
Ён любіў літаратуру, шмат пісаў, пераклаў Жуля Верна разам з сябрам, а ў турме стаў «дыктарам» для арыштантаў. Кім ён быў, пісьменнік Юрка Лявонны? Выхаваны ў сям’і, дзе паважалі адукацыю і мелі ўласную бібліятэку, але сам сябе лічыў простым беларускім селянінам.
Ён пражыў нядоўгае, але яркае жыццё. PALATNO расказвае пра Юрку Лявоннага.
Ад Чавусаў да Мінска: якім быў творчы шлях
Юрка Лявонны (сапраўднае імя — Леанід Юркевіч) нарадзіўся 29 ліпеня 1908 года ў Чавусах на Магілёўшчыне. Бацька Лявоннага працаваў настаўнікам да рэвалюцыі, а пасля быў служачым у саўгандлі. У сям’і была вялікая бібліятэка, дзякуючы чаму хлопчык навучыўся чытаць у маладым узросце і ўпершыню зацікавіўся літаратурай.
Пасля вучобы ў мясцовай школе і Магілёўскім педагагічным тэхнікуме Лявонны паступіў на літаратурны факультэт у Мінскі педінстытут. Яшчэ ў магілёўскі перыяд пісьменнік актыўна друкаваўся ў мясцовых газетах — «Соха и молот», «Магілёўскі селянін». Першы верш Юркі Лявоннага з’явіўся ў друку ў 1925 годзе, ён называўся «В дни скорби». Спачатку друкаваўся пад сваім імем, пасля ўзяў псеўданім Леанідаў, але з часам змяніў яго на Юрку Лявоннага. У тыя ж гады ён уступіў у літаратурнае аб’яднанне «Маладняк».
Спачатку вершы Юркі Лявоннага былі пра юнацтва і каханне, але паэт хутка адчуў, што ад яго патрабуецца нешта іншае. Пераключыўся на ўзнёслыя вершы пра камсамол, заводы і калгасы. Ён быў гарадскім паэтам і шмат пісаў пра горад, хоць меў вершы з сялянскай тэматыкай. Любоў да горада пачалася ў паэта ў магілёўскі перыяд.
Акрамя паэзіі захапляўся прозай, нарысамі і літаратурнай крытыкай. Самымі плённымі гадамі ў творчасці пісьменніка былі 1930-1932 гады, калі ён выдаў пяць зборнікаў. У гэты час пазнаёміўся і пасябраваў з Сяргеем Грахоўскім. Разам пераклалі кнігу Жуля Верна «80 000 кіламетраў пад вадой», але кніга выйшла ўжо пасля арышту Юркі Лявоннага і Грахоўскага, а на кнізе іх імёнаў увогуле не было.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Пяць амерыканскіх пісьменнікаў, якія сфарміравалі мінулае стагоддзе
Тры творы Янкі Маўра, якія варта прачытаць кожнаму
Чаму Францішка Багушэвіча лічаць пачынальнікам новай беларускай літаратуры?
Сям’я і вера ў лепшае нават пасля арышту

У Магілёве падчас вучобы ў педтэхнікуме Юрка Лявонны пазнаёміўся з будучай жонкай Яўгеніяй Голдберг. Разам пераехалі з Магілёва ў Мінск, дзе пісьменнік вучыўся на літаратурным факультэце. Пасля інстытута накіравалі на адпрацоўку ў Бабруйск, але пасля яе вярнуўся ў Мінск.
Па ўспамінах Сяргея Грахоўскага, паміж Лявонным і яго жонкай былі цёплыя пачуцці. Яўгенія Голдберг была актрысай, але пасля траўмы (яна сур’ёзна зламала нагу) скончыла тэатральную кар’еру. Голдберг любіла паэзію.
У канцы 1935 года ў сям’і нарадзілася дачка Інна.
У 1936 годзе пісьменніка арыштавалі чэкісты. Сцвярджаецца, што Юрка Лявонны быў адзіным, хто не падпісаў выдуманыя абвінавачванні сілавікоў пра Цішку Гартнага. Вядома, што паэт змог сустрэцца з жонкай падчас зняволення, але Яўгенія так і не змагла нічым дапамагчы. Яе паходы ў розныя інстанцыі не дапамаглі вызваленню.
Сяргей Грахоўскі, сябар і паплечнік Юркі Лявоннага, сядзеў у той жа турме, што і ён. Грахоўскі расказваў, што той не верыў, нібы справа скончыцца кепска. Сцвярджаў, што савецкі суд павінен разабрацца ў фантазіях следчых органаў — і быў упэўнены, што яго апраўдаюць. Падчас адсідкі і ў чаканні суда Лявонны кожны дзень быў своеасаблівым дыктарам для іншых арыштантаў: чытаў навіны з савецкіх газет, перадаваў гучным голасам турэмныя абвесткі і навіны. Асабліва задаволены быў Юрка Лявонны, успамінаў Грахоўскі, калі ў той жа турме аказаўся пракурор, які выпісваў ордэры на арышт пісьменнікаў: паэт дэклараваў, што пракурор Глазер цяпер выносіць парашу. Напрыканцы кастрычніка 1937 года сувязь Грахоўскага з Юркам Лявонным у турме раптоўна знікла. Арыштанты, якія сядзелі з ім у камеры, сказалі, што паэта вывелі на суд без рэчаў.
28 кастрычніка 1937 года яго прызналі вінаватым па абвінавачванні ў шпіёнска-дыверсійнай дзейнасці. На наступны дзень, 29 кастрычніка, Юрку Лявоннага расстралялі.
Праз год пасля расстрэлу мужа арыштавалі Яўгенію Голдберг як жонку ворага народа. Яе прызналі вінаватай і прысудзілі восем гадоў папраўчых лагераў. Спачатку яе адправілі адбываць пакаранне ў Казахстан, далей — у Комі АССР. Дачка Юркі Лявоннага і Голдберг знікла пасля арышту маці: яе адправілі ў дзіцячы прытулак, але пасля сляды губляюцца.
Архіў паэта ў Чавусах згарэў падчас Другой сусветнай вайны, як і дом яго сям’і. Сястру забілі нацысты.