Now Reading
Выбары з дохлымі пацукамі. Як 18 гадоў таму Лукашэнка абраў сябе прэзідэнтам

Выбары з дохлымі пацукамі. Як 18 гадоў таму Лукашэнка абраў сябе прэзідэнтам

выбары ў беларусі 2006 год

Лялькаводы з Польшчы і Чэхіі, спроба дзяржперавароту… Не, гэта не пра апошнія выбары прэзідэнта Беларусі — такое было знаёма абывацелям яшчэ напачатку 2000-х. Амаль дваццаць гадоў таму рэферэндум дазволіў Аляксандру Лукашэнку вылучацца ў прэзідэнты неабмежаваную колькасць разоў, а роўна 18 гадоў прайшлі трэція прэзідэнцкія выбары ў незалежнай Беларусі. Гэта былі першыя выбары для Лукашэнкі пасля рэферэндуму: яны суправаджаліся гвалтам, тэорыямі змоў і вялікім пратэстам дэмакратычнай апазіцыі. Канкурэнты Лукашэнкі па прэзідэнцкай гонцы — і гэта былі чыноўнікі — адкрыта казалі пра нелегітымнасць яго знаходжання на пасту прэзідэнта і патрабавалі ад яго адмовіцца ад удзелу ў тых выбарах.

PALATNO расказвае, як прайшлі прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ў 2006 годзе.

Дзесяць кандыдатаў на выбарах

У выбарах-2006 хацелі ўдзельнічаць дзесяць кандыдатаў. Большасць з іх у выніку зняла свае кандыдатуры, а ў прэзідэнцкай гонцы засталіся чатыры кандыдатуры. Былы міністр замежных спраў Пётр Краўчанка і дачка Пятра Машэрава Наталля адмовіліся ўдзельнічаць у гонцы, яны не дайшлі і да этапу збору подпісаў за свае кандыдатуры.

Да непасрэднага выбарчага працэсу дайшлі Лукашэнка, былы рэктар Белдзяржуніверсітэту Аляксандр Казулін, кіраўнік ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч і кандыдат ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч. Іх зарэгістравалі ў якасці кандыдатаў 17 лютага 2006 года, а выбары пачаліся праз месяц — 19 сакавіка 2006 года.

У падтрымку Казуліна

У выбарах-2006 кандыдаты сыходзілі з гонкі, заахвочваючы выбаршчыкаў галасаваць за дэмакратычных кандыдатаў. Адным з першых стаў былы старшыня Савету Рэспублікі Аляксандр Вайтовіч, пазней да яго далучыцца генерал Валерый Фралоў. Вайтовіч і Фралоў сумесна падкрэслівалі, што выбары можна лічыць канстытуцыйнымі толькі ў выпадку, калі ў іх не будзе ўдзельнічаць Лукашэнка. Абодва кандыдаты зняліся і заклікалі галасаваць за Аляксандра Казуліна.

Далей ад удзелу ў выбарах адмовіўся Сяргей Скрабец. Скрабец удзельнічаў у выбарах-2001, але не змог сабраць подпісы. У яго было дзве вышэйшыя адукацыі, ён таксама ўдзельнічаў у палітычным жыцці краіны. Падчас збору подпісаў Скрабец знаходзіўся за кратамі, подпісы збіраў яго брат. Аднак Скрабец перадумаў балатавацца і, як Фралоў з Вайтовічам, заклікаў галасаваць за Казуліна.

выбары ў беларусі 2006 год
Мілінкевіч і Казулін. Фота: photo.bymedia.net

Пазняк — у ЗША, але жадае ўдзельнічаць

У выбарах таго года хацеў прыняць удзел і Зянон Пазняк. Ён жыў з 1996 года ў ЗША, але атрымаў ад Канстытуцыйнага суда праз пяць гадоў дазвол на ўдзел у выбарах. Падчас перадвыбарнага перыяду актывістаў, звязаных з Пазняком, арыштоўвалі і пераследавалі.

Партыя Пазняка КХП-БНФ планавала правесці падчас выбараў Народнае галасаванне. Яе сэнс палягаў у тым, каб выбаршчыкі замянілі бюлетэні сваімі і ўпісалі ў іх прозвішча кандыдатаў. На думку партыі, такі падыход павінен быў выклікаць імпічмент Лукашэнкі.

Пазняк адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў выбарах на этапе збору подпісаў. Пазней ён назаве Казуліна і Мілінкевіча, якія стваралі асноўную канкурэнцыю для Лукашэнкі, «імітатарамі» і «праектамі “Лубянкі”».

Пацукі, «правакацыі» і іншыя прыдумкі беларускіх спецслужбаў

Перад пачаткам выбараў беларускія спецслужбы правялі шэраг аперацый, у тым ліку, і інфармацыйных. Галоўным актарам выступілі супрацоўнікі КДБ, які выкрывалі так званыя спецаперацыі і тэракты.

За некалькі тыдняў да выбараў КДБ правёў прэс-канферэнцыю, падчас якой кіраўнік спецслужбы Сцяпан Сухарэнка расказаў пра выкрыццё групоўкі, што планавала зрабіць пераварот. Сухарэнка заявіў, што апазіцыя збіралася заявіць аб сфальсіфікаваных выбарах і арганізаваць мітынг у цэнтры Мінска. На мітынгу нібыта планавалі ўзарваць выбухоўкі, а затым захапіць будынкі і вакзалы ў краіне. Сухарэнка запэўніваў, што для аперацыі ў краіну завезлі наймітаў з Грузіі, Украіны і краін былой Югаславіі.

