Ад нясмачнага харчавання да міліцыі на лінейках. Вучні — пра тое, што ім не падабаецца ў беларускіх школах

што не так з беларускай школай, беларуская школа

Прымушаюць здаваць грошы на школьнае харчаванне і рамонт, забараняюць танцаваць вальс пад замежныя песні, а замест вахцёраў і на лінейках — супрацоўнікі міліцыі.

PALATNO расказвае, што не так з беларускімі школамі і што думаюць пра гэта самі вучні.

Што не так з беларускімі школамі

Харчаванне

Даволі часта школьнікі і іх бацькі скардзяцца на дрэннае харчаванне ў школьных сталовых Беларусі. Пасля абедаў застаецца вялікая колькасць адходаў. У асобных школах гэты паказчык дасягае 70%. Галоўная прычына — нясмачныя і неэстэтычна аформленыя стравы. Але не толькі справа ў гэтым. Прафесар кафедры таваразнаўства і арганізацыі гандлю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Сяргей Масанскі казаў, што для школьнага меню выбіраюць самыя танныя тавары, якія «апрыёры не могуць быць якаснымі».

У 2018 годзе мінская міліцыя правяла праверку ўсіх камбінатаў школьнага харчавання. Адразу шасцярых супрацоўнікаў сталовай у мінскай гімназіі №10 злавілі на месцы злачынства. У пакетах і торбах работнікі сталовай спрабавалі вынесці алей, хлеб і мяса на суму каля 100 рублёў. Падобныя выпадкі мелі месца і ў школах іншых раёнаў. Работнікі выносілі ўсё — ад мяса да макаронаў.

У 2021 годзе бацькі адной са сталічных школ скардзіліся на платнае харчаванне, ад якога няможна было адмовіцца. У 2020 годзе з’явілася магчымасць адмовіцца ад такой паслугі на падставе пісьмовай заявы ад бацькоў, аднак у 2021 годзе яе ўжо не было. Акрамя таго, у верасні 2023 года Камітэт дзяржкантролю выявіў у школьных сталовых шэраг праблем. Сярод іх — недаважванне порцый, дрэнны санітарны стан і парушэнне тэхналагічнага працэсу прыгатавання ежы.

У лістападзе мінулага года прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка правёў нараду па пытаннях харчавання школьнікаў. Чыноўніка не задаволілі тэхналогіі прыгатавання страў, праца работнікаў сталовых і якасць ежы. Па яго словах, школьнае меню не адрозніваецца ад таго, што было 40 гадоў таму, і яго трэба пераглядзець.

Галоўчанка здзівіўся і колькасці адходаў пасля сняданкаў і абедаў. Прэм’ер звязаў гэта з тым, што школьнікам даюць нясмачную і халодную ежу, якую тыя адмаўляюцца есці. Пасля гэтага ў беларускіх школах запусцілі пілотны праект. Падчас яго ў рацыён школьнікаў уключалі гамбургеры, бургеры, піцы, нагетсы і г. д. У некалькіх мінскіх школах увялі шведскія сталы, дзе дзеці маглі абіраць тое, што будуць есці на сняданак ці абед.

На новае меню вучні некаторых беларускіх школ перайшлі 1 верасня 2023 года. Другі этап, які ахопіць яшчэ больш школ, стартуе першага студзеня. У 2024 годзе новае меню з’явіцца ва ўсіх беларускіх школах.

Што новага будзе ў меню? Асноўная частка — мясныя стравы. Сярод іх — зразы, гнёзды са свініны, рыбныя і свіныя каўбасы і іншыя. Увялі і шэраг рыбных страў: рыба ў кляры, рыбныя шарыкі.

Забарона на замежныя песні

Неаднойчы на школьных лінейках у Беларусі забаранялі замежныя песні.

У верасні 2023 года выданне BG.Media паведаміла, што ў Маскоўскім раёне Брэста забаранілі выконваць і трансліраваць замежныя песні на ўсіх школьных мерапрыемствах: святах, конкурсах, спаборніцтвах і г. д.

Выданне «Зеркало» паспрабавала даведацца, ці сапраўды існуе такая забарона. Журналістка выдання патэлефанавала ва ўпраўленне па адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста і прадставілася мамай школьніка. Там удакладнілі, што распараджэнне аб тым, каб «не гучалі песні на замежнай», тычыцца толькі лінеек. На мерапрыемствах, дзе падымаюць сцяг і гучыць гімн, «павінны быць і нашы беларускія песні».

