У 1994 годзе Лукашэнка заняў пост прэзідэнта, а з 1999 года пачалі бясследна знікаць людзі, не згодныя з яго кіраўніцтвам. А вы ведаеце, што пасля выбараў 2020-га ў краіне зніклі каля ста чалавек? Яны перасталі выходзіць на сувязь са сваякамі, іх таксама няма ў афіцыйных спісах затрыманых.
PALATNO расказвае, як пры згодзе Лукашэнкі ліквідуюць яго апанентаў, колькі людзей ужо знікла і па якой прычыне людзі знікаюць.
Змест
Юрый Захаранка
Юрый Захаранка да 1991 года быў начальнікам упраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама. Затым — начальнікам следчага ўпраўлення, а пасля ўзначальваў Следчы камітэт МУС Беларусі.
Пасля выбараў прэзідэнта ў 1994 годзе Захаранку прызначылі на пасаду міністра ўнутраных спраў. У кастрычніку 1995-га Лукашэнка адправіў яго ў адстаўку, а пазней — панізіў у званні да палкоўніка міліцыі і звольніў з МУС.
Пасля гэтага Юрый Захаранка перайшоў на бок апазіцыі. У лютым 1998 года ён узначаліў камітэт па бяспецы ў складзе «ценявога ўрада». Увесну 1999-га Захаранка ўдзельнічаў у кампаніі па выбарах прэзідэнта, якую арганізавала апазіцыя. Таксама ўваходзіў у каманду былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра, ездзіў па краіне, арганізоўваў групы па зборы подпісаў.
7 мая 1999 года Захаранка патэлефанаваў дадому і сказаў жонцы: «Хутка прыйду, грэй вячэру», але дадому так і не вярнуўся.
Крымінальную справу аб знікненні міністра ўзбудзілі праз чатыры месяцы.
«Адразу пасля знікнення Юрыя Захаранку шукалі як зніклага без вестак, у першыя дні ніякіх звестак пра тое, што яго знікненне носіць крымінальны характар, не было. Па заяве дачкі Юрыя Мікалаевіча была адкрыта аператыўна-вышуковая справа», — расказваў юрыст Алег Волчак.
Праз пару дзён стварылі і грамадскую камісію па расследаванні. У раёне, дзе жыў Захаранка, актывісты расклеілі ўлёткі. Дзякуючы расказам сведак, устанавілі, што былога міністра ўнутраных спраў гвалтоўна выкрала невядомая група асоб.
Усе паказанні сведак, якія ўдалося сабраць грамадскай камісіі, перадалі аператыўнікам, якія вялі гэтую справу. Аднак і пасля гэтага крымінальную справу не распачалі. Тлумачылі гэта тым, што сабраныя матэрыялы маюць патрэбу ў дадатковай праверцы.
Справу распачалі праз два дні пасля знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Расследаванне да канца так і не давялі.
Экс-баец спецатрада МУС Беларусі (САХР) Юрый Гараўскі ў 2019 годзе ў інтэрв’ю Deutsche Welle заявіў, што Захаранку выкралі байцы спецыяльнага атрада хуткага рэагавання ўнутраных войск МУС Беларусі. Перад гэтым за Захаранкам каля паўтара тыдня сачыла група з васьмі чалавек пад кіраўніцтвам камандзіра роты САХРа Дзмітрыя Паўлічэнкі. Яны ведалі, дзе Захаранка паставіць сваю машыну і колькі метраў яму ісці ад стаянкі да дома. Чатыры байцы атрада спынілі Захаранку, калі ён ішоў дадому і быў без аховы, прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі. Захаранку прывезлі на вучэбную базу ўнутраных войск у раёне Валоўшчыны пад Мінскам. Яго забілі са спецыяльнага пісталета з глушыцелем, які выкарыстоўваецца для выканання смяротных прысудаў у Беларусі. У інтэрв’ю Гараўскі сцвярджае, што страляў асабіста Паўлічэнка. Пасля забойства цела павезлі ў Мінск, на МКАДзе машына павярнула ў бок Паўночных могілак. Паўлічэнка адвёз цела ў крэматорый. Што адбылося з целам далей, Гараўскі не ведае.
Былы афіцэр разведкі ГРУ, палкоўнік запасу Уладзімір Барадач выйшаў на след злачынства і сустрэўся з начальнікам крэматорыя Паўночных могілак. Па словах Барадача, начальнік незаконна спаліў цела Захаранкі. Пасля гэтай сустрэчы на Барадача напалі, збілі, аблілі бензінам і падпалілі. Мужчына вырашыў з’ехаць з краіны.
Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі
У 1994 годзе пост прэзідэнта Беларусі заняў Лукашэнка, а праз пяць гадоў павінны былі прайсці новыя выбары. Але ў 1996 годзе Лукашэнка правёў канстытуцыйную рэформу, у выніку якой прэзідэнцкі тэрмін «абнуліўся». Пяць гадоў ужо адлічваліся ад моманту прыняцця новай канстытуцыі. Выбары ў 1999 годзе не адбыліся.
У 1996 годзе Лукашэнка распусціў Вярхоўны Савет, замест яго сфарміраваўся Нацыянальны сход. Частка дэпутатаў ВС казала, што новая канстытуцыя несапраўдная, а адзіны легітымны парламент — Вярхоўны Савет. У 1999-м гэтая частка дэпутатаў паспрабавала правесці прэзідэнцкія выбары.
Першым намеснікам старшыні ВС і кіраўніком альтэрнатыўнага ЦВК быў Віктар Ганчар. Кандыдатаў на выбарах у 1999-ым было двое — першы прэм’ер-міністр Беларусі ў 1994-1996 гадах Міхаіл Чыгір і Зянон Пазняк. Ніякіх участкаў не было, камісіі хадзілі па дамах са скрынямі.
19 верасня 1999 года павінна была адбыцца сесія Вярхоўнага Савета пад старшынствам Віктара Ганчара. На ёй планавалі прыняць рашэнне аб нацыянальнай кампаніі па адхіленні Лукашэнкі ад улады на падставе сабраных доказаў парушэнняў прэзідэнтам законаў РБ. Але сесія не адбылася, таму што за тры дні да гэтага Ганчар знік.
Апошні раз жывымі Віктара Ганчара і ягонага сябра Анатоля Красоўскага бачылі ўвечары 16 верасня 1999 года. Анатоль Красоўскі быў бізнесменам, які фінансава падтрымліваў грамадскія арганізацыі Беларусі, у тым ліку і палітычна незалежныя. Быў праціўнікам Лукашэнкі падчас рэферэндуму 1996 года.
Побач з лазняй, дзе яны былі, знайшлі аскепкі фар, сляды тармажэння машыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві. Вынікі генатыпаскапічнай экспертызы паказалі, што з верагоднасцю ў 99,6% гэта кроў Ганчара.
Пасля гэтага намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Іван Пашкевіч выказаў здагадку, што Ганчар інсцэніраваў сваё знікненне, таму што пра яго сталі забываць.
«Каб прыцягнуць да сябе ўвагу, ён, хутчэй за ўсё, падобна экс-міністру ўнутраных спраў Юрыю Захаранку, выехаў за мяжу або на адну з дач сваіх знаёмых, дзе цяпер знаходзіцца ў поўным здароўі», — сказаў Пашкевіч.
Кіраўнік Вярхоўнага Савета трынаццатага склікання Сямён Шарэцкі звязаў знікненне Ганчара з будучай сесіяй.
«Гэта тое ж самае, што адбылося са мной. Напярэдадні сесіі я быў папярэджаны, што на мяне рыхтуецца тое ж самае, і быў вымушаны пакінуць краіну… Лукашэнка спалохаўся сесіі і ў цэлым апазіцыі. І таму паспрабаваў абезгаловіць ВС».
Старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч сказаў, што знікненне Ганчара выгадна перш за ўсё ўладзе: «Відавочна, што ўлады настроеныя на зрыў перамоў. Я перакананы, што перамовы не адбудуцца. Лукашэнка не здольны да дыялогу, у яго стылі толькі маналог».
Крымінальную справу па факце знікнення Ганчара і Красоўскага распачалі праз чатыры дні па артыкуле «наўмыснае забойства». У лістападзе 2000 года затрымалі камандзіра роты САХРа Дзмітрыя Паўлічэнку. Яго затрыманне ініцыяваў Уладзімір Мацкевіч, кіраўнік КДБ на той момант. Ён казаў, што «ў матэрыялах аператыўнай распрацоўкі маюцца дакладныя звесткі аб тым, што Паўлічэнка з’яўляецца арганізатарам і кіраўніком злачыннай групы, якая займаецца выкраданнем і фізічнай ліквідацыяй грамадзян». Праз некалькі дзён Паўлічэнку вызвалілі, а Мацкевіча адправілі ў адстаўку.