У той жа час Аляксандра Казуліна збілі падчас спробы трапіць на Усебеларускі сход. Кандыдата ў прэзідэнты звезлі ў невядомым кірунку: пазней высветлілася, што ён знаходзіцца ў аддзяленні міліцыі. На яго ўзбудзілі крымінальныя справы: за хуліганства (калі ён спрабаваў трапіць на УНС) і за тое, што нібыта разбіў партрэт Лукашэнкі ў міліцыі. Па сведчаннях беларускіх СМІ, Казуліна збіў Дзмітры Паўлічэнка — чалавек, які актыўна падтрымліваў Лукашэнку і займаўся ліквідацыяй яго палітычных канкурэнтаў напрыканцы 1990-х.

За некалькі дзён да выбараў Сухарэнка раскрыў планы тэрактаў, і яны неверагодным чынам значна адрозніваліся ад тых, пра якія кіраўнік КДБ казаў падчас прэс-канферэнцыі.

  • КДБ Беларусі за месяц да прэзідэнцкіх выбараў абвінавацілі Польшчу і Чэхію ў тым, што яны збіраюць дадзеныя на тэрыторыі Беларусі і ўмешваюцца ва ўнутрапалітычны працэс у краіне. Падобныя заявы пасля выбараў-2006 гучалі амаль на ўсіх беларускіх выбарчых кампаніях.
  • 16 сакавіка 2006 года па тэлебачанню паказалі сюжэт, у якім невядомы мужчына кажа пра тое, што праходзіў навучанне ў Грузіі, каб здзейсніць серыю тэрактаў у Беларусі падчас выбараў. У сюжэце мужчына заявіў, што для тэракту іх вучылі травіць пацукоў, а затым скідваць іх у сістэму водазабеспячэння. На жаль, дагэтуль застаецца нявысветленым, як планавалася здзейсніць гэты тэракт, бо праз год пасля выбараў Лукашэнка адправіў Сухарэнку ў адстаўку, а справу пра пацукоў так і не раскрылі.
  • Напрыканцы сакавіка, калі сілавікі разагналі намётавы лагер пратэстоўцаў, на тэлебачанні выйшаў прапагандісцкі сюжэт. У ім расказвалася, што ў намётах пратэстоўцаў знайшлі шпрыцы з гераінам і порначасопісы. Сюжэт так абурыў людзей, што журналісту-выканаўцу Дзянісу Бальшакову, пачалі дасылаць паведамленні — яго нумар выклалі ў інтэрнэт. Пазней трох чалавек асудзілі за SMS-кі.

Нягледзячы на ціск з боку спецслужбаў, дэмакратычная апазіцыя чакала вынікаў выбараў.

Тыднёвы намётавы пратэст

Выбары адбыліся 19 сакавіка 2006 года. Увечары таго ж дня ў Мінску пачалі збірацца пратэстоўцы і чакаць афіцыйнага абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. На мітынгу ў паслявыбарны вечар сабраліся да 30 тысяч чалавек.

Раніцай 20 сакавіка стала вядома, што Лукашэнка атрымаў больш за 80% галасоў. На Кастрычніцкай плошчы ў Мінску пачалі збірацца людзі і патрабаваць правядзення паўторных выбараў. На плошчы паставілі намёты. Сілавікі праз некалькі дзён разагналі пратэстоўцаў. А 25 сакавіка, у Дзень Волі, некалькі тысяч пратэстоўцаў спрабавалі зладзіць яшчэ адну акцыю — сілавікі разагналі і яе.

За ўдзел у пратэстах затрымалі каля 500 чалавек, у тым ліку Казуліна з Мілінкевічам. Аляксандра Казуліна, якога падчас выбарчай гонкі абвінавацілі ў двух крымінальных артыкулах, выпусцілі з турмы ў 2008 годзе — за гэты час у яго памерла жонка. Мілінкевіч пазней удзельнічаў у акцыі «Чарнобыльскі шлях», за якую яго арыштавалі на 15 сутак.

Пратэст пасля выбараў 2006 года называюць часам «джынсавай рэвалюцыяй» ці «васільковай рэвалюцыяй». Апазіцыя Лукашэнкі пачала выкарыстоўваць джынсавыя стужкі як знак пратэсту пасля таго, як на адной з акцый сілавікі адабралі бел-чырвона-белыя сцягі. Тады актывіст «Зубра» Мікіта Сасім узняў над галавой сваю джынсавую кашулю як знак супраціву.

Апошні канкурэнт на прэзідэнцкіх выбарах Сяргей Гайдукевіч, які з’яўляецца бацькам Алега Гайдукевіча, быў спарынг-апанентам Лукашэнкі. Пазней Гайдукевіч будзе таксама ўдзельнічаць у выбарах і ва ўсім падтрымліваць Лукашэнку.

Глыбокая заклапочанасць і прызнанне фальсіфікацый. Чым скончыліся выбары

Аляксандр Лукашэнкі «перамог» на выбарах—2006. Па заяве ЦВК, ён нібыта набраў 82,6%. АБСЕ заявіла, што прэзідэнцкія выбары не адпавядалі дэмакратычным стандартам, а ЗША адмовіліся прызнаваць іх вынік.

Праз некалькі месяцаў пасля выбараў Лукашэнка прызнаўся:

— Мы апошнія выбары сфальсіфікавалі. За прэзідэнта Лукашэнку прагаласавалі 93,5%, але кажуць — не еўрапейскі адсотак. Мы зрабілі 86. Гэта праўда.

Такія словы Лукашэнкі, як мінімум, тычацца артыкулу Крымінальнага кодэкса аб парушэнні заканадаўства аб выбарах. Але ніякай крымінальнай справы ў дачыненні да спадара Лукашэнкі не завялі. Пасля выбараў-2006 ён балатаваўся на прэзідэнцкую пасаду яшчэ тры разы, і ўсе тры разы такім жа чынам «перамагаў».

Вярнуцца ўгару