Натхненне

Шлюбныя кайданкі ў выгнанні: як аўтарытарызм застаецца часткай сям’і


Шлюбныя кайданкі ў выгнанні: як аўтарытарызм застаецца часткай сям’і

Патрыярхальная мадэль адносін, прывычная для беларускага грамадства, у эміграцыі набывае  яшчэ адзін інструмент кантролю. У гэтым матэрыяле PALATNO разам са спецыялісткамі і на канкрэтных прыкладах разбярэ, як статус, дакументы, пагрозы дэпартацыі і шантаж стратай апекі над дзецьмі становяцца ключавымі фактарамі ўразлівасці жанчыны.

«У Беларусі ты адсядзіш 10 гадоў. Так табе і трэба, сука…»

Першая гераіня Наталля (імя зменена) знаходзіцца ў іміграцыі ад 2022 года. Яе муж, былы музыка аднаго з андэграундных беларускіх гуртоў, з’ехаў у Літву на заробкі па працоўнай візе за год да яе і падаўся на гуманітарны дазвол на жыхарства. Праз год Наталля атрымала польскі ДНЖ і змагла далучыцца да яго ў Вільні.

— Я з маленькім дзіцем прыехала ў краіну, дзе ў мяне не было ні сяброў, ні разумення, як тут усё працуе. Усё маё асяроддзе заставалася не ў Літве. А ў яго тут ужо было велізарнае кола знаёмстваў — і з Беларусі, і тых, з кім пазнаёміўся ўжо тут. Ён тусаваўся з журналістамі, юрыстамі, праваабаронцамі. Такі «свой хлопец», а я проста згубілася.

У Наталлі была прыватная практыка псіхолага, так яна зарабляла на жыццё. Яе заробак быў ў два разы большы, чым у сярэдняга спецыяліста ў Літве. Дзейнасць Наталлі не была аформленая, таму атрымлівала грошы праз картку сваяка, а потым іх перасылалі жанчыне ці яе мужу. Па словах Наталлі, менавіта гэтым потым і скарыстаўся муж, каб абвінаваціць у агенцтве.

Фінансавы кантроль у іх сям’і пачаўся амаль адразу: муж браў яе грошы, якія былі адкладзены на крэдыт, і траціў іх. Затым пачаў патрабаваць у жанчыны знайсці «нармальную працу».

Гвалт пачаўся адразу, як пераехала. Алкаголь, тусоўкі, сябры. Яны працягвалі піць, а ён проста  выпадаў з жыцця. Потым былі пагрозы, фінансавыя абмежаванні. І разам з гэтым — поўнае знешняе адмаўленне яго праблем. Для ўсіх ён быў «найлепшы тата». А я — нібыта шэрая пляма, якую ніхто не бачыць. А дома заўсёды скандалы: «Ды што ты без мяне зробіш? Каму ты тут патрэбная?»

Праз некаторы час Наталля збіралася ўладкавацца на працу, каб атрымаць літоўскі дазвол на жыхарства. Адзіны варыянт быў у Каўнасе. У ноч перад ад’ездам у дом прыйшоў  п’яны муж. Пачаў ставіць ультыматумы — каб шукала грошы, інакш выганіць.

Я сказала, што раніцай еду афармляць дакументы па працы. А ён: «У сэнсе, ты з’язджаеш?» — і тут пачалося. Сказаў, што мяне зарэжа, і пацягнуўся да нажа.

Пагрозы працягваліся да раніцы. Наталля запісала ўсё гэта на дыктафон. Па словах жанчыны, самым цяжкім была рэакцыя сына. Ён сядзеў на руках Наталлі і казаў бацьку, каб той не чапаў маці.

дамашні гвалт, гвалт у сям'і
Выява створана штучным інтэлектам.

Іншыя пагрозы ад мужа тычыліся статусу Наталлі ў Літве. Мужчына пагражаў, што пазбавіць яе візы:

— Паўтараў, што здасць мяне як замежнага агента, што мяне вывезуць з Літвы, а ў Беларусі сустрэнуць: «Прымуць, і правільна, што ты адсядзіш 10 гадоў. Так табе і трэба, сука».

Муж ведаў, што ў Беларусі ў Наталлі заставаліся бацькі, брат з сям’ёй, у іх быў бізнес. Ён адкрыта казаў жанчыне, што зробіць усё, каб у яе бацькоў у Беларусі пачаліся праблемы. Па словах Наталлі, асяроддзе мужа ў Літве падтрымлівала яго. Ад знаёмых жанчына даведалася, што на яе збіраецца нейкае «дасье».

З часам Наталля змагла атрымаць дазвол на жыхарства ў Літве на паўгода. Яна адзначае, што муж даваў ёй парады, якія толькі зацягнулі час і зрабілі тую працу больш складанай і менш плённай. У выніку Наталля была мусіла з’ехаць у Грузію, а дзіця засталося з мужам.

— У нейкі момант сацыяльная апека забрала ў яго дзіця. Ён быў п’яны на вуліцы з дзіцем. Паліцыя спыніла, пачала правяраць даументы. Яны былі ў апрацоўцы на падаўжэнне. Яго забралі ў пастарунак, а дзіця — сацслужбы. Пазней мне патэлефанавалі і запыталіся, ці часта ён ужывае алкаголь. Я не магла сказаць праўду, бо гэта магло ўдарыць па дзіцяці. Хутка вярнулі сына, а ён працягвае піць.

Наталлю звязалі з праваабаронцамі яшчэ ў час, калі знаходзілася ў Літве, аднак нічым не змаглі дапамагчы. Пазней знаёмыя параілі жанчыне звярнуцца ў «Краіну для жыцця», дзе яна атрымала некалькі кансультацый. Юрыст працаваў па кейсе Наталлі, але выхад яны так і не знайшлі: любы судовы канфлікт пагражаў тым, што сацыяльныя службы маглі забраць сына.

Наталля не звярталася да праваабаронцаў па справах легалізацыі, бо баялася наступстваў для сваякоў у Беларусі.

— Мой галоўны страх — што забяруць дзіця.

«Я стала адчуваць сябе конікам, які цягне ўсё на сабе»

Крысціна (імя змененае) пераехала разам з мужам і дзіцем у Літву ў 2022 годзе. У жанчыны і дзіцяці былі нацыянальныя візы, але тэрмін хутка павінен быў скончыцца. Яна аформіла новую візу, затым падалася на дазвол на жыхарства. У мужа быў дазвол на жыхарства праз вучобу. У 2024 годзе Крысціна атрымала гуманітарны дазвол на жыхарства.

— Муж не ведаў нюансаў, хаця ўжо жыў у Літве. Усё рабіла я сама. Нават яго ўласная легалізацыя — мая ініцыятыва.

Да ад’езду з Беларусі з боку сілавых органаў былі намёкі, а дзеянні пачаліся пасля ад’езду. Муж рэгулярна ездзіў у Беларусь, яго затрымлівалі на мяжы, дапытвалі таксама сяброўку Крысціны. Муж паведаміў Крысціне пасля аднаго з першых допытаў на мяжы, што на яе ўзбудзілі крымінальную справу. Крысціна была палітычна актыўнай: знаходзілася ў «экстрэмісцкіх спісах», адміністравала чаты.

Крысціна расказвае, што адносіны з мужам змяніліся адразу пасля пераезду. Па яе словах, яны жылі рознымі жыццямі. Яна ездзіла па семінарах і з дэлегацыямі, а ён не цікавіўся, куды з’язджае жонка.

— Пасля смерці бацькі не магла паехаць у Беларусь. Мне было вельмі цяжка. Каб выйсці з гэтага стану, пачала працаваць прыбіральшчыцай па тры гадзіны ў дзень. Мне гэта дапамагло, а нашы адносіны з мужам канчаткова разваліліся. Я прасіла дапамогі, а ён з’язджаў на самакаце на пляж загараць. Урэшце, я стала адчуваць сябе конікам, які цягне ўсё на сабе.