У 2003 годзе следства прыпынілі.
Таксама вядома, што ў красавіку 1999 года ў КДБ падрыхтавалі дакумент па барацьбе з радыкальнай апазіцыяй, да якой прыпісвалі Ганчара. Юрыст Гары Паганяйла, які прадстаўляў у судзе інтарэсы жонак зніклых, не выключаў, што «ў дакуменце ішла гаворка аб фізічнай ліквідацыі апанентаў рэжыму».
Дзмітрый Завадскі
Дзмітрый Завадскі ў 1994-1997 гадах працаваў на «Першым канале» Беларускага тэлебачання, быў асабістым аператарам Лукашэнкі. З 1997 па 1999 год быў аператарам карпункта тэлеканала ОРТ у Беларусі. Затым працаваў па кантракце ў Чачні аператарам часовага прэс-цэнтра МУС Расіі.
Разам з журналістам Паўлам Шараметам зняў сюжэт, дзе паказаў, якой ненадзейнай была ахова беларуска-літоўскай мяжы. Пасля гэтага Завадскага разам з кіроўцам Яраславам Аўчыннікавым затрымалі за «незаконны пераход мяжы». Вызвалення Дзмітрыя і Яраслава патрабаваў прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын. Пасля месяца ў няволі Завадскага і Аўчыннікава вызвалілі, потым асудзілі на ўмоўныя тэрміны. Завадскі працягнуў працу з Шараметам, у 1999-2000 гадах яны ездзілі ў Чачню, дзе знялі фільм «Чачэнскі дзённік».
7 ліпеня 2000 года Завадскі ехаў з дому ў аэрапорт у Мінску, каб сустрэць свайго сябра Паўла Шарамета. Пазней яго машыну знайшлі ў аэрапорце, але самога Завадскага там не было. Паводле следства, мужчыну выкрала група ўзброеных людзей у колькасці 5-6 чалавек.
Пасля знікнення Дзмітрыя ўзбудзілі крымінальную справу па артыкуле «забойства», аднак потым абвінавачанне перакваліфікавалі на «выкраданне і незаконнае пазбаўленне чалавека волі».
14 сакавіка 2002 года Мінскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў выкраданні Завадскага афіцэраў спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка, былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза, а таксама Сяргея Савушкіна.
Паводле абвінавачання, матывам злачынства стала помста: Завадскі публічна абвінаваціў Ігнатовіча ва ўдзеле ў вайне на баку чачэнскіх байцоў. Аднак ніхто з асуджаных не прызнаў сваёй віны ні па адным з эпізодаў.
27 лістапада 2003 года суд Фрунзенскага раёна г. Мінска прызнаў зніклага журналіста памерлым. Між тым, цела Дзмітрыя Завадскага дагэтуль не знайшлі.
Расследаванне па справе аб знікненні Завадскага некалькі разоў аднаўлялася і прыпынялася зноў.
Юрый Корбан
Юрый Корбан быў кіраўніком віцебскага Цэнтра моладзевых ініцыятыў «Контур», намеснікам старшыні мясцовай гарадской арганізацыі БНФ і галоўным кандыдатам на пасаду кіраўніка абласной суполкі БНФ.
У 2002 годзе, перад тым, як знікнуць, Корбан тэлефанаваў маці то з Віцебска, то з Берасця, то з Варшавы, а апошнія тэлефанаванні былі са сталічных раёнаў Серабранка і Чыжоўка. Спачатку Юрый казаў, што неўзабаве прыедзе дадому, а пасля — што сустрэў нейкага чалавека і змушаны на пэўны час з’ехаць разам з ім. Потым ён сказаў, што яны з маці могуць больш не ўбачыцца.
Падчас апошняй тэлефоннай размовы 23 студзеня Корбан папрасіў маці знайсці буйную суму грошай — калі што, нават прадаць кватэру — і прывезці іх 28 студзеня ў Мінск. Сябры Юрыя кажуць, што гаворка ішла пра 20 тысяч долараў.
Сустрэчы не адбылося, таму што Юрый не прыйшоў. Больш тэлефанаванняў не было.
Маці Юрыя ўпэўненая, што гэта справа толькі палітычная, што яе сын пацярпеў за сваю грамадска-палітычную дзейнасць.
