
1925 год. Беларусь расколатая: адна частка — пад Польшчай, другая — пад Саветамі. Дзве дзяржаўныя сістэмы, розныя законы і розныя спосабы назваць чалавека «злачынцам». У абедзвюх частках Беларусі ў тым жа годзе адбываліся забойствы, гвалт, палітычныя рэпрэсіі і звычайнае чалавечае вар’яцтва.
У падкасце «Галаваломка-1925» мы параўнаем, як жыла злачыннасць у Заходняй Беларусі і БССР, чым адрозніваліся крымінальныя сусветы па абодва бакі мяжы.
Змест
Злачынствы сілавікоў у Заходняй Беларусі, працэсы селькораў у БССР
У навагоднюю ноч у Гродне паліцэйскі Мячаслаў Латоўскі выбег з танцавальнай залы з рэвальверам за сваёй каханкай з крыкам «Думаеш, я не зраблю гэтага?» — і стрэліў у яе, а потым застраліўся сам. У Брэсце вайсковец пасля адмовы артысткі кабарэ выступіць парэзаў шабляй іншага артыста. У Брэсцкай крэпасці вайсковец «гуляўся» з рэвальверам і выпадкова застрэліў сябра. У тым жа годзе неаднаразова заводзілі крымінальныя справы супраць паліцэйскіх, якія катавалі арыштаваных — збівалі ў пастарунках і патрабавалі прызнацца ў супрацоўніцтве з камуністамі.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Якімі былі злачынствы ў Беларусі сто гадоў таму? «Галаваломка-1925» — №1
Але найбольш гучнай справай у Заходняй Беларусі стала забойства паліцэйскім Юзэфам Мурашкам двух вязняў за некалькі гадзін да абмену з Савецкім Саюзам, бо, па яго меркаванні, яны не заслугоўвалі жыць. Мурашку асудзілі на два гады, а яго ўчынак абмяркоўвалі па ўсім свеце.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Забойства шпіёнаў у Стоўбцах. Гісторыя шпіёнскага скандалу стагадовай даўніны
У БССР, падаецца, такое наўрад ці было магчыма. Савецкая ўлада была жалезнай, татальнай. Аднак у савецкай Беларусі часам не ўсё вырашаў рэвальвер у руцэ чэкіста. Часам прысуды выносілі на старонкі газет, а сістэмы пераарыентавалі на працу праз даносы.
У савецкай Беларусі любы чалавек мог стаць «журналістам». У вёсках былі сельскія карэспандэнты (селькоры), на прадпрыемствах — рабочыя карэспандэнты (рабкоры). Гэтыя «журналісты» не пісалі пра надвор’е. Іх цікавалі людзі, якія вараць самагонку, хто «вораг», а хто «кулак», а можа быць у вёсцы жыве «польскі шпіён». Такія «журналісты» падпісваліся пад сваімі нататкамі ананімна, рэдакцыя ніколі не спраўджвала праўдзівасць інфармацыі. І вось газета друкуе такое паведамленне — а ў хату да героя публікацыі ўжо грукаюцца чэкісты.

У 1925 годзе адбылося некалькі паказальных спраў. Селькора Фёдара Ракушава з сям’ёй забілі суседзі, бо той пісаў на іх даносы ў розныя газеты — за гэта людзей прысудзілі да расстрэлу. Іншы селькор — Лапіцкі — арыштаваны, пераследуецца мясцовымі органамі, бо ўладзе не падабаецца, што такі чалавек умешваецца ў справы. Амаль усе справы пра пераслед селькораў падобныя: спачатку селькор піша ў газету свой данос, потым яго, у лепшым выпадку, збіваюць, затым крыўдзіцелей арыштоўваюць і судзяць. З селькораў робяць ідэалагічных пакутнікаў, а камуністычная ідэалогія павінна была мацавацца за іх рахунак.
У Заходняй Беларусі сярэдзіны 1920-х гадоў вас маглі арыштаваць за святкаванне дня камсамола, збіць падчас ператрусу, бо вас падазраюць у камуністычнай агітацыі. Маглі нават арыштаваць за спробу падняць рэвалюцыю і стварыць незалежную Беларусь за кошт беларускіх зямель, якія на той час знаходзіліся пад польскім кантролем.
