Законнікі і бандыты. Трэці эпізод аўдыёлекцыі «Кароткая гісторыя Дзікага Захаду»

кароткая гісторыя дзікага захаду, бандыты і законнікі на дзікім захадзе, шэрыф, маршал

У гэтым эпізодзе мы раскажам пра захапляльны і небяспечны свет законнікаў і бандытаў, дзёрзкія рабаванні і сумна вядомыя перастрэлкі на Дзікім Захадзе.

ПЕРШЫ ЭПІЗОД: ШТО ТАКОЕ ДЗІКІ ЗАХАД

ДРУГІ ЭПІЗОД: КІМ БЫЛІ КАЎБОІ НА ДЗІКІМ ЗАХАДЗЕ

Шэрыфы, маршалы, федэралы і пінкертоны

Дзікі Захад вядомы сваім беззаконнем і жорсткімі людзьмі, якія імкнуліся навесці парадак або выкарыстоўваць гэты хаос. Праваахоўнікі і бандыты сталі неверагоднымі асобамі, іх подзвігі ўвекавечаны ў раманах, газетах і, у рэшце рэшт, фільмах.

Законнікі падтрымлівалі парадак у жорсткіх умовах гарадоў. Сістэма праваахоўных органаў на Дзікім Захадзе значна адрознівалася ад сучасных сістэм і істотна адрознівалася ў залежнасці ад рэгіёна, перыяду часу і канкрэтных абставін кожнага горада. У гарадах заўсёды былі ці гарадскі маршал, ці шэрыф. Маршалаў прызначалі ці выбіралі, яны займаліся расследаваннем паўсядзённых злачынстваў: крадзяжы, напады і бойкі. Шэрыфы адказвалі за больш вялікія тэрыторыі, такія як акругі. Шэрыфы былі выбарнымі асобамі, часта мелі намеснікаў — іх абіралі сярод мясцовых жыхароў самі шэрыфы. У абавязкі шэрыфаў, сярод іншага, уваходзіла выдача ордараў, кіраванне турмамі. Калі шэрыфам ці маршалам патрабавалася, яны фарміравалі акруговы атрад — гэта група працаздольных мужчын, якіх часова прызначалі для дапамогі ў пераследзе і захопе злачынцаў.

Тэхаскія рэйнджэры, маршал зша, пінкертоны, законнікі сша
Тэхаскія рэйнджэры — адна з самых старых арганізацый законнікаў у ЗША. Яны лавілі самых вядомых злачынцаў на мяжы ЗША і Мексікі.

У раёнах, дзе фармальныя праваахоўныя органы былі слабымі або іх увогуле не было, мясцовыя жыхары бралі закон у свае рукі. Ствараліся адмысловыя групы з мясцовых мужчын, каб змагацца з бандытамі і падтрымліваць на тэрыторыі парадак.

ЗША — гэта федэратыўная дзяржава, таму, вядома, нават у часы Дзікага Захаду існавалі федэральныя праваахоўныя органы. Акрамя гарадскіх маршалаў былі федэральныя: іх прызначаў сам прэзідэнт і яны маглі дзейнічаць па ўсёй тэрыторыі Злучаных Штатаў. Ведаеце пра пінкертонаў? Не? Імі былі федэральныя агенты, якія падпарадкоўваліся Нацыянальнаму дэтэктыўнаму агенцтву Пінкертона. Пінкертоны займаліся буйнымі расследаваннямі — рабаванні цягнікоў і банкаў, а яшчэ і арганізаванай злачыннасцю.

Самыя вядомыя законнікі Дзікага Захаду

Уайт Эрп і перастрэлка ў Тумстоўне

Адным з самых вядомых законнікаў Дзікага Захаду быў Уайт Эрп. Ён нарадзіўся ў 1848 годзе і стаў легендай пасля перастрэлкі ў Тумстоўне, штат Арызона. Да той перастрэлкі мы хутка вернемся… Эрп быў на службе ў розных гарадах — працаваў і шэрыфам, і маршалам. У Уайта былі браты Вёрджыл і Морган. Вёрджыл таксама быў законнікам і ўладкаваўся маршалам у Тумстоўне, затым да яго пераехалі і іншыя браты.