— Гэта не наша распараджэнне, гэта сказала Галоўнае ўпраўленне па адукацыі [Брэсцкага аблвыканкама], — патлумачыла суразмоўца, якая спаслалася на тое, што ініцыятар усяго — Міністэрства культуры. — Я не ведаю, з чым гэта звязана. Мы ў дзяржаўнай установе адукацыі.

Па словах чыноўніцы, такая навіна закранула лінейкі па ўсёй краіне. Таксама яна паведаміла, што ў Галоўным упраўленні па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама атрымала «мелодыі», якія «могуць гучаць» на лінейках, і разаслала іх па школах. Гэта кампазіцыі на беларускай і рускай мовах. На пытанне, ці можна кампазіцыі на іншых мовах уключаць на школьных дыскатэках, яна адказала: «на дыскатэцы можа быць».

што не так з беларускай школай, беларуская школа
Фота: БелТА

У аддзеле ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры, куды таксама патэлефанавалі журналісты пад выглядам бацькі школьніка, некалькі разоў падкрэслілі, што ні пра якія забароны гаворкі не было.

— У нас быў пратакол, па якім Міністэрства культуры павінна было даць рэкамендаваны пералік аўдыёфайлаў патрыятычнай накіраванасці, у тым ліку гімн Рэспублікі Беларусь, для выкарыстання на ўрачыстых мерапрыемствах. Міністэрствам культуры гэты пералік быў складзены і ў якасці рэкамендацый накіраваны Мінадукацыі. У адпаведнасці з пратаколам, далей ён, напэўна, быў разасланы ва ўстановы адукацыі. Гэта была спасылка на патрыятычныя песні, беларускія ў асноўным, для выкарыстання на мерапрыемствах. Сказаць, што мы нешта забаранялі, — не. Мы проста накіроўваем спісы рэкамендаваных [кампазіцый] для выкарыстання на ўрачыстых мерапрыемствах.

Грашовыя паборы

Хутчэй за ўсё, тыя бацькі, чые дзеці ходзяць у школу ў Беларусі, сутыкаліся з грашовымі паборамі на рамонт, парты, фіранкі і іншыя патрэбы. Такія зборы сталі нормай для беларускага грамадства. Хтосьці называе гэта добраахвотным унёскам, а хтосьці — паборамі.

Напрыклад, у 2021 годзе ў адной са школ Слуцка ўзнікла праблема з вадой: бацькоў нават не прасілі здаць грошы на бойлеры, а проста паставілі іх перад фактам: патрэбна здаваць па 5 рублёў у месяц. У мінскай школе № 7 у класах спачатку паставілі кулеры з вадой, аднак потым мясцовая санстанцыя забараніла іх. У выніку было вырашана вярнуцца да спецыяльных фантанчыкаў з вадой — на якія ўсталявалі фільтры — і папрасілі за іх заплаціць бацькоў вучняў. Цікава, што ў іншых мінскіх школах у санстанцыі не ўзнікала пытанняў да бутыляванай пітной вады для школьнікаў.

У мінскай школе № 196 платнымі аказаліся яшчэ і асвяжальнікі паветра, сурвэткі, мыла, мыйныя сродкі, туалетная папера і папера для прынтара — менавіта такія спісы выдала на класы загадчыца па гаспадарчай частцы ў школе. Сумы пабораў былі немаленькія — ад 50 да 100 рублёў з чалавека.

У адной з мінскіх гімназій акрамя звыклых збораў сродкаў на пітную ваду, аднаразовыя шкляначкі, сурвэткі і туалетную паперу некалькі гадоў практыкуюць «добраахвотна-прымусовыя» пералічэнні грашовых сродкаў, каб падтрымліваць у належным стане матэрыяльна-тэхнічную базу школы — 50 рублёў у год з чалавека.

