Натхненне

Ад мяча і цесака да алебарды і арбалета: чым ваявалі ў Вялікім княстве Літоўскім?


Ад мяча і цесака да алебарды і арбалета: чым ваявалі ў Вялікім княстве Літоўскім?

Зброя ваяроў ВКЛ была разнастайнай і змянялася разам з эпохай. Змяняліся ворагі, ваенныя тактыкі — змянялася і зброя. Воіны выкарыстоўвалі мячы, корды, шаблі, сякеры, дубіны і нават арбалеты, якія з часам сталі проста паляўнічай зброяй.

PALATNO расказвае пра вялікалітоўскую зброю.

Галоўная зброя эпохі — мячы

У познім Сярэднявеччы ў Еўропе былі распаўсюджаны тры асноўныя віды мячоў: аднаручныя, палутараручныя і двухручныя. Яны адрозніваліся перадусім даўжынёй рукаяці і тым, колькімі рукамі воін мог трымаць такую зброю.

У той жа час у Вялікім княстве Літоўскім найбольш папулярнымі былі доўгія мячы з палутараручнай або двухручнай рукаяццю. А вось аднаручныя мячы, што для многіх могуць падавацца найбольш класічнай зброяй, у вялікалітоўскай дзяржаве асаблівай папулярнасці не мелі.

Цікава і тое, што ў ВКЛ доўгі час перавагу мелі менавіта сякучыя мячы. Іх клінкