Ён ліхаманкава насіўся па двары ад абкрываўленага і знямоглага мужчыны да ледзь жывой жанчыны — яго суседзям заставалася жыць некалькі хвілін. Ён біў іх палкай і нажом, дзясяткі ўдараў — і большасць у галаву. Калі сусед ужо не дыхаў, прыйшла чарга суседкі — апошнім штрыхом забойцы былі цвікі ў вочы жанчыны. Целы Фацеевых Аляксей Міхаленя нават не збіраўся хаваць: кінуў труп суседа ў агародзе, а жанчыну адцягнуў у падвал, а сам пайшоў дадому — адзначаць нядаўняе вызваленне з турмы.
Гэта былі апошнія забойствы, якія здзейсніў Аляксей Міхаленя. Міліцыя зловіць яго хутка, калі ён нібыта збіраўся на працу ў Расію. Яшчэ праз год яго расстраляюць у Пішчалаўскім замку ў Мінску.
Хто такі Міхаленя
Аляксей Міхаленя нарадзіўся ў 1984 годзе ў Ельскім раёне Гомельскай вобласці. Праз два гады выбухне Чарнобыль — і частка Гомельшчыны на доўгія гады стане рэгіёнам, дзе жыццё будзе не вельмі бяспечным з-за радыяцыйнага фону.
У Аляксея былі бацькі, але ён жыў і вучыўся ў школе-інтэрнаце. Дзяцінства і юнацтва Міхалені была не надта радаснай. Ён так і не змог атрымаць сярэднюю адукацыю, рана даведаўся пра існаванне шкодных звычак. А яго любімай стане распіце алкагольных напояў. Грошай у Аляксея было заўсёды мала, і адкуль яны маглі ўзяцца ў маладога хлопца, пра якога не клапаціліся бацькі і які не збіраўся сумленна працаваць. Міхаленя хутка знайшоў выйсце: грошы можна было вымагаць у знаёмых, і купляць яшчэ больш алкаголю.
Яго крымінальныя прыгоды таксама пачыналіся, і ў рэшце рэшт, скончыліся на алкаголі.
Першае злачынства
Адзін з першых эпізодаў адбыўся ў кастрычніцкі вечар 2002 года. Яшчэ непаўналетні Аляксей выпіваў разам са знаёмым — такім жа непаўналетнім хлопцам. Дарэчы, усе далейшыя злачынствы, акрамя апошняга, ён будзе здзейсняць са сваімі «сябрамі». Калі алкаголь скончыўся, хлопцы вырашылі знайсці яшчэ грошай.
Адзіным правільным рашэннем, падумалі яны, будзе абрабаваць таго, у каго гэтыя грошы дакладна будуць. Ахвярай стаў знаёмы ім пенсіянер. П’яныя хлопцы падышлі да хаты сталага мужчыны, выбілі вокны ў яго хаты — і абрабавалі.
Гісторыя на гэтым не скончылася: пенсіянер ведаў Аляксея, таму на наступны дзень знайшоў яго і вырашыў пагутарыць. Міхаленя ўсё яшчэ, ці нават зноў, быў у стане алкагольнага ап’янення. Пад руку яму трапіла драўляная качалка, якой звычайна раскатваюць цеста, і пачаў збіваць мужчыну. На шчасце, ён застаўся жывым.
Забойства пенсіянераў
Яшчэ праз тыдзень пасля таго выпадку Міхаленя са сваім сябрам вырашылі абрабаваць іншых пенсіянераў — яму зноў спатрэбіліся грошы. Злачынства запланавалі на ноч. Яны ціхенька выставілі вокны і залезлі ў чужы дом, але незаўважна скрасці грошы не атрымалася. Гаспадары прачнуліся і пачалі аказваць супраціў злодзеем. Тыя ў адказ пачалі збіваць пенсіянераў: білі лапатай, кулакамі і нагамі, а дабілі старых заточкай. А затым проста ўцяклі з месца злачынства…
Праз дзень Міхаленя са сваім сябрам, відаць, ацвярозілі, і вырашылі, што трэба схаваць усё, што зможа вывесці на іх. Яны вярнуліся ў дом старых, пачалі змываць кроў з падлогі і сцен. Целы забойцы вырашылі таксама схаваць: завярнулі загінулых у коўдры, кінулі іх у тачку, каб было зручней іх перамяшчаць, і павезлі да бліжэйшай рэчкі — да Прыпяці. Ля рэчкі сябры па злачынству прывязалі да целаў грузы, каб яны пасля не ўсплылі, і скінулі ў ваду.