закон на дзікім захадзе, законнікі і бандыты на дзікім захадзе
Уайт Эрп у маладосці.

Тумстоўн быў буйным горадам здабычы срэбра, прыцягваў людзей з розных слаёў грамадства: ад майнераў да бандытаў. У горадзе часта панавала атмасфера напружанасці: бандыты хацелі кантраляваць прыбытковыя здабычы, а праваахоўныя органы стараліся гэтаму перашкодзіць.

З часам у братоў Эрпаў і іх сябра, вядомага стралка Дока Холідэя, узнік канфлікт з Клэйтанамі і Маклоры. Браты Клэйтаны і Маклоры былі каўбоямі, але па-за працы з жывёлай удзельнічалі ва ўсялякай незаконнай дзейнасці. Эрпы абвінавачвалі іх у крадзяжы статкаў жывёлы, рабаванні дыліжансаў. Сітуацыя моцна абвастрылася ў кастрычніку 1881 года.

Раніцай 26 кастрычніка 1881 года Айк Клэйтан і Том Маклоры выпівалі ў салуне. У іх з сабой была зброя, але па правілах горада яны не маглі насіць яе, права на зброю была толькі ў законнікаў. Таму Клэйтана і Маклоры арыштаваў Вёрджыл Эрп, забраў зброю, але хутка адпусціў. Айк і Том вярнуліся ў салун, дзе былі іх сваякі — Білі Клэйтан і Фрэнк Маклоры. Пра гэта даведаўся Вёрджыл і захацеў арыштаваць і іх. Каб пазбегнуць перастрэлкі шэрыф акругі Джон Бэхан, які тады быў у горадзе, першым падышоў да Клэйтанаў-Маклоры: ён папрасіў іх аддаць зброю. Яны пагадзіліся пры ўмове, што Эрпы таксама будуць без зброі — але гэта апрыёры было немагчымым, бо яны былі законнікамі і мелі права на зброю.

Па абедзе трое братоў Эрпаў і Док Холідэй падышлі да пустыра за салунам, дзе сустрэліся з бандытамі. Перастрэлка цягнулася ўсяго трыццаць секунд. У страляніне загінулі Білі Клэйтан, Фрэнк Маклоры і іх сябар Білі Клэйборн. Цікава, што пасля гэтага шэрыф Бэхан арыштаваў удзельнікаў, і па яго словах Эрпы проста расстралялі Клэйнтана, Маклоры і Клэйборна — і яны стаялі з паднятымі рукамі. Суд апраўдаў Эрпаў і Холідэя. Казалі, што суддзя быў у нейкім сваяцтве з Эрпамі, але на той час гэта было не такім важным… Тым не менш, трыццацісекундная перастрэлка ў Тумстоўне стала адной з самых вядомых у амерыканскай гісторыі.

Перастрэлка ў Тумстоўне, дзікі захад, бандыты і законнікі дзікага захаду
Перастрэлка ў Тумстоўне стала легендарнай. Па яе матывах знятыя дзясяткі фільмаў. На здымку — кадр з фільму Gunfight at the O.K. Corral, 1957 года.

Вось як тую гісторыю ўспамінаў сам Уайт Эрп: «Я пайшоў у якасці намесніка маршала, майго брата Вёрджыла, каб дапамагчы раззброіць каўбояў, якія пагражалі расстраляць горад. Мы ведалі, што будуць праблемы, але нашым абавязкам было падтрымаць парадак і абараніць жыхароў Тумстоўна. Калі мы сутыкнуліся  з імі, то яны пайшлі за зброяй, і ў нас не было іншага выбару, акрамя як абараняцца. Гэта было трагічнае, але неабходнае дзеянне, каб адстаяць закон».

Дзікі Біл Хікок і забойства падчас гульні ў покер

Яшчэ адным вядомым законнікам быў Дзікі Біл Хікок. Пры нараджэнні яго назвалі Джэймсам Батлерам Хікокам. У праваахоўныя органы ён прыйшоў пасля службы ў арміі падчас Грамадзянскай вайны.

Хікок не толькі абараняў закон у гарадах Дзікага Захаду, але яшчэ вельмі любіў азартныя гульні. Свой легендарны статус у тыя часы ён замацаваў дзякуючы паспяховым удзелам у перастрэлках і сваёй драматычнай смерцю ў Дэдвудзе за картачным сталом. Хікока застрэлілі падчас гульні ў покер. А ўсё адбылося вось як…

Дзікі Біл Хікок, законнікі ў зша, шэрыфы зша
Дзікі Біл Хікок.