Муж пачаў зрывацца на дзіця, і гэта стала для Крысціны паваротным этапам. Яна прыгадвае выпадак, пасля якога зразумела, што стасункі з мужам выходзяць за межы нармальнасці.

— Да мяне прыйшлі госці — гэта былі сябры, калегі, мы ладзілі барбекю — такі спакойны, сямейны дзень. І тут ён уварваўся на двор і пачаў крычаць. Маўляў, каго гэта я прыцягнула, што я павінна неадкладна залаціць яму 30 еўра за карыстанне мангалам. Мне  было так сорамна перад людзьмі, што я не ведала, куды глядзець. Мая маці дастала грошы і аддала яму, пасля ён сышоў. Усе былі ў шоку.

Крысціна расказвае, што ў адносінах быў толькі псіхалагічны гвалт. Аднойчы, адзначае жанчына, муж давёў да стану, калі яна пачала яго збіваць.

— Ён пачаў здымаць гэта на тэлефон, але я была ў такім афекце, што казала: «Мне ўсё роўна, я заб’ю цябе зараз». Потым ён мяне шантажаваў гэтым відэа. Спачатку баялася, што ў мяне забяруць сына. Затым скончыліся сілы баяцца, і я сказала яму, каб рабіў, што хоча.

Калі Крысціна атрымала гуманітарны дазвол на жыхарства, муж запатрабаваў, каб аформіла ўз’яднанне. Яна адмовілася. Пасля мужу прыпынілі разгляд дазвола на жыхарства праз праверку Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі. З таго моманту, паводле слоў мужа Крысціны, ён пачаў камунікаваць з мясцовымі органамі дзяржбяспекі і «здаваць» жанчыну і яе маці.

Пасля прыпынення разгляда па атрыманні дазвола на жыхарства муж вярнуўся ў Беларусь. Адтуль напісаў ліст у дэпартамент міграцыі і патрабаваў вярнуцца да разгляду дазвола на жыхарства, таму што ў Літве засталася сям’я. Дэпартамент міграцыі, верагодна, пайшоў на сустрэчу і выдаў дакумент. 

дамашні гвалт, гвалт у сям'і
Выява створана штучным інтэлектам.

У нейкі момант муж атрымаў доступ да яе тэлефона і пачаў пісаць паведамленні ўсім мужчынам з кантактаў.

— Калі я пачала чытаць гэтыя паведамленні, то страціла прытомнасць. Там такі жах! Але напісана так пераканаўча, што я аж сама паверыла. Праз некалькі дзён падкінуў тэлефон, быццам нічога не адбылося. Я звярнулася ў паліцыю, але там адмовіліся адкрываць справу, бо тэлефон жа ў мяне. Наконт распаўсюду маіх асабістых дадзеных нават не сталі разглядаць, бо мы ж муж і жонка. Гэта было балюча, бо атрымліваецца, мая прыватнасць нават не ўлічваецца.

Крысціна звярталася ў паліцыю некалькі разоў. Першы раз быў тады, калі муж зладзіў публічны скандал у рэстаране: тады ніякай справы не адкрылі, бо не было фізічнага ўдзеяння.

Усё змянілася, калі падчас аднаго з выклікаў прыехала жанчына-паліцэйская. Пасля атрымання ахоўнага ордэра мяне выклікалі ў службу аховы дзяцей. Растлумачылі, што ёсць тры варыянты: самастойна разабрацца, перадаць справу ў сацыяльную службу або часова забраць дзіця. Спачатку Крысціна выбрала першы варыянт, але хутка звярнулася ў сацыяльную службу і падала на развод у Літве.

— Я раю жанчынам не маўчаць і не баяцца. Трэба ўсім расказваць, што адбываецца. Звяртацца да сацыяльных службаў, паліцыі, у медыяцыю. Грукайцеся ва ўсе дзверы. Выкарыстоўвайце ўсе механізмы, якія існуюць. Там працуюць людзі, якія дакладна ведаюць, што рабіць.

«Калі дзяржаўны гвалт квітнее, звычайныя людзі прызвычайваюцца выкарыстоўваць гвалт для сваіх паўсядзённых патрэбаў»

Гендарная даследчыца Ірына Сідорская адзначае, што паводзіны аб’юзераў у беларускіх супольнасцях эміграцыі нельга разглядаць па-за культурным і палітычным кантэкстам, у якім была выхаваная большасць жанчын. Патрыярхальная мадэль сям’і, умацаваная аўтарытарнай прапагандай, фарміруе перакананне, што мужчына валодае большай уладай і кампетэнтнасцю, а яго словы нібыта заўжды маюць рэальныя наступствы.

— Нормы патрыярхату — гэта калі жанчына ўспрымае: калі ёсць муж ці партнёр, то яны адна сям’я, адна структура. І ўсё, што робіць муж — добрае ці кепскае — абавязкова адаб’ецца на ёй. Яна не можа застацца да гэтага індыферэнтнай ні ментальна, ні фізічна. Яна ўспрымае сябе не як самастойную адзінку, а як частку «ячэйкі грамадства». Жанчына сапраўды можа думаць, што калі мужчына нечым пагражае, значыць так яно і будзе. Гэта не рацыянальна, але так працуе патрыярхат.

Другі важны пласт — унутраны досвед страху, які фарміраваўся дзесяцігоддзямі. Беларусы прывыклі жыць у атмасферы татальнага страху. Працяглая гісторыя рэпрэсій зрабіла даносы і ўмяшанне службаў інструментамі, якія людзі ўспрымаюць як небяспечныя нават па-за межамі Беларусі.

— Страх — базавая эмоцыя, і рэжым Лукашэнкі яго прадуцыруе бясконца. Пабачыўшы той узровень гвалту, людзі пачынаюць «дуць на ваду». Таму тое, што жанчыны баяцца, цалкам зразумела. Калі дзяржаўны гвалт квітнее, звычайныя людзі прызвычайваюцца выкарыстоўваць гвалт для сваіх паўсядзённых патрэбаў. Гэта адна сістэма.

Асобны пласт уразлівасці ўзнікае з-за таго, што ў дыяспары мужчына часта мае значна вышэйшы сімвалічны статус, чым жанчына.

— Статус партнёраў часта розны. Мужчына — вядомы журналіст, актывіст, праваабаронца, чалавек з прафесійнай сеткай падтрымкі. А жанчына — «невядомая», без сацыяльнага капіталу, без уласнай супольнасці. І калі яна пачынае гаварыць пра гвалт, яго супольнасць аўтаматычна становіцца на яго бок. Гэта класічная патрыярхальная схема: віна перакладаецца на жанчыну, узнікае вікцімблеймінг. Эміграцыя — гэта дадатковыя выклікі. Жанчыны і так з’яўляюцца ўразлівай групай, а асабліва — жанчыны з дзецьмі.

Як сістэма працуе са скаргамі жанчын у Літве

PALATNO паразмаўляла са спецыялістамі, якія працуюць у Літве. Арганізацыя «Краіна для жыцця» дапамагае і кансультуе па пытаннях эміграцыі беларусак і беларусаў, якія знаходзяцца ў Літве.

— Ці часта сустракаюцца выпадкі, калі муж выкарыстоўвае залежнасць жонкі ад дазволуу на жыхарства як інструмент кантролю або шантажу?

— Мы сутыкаліся з такімі гісторыямі, але іх было няшмат. Мы кансультуем два з паловай гады па міграцыйных пытаннях беларусаў, якія знаходзяцца ў Літве з-за палітычных рэпрэсій. Мы маем досвед толькі ў тых кейсах, якія праходзілі праз нас, то бок, наша выбарка не рэпрэзентатыўная. Мы не можам казаць, што так адбываецца ва ўсёй супольнасці беларусаў у Літве. У нас было некалькі зваротаў ад жанчын, якія цярпелі ад дамашняга гвалту.

— Якія формы гвалту часцей за ўсё прысутнічалі ў такіх сітуацыях?

— У тых сітуацыях, з якімі мы працавалі, быў псіхалагічны, фізічны і юрыдычны гвалт: пагрозы жыццю, здароўю, «я напішу ў ДДзБ (заўв. PALATNO — Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі) Літвы — і цябе дэпартуюць». Трэба разумець, што наш праект не з’яўляецца праектам абароны жанчын ад дамашняга гвалту. Бо мы працуем з больш шырокай рамкай, але наступствы гвалту тычацца і нашай тэмы.

— Як рэагуюць літоўскія органы, калі жанчына паведамляе пра гвалт?

— Мы ведаем дакладна пра адзін з выпадкаў, калі паліцыя спрацавала на 120% прафесійна. Гісторыя тычылася пары, якая жыла разам незарэгістраваным шлюбам. Хлопец перыядычна ўжываў гвалтоўныя практыкі да дзяўчыны: адбіраў грошы, біў, ужываў псіхалагічны гвалт. Падчас чарговага нападу суседзі выклікалі паліцыю, бо непакоіліся па здароўе і жыццё дзяўчыны. Прыехалі двое паліцэйскіх — мужчына і жанчына, дзверы адчыніў агрэсар і спрабаваў зрабіць выгляд, што ўсё добра. Жанчына-паліцэйская заўважыла рэакцыю і стан дзяўчыны, яны з калегам затрымалі агрэсара.

— Ці здараюцца выпадкі, калі муж або іншыя асобы падавалі ў Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі заявы супраць жонкі, каб стварыць ёй праблемы са статусам?

— Мы ведаем пра такія захады. Дзве жанчыны, з якімі мы працавалі, казалі аб пагрозах іх партнёраў звярнуцца ў дэпартамент менавіта з такой мэтай.

— Ці дастаткова такой заявы, каб жанчыну прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы?

— ДДзБ не расказвае, як яны праводзяць праверкі. Па зразумелых прычынах, мы не можам ведаць, а можам толькі здагадвацца. Гледзячы на тое, як ДДзБ абгрунтоўвае свае заключэнні аб прызнанні беларусаў і беларусак пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы, мы прыходзім да высновы, што адной скаргі ад чалавека недастаткова. Ацэнка рызыкаў з боку ДНБ усё ж больш грунтоўнтая.

— Ці ёсць прыклады, калі жанчына змагла захаваць легалізацыю пасля разводу?

— Мы працавалі і працягваем працаваць з некалькімі кейсамі, дзе жанчыны былі легалізаваныя па ўз’язданні з мужам. У Беларусь ім небяспечна вяртацца з-за пагрозы пераследу па палітычных матывах. Але шлюбы распадаліся. Каб жанчыны не заставаліся без легалізацыі і з рызыкай вяртання ў Беларусь, яны атрымлівалі гуманітарны дазвол на жыхарства. Такіх выпадкаў не вельмі шмат, але практыка ёсць.

— Што можа зрабіць жанчына ўжо сёння, калі баіцца страіць статус і не ведае, як дзейнічаць?

— Звяртацца па дапамогу і кансультавацца, пакуль сітуацыя не стала горш, пакуль яшчэ ёсць выхад і час. У Літве ёсць магчымасці атрымаць кансультацыю бясплатна ў некалькіх арганізацыях: Чырвоны крыж, Caritas, MiCenter, BYSOL і мы. Калі незразумела, куды бегчы ў пачатку — можна напісаць нам. Мы ці дапаможам, ці перанакіруем запыт іншым арганізацыям, бо за два з паловай гады працы пазнаёміліся бадай з усімі, хто працуе ў полі легалізацыі ў Літве.

 

Аўтар Канстанцыя Ляхновіч