Напады на Мазыршчыне, затрыманне і першы суд
Вы можаце падумаць, што Міхаленя на гэтым спыніўся… Але — не. У хуткім часе Аляксей разам з яшчэ адным сваім знаёмым паехалі ў Мазырскі раён. Там яны выпадкова сустрэлі 67-гадовага мужчыну, які збіраў грыбы. Хаўруснікі абрабавалі безабароннага сталага мужчыну, а затым пачалі жорстка збіваць. Міхаленя не спыніўся на збіцці, дастаў нож і ўдарыў ім па шыі грыбніка.
Хлопцы думалі, што мужчына ўжо памёр, таму проста скінулі яго ў яр, закідалі цела галінкамі. Ледзь жывога мужчыну знайшлі мінакі — яго даставілі ў шпіталь, аднак выжыць пасля нападу той не змог. Праз некалькі дзён у бальніцы ён памёр.
З Мазырскага раёна хлопцы не з’ехалі і працягнулі здзейсняць злачынствы там. На Мазыршчыне ёсць такая вёска Проўцюкі — звычайная беларуская вёска, пра існаванне якой было вядома яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай, а падчас «саветаў» там стварылі каўгас. Аднак ужо ў незалежнай Беларусі колькасць жыхароў бязлітасна падала. Такая тыповая гісторыя. У час, калі яе наведаў Міхаленя, там жылі некалькі дзясяткаў чалавек. У Проўцюках працавала крама: Аляксей з прыяцелем зайшлі ў гэту сельскую крамку, але выручка там аказалася невялічкай. Прадаўца-жанчыну пачалі збіваць — на шум адрэагавалі паляўнічыя, якія былі побач. Яны пачалі страляць у паветра — гэтага моцна спужаліся Міхаленя са сваім таварышам і ўцяклі праз дзверы ззаду крамы. Паляўнічыя пусцілі сваіх сабак па следу злачынцаў. Сваяк пацярпелай прадаўшчыцы крамы, таксама паляўнічы, даведаўся ад сяброў пра напад — пагнаўся за злодзеямі на матацыкле і змог іх злавіць, а пасля здаў у міліцыю.
Пакуль Міхаленя знаходзіўся ў СІЗА за разбой, следчыя даследавалі акалічнасці справы знікнення і магчымага забойства пенсіянераў — тых, што забіў Міхаленя і яго сябар. Пра зніклых пенсіянераў сталі трывожыцца сваякі, а дома знайшлі толькі сляды крыві, а іх саміх нідзе не было. Следчыя хутка высветлілі, што ў Міхалені былі дрэнныя адносіны з гэтымі пенсіянерамі, таму ён стаў адным з галоўных падазраваных. У ізалятары яго дапыталі, а ён прызнаўся ў забойстве. Целы забітых пенсіянераў не знайшлі, не дапамаглі нават вадалазы. Сілавікі лічылі, што Міхаленя хлусіць наконт таго, што целы скінулі ў Прыпяць, і шукалі ў іншых месцах. Праз час вадалазы змаглі дастаць са дна Прыпяці толькі коўдру, у якую загарнулі цела аднаго з забітых.