Адначасова вучням навязвалі платныя гурткі па розных прадметах. Бясплатнымі аказаліся факультатывы выключна для тых дзяцей, якіх рыхтавалі да алімпіяд. Адна гадзіна такіх заняткаў каштавала 4 рублі 90 капеек. Многія з бацькоў адмаўляліся здаваць на гэта грошы, таму ў 2021 годзе адміністрацыя школы выставіла ўльтыматум:

— Або аплачваеце матэрыяльна-тэхнічную базу, або запісваецеся на адзін з платных гурткоў. На самі заняткі можна не хадзіць, але аплаціць трэба абавязкова, —словы кіраўніцтва гімназіі перадалі бацькі вучняў.

Платныя падручнікі

Кошт школьных падручнікаў у 2023/2024 навучальным годзе для 1-11 класаў складае 18 рублёў 50 капеек, ільготны кошт (для шматдзетных сем’яў) — 9 рублёў 25 капеек.

Пры гэтым падручнікі не належаць вучню, фактычна бацькі плацяць за «дзяржаўны пракат». Напрыклад, у Фінляндыі ўрад даўно адмовіўся ад падручнікаў: іх замянілі сучаснымі планшэтамі. Пры гэтым фінскія сем’і не плацяць за гаджэты: іх набывае для школьнікаў дзяржава.

З электроннымі версіямі падручнікаў у Беларусі ўсё яшчэ больш складана: выкарыстанне гаджэтаў у школе строга рэгламентавана адміністрацыямі навучальных устаноў, зыходзячы з рэкамендацый Мінадукацыі. Бацькі рэгулярна падымаюць гэтае пытанне і спрабуюць данесці, што адзін планшэт замяняе ўсе кнігі і істотна палягчае заплечнік школьніка.

Міліцыя замест вахцёраў і на школьных лінейках

Беларуская міліцыя ўзмацніла меры бяспекі ў навучальных установах у пачатку гэтага навучальнага года. 1 верасня ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі «органамі ўнутраных спраў праводзіўся комплекс аператыўна-прафілактычных мерапрыемстваў», пра гэта паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку міліцыі грамадскай бяспекі МУС палкоўнік міліцыі Аляксандр Купчэня.

У кожнай школе ў гэты дзень дзяжурыла міліцыя, таксама ўзмацнілі прапускны рэжым. Пад асаблівы кантроль супрацоўнікі міліцыі ўзялі прылеглую да школ тэрыторыю, заступілі на дзяжурства патрульныя нарады і экіпажы ДАІ.

што не так з беларускай школай, беларуская школа
Фота: vitbichi.by

Акрамя таго, у школах Беларусі вахцёраў і вартаўнікоў з часам заменяць на супрацоўнікаў Дэпартамента аховы МУС, кіраўнік якога, Аляксандр Шэпелеў, паведаміў:

— Усе будучыя калегі ўжо прайшлі навучанне (а гэта 96 вучэбных гадзін) і цяпер практыкуюцца на аб’ектах, дзе ім трэба будзе працаваць. Нашы пасты будуць дзейнічаць толькі падчас навучальнага працэсу — заступаць і здымацца за гадзіну да і пасля заканчэння заняткаў. У іншы перыяд ахову забяспечаць вартаўнікі ўстановы адукацыі.

Шэпелеў таксама дадаў, што кіраўніцтва школы само вырашае, як забяспечваць ахову. І растлумачыў, што міліцыянеры ў асноўным патрэбныя ў вялікіх школах з колькасцю вучняў больш за 1 500.

А што не падабаецца беларускім школьнікам?

«Ты плаціш за “анучку” і яна ляжыць і пыліцца»

Вікторыя (імя зменена — заўв. PALATNO) скончыла школу ў адным з беларускіх гарадоў у 2022 годзе. Дзяўчына кажа, што ў школе знаходзіла для сябе больш плюсаў. Але ёй падаецца, што ва ўсіх школах былі і ёсць праблемы з вальсам: «Вельмі падабаюцца англамоўныя трэкі, але іх не дазвалялі нам і было вельмі сумна, школьнікам прыходзілася шукаць нейкую замену».

Вікторыі не падабалася, што ў яе школе хімія і біялогія былі профільнымі прадметамі, таму іх даводзілася вывучаць усім. Да таго ж настаўнікі патрабавалі добрую паспяховасць па ўсіх прадметах.

