У ВКЛ турмы выглядалі больш жорстка, чым сучасныя: гэта былі вежы пры замку з падземнымі камерамі для асабліва небяспечных вязняў. Аднак нават тая турэмная сістэма жыла па сваіх правілах, якія ўпершыню з’явіліся ў Статуце 1588 года. У ім фіксаваліся ўсе нормы і платы.
PALATNO расказвае, як вязні сядзелі ў вялікалітоўскіх турмах.
Змест
Хто, колькі і за што плаціў за кратамі
У ВКЛ людзі сядзелі ў турме не за бясплатна. У Статуце 1588 года максімальная плата за турэмную адсідку выразна фіксавалася: шляхціч плаціў 48 грошаў, 24 — звычайны чалавек. Менавіта Статут зафіксаваў гэтыя кошты па ўсёй дзяржаве.
Грошы за адсідку ў вялікалітоўскай турме бралі адзін раз, калі чалавек выходзіў з турмы. Калі чалавек выйшаў на волю, то ён ці плаціў сам, ці за яго плаціў той, з-за каго ён у гэту турму трапіў. Калі чалавека каралі смерцю, то плаціў бок абвінавачвання.
У многіх сярэднявечных сістэмах утрыманне вязня было справай таго, хто гэтага вязня зняволіў. У ВКЛ адбылося па-іншаму, бо за ахову зняволенага павінна была плаціць дзяржава. То бок, менавіта дзяржава аплачвала працу ахоўнікаў.
Праўда, увесь цяжар клопату за зняволеных дзяржава не брала. Асабліва гэтага тычылася выпадкаў, калі вязень быў без маёмасці. За ежу плацілі самі вязні ці яго сваякі па 4 пенязі ў дзень. Гэта сціплая сума, дзякуючы якой можна было толькі неяк выжыць да прысуду.
Карупцыя ў вялікалітоўскіх турмах і кантроль з боку пацярпелых
Карупцыя ў турме была рэальнай з’явай. У вялікалітоўскіх турмах вязень мог атрымаць лепшае месца, а часам можна было нават адцягнуць час да самой адсідкі.
У Статуце 1588 года закрыць карупцыйныя схемы таго часу паспрабавалі забаронай турэмнай адміністрацыі рабіць любыя выключэнні вязням. За незаконнае змякчэнне ўмоў (калі асуджанага ўнізе вежы пераводзілі наверх ці давалі печку) прадугледжваўся штраф на карысць пацярпелага боку.
Статут 1588 года ўвёў норму, якой раней ў вялікалітоўскім заканадаўстве не існавала. Пацярпелы бок меў права сачыць за тым, дзе і як сядзіць яго крыўдзіцель.
Цікава, што гэтаму праву не маглі перашкодзіць прадстаўнікі турэмнай адміністрацыі. За перашкоду маглі даць штраф у 40 коп грошай. Гэта была вялікая сума, якая ў 50 разоў перавышала плату адсідку ў турме за шляхціча.
Што рабілі, калі вязні ўцякалі?
Калі вязень уцякаў з турмы, то гэта лічылася сур’ёзным правалам дзяржаўнай сістэмы. Турма ў ВКЛ павінна была гарантаваць, каб абвінавачаны не ўцёк да суда ці пасля яго.
А што рабілі, калі вязень уцякаў? Чалавек, які непасрэдна трымаў зняволенага пад вартай, павінен быў уцекача адшукаць і даставіць у суд. На гэта адводзілі да 12 тыдняў. Калі ўцякаў той, каму пагражала смяротная кара, то давалі тэрмін крыху большы — да 6 месяцаў.
Калі зняволеных сілай вызвалялі ці арганізоўвалі напад на турмы з гэтай мэтай, то ўсіх каралі смерцю.
Калі вязня не знаходзілі, то службовая асоба павінна была пакрыць шкоду пацярпеламу боку. У выпадку са «смертнікам» трэба было прысягнуць, што ўцёкі адбыліся без змовы.
Уцекачоў маглі лавіць не толькі службовыя асобы, але і пацярпелы бок. Дарэчы, суд над схопленым чалавекам мог адбывацца ў той мясцовасці, дзе яго знайшлі.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Палілі, пакідалі ўзімку на марозе, выкрадалі шляхцянак. Як шукалі і знаходзілі злачынцаў у XVI стагоддзі