Следчыя працавалі над справай цэлы год, праводзілі шматлікія экспертызы. Кроў, якую знайшлі ў доме, змаглі ўстанавіць як кроў зніклых пенсіянераў. Амаль праз два гады пасля забойства прыяцелю Міхалені прысудзілі 25 гадоў пазбаўлення волі, а самому Аляксею далі 12 гадоў. Праз некалькі месяцаў пасля вынясення прысуду на беразе Прыпяці знайшлі чалавечыя косткі. Экспертыза паказала, што гэта парэшткі зніклых пенсіянераў.
У 2014 годзе Міхаленя выйшаў на волю. Доўга на свабодзе ён не прабыў, яго затрымалі за крадзеж і прысудзілі яму паўтара гады зняволення.
Тыдзень на волі — і чарговае двайное забойства
Зноў на волю Міхаленя выйшаў напрыканцы лютага 2016 года.
Усяго праз тыдзень Аляксей зноў трапіцца на злачынстве. Гэта апошняя злачынная гісторыя ў жыцці хлопца пачнецца 4 сакавіка 2016 года ў яго роднай Нароўлі. На той момант Аляксей амаль тыдзень адзначаў сваё вызваленне з турмы, практычна ўвесь час ён быў у стане алкагольнага ап’янення. Бацька Аляксея Аркадзь нібыта папрасіў сына схадзіць да суседкі за нажніцамі. Суседзямі была пара Фацеевых: 61-гадовы Віктар жыў разам са сваёй сястрой пяцідзесяці дзевяцігадовай Раісай.
Згодна з гісторыяй Міхалені, якую ён расказваў падчас следства і судовага працэсу, ён сапраўды пайшоў па нажніцы да суседзяў. У першай суседкі, да якой ён зайшоў на двор, нажніц не было. Магчыма, гэта і змагло выратаваць ёй жыццё ў той дзень. Менш пашанцавала тым самым Фацеевым. У іх доме з Міхаленем дакладна адбыўся канфлікт: дагэтуль невядома, і больш ніколі не стане вядомым, чаму людзі пасварыліся.
Потым Міхаленя пачаў збіваць Віктара і Раісу палкай і нажом. Большасць удараў была ў галовы ахвярам. Калі Міхаленя забіў Віктара, то пачаў дабіваць жанчыну: яна ўжо не магла супраціўляцца, а хлопец выкалаў ёй вочы цвікамі, якія трапілі яму пад руку. Мёртвага мужчыну ён кінуў у агародзе, а жанчыну — у падвал дома.
На наступную раніцу целы забітых сваякоў знайшоў пляменнік. Сілавікі затрымалі Міхаленю амаль адразу — а ён, быццам нічога не здарылася, збіраўся на заробкі ў Расію. Следчым Аляксей расказваў, што ініцыятарамі сваркі былі суседзі: яны нібыта накінуліся на яго з ганку, а ён толькі абараняўся. Следчыя праверылі гэту версію, і яна аказалася непраўдзівай. Высветлілася, што ў доме Фацеевых Аляксей выкурыў з гаспадаром Віктарам цыгарэту, і нейкі час правёў з суседзямі ў хаце.
Судзілі Міхаленю ў Гомелі — яму прызначылі смяротнае пакаранне. У пастанове суда адзначалася, што Аляксей ніколі не зможа змяніцца.
«Шкадаванне пра тое, што здарылася, вядома, ёсць, але цяпер мне гэта не дапаможа. Саскокваць з вышэйшай меры на пажыццёвае, думаю, не варта. Няхай лепш адразу дадуць расстрэл. Я сам сабе не магу даць тлумачэнняў, чаму так зрабіў», — казаў абвінавачваемы ў судзе.
Міхаленю расстралялі ў маі 2018 года. У гэты час Камітэт па правах чалавека ААН разглядаў зварот Міхалені, яго туды накіраваў яго бацька. Камітэт прасіў беларускія ўлады на час разгляду адкласці выкананне прысуду. Праз тры гады Камітэт па правах чалавека апублікаваў рашэнне, у якім адзначалася, што беларускі суд парушыў права Міхалені на жыццё паводле Пакта аб грамадзянскіх і палітычных справах.