Што агульнага паміж каменнымі статуямі выспы Пасхі, эмодзі і Клімавічамі?

выспа пасхі, статуі мааі

Нават цяжка сабе ўявіць, якім чынам звязаныя далёкая ціхаакіянская выспа Папануі ці Пасхі з усходнебеларускімі Клімавічамі, але аказваецца гэта сувязь існуе. Больш за тое, з каменнымі скульптурамі звязаны і сучасныя інтэрнэт-трэнды, а менавіта выкарыстанне каменнай скульптуры (каменнай галавы) у якасці эмодзі, які апошнімі гадамі здабыло папулярнасць ва ўсім свеце.

Каменныя статуі выспы Рапануі ці Пасхі

Мааі з’яўляюцца сусветна вядомымі каменнымі статуямі са спрасаванага вулканічнага попелу на аддаленай ціхаакіянскай выспе Рапануі. Усе гэтыя ўнікальныя манументы маналітныя, а гэта значыць выразаныя з адзінага кавалка каменя, а не злепленыя або змацаваныя. Усяго на выспе Пасхі (еўрапейская назва выспы) налічваецца 997 мааі.

Лічыцца, што манументы вырабілі жыхары выспы паміж 1250 і 1500 гадамі. Тэхналогіі стварэння скульптур да нашага часу канчаткова не ясныя, бо няма дакладнага тлумачэння як рапануанцам удавалася ствараць чалавекападобныя фігуры велізарных памераў без інжынерных ведаў і будаўнічай тэхнікі.

Звычайны памер мааі — 3-5 метраў, а сярэдняя шырыня асновы — паўтара метры. Сярэдняя вага такіх статуй прыблізна 5 тон. Не больш за 30-40 статуй маюць вагу больш за 10 тон. Хоць асобныя манументы ёсць вельмі буйныя. Самая буйная статуя — «Эль-Гіганте» памерам не менш за 21 метр, а прыблізная вага не менш за 50 тон.

Значная частка мааі, акрамя сямі статуй, «глядзяць» у глыб вострава. Тыя сем статуй адрозніваюцца яшчэ і тым, што знаходзяцца ўнутры вострава, а не на ўзбярэжжы.

статуі мааі, скультптуры на выспе пасхі
Выгляд вялікай статуі Сярэдняга перыяду гісторыі выспы Рапануі. Фота: wikipedia.org

Больш раннія мааі ўсталёўвалі на цырыманіяльных і пахавальных платформах Аху па перыметры выспы ці на адкрытай мясцовасці. Магчыма, транспарціроўка некаторых статуй так і не завяршылася. Платформаў Аху на выспе цяпер 255 штук: на іх змяшчаліся ад адной маленькай статуі да шэрагу гігантаў.

статуі на выспе пасхі, мааі, рапануі
Выгляд адной з цырыманіяльных платформаў пад назвай Аху Тангарікі. Фота: wikipedia.org

Навукоўцы высоўваюць розныя версіі, што статуі азначалі для племені рапануі. Самая распаўсюджаная — кожны балван увасабляў дух кагосьці з продкаў.

Нядаўна з’явілася новая версія, паводле якой рапануі расстаўлялі статуі па выспе, каб павысіць урадлівасць глебы. Урадлівасці спрыяла трывалае насычэнне глебы часціцамі парод з каменяломняў.

З непатрэбнага ў папулярнае — эмодзі «каменны твар»

Сярод сімвалаў, якія афіцыйна ўваходзяць у наборы эмодзі, ёсць як зразумелыя і відавочныя, так і загадкавыя. Да ліку апошніх адносіцца выява каменнага твару, які афіцыйна называецца мааі, хоць часта гэта эмодзі называюць проста «каменны твар».

Такі эмодзі выглядае як стылізаваны балван з выспы Рапануі. Гэты знак выкарыстоўваецца ў адпаведнасці з фразай «сядзіць з каменным тварам». Эмодзі ўжываюць, калі трэба прадэманстраваць абсалютную абыякавасць да таго, што піша суразмоўца ў сваіх паведамленнях, ці да прачытанага допісу ў сацыяльных сетках. У некаторых выпадках яно таксама азначае маўклівае неразуменне сітуацыі ці няёмкасць ад таго, што адбываецца вакол.

У кадоўцы Юнікод смайлік з’явіўся ў 2010 годзе, а ў 2015 быў дададзены ў самую першую версію Emoji. Доўгі час эмодзі статуі-моаі лічыўся ў інтэрнэце адным з самых бескарысных, і практычна не выкарыстоўваўся. А амерыканскае інтэрнэт-выданне HuffPost назвала «каменны твар» адным з самых непатрэбных эмодзі.

