У гісторыі Беларусі ёсць жанчыны, якія сыгралі важную ролю ў палітычным і грамадскім жыцці краіны. У розныя гістарычныя перыяды былі жанчыны, якія займалі высокія пасады ва ўрадзе ці ўдзельнічалі ў грамадскім руху за нацыянальнае самавызначэнне.
PALATNO расказвае пра трох выбітных жанчын у гісторыі Беларусі, пра якіх вы маглі не чуць.
Гэты тэкст можна прачытаць, а можна паслухаць у падкасце «Голасам».
Змест
Не верыла ў беларускую мову, а потым стала «жалезнай лэдзі» нацыянальна-вызваленчага руху
Пелагея (Палута) Бадунова нарадзілася 7 верасня 1885 года ў Навабеліцы Гомельскага павета Магілёўскай губерні ў сям’і мяшчан. У дваццацігадовым узросце скончыла настаўніцкую вучэльню ў Буйнічах па спецыяльнасці «хатняя настаўніца рускай мовы і геаграфіі». Амаль у трыццаць гадоў паступіла на Вышэйшыя гістарычна-літаратурныя курсы ў Петраградзе на спецыяльнасць «літаратура, гісторыя і геаграфія».
У Петраградзе жанчына трапіла ў асяроддзе маладой беларускай інтэлігенцыі. Там жа далучылася да Беларускай Сацыялістычнай грамады, якая тады аднавіла сваю дзейнасць. Улетку 1917 года разам з іншымі актывістамі Грамады яна прыязджала на Гомельшчыну, дзе вяла прапаганду ідэй беларускай дзяржаўнасці сярод сялян, жаўнераў і настаўнікаў у Навабеліцы, Гомелі, Буда-Кашалёве. Таксама распрацавала праект дапамогі ўцекачам і інвалідам, пацярпелым ад Першай сусветнай вайны.
Акрамя таго, Пелагея выступіла на Усебеларускім з’ездзе ўцекачоў у Маскве. Яе даклад аб нацыянальным самавызначэнні беларусаў частка аўдыторыі ўспрыняла як правакацыю:
«Пасля маіх прамоў на з’ездзе некаторыя маскоўскія беларусы пыталіся ў мяне пашпарту, каб пераканацца, ці сапраўды я праваслаўная, а не каталічка, падасланая езуітамі, як яны казалі. Для іх вуха здавалася дзікім, што Беларусь — гэта не Расія, што беларусы як нацыя маюць права на вольнае незалежнае існаванне».
У жніўні 1917 года паўстала Цэнтральная рада беларускіх арганізацый — орган, які аб’яднаў 23 арганізацыі на тэрыторыі Беларусі і па-за яе межамі і каардынаваў нацыянальны рух. У выканкам Рады выбралі і Бадунову. Пасля разгону Усебеларускага з’езду і зрыву брэсцкіх перамоў з Германіяй сфарміраваўся часовы ўрад — Народны сакратарыят. Бадунова, якая была адзінай жанчынай у ім, узначаліла справу апекі. Яе подпіс стаіць пад гістарычнымі Устаўнымі граматамі аб утварэнні БНР і абвяшчэнні яе незалежнасці.
На сваіх пасадах жанчына займалася дапамогай уцекачам і пацярпелым ад вайны. Як педагог наладжвала ў Мінску беларускае школьніцтва. Вакол Бадуновай і яе паплечнікаў па школьніцтве гуртавалася маладая настаўніцкая грамадскасць: Соф’я Шышова, Кастусь Пуроўскі, Кацярына Яноўская, Міхась Кудзелька (Чарот), Навум Козіч, Хведар Бандарчык, браты Мікола і Янка Пашковічы.
Яшчэ ў 1917 годзе Бадунова досыць скептычна выказвалася наконт перспектыў афіцыйнага выкарыстання беларускай мовы і выдання беларускамоўнай газеты. Але праз некаторы час Пелагея сама стала абаронцам беларускай мовы. Пачынаючы з 1919 года большасць подпісаў яна ставіла па-беларуску, а ў яе анкетах роднай мовай была пазначана «беларуская». Напэўна, тады яна абрала сабе і літаратурнае імя. Улетку 1919 года яе ліст з Варшавы ўпершыню быў падпісаны імем — Ветка Палута.
Пасля распаду Беларускай Сацыялістычнай Грамады на тры партыі Бадунова далучылася да эсэраў. Яна падтрымлівала барацьбу супраць Германіі і савецкай Расіі, адстойвала нацыянальны суверэнітэт, абарону інтарэсаў сялянства.
У 1920 годзе польскія ўлады арыштавалі Бадунову ў Мінску. Пасля яе адпусцілі, і яна змагла ўцячы ў Смаленск. Неўзабаве вярнулася ў БССР. У 1921 годзе ў БССР адбыліся арышты сяброў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў — пацярпела амаль тысяча чалавек. Бадунову арыштавалі другі раз, у турме яна неаднаразова абвяшчала галадоўку. Яе вызвалілі праз стан яе здароўя. У 1923 годзе Бадунова перасекла польскую мяжу, праз месяц польская паліцыя арыштавала яе і змясціла ў турму. Ёй выдалі прадпісанне, па якім польскія ўлады запатрабавалі неадкладна пакінуць тэрыторыю Польшчы. Бадунова выехала ў Прагу, дзе дапамагала беларускаму студэнцтву.
У 1925 годзе ёй дазволілі вярнуцца ў СССР. Бадунова супрацоўнічала з Інстытутам беларускай культуры, рыхтавала для яго запіскі-прапановы.
Аднак яна не змагла пазбегнуць палітычных чыстак у гады «вялікага тэрору». У 1937 годзе ёй прысудзілі 10 гадоў лагера. Але гэтым прысуд не абмежаваўся: Бадунова праходзіла яшчэ па «справе эсэраў».
Пелагею Бадунову расстралялі 29 лістапада 1938 года. Месца яе пахавання дакладна не вядомае, але даследчыкі мяркуюць, што гэта можа быць Курапацкае ўрочышча. Рэабілітавалі палітычную і грамадскую дзеячку толькі праз паўстагоддзя — у 1989 годзе, за адсутнасцю склада злачынства. Імя Бадуновай сёння малавядомае не толькі шырокай грамадскасці, але і гісторыкам. Ні ў Мінску, ні ў родным Гомелі няма помніка ёй або памятнага знака, няма таксама ніводнай вуліцы, названай у яе гонар.
Адна з сігнатараў акта аб абвяшчэнні незалежнай Беларусі
Людвiка Сiвiцкая нарадзілася 30 верасня 1892 года ў мястэчку Меджыбут ва Украіне, дзе служыў яе бацька Антон Сiвiцкi, афіцэр царскай арміі. Бацькі Людвiкi паходзілі з Гродзеншчыны: бацька — з самога Гродна, а маці (Эмілія) — з Сакольскага павета (цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы). Дома сям’я гаварыла па-польску. Людвiк Садоўскi, бацька Эмiлii і дзед Людвікі, добра ведаў беларускую мову і карыстаўся ёю ў гутарках з сялянамі.
Людвіка спачатку вучылася ў прыватнай Гандлёвай школе ў Кіеве. У школе былі гурткі фатаграфіі, прыроды, літаратуры. Вучаніцы выдавалі рукапісны часопіс «Подснежник» — у ім Людвiка змяшчала свае першыя літаратурныя практыкаванні. Пасля раптоўнай смерці бацькі маці і дачка вярнуліся ў Гродна. Людвiка працягнула вучобу ў прыватнай гімназіі. Як сірата яна мела права на бясплатнае навучанне ў Інстытуце высакародных паненак, але адмовілася ад гэтага.
Ужо ў гімназіі дзяўчына далучылася да беларускага руху. Гімназісты арганізавалі Гродзенскі гурток беларускай моладзі, каб вывучаць мову, гісторыю і звычаі свайго краю. Гурткоўцы ладзілі вечарыны, ставілі п’есы, прыязджалі з выступамі ў вёскі. Людвіка супрацоўнічала з «Нашай Нiвай», перапісвалася з Іванам Луцкевічам, Вацлавам Ластоўскім, Аляксандрам Уласавым.
Пасля заканчэння гімназіі дзяўчына паехала ў Варшаву на курсы агародніцтва і садаводства. Вацлаў Ластоўскі часта пісаў ёй лісты і падтрымаў яе ідэю стварыць Варшаўскі беларускі гурток. Курсы Людвіка скончыла перад пачаткам Першай сусветнай вайны.
Падчас вайны яна разам з маці была ў Мінску, працавала ў камітэце Таварыства дапамогі ахвярам вайны. Арганізацыя адкрыла дзіцячы прытулак, начлежкі для ўцекачоў, тры сталоўкі. Людвіка загадвала сталоўкай і дзіцячым прытулкам, арганізавала курсы для ўцекачоў і дапамагала знайсці ім працу. Падчас жыцця ў Мінску яна пазнаёмілася са шматлікімі беларускімі дзеячамі: Змітраком Бядулем, Уладзіславам Галубком, Аркадзем Смолічам, Усеваладам Фальскім і Максімам Багдановічам. У Мінску Людвіка пісала свае вершы і імпрэсіі. У той час яна і пачала карыстацца псеўданімам Зоська Верас.
У 1917 годзе Людвіка Сівіцкая ўдзельнічала ва Усебеларускім з’ездзе рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэлегатаў. Яна стала сакратаром з’езду і была сігнатарам акта аб абвяшчэнні незалежнай Беларусі.
У другой палове 1918 года разам з маці яна вярнулася ў Сакольшчыну. У Мінску застаўся яе блізкі чалавек Фабіян Шантыр — ён быў юрыстам і камісарам па справах нацыянальнасці ў першым беларускім урадзе. Больш Людвіка яго не бачыла: у 1920 годзе Фабіяна расстралялі бальшавікі.