У адзін са жнівеньскіх вечароў 1876 года Дзікі Біл адпачываў у салуне Дэдвуда. За картачным сталом гулялі ў покер, і адзін з гульцоў Джэк Маккол прайграўся, таму замест яго сеў Хікок. Пасля Хікок прапанаваў Макколу аплаціць яго вячэру, бо пашкадаваў хлопца. Маккол прыняў прапанову, але пакрыўдзіўся, бо лічыў, што яго падманулі ў покер і абразілі прапановай даць грошай на ежу.

Наступны вечар Дзікі Біл таксама праводзіў у салуне за гульнёй у покер: ён сядзеў спінай да дзвярэй — і гэта было дзіўным, бо ён заўсёды сядзеў насупраць — у выпадку, калі хтосьці захоча штосьці яму зрабіць. У салун уварваўся вельмі п’яны Маккол з рэвальверам, падышоў да Хікока ззаду і прыставіў зброю да яго патыліцы — і выстраліў. Пазней забойцу Дзікага Біла хутка злавілі і павесілі.

Самыя вядомыя бандыты Дзікага Захаду

Іншая размова пра злачынцаў на Дзікім Захадзе. Людзі па той бок закону самі па сабе станавіліся народнымі героямі.

Джэсі Джэймс: Робін Гуд ці просты злачынец?

Адным з іх быў Джэсі Джэймс, якім адначасова баяліся і захапляліся. Яго рабаванні былі сенсацыйнымі, і ён стаў сімвалам паўстання супраць улады. Падчас Грамадзянскай вайны Джэймс далучыўся да партызанскіх атрадаў Quantrill’s Raiders: яны ўдзельнічалі ў нападах на сілы і прыхільнікаў Поўначы. Пасля вайны Джэсі і яго брат Фрэнк Джэймс стварылі банду, якая займалася рабаўніцтвам банкаў, цягнікоў і дыліжансаў. Злачынствы банды траплялі ў загалоўкі амерыканскіх газет, і бандытаў часта разглядалі як «робін гудаў», хаця іх матывы былі далёкія ад альтруістычных.

Джэсі Джэймсу было 19 гадоў, калі ён упершыню абрабаваў банк. Яго банда сышла з шасццюдзесяццю тысячамі долараў. Адным з самых вядомых інцыдэнтаў банды стала няўдалае рабаванне банка ў Нортфілдзе: супраць бандытаў адбіваліся гараджане — у гэтай сутычцы загінула частка банды, а браты Джэймс ледзь выратаваліся.

Джэймс загінуў у 1882 годзе, калі яго застрэліў член яго ўласнай банды Роберт Форд, які спадзяваўся атрымаць за гэта ўзнагароду. Форд забіў яго стрэлам у патыліцу, калі Джэймс папраўляў малюнак на сцяне свайго дома. Акт здрады Форда стаў не менш легендарным, чым асоба забітага Джэсі Джэймса.

Малады Білі Кід, якога забілі ў 19 гадоў

Яшчэ адным легендарным бандытам быў Білі Кід. Яго рэальным імем было Генры Макарці. Пазней ён неаднаразова мяняў імёны, але стаў вядомым як Білі Кід. Упершыню Білі арыштавалі ў 15 гадоў за крадзеж адзення з кітайскай пральні, а неўзабаве пасля гэтага ён уцёк з турмы. Пазней ён быў уцягнуты ў знакамітую вайну акругі Лінкальн — канфлікт паміж фракцыямі, якія змагаліся за эканамічны кантроль. Білі Кід стаў на бок групы, якая выступала супраць карумпаваных бізнесменаў Лоўрэнса Мёрфі і Джэймса Долана.

Білі Кід быў вядомы сваімі дзёрзкімі ўцёкамі. Адным з самых вядомых стаў пабег з турмы суда акругі Лінкальна ў 1881 годзе. Падчас уцёкаў ён забіў двух намеснікаў шэрыфа Джэймса Бэла і Боба Олінгера. Білі Кід злавіў шэрыф Пэт Гарэт, але Білі Кід змог уцячы з турмы да таго, як яго павесілі. Пэт Гарэт паляваў за Кідам год. Летам 1881 года Гарэт знайшоў яго ў доме аднаго з яго сяброў і забіў. На момант смерці Білі Кіду быў 21 год.

Білі Кід, бандыты дзікага захаду
Білі Кід.

Легенда пра Білі Кіда нарадзілася пасля яго смерці — яе падсілкоўвалі расказамі пра тое, што ён магчыма мог выжыць пасля кулі ад Гарэта. Цікава, што ў 2010 годзе губернатар штата Нью-Мексіка Біл Рычардсан разглядаў пытанне пра пасмяротнае памілаванне Білі Кіда за забойства шэрыфа Уільяма Брэйдзі — менавіта за гэта злачынства Пэт Гарэт шукаў хлопца. Усё грунтавалася на тым, што тагачасны губернатар Лью Уолес паабяцаў памілаванне Кіду ў абмен на сведчанні, але яно і так не было дадзенае. Спрэчка наконт памілавання Білі Кіду працягваецца дагэтуль.

Няўлоўны Буч Кэсэдзі

Яшчэ адным легендарным персанажам стаў Роберт Лерой Паркер, вядомы як Буч Кэсэдзі. Паркер быў старэйшым з трынаццаці дзяцей у сям’і мармонаў. Ён сышоў з дому падлеткам, каб працаваць на ранча і ў шахтам, і ў выніку трапіў на бойню. Яго настаўнікам быў жывёлавод і пагоншчык Майк Кэсэдзі: у гонар яго і быў узятая часта імені, а «Буч» дадалася да імя падчас працы мясніком.

Буч Кэсэдзі стаў займацца крымінальнай дзейнасцю і стварыў банду Wild Bunch. Банда займалася рабаваннямі цягнікоў і банкаў з канца 1890-х і на пачатку 1900-х. Банда старанна планавала свае злачынствы і часта выкарыстоўвала дынаміт для доступу да сейфаў. Для сховішча нарабаванага яны выкарыстоўвалі некалькі спецыяльных месцаў, там яны і хаваліся ад законнікаў. У Кэсэдзі, як і ў іншых злачынцаў на Дзікім Захадзе, была рэпутацыя Робін Гуда. Ён меў славу добрасардэчнага чалавека і пазбягаў непатрэбнага гвалту.

Буч Кэсэдзі, бандыты дзікага захаду
Буч Кэсэдзі.

У 1901 годзе Буч Кэсэдзі і яго партнёр па злачынствах Сандэнс Кід разам са сваёй каханкай Этай Плэйс уцяклі ў Паўднёвую Амерыку. Так яны спрабавалі схавацца ад законнікаў. Кэсэдзі, Кід і Плэйс пасяліліся ў Аргенціне і некалькі гадоў жылі там законным жыццём жывёлаводаў. Аднак Кэсэдзі і Сандэнс вярнуліся да шляху па-за законам, яны працягнулі рабаваць банкі і цягнікі ўжо ў Паўднёвай Амерыцы: Аргенцінай усё не абмежоўвалася, злачынная дзейнасць распаўсюджвалася на Балівію і іншыя краіны.

Дакладныя абставіны смерці Буча Кэсэдзі дагэтуль невядомыя. Шырока распаўсюджвалася меркаванне, што Кэсэдзі разам з Сандэнсам былі забітыя ў перастрэлцы з балівійскім войскам у горадзе Сан-Вінсэнтэ ў 1908 годзе. Але ходзяць чуткі, якія могуць сведчыць пра тое, што Кэсэдзі выжыў і пражыў сваё жыццё пад выдуманым імем.

* * *

Адносіны паміж законнікамі і бандытамі стварала напружаную і небяспечную абстаноўку ў гарадах Дзікага Захаду. Адсутнасць наладжанага ўзаемадзеяння праваахоўных органаў, наяўнасць гарадоў, у якіх рэзка з’явілася шмат грошай пасля перагону жывёлы зрабілі населеныя пункты гатовымі да ўзброеных канфліктаў. Вельмі часта многія законнікі самі былі па-за законам або мелі сумнеўнае мінулае.

Вярнуцца ўгару