Афіцыйна эмодзі называецца «моаі» — першапачаткова яго ўключылі ў японскі набор як адсылку да помніка каля станцыі «Сібуя», якая нагадвае каменныя маналітныя статуі на выспе Пасхі.

мааі
Мааі на чыгуначнай станцыі Сібуя ў Токіа. Фота: tjournal.ru

З 2016 года «каменны твар» увайшоў у інтэрнэт-лексікон прыхільнікаў K-Pop — своеасаблівага жанру паўднёвакарэйскай музыкі. Яны ўжывалі гэты эмодзі ў самых розных значэннях, напрыклад, калі хацелі прадэманстраваць, што новая песня выканаўцы іх зусім не кранае, ці калі артысты ў кліпах прымалі адпаведны выраз твару.

Наступнай пляцоўкай, на якой «каменны твар» набыў папулярнасць, стаў Instagram. Так мааі ператварыўся ў адзін з інтэрнэт-мемаў, і пакідалі яго, як правіла, у каментарыях да такіх жа мемных пастоў. З інтэрнэт-пляцовак «каменныя галовы» перавандравалі ў камп’ютарныя гульні. Адной з першых стала гульня Fortnite, прыхільнікі якой сталі шырока выкарыстоўваць новы эмодзі. Нарэшце, у 2020 годзе «каменны твар» захапіў і Twitter: у ім эмодзі выкарыстоўвалі, каб паказаць тое, што незразумела, што насамрэч адбываецца навокал. З тых часоў папулярнасць гэтага эмодзі не сціхае, і мааі актыўна выкарыстоўваецца ва ўсіх сацыяльных сетках, у каментарах, пастах і асабістых перапісках.

мемы
Выкарыстанне каменных галоў у англамоўных мемах.

Тады пры чым тут Клімавічы?

У цэнтры ўсходнебеларукага горада Клімавічы, на рагу вуліц Ленінскай і Савецкай, можна ўбачыць тры паменшаныя копіі статуй з вострава Пасхі. Гэтыя скульптуркі вытыркаюцца з зямлі толькі на сантыметраў трыццаць і хаваюцца сярод галінак туй.

Тэма статуй на гэтым не вычарпаецца, бо на той самай вуліцы Савецкай у Клімавічах ёсць традыцыйная скульптура Леніна. Выглядае нейкім прыхаваным сімвалізмам размяшчэнне на адной вуліцы бальшавіцкага ідала і статуй, што вельмі нагадваюць мааі з далёкага Рапа-Нуі.

клімавічы, статуі з выспы пасхі
Паменшаныя копіі статуй з вострава Пасхі. Фота аўтара

Бальшавіцкі балван лакалізуецца насупраць будынка з калонамі ў стылі савецкага ампіру — раённага Цэнтра культуры. Адметнасць скульптуры ў тым, што яе паставілі ўжо ў 1990-х гадах. Так сталася таму, што папярэднюю, бронзавую, скралі. Адзначым, што колішні бронзавы Ленін быў работы знакамітага беларускага скульптара яўрэйскага паходжання Заіра Азгура.

ленін у клімавічах
Ільіч постсавецкі — бальшавіцкі балван, выгляд звычайны, час устаноўкі нетыповы. Фота: archivarta.by

З тэмай пакланення і памяці продкаў у Клімавічах звязанае яшчэ адно месца, а менавіта тэрыторыя Свята-Міхайлаўская царква сярэдзіны ХІХ стагоддзя. На ёй знаходзіцца масіўны каменны крыж і каменнае надмагілле, якія з’явіліся тут каля дзесяці год таму.

Каменны крыж раней ляжаў на Мілаславіцкіх могілках. Спачатку яго перавезлі да мілаславіцкай царквы, а за савецкім часам прыбралі на ўскраіну могілак, дзе ён доўгія дзесяцігоддзі праляжаў на зямлі.

Увосень 2011 года каменны крыж прывезлі ў дворык Свята-Міхайлаўскага храма, а побач паставілі камень з выявай крыжа, які знаходзіўся раней у Судзілах. На яго паверхні знаходзяцца выявы хрысціянскага крыжа і паўмесяца.

крыж і надмагілле ў клімавічах, клімавічы ў беларусі
Каменны крыж і каменнае надмагілле на тэрыторыі Свята-Міхайлаўская царквы. Фота: wikipedia.org

Так у Клімавічах атрымаўся рэлігійны сінкрэтызм, дзе хрысціянская традыцыя спалучылася з традыцыйнымі ўяўленнямі беларусаў. Знайшлося тут і месца для статуй мааі з далёкай выспы Пасхі.

Хведар Прылёпаўскі

Вярнуцца ўгару