У 1922 годзе Людвіка з сынам і маці перабралася ў Вільню. Там яна працавала адміністратаркай у рэдакцыі грамадскіх газет, займалася палітычнымі вязнямі — беларусамі, што сядзелі ў Лукішскай турме: насіла харчовыя перадачы, перадавала ім кніжкі і паштовую паперу. У Вільні Людвіка выдавала часопіс для дзяцей «Заранка» і часопіс «Беларуская борць», арганізавала пчалярскае таварыства.
У 1924 годзе Людвіка выдала невялікі «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік». З 1926 года Зоська Верас і Станiслаў Станкевiч штогод выдавалі беларускі адрыўны каляндар, дзе сяляне маглі прачытаць гаспадарчыя парады, беларускія вершы, цікавыя весткі з розных галін жыцця і жарты.
Перад Другой Сусветнай вайной усе беларускія арганізацыі былі ліквідаваны. Вiленская Беларуская Гімназія стала філіяй польскай гімназіі і страціла сваю самастойнасць. Так Людвіка засталася без працы.
У 1961 годзе творчасць жанчыны «адкрыў» малады аспірант Арсеній Ліс, які збіраў у віленскіх архівах матэрыял для дысертацыі. Пасля гэтага паэтку наведвалі беларускія літаратуразнаўцы, пісьменнікі, журналісты. У канцы 1980-х гадоў вакол яе сфармаваўся гурток беларускай інтэлігенцыі Вільні. З 1982 года яна — член Саюза пісьменнікаў СССР. У 1985 годзе выдавецтва «Юнацтва» выпусціла зборнік Зоські Верас «Каласкі». У ім былі сабраны творы розных жанраў.
Людвіка памерла 8 кастрычніка 1991 года. На яе пахаванні сабраліся сваякі, знаёмыя, прадстаўнікі беларускіх суполак «Сябрына» і ТБК, Асацыяцыі беларусістаў Літвы. На пахаванне Зоські Верас людзі ехалі з Мінска, Гродна, Маладзечна, Брэста. Труну неслі пад бел-чырвона-белымі сцягамі — сцягамі Беларускай Народнай Рэспублікі, гістарычны акт якой падпісвала Зоська Верас.
Жанчына, якая ўнесла бел-чырвона-белы сцяг у беларускі парламент
Галіна Сямдзянава нарадзілася 28 лютага 1947 года ў польскай Гдыні ў сям’і марскога афіцэра і аперацыйнай сястры ваеннага шпіталя. Дзяўчынку выхоўваў айчым, які быў ваенным лётчыкам. Сямдзянава скончыла Куйбышаўскі політэхнічны інстытут, а пасля працавала ў абароннай прамысловасці як інжынер.
З Беларуссю Сямдзянаву звязвалі ўспаміны з дзяцінства. Таму ў 1983 годзе яна пераехала з Пермі ў Наваградак. У Наваградку ўладкавалася інжынерам на завод металавырабаў, а потым пайшла аграхімікам у мясцовую сельгасхімію. Там яна ўзначаліла партарганізацыю. Затым перайшла на працу ў камітэт Народнага кантролю.
У 1990 годзе Галіну Сямдзянаву абралі народным дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР ад Наваградскай выбарчай акругі №262. У Вярхоўным Савеце яна ўвайшла ў дэпутацкую групу БНФ, была старшынёй яе Рэвізійнай камісіі. Працавала ў камісіях Вярхоўнага Савета па экалогіі і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, па таварах народнага спажывання, гандлі і паслугах насельніцтву.
Менавіта Сямдзянава першай унесла бел-чырвона-белы сцяг у Авальную залу 24 жніўня 1991 года. Яна ўдзельнічала ў распрацоўцы і прыняцці дзясяткаў заканадаўчых актаў, у тым ліку Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусі.
Акрамя гэтага, яна стала аўтарам заканадаўчых прапаноў у дачыненні да арміі Беларусі. Была старшынёй у Беларускай асацыяцыі вайскоўцаў «Вяртанне», якая пасля распаду СССР дапамагла вярнуцца ў Беларусь больш як чатыром тысячам вайскоўцаў, у тым ліку з зон узброеных канфліктаў. У 1996 годзе Сямдзянава ўвайшла ў Сакратарыят Вярхоўнага Савета 13-га склікання.
У БНФ яна стала адным з найбольш аўтарытэтных лідараў і экспертаў. Займала пасады намесніцы старшыні, старшыні Юрыдычнай камісіі, старшыні Рэвізійнай камісіі.
У 2008 годзе Сямдзянаву накіравалі ад БНФ у Цэнтральную камісію па выбарах і рэспубліканскіх рэферэндумах, у 2010-м — у Мінскую гарадскую камісію па выбарах прэзідэнта. Яна адстойвала законнасць, выкрывала фальсіфікацыі. За гэта не раз падвяргалася пераследу і ціску з боку ўладаў.
18 верасня 2011 года Галіна Сямдзянава памерла ад цяжкай хваробы.