У БССР жа існавала сістэма іншага катавання — «грамадскія суды». У газетах публікавалі гісторыі абвінавачванняў. Яны маглі быць рознымі: кінуў цяжарную дзяўчыну, не ходзіш на сходы, вядзеш таемны антыкамуністычны дзённік. Сутнасць у тым, што ў сапраўднасці ніякага суда не адбываецца. Тваю гісторыю публікуюць у выданнях, а пазней людзі самі дасылаюць прапановы з «прысудамі». Так у 1925-м «судзілі» двух камсамольцаў за распусту. Такім было выхаванне маладых людзей з элементамі камуністычнай ідэалогіі і, вядома ж, страху.
Ад пачатку савецкая ўлада жорстка пераследавала прадстаўнікоў рэлігіі – усё гэта было палітычнай справай. У Беларусі такое таксама было. У 1925 годзе мясцовыя чэкісты стварылі справу супраць епіскапа Мельхісэдэка, якога спачатку выкарыстоўвалі, а затым пачалі пераследаваць. Мельхісэдэка і мінскі клір судзілі па сфабрыкаваных абвінавачваннях, хаця прысуды аказаліся адносна мяккія.
Забойствы і рабункі
Што ў Заходняй Беларусі, што ў БССР, 1925 год быў жудасным. Шмат бандытаў, забойстваў, рабункаў і гвалту.
У Заходняй Беларусі, у Лунінцы, мужчына спрабаваў застрэліць жонку ў цэнтры горада на плошчы. У Столінскім павеце ўжо іншы мужчына забіў жонку і скінуў цела ў раку. У Пінскім павеце хлопец забіў чалавека за бутэльку гарэлкі, а яшчэ адзін — за сена. Звычайныя бытавыя забойства перамяжоўваюцца з бандыцкімі нападамі: яны адбываюцца ў вёсках, на мяжы. Бандыты забіваюць паліцэйскіх, рабуюць сялян, атакуюць маёнткі.
Забойствы і рабаванні не былі рэдкасцю ў савецкай краіне, дзе, падавалася на першы погляд, за кожным ёсць кантроль. У 1925 годзе адбыўся шэраг гучных інцыдэнтаў. Першае – забойства сям’і Падбярозкаў. У забойстве абвінавацілі двух мужчын – Міхаіла Яцкевіча і Аўсея Дворкінда. Яны ўдвух дамовіліся абрабаваць Падбярозкаў. Калі вынеслі амаль усё каштоўнае з дома, то застрэлілі жонку Падбярозку з абрэза (тая была на чацвёртым месяцы цяжарнасці), забілі 4-гадовую дачку і гадавалага сына, прыслугу Марыю і брата Сямёна. Сам Ануфрый Падбярозка выратаваўся. Дворкінда і Яцкевіча расстралялі па судовым прыгаворы.

Другое – забойства сям’і Каганоў. На лаве абвінавачваемых чацвёра – Букацік, Вераскоўскі, Лагутчык і Воранаў. Яны ўсе даўно былі пад прыцэлам органаў, бо неаднаразова трапляліся на крадзяжах. У апошняй справе аб крадзяжы сведкам была Бася Каган, якая падчас суда адмовілася сведчыць супраць хлопцаў. Калі іх адпусцілі з суда, то праз непрацяглы час яны напалі на дом Каганоў: некалькі разоў гвалцілі дзяўчыну, а пасля забілі разам з бацькам і маці, дом падпалілі. Букаціка расстралялі, а астатнія атрымалі розныя тэрміны зняволення.
На Каляды ў адной з вёсак у савецкай Беларусі адбылася бойка за свечку. Аднаго селяніна закалолі, а іншыя былі сур’ёзна параненыя. У Мінску шантажыст з мянушкай «Чорная Маска» дасылаў лісты з пагрозамі забойства і патрабаваннем выкупу, пакуль яго не вылічылі міліцыянеры.
Сексуальны гвалт
У БССР шмат спраў аб згвалтаваннях і гвалце над дзецьмі. Інфармацый пра згвалтаванні жанчын з’яўляецца шмат: гвалтаўнікі атакуюць малых дзяўчат, жанчын з інваліднасцю, на сельскай працы.
У 1922 годзе былы супрацоўнік чыгункі па прозвішчы Воляс пераехаў у Мінск з трыма дзецьмі, зняў жытло ў Абрамовіча. Старэйшай дачцэ Воляса, Алене, тады было 15 гадоў. Абрамовічу, якому было 55, спадабалася дзяўчына, і ён пачаў да яе заляцацца. Дзяўчына адмовіла яму, а калі той стаў прыходзіць па начах да яе, то расказала пра ўсё бацьку, які словам дачкі не паверыў. Праз некаторы час Абрамовіч даведаўся, што ў Алены з’явіўся хлопец, таму той стаў шантажаваць яе, што раскажа пра гэта бацьку. Так Абрамовіч прымусіў Алену займацца з ім сексам, шмат разоў гвалціў яе. Праз тры гады такіх стасункаў маладая дзяўчына забіла сякерай свайго гвалтаўніка. Суд даў Алене тры гады зняволення, але скараціў тэрмін напалову з-за яе непаўнагадовасці і хадайнічаў аб яе памілаванні.
Узімку 1924 года сяляне Цынкевічы адвезлі 13-гадовую дачку Сафію ў Мінск на працу да шаўца Дамброўскага. Дамброўскі пачаў заляцацца да дзяўчыны, але яна яму адмаўляла. Жонка Дамброўскага паехала нараджаць, таму Сафія пабаялася заставацца адна ў доме з гаспадаром – паклікала сяброўку Зосю Янушкевіч. Ноччу Дамброўскі некалькі разоў згвалціў і Сафію, і Зосю. Пасля той ночы ён неаднаразова гвалціў Сафію, яна толькі праз некалькі месяцаў расказала пра ўсё бацьку. Дамброўскага асудзілі на тры гады, але пазней тэрмін зняволення скарацілі да аднаго года.

Былі зусім страшэнныя выпадкі. У лютым 1925-га судзілі 19-гадовага хлопца, які спрабаваў згвалтаваць сваю 8-гадовую суседку ў вёсцы. У ліпені таго ж года ў Мінску будаўнік згвалціў 10-гадовую дзяўчынку, пакуль тая спала. У верасні 1925-га ў Мінску мужчына згвалціў жанчыну з інваліднасцю, а пасля яшчэ яе збіў.
У Заходняй Беларусі інфармацыі пра такія выпадкі нешматлікія, падобныя гісторыі амаль не траплялі ў газеты.
Іншая сітуацыя — з дзетазабойцамі. У большасці выпадкаў дзяцей забівалі іх жа маці. Матывацыя ў жанчын была розная: хтосьці не мог забяспечыць дзіця, кагосьці згвалтавалі, і яны не хацелі ганьбіцца і гэтак далей. Так сялянку Ермалкевіч з БССР асудзілі за тое, што яна забіла навароджанае дзіця. Падчас суда яна расказала, што яе згвалціў чырвонаармеец і ўцёк – яна не ведала нават як яго завуць. Праз час яна зразумела, што цяжарная, а нараджала ў полі падчас працы: калі дзіця нарадзілася, яна зарэзала яго і скінула цела ў калодзеж. Дзяўчына баялася, што пра яе могуць сказаць людзі. Суд прыгаварыў яе да васьмі гадоў турмы, але скараціў тэрмін да аднаго года, бо гэта была яе першая судзімасць, і ў сялянкі быццам бы нізкі культурны ўзровень.
Падобная гісторыя адбылася з сялянкай Пляўко, якую таксама згвалціў чырвонаармеец. Яна казала, што не памятае момант забойства: сведкі сказалі, што жанчына задушыла навароджанае дзіця. Суд прыгаварыў яе да васьмі гадоў зняволення, але змяніў тэрмін пакарання да ўмоўнага.
1925 быў страшным годам. У Заходняй Беларусі людзі баяліся паліцыю, бандытаў. У БССР баяліся быць «выкрытымі», выкрэсленымі з грамадства. У наступным эпізодзе мы больш падрабязна спынімся на справах селькораў — ці сапраўды гэта былі самыя папулярныя крымінальныя справы ў той час? Навошта іх пераследавалі? Як савецкая ўлада стварала з іх герояў і пакутнікаў?