйшоў у нацыянальнае адраджэнне не з кабінетаў, а з чыгуначнага дэпо. Ён ненавідзеў камунізм і хутка стаў прынцыпова беларускамоўным. Якім чалавекам ён быў і як ставіўся да жыцця?
PALATNO расказвае пра Віктара Івашкевіча.
Змест
Ненавідзіў камунізм, вучыўся на падпольных курсах беларускай мовы
Віктар Івашкевіч прыйшоў у беларускі нацыянальна-адраджэнскі рух з рабочага асяроддзя. Ён працаваў грузчыкам у чыгуначным дэпо, калі далучыўся да падпольнай суполкі, якая пазней стала называцца «Незалежнасць». Сярод яе ўдзельнікаў былі Сяргей Дубавец, Сяржук Сокалаў-Воюш, Алесь Бяляцкі. Суполка стаяла ля вытокаў стварэння першых легальных, фармальна непалітычных форм нацыянальна-адраджэнскай дзейнасці. Найбольш вядомай з іх стала беларуская «Майстроўня».
Віктар не быў палітызаваным у традыцыйным сэнсе, але востра адчуваў несправядлівасць камуністычнага ладу і ненавідзеў гэты рэжым. Значную ролю ў гэтым адыграла сямейнае выхаванне: яго бацькі паходзілі з менскіх прадмесцяў, дзе захоўвалася жывое беларускае асяроддзе.
Спачатку Віктар Івашкевіч валодаў толькі школьным узроўнем беларускай мовы, але хутка яе засвоіў і заставаўся паслядоўна беларускамоўным усё жыццё.
Пазней ён расказваў Вінцуку Вячорку, што штодзённае выкарыстанне беларускай мовы ў Савецкім Саюзе было формай псіхалагічнай вайны, калі на звычайны зварот па-беларуску ў адказ можна было пачуць «гаварыце па-чалавечы».
У 1982 годзе ў кватэры Віктара Івашкевіча і яго жонкі Алены Радкевіч у мікрараёне Сляпянка пачалі праводзіць першыя ў найноўшай гісторыі Беларусі падпольныя курсы беларускай мовы. Іх вёў Вінцук Вячорка, а збіралася на іх да дзесяці чалавек. На курсах вывучалі тое, пра што тады не расказвалі ў школе: гісторыю мовы, рэформы правапісу і сапраўднае літаратурнае вымаўленне.
Івашкевіч быў надзвычай уважлівым і практычным слухачом. Ён адразу ўвасабляў атрыманыя веды ў паўсядзённым жыцці.
Як беларускамоўнасць паўплывала на жыццё Івашкевіча

Віктар Івашкевіч працягваў працаваць у чыгуначным дэпо і там жа ўзяўся за выпуск насценгазеты — абавязковай формы савецкай грамадскай актыўнасці. Аднак Івашкевіч напаўняў яе зусім іншым зместам: побач з фармальнымі матэрыяламі пра вытворчасць з’явіліся вершы, тэксты пра беларускія традыцыі і гісторыю, нават згадкі пра Беларускую Народную Рэспубліку. Для многіх калег Івашкевіча гэта стала сапраўдным адкрыццём, бо яны ўпершыню ўбачылі, што беларуская мова і культура маюць глыбокія карані.
У 1983-1984 гады Івашкевіч ініцыяваў адраджэнне Таварыства беларускай школы. На той момант у Беларусі не існавала ніводнай школы з навучаннем па-беларуску, бо яны ўсе былі знішчаныя ў 1970-я гады.
Віктар пачаў з простага: узяў сшытак, выпіскі з Канстытуцыі БССР і дадзеныя перапісу 1979 года, а пасля пайшоў збіраць подпісы ў Сляпянцы.
Вынік быў нечаканым, бо каля 80% жыхароў падтрымалі ідэю адкрыцця беларускай школы. Усяго сабралі каля тысячы подпісаў. Так, у 108-й школе Мінска адкрылі класы з беларускай мовай навучання, савецкія ўлады пайшлі на саступку.
Івашкевіч тонка разумеў логіку савецкай наменклатуры і ўмеў выкарыстоўваць яе ж ідэалагічную зброю. Падчас сустрэч з камсамольскімі кіраўнікамі ён аргументаваў неабходнасць прыярытэту беларускай мовы са спасылкамі на працы Уладзіміра Леніна. Гэта выклікала шок у партыйных функцыянераў, але не пакідала ім фармальных магчымасцяў для адмовы.
Душа кампаніі, які ўсім дапамагаў
Віктар быў адукаваным чалавекам, выдатна ведаў не толькі беларускую мову, але і вывучаў сусветную гісторыю. Па словах сучаснікаў, ён быў хадзячай энцыклапедыяй. Ён любіў Купалле і падчас святкаванняў з’яўляўся ў ролі князя Купаліша.
Івашкевіч любіў спяваць і меў сваю фірмовую песню, якую ахвотна зацягваў у кампаніі:
Налівайце келіхі,
Не лічыце — адзін ці два,
За здароўе без ліха
Будзем піць да відна, я-я!..

Віктара любілі ўсе, сакрэт гэтай любові быў простым — ён імкнуўся дапамагчы кожнаму. Сяброўка Віктара згадвала, як адзін малады актывіст Беларускага народнага фронту зайшоў да іх дадому ў госці і расказаў, што пасля ўдзелу ў пратэстах яго адлічылі, таму ён мусіць вучыцца на платным аддзяленні. Віктар спакойна выслухаў хлопца і даў яму 400 долараў са словамі: «Абавязкова давучыся».
У 1990-я гады, калі не было мабільных тэлефонаў і інтэрнэту, асноўным сродкам камунікацыі з людзьмі заставаліся ўлёткі і газеты. Для іх друку патрабаваліся «свае» людзі ў друкарнях: наклады выходзілі ноччу і адразу вывозіліся, а потым распаўсюджваліся праз актывістаў. Віктар быў адным з заснавальнікаў і галоўным рэдактарам газеты «Рабочы», якая выходзіла ў 1997-2002 гады.
Сям’я, дзеці і легенда
Віктар Івашкевіч пазнаёміўся з будучай жонкай Аленай дзякуючы агульнай кампаніі. Івашкевіч быў сябрам брата Алены.
Дзеці ліплі да яго, як магніты да лядоўні. На сямейных застоллях Віктара ніколі не было за сталом — ён коўзаўся з малымі на падлозе, у пыле, канструктарах і бясконцых «давай яшчэ раз».

— Ён вучыў Стася біцца, каб умеў пастаяць за сябе. Калі той у садку пабіўся з дзяўчынкай, то атрымаў ад бацькі кухталёў: «Дзяўчат не біць ніколі!». Віктар мог доўга і цярпліва тлумачыць малому гісторыю, мову, краіну. Калі Стась спытаўся: «Чаму так шмат людзей гавораць па-расейску?», — Віктар не міргнуў вокам: «У Беларусі — гэта альбо расейцы, альбо кепскія беларусы». Аднойчы ў трамваі цётухна засюсюкала: «Ой, мальчик, ты так хорошо говоришь по-белорусски!» А пяцігадовы Стась на ўвесь салон: «Так, бо я беларус і жыву ў Беларусі. А вы хто: расейка ці кепская беларуска?» У трамваі тады ўсе рохкнулі ў каўняры і надзвычай зацікавіліся аконнымі шыбамі, — успамінае Алена Радкевіч.
Па словах Радкевіч, Віктар аброс легендамі і байкамі. Яна часта іх чуе і тое, як іх пераказваюць. Яна ніколі іх не папраўляе, калі яны недакладныя, крывыя і з чужымі дэталямі. Алена адзначае, што ў нейкі момант зразумела: Віктар — легенда, а кожная легенда мае права на фантазію.
Успамінамі падзяліліся Вінцук Вячорка, Алена Радкевіч, Дыяна Мікульская, Вольга Гардзейчык.
Аўтар Данута Арціховіч