— Была яшчэ такая праблема: нам у дзявятым класе прапанавалі добраахвотна-прымусова хадзіць на факультатыў па хіміі. Намякнулі, што без гэтага добрых адзнак нам не чакаць. Чаму? Таму што, напрыклад, тыя, хто ходзіць на факультатыў, змогуць перапісваць работу столькі, колькі захочуць. А хто не ходзіць, максімум раз ці два. У дзявятым класе яшчэ не было профільнага навучання, і хто збіраўся на іншы профіль, не меў патрэбы ў гэтым факультатыве.

Яшчэ Вікторыя ўспамінае, што новыя падручнікі па гісторыі былі напісаны складанай для вучняў мовай. Таксама дзяўчыне не падабалася школьная форма:

– Калі хочуць прапанаваць уніформу — яна мусіць падабацца вучням, каб яе хацелася насіць, а не так, што ты плаціш за «анучку» і яна ляжыць і пыліцца на палічцы.

што не так з беларускай школай, беларуская школа
Фота: telegraf.news

«Зрабіць смачным харчаванне і адмяніць дзелавы стыль адзення»

Сямікласніца Маша з аднаго з беларускіх райцэнтраў кажа, што школа ў яе прыгожая, сучасная, з добрым рамонтам на калідорах і ў кабінетах, школьны двор вельмі дагледжаны, заўсёды чысты. Дзяўчына дадае, што ёсць таксама цікавы факультатыў па інтэлектуальных гульнях, якім кіруе «вельмі класны настаўнік». Сярод мінусаў Маша адзначыла наступныя:

  • харчаванне: «Можа быць нясмачная ежа»;
  • стаўленне некаторых настаўнікаў і адміністрацыі да вучняў;
  • выкладанне англійскай: «Вучым некалькі год, а ў лепшым выпадку ведаем толькі самыя базавыя рэчы»;
  • прапускная сістэма па картках: «Нязручна прыходзіць і выходзіць са школы, бо каля турнікетаў утвараецца вялікі натоўп»;
  • тое, што гісторыю Беларусі выкладаюць па-руску;
  • другая змена;
  • дзелавы стыль адзення: «Але бацькі стараюцца купляць такую форму, каб мне падабалася».

«Рабіў мокрую маску, як падчас Першай сусветнай вайны, каб гэтым не дыхаць»

Беларус Арцём (імя зменена — заўв. PALATNO) скончыў пяць класаў у адной са школ Мінскай вобласці. Затым хлопец з’ехаў з Беларусі ў адну з краін Еўропы. У школе Арцёму не падабаліся ўрокі фізкультуры: «усё з-за настаўніка, які пастаянна крычаў».

— Гэты настаўнік мог паставіць вучня ў цэнтр залы і крычаць на яго. Гэта было вельмі непрыемна. Другі момант: на ўроках звычайна ўсё разглядаецца надта хутка. Заўсёды вельмі спяшаюцца з вывучэннем праграмы. Але, нягледзячы на гэта, я ўсё адно вярнуўся бы ў беларускую школу. Скажу адзін з плюсаў: можна карыстацца мабільнымі тэлефонамі. Я ведаю, што гэта не ў кожнай школе, але ў маёй можна было.

Па словах Арцёма, у еўрапейскіх школах перапынкі праходзяць цішэй, чым у калідорах беларускіх устаноў. Ён дадае, што, магчыма, гэта толькі яго досвед: «Можа мне не тыя людзі трапляліся, я проста такі чалавек, якому трэба актыўнасць».

Сярод дзіўных рэчаў Арцём адзначыў адну: адзін год у школе шмат разоў прарывала трубы ў туалеце. Вучням даводзілася, як ён кажа, дыхаць гэтымі прыўкраснымі пахамі каналізацыі. Хлопец нават рабіў мокрую маску, як падчас Першай сусветнай вайны, каб гэтым не дыхаць.

А што б змяніў Арцём у беларускіх школах, калі б была такая магчымасць? Па меркаванні хлопчыка, урокі павінны пачынацца ў дзесяць гадзін, а праграму трэба выкладаць больш павольна: «каб адну тэму разглядалі некалькі ўрокаў, каб сэнсу дамашкі не было».

— Я б хацеў, каб павялічылі заробкі настаўнікам і прыцягнулі новых людзей. Было шмат выпадкаў, калі да заняткаў прыцягвалі старых настаўнікаў, бо не было альтэрнатывы, не прыходзілі маладыя.

Вярнуцца ўгару