Закулісныя інтрыгі, палітычныя гульні, што перасякаюць межы духоўнасці — выбары Папы Рымскага ніколі не былі проста рэлігійнай падзеяй. Кожны голас на канклавах мог змяніць лёс царквы і свету, а кардыналы выступалі як шахматныя фігуры ў гульні вялікіх дзяржаў. Як менавіта палітыка і вера спляліся ў сценах Ватыкану?
PALATNO расказвае пра самыя цікавыя і загадкавыя выбары папы рымскага ў гісторыі.
Змест
Самыя доўгія выбары (1268-1271)
Выбары папы рымскага значна адрозніваліся ад таго, што мы ведаем пра іх сёння. У Сярэднявеччы, хоць першае галасаванне па выбару Папы Рымскага адбылося ў 1061 годзе, выбары не былі таемнымі. Кардыналы жылі раскошна, маглі свабодна прыходзіць і сыходзіць, калі яны гэтага захочуць. Гэта не было эфектыўна, а галоўныя актары доўгі час не маглі прыняць рашэнне.
У 1268 годзе памёр папа Клімент IV. Яго смерць прынесла самыя працяглыя папскія выбары ў гісторыі. Кардыналы спрачаліся амаль тры гады, каб высветліць, хто будзе наступным пантыфікам. Выбары адбываліся так доўга, што падчас іх трое з дваццаці кардыналаў-выбаршчыкаў загінулі.
Тады папскі двор знаходзіў у італьянскім горадзе Вітэрба. Жыхары гораду былі настолькі расчараваныя тым, што адбываецца на выбарах, што замкнулі кардыналаў у Палацо дэ Папі. Там яны знаходзіліся, пакуль не абралі новага кіраўніка каталіцкай царквы. Легенда сцвярджае, што кардыналам давалі толькі хлеб і ваду, а дах палацу спецыяльна знялі, каб выбары адбыліся як мага хутчэй. Цікава, што дзеянні жыхароў Вітэрба нарадзілі слова «канклаў» (што значыць «з ключамі», то бок быць замкнёнымі). Тады Папу ўсё-такі абралі: ім стаў Грыгорый X, які пасля распрацаваў законы, што стануць асновай для сучаснага канклава.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Цырыманіялы, мяцяж і забойства. Як швейцарцы сталі галоўнымі ахоўнікамі Папы Рымскага
Выбары, пасля якіх пачаўся Вялікі заходні раскол (1378)
Большую частку XIV стагоддзя Папы Рымскія знаходзіліся ў французскім Авіньёне, дзе і была іх сталіца. Гэты перыяд у гісторыі называецца Авіньёнскім палонам Папаў. Большасць з іх была французамі, кардыналы таксама ў большасці былі французскага паходжання. Грыгорый XI стаў апошнім, хто быў ва ўладзе ў Авіньёне. За некалькі гадоў да смерці ён канчаткова перабраўся ў Рым, дзе зрабіў сваёй рэзідэнцыяй Ватыкан.
Пасля смерці Грыгорыя XI канклаў праходзіў у Рыме пад ціскам мясцовага насельніцтва, якое патрабавала абраць італьянца на пасаду Папы. Спрэчкі наконт новага Папы Рымскага працягваліся доўга, таму выбар паў на амаль невядомага арцыбіскупа Барталамеа Прыньяну, які тады не быў нават кардыналам. Аднак Прыньяна паходзіў з Неапалю, якім тады кіравала французская дынастыя. Падавалася, што гэта быў кампрамісны варыянт для ўсіх бакоў. Барталамеа Прыньяна атрымаў імя Урбана VI.
Неўзабаве кардыналы расчараваліся аўтарытарным стылем кіравання Урбана. Ён быў вар’ятам, які праз некалькі месяцаў пасля абрання пачаў замыкаць кардыналаў у замку і катаваць іх дзеля забавы. Дарэчы, Урбан VI быў адзіным папам не кардыналам.
Дзеянні Урбана справакавалі ўцёкі часткі кардыналаў у Авіньён, дзе яны выбралі новым Папам Клімента VII. Так пачаўся Вялікі заходні раскол, калі дзве (пазней і тры) фракцыі прэтэндавалі на легітымнасць. Канфлікт працягваўся да Канстанцкага сабора (1414-1418 гады).
Праз інтрыгі і хабары да папства (1492)
З часам улада і багацце каталіцкай царквы раслі, а кардыналы ўсё больш прагнулі папскай тыяры. Хутка на папскіх выбарах пачалі дамінаваць інтрыгі разам з хабарніцтвам. Канклаў, які сабраўся пасля смерці Інакенція VIII, у 1492 годзе называюць ледзь не самым горшым у гісторыі.
У той час да ўлады імкнуўся кардынал Радрыга Борджыя. Ён меў значны ўплыў у царкве, але падчас выбараў дамогся папства праз інтрыгі і хабары. Ён прапаноўваў кардыналам-выбаршчыкам значныя сумы грошаў, каб забяспечыць іх галасы за сябе. Казалі, што падчас выбараў Рым быў завалены грашыма Борджыя. Аднак папскую тыяру Радрыга атрымаў, як і новае імя Аляксандра VI.
Папа Аляксандр VI актыўна займаўся палітыкай і прасоўваў інтарэсы сваёй сям’і. Яго праўленне пазней выклікала моцную крытыку і паслужыла адным з каталізатараў да змяненняў у каталіцкай царкве.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Борджыя, Людовік і Генрых. Самыя крывадушныя ўчынкі гістарычных дзеячаў
Самыя палітызаваныя выбары (1590)
Касцёл надзвычай адчувальны да ціску звону ў пераходныя моманты. Так адбылося і ў 1590 годзе. Усе каралі з каталіцкім веравызнаннем хочуць, каб Папа Рымскі добра ставіўся да яго дзяржавы. Раней каралі маглі даваць грошы, каб галасаванне кардыналаў заканчвалася для іх найбольш выгадна. Аднак іспанскі кароль Філіп II пайшоў яшчэ далей. Іспанія была магутнай краінай, а кароль імкнуўся пракантраляваць новыя папскія выбары.
У 1590 годзе памірае Урбан VII, ён прабыў Папам Рымскім усяго дванаццаць дзён — яго пантыфікат з’яўляецца самым кароткім у гісторыі. Канклаў цалкам кантраляваўся Філіпам: ён выкарыстаў «права вета», то бок, неафіцыйнае права адхіліць пэўнага кандыдата, якое мелі некаторыя манархі. Непасрэдна перад пасяджэннем канклаву амбасадар Філіпа распаўсюдзіў два спісы «рэкамендацый» для кардыналаў-выбаршчыкаў: у адным былі імёны тых, каго іспанскі кароль падтрымліваў на ролю Папы, а ў другім — тыя, на каго ён накладвае «вета».
Доўгі час кардыналы не маглі дамовіцца, але ў выніку абралі Папам Грыгорыя XIV (Нікола Сфандраці). Ён прабыў на папскім прастоле ўсяго некалькі месяцаў.
Ад таго часу манархі неаднаразова ўплывалі на выбары Папы Рымскага аж да пачатку XX стагоддзя.
«Патрэбны сумленны чалавек» (1655)
У сярэдзіне XVII стагоддзя папскія выбары моцна залежалі ад еўрапейскіх манархій. Асноўнымі гульцамі былі Францыя і Іспанія, якія спаборнічалі за ўплыў на Ватыкан. Акрамя іх на палітыку каталіцкай царквы ўплывалі італьянскія заможныя сем’і.
У 1655 годзе памёр Папа Інакенцій X, якая справакавала чарговую барацьбу ўплывовых гульцоў за ўладу над касцёлам. Канклаў праходзіў у напружанай атмасферы, а сярод кардыналаў вылучалася некалькі груповак: французская (імкнуліся абраць Папу, які будзе лаяльны Людовіку XIV), іспанская (падтрымлівалі інтарэсы Габсбургаў), нейтральная (кардыналы імкнуліся знайсці кампрамісны варыянт).
Выбары Папы працягвалі два месяцы, кардыналы заходзілі ў тупік і не маглі абраць нікога. Перад канчатковым выбарам кардынал Пэтра Атабоні ў роспачы ўсклікнуў: «Нам патрэбны сумленны чалавек!» На такога сумленнага чалавека паказалі.
У выніку, новым Папам стаў Фабія Кіджы, які ўзяў імя Аляксандра VII. Яго лічылі кампрамісным кандыдатам, хоць ён і быў звязаны з французскім дваром. Гэта быў адносна нечаканы выбар, бо Кіджы не быў лідарам ні адной з груповак.