Адразу пасля знікнення Корбана па Мінску распаўсюдзілі ўлёткі з яго апісаннем. 12 лютага РАУС Чыгуначнага раёна Віцебска ўзбудзіў крымінальную справа па факце знікнення. 12 красавіка справу прыпынілі ў сувязі са сканчэннем двухмесячнага тэрміну. Аднак пасля скаргі маці ў пракуратуру справу працягнулі да 26 мая.
У тым жа годзе на прэс-канферэнцыі ў Мінску лідар моладзевай арганізацыі «Малады фронт» Павел Севярынец выказаў меркаванне, што ўлады не робяць дастатковых захадаў, каб расследаваць факт знікнення Корбана, які быў значнай фігурай у апазіцыйных структурах Віцебска.
Выбары-2020
У Беларусі падчас масавых пратэстаў у 2020 годзе без вестак зніклі каля ста чалавек. Яны перасталі выходзіць на сувязь са сваякамі, іх таксама няма ў афіцыйных спісах затрыманых. Акрамя таго, з-за палітычных рэпрэсій загінула шмат людзей.
15 жніўня 2020 года знік дырэктар ваенна-гістарычнага музея Канстанцін Шышмакоў.
Мужчына выйшаў на працу пасля тыднёвага адпачынку, а ўвечары патэлефанаваў жонцы і сказаў: «Я тут працаваць больш не буду, еду дадому». Але дадому ён не дайшоў.
Праз тры дні цела Канстанціна Шышмакова знайшлі ў лесапаласе каля горада Масты (прыкладна за 30 кіламетраў ад Ваўкавыска). Па сцвярджэнні СК смерць не носіць крымінальнага характару.
Бацька загінулага расказаў журналістам, што Канстанцін быў у складзе адной з выбарчых камісій і адмовіўся падпісваць выніковы пратакол, пасля чаго сутыкнуўся з ціскам і пагрозамі. Шышмакоў баяўся за сваю жонку і дзіця.
Старшыня камісіі Яніна Таранеўская заявіла, што загінулы ўсё ж падпісаў выніковы пратакол.
Мікіта Крыўцоў быў удзельнікам паслявыбарчых пратэстаў у Маладзечне. Знік па дарозе на працу 12 жніўня 2020 года, а 22 жніўня яго знайшлі павешаным у Мінску. Версія следства — самагубства.
Аляксандр Будніцкі знік 11 жніўня 2020 года ў Мінску. Пра яго смерць стала вядома 31 жніўня. Цела Будніцкага знайшлі ў парку каля ўніверсама «Рыга», дзе адбываліся сутычкі пратэстоўцаў з сілавікамі. Па першапачатковай версіі ўладаў, смерць наступіла ў выніку сардэчнага прыступу, пазней паведамілі, што смерць стала вынікам атручвання этылавым спіртам. Афіцыйная дата смерці — 12 жніўня. Пры гэтым, нягледзячы на тое, што заява аб знікненні Аляксандра ляжала ў міліцыі прыкладна з 18 жніўня, сваякам паведамілі пра смерць мужчыны толькі праз 19 дзён.
Як знікалі палітычныя апаненты пры іншых рэжымах
Іспанія
Франсіска Франка прыйшоў да ўлады ў Іспаніі ў 1939 годзе пасля перамогі сваіх прыхільнікаў у грамадзянскай вайне. Яшчэ да яе ў краіне былі эканамічныя праблемы. Манархія пала ў 1931-м, падчас Вялікай дэпрэсіі, якая ахапіла не толькі ЗША, але і еўрапейскія краіны. Да ўлады прыйшлі рэспубліканцы, але манархія стала рэспублікай толькі фармальна. Палітычны рэжым быў вельмі жорсткім: свабода слова была моцна абмежаваная, зачыняліся каталіцкія цэрквы і школы, у агульнай колькасці арыштавалі некалькі тысяч чалавек, членаў «Народнага фронту» вызвалілі ад крымінальнай адказнасці, правасуддзе стала палітызаваным, праваабарончыя групы падвергліся пераследам, вынікі выбараў фальсіфікаваліся.
Пасля паразы Мусаліні і Гітлера ў вайне Франка застаўся адзіным фашысцкім дыктатарам. СССР узначаліў міжнародную кампанію цкавання Франка. У 1946 годзе Францыя закрыла мяжу з Іспаніяй.
Акрамя таго, першыя дваццаць гадоў кіравання Франка жорстка падаўляў любых апанентаў рэжыму. Праз турмы і канцлагеры прайшлі каля двух мільёнаў чалавек, сотні тысяч былі забітыя. У краіне забаранілі ўсе партыі, акрамя «іспанскай фалангі», незалежныя прафсаюзы, забастоўкі і нават разводы. Цэнзура была ў медыя, літаратуры і мастацтве.
Яшчэ ў 1947 годзе Франка абвясціў аб адраджэнні манархіі ў Іспаніі.
У другой палове 1950-х Франка прызнаў, што татальны дзяржаўны кантроль эканомікі і рэжым самазабеспячэння краіны сябе не апраўдалі. Ён увёў ва ўрад маладых міністраў-тэхнакратаў і даў магчымасць самастойна праводзіць рэформы. У выніку, ужо ў 1960-х прамысловая вытворчасць вырасла на 140 працэнтаў, а Іспанія стала адной з вядучых эканомік свету. Франка пайшоў і на палітычныя рэформы: змякчыў цэнзуру, прыняў некалькі канстытуцыйных законаў аб правах грамадзян, пашырыў мясцовае самакіраванне, абмежаваў уплыў «іспанскай фалангі».
Франка заставаўся пры ўладзе да самай смерці — да лістапада 1975 года. Разам з ім знік і дыктатарскі рэжым.
Партугалія
Дыктатура Антоніу Салазара доўжылася амаль 40 гадоў. Спачатку ён быў сакратаром акадэмічнага цэнтра хрысціянскай дэмакратыі — інтэлектуальнага гуртка, які аб’ядноўваў маладых людзей, якія шанавалі традыцыйныя і каталіцкія каштоўнасці. Затым яго запрасілі на пасаду міністра фінансаў. На працягу чатырох гадоў Салазар праводзіў жорсткую эканамічную палітыку, фактычна стаў ценявым лідарам краіны, бо менавіта ён вырашаў, колькі бюджэтных грошай атрымае тое ці іншае Міністэрства.
11 красавіка 1933 года Партугалія стала «карпаратыўнай Рэспублікай, заснаванай на роўнасці грамадзян перад законам, на вольным доступе ўсіх класаў да выгод цывілізацыі і на ўдзеле ўсіх канструктыўных элементаў нацыі ў адміністрацыйным жыцці і ў распрацоўцы законаў».
Салазар замяніў свабодныя прафсаюзы падсправаздачнымі ўраду карпарацыямі і забараніў легальную дзейнасць палітычных партый акрамя кіруючага «Нацыянальнага саюза».
А затым Салазар пачаў пераслед іншадумцаў. Яго распараджэнні выконвала тайная паліцыя (PIDE). Тысячы людзей пакінулі краіну, таму што баяліся за свае жыцці. Нягледзячы на жорсткасць, Салазар знайшоў падтрымку сваёй дзейнасці сярод каталіцкіх клірыкаў.
27 ліпеня 1970 года дыктатар памёр у сваім працоўным кабінеце. Праз чатыры гады пасля смерці Салазара ў краіне адрадзілася грамадскае жыццё, дэмакратычная рэспубліка вырашыла назапашаныя за час дыктатуры праблемы. Скончыліся пераследы іншадумцаў.
Чылі
Аўгуста Піначэт прыйшоў да ўлады ў Чылі ў 1973 годзе. З таго часу Піначэт пераследваў праціўнікаў уласнага рэжыму. Па гэтай прычыне загінула каля трох тысяч чалавек і яшчэ 30 тысяч апынуліся ў зняволенні і падвергліся катаванням.
Разам з тым, у 1988 годзе Аўгуста Піначэт арганізаваў дэмакратычны нацыянальны рэферэндум, па выніках якога пацярпеў паразу і праз два гады законна вызваліў крэсла прэзідэнта. Ён застаўся галоўнакамандуючым арміі Чылі. У канцы свайго кіравання Піначэт зусім адмовіўся ад рэпрэсій.
Смерць Піначэта падзяліла чылійскае грамадства на дзве часткі: адны захоплена кажуць пра піначэтаўскі эканамічны цуд і рост узроўню грамадскіх свабод, іншыя лічаць, што гэта быў не цуд, а хутчэй адчувальны эканамічны спад, а за гібель трох тысяч чалавек і пераслед іншадумцаў Піначэт павінен быў паўстаць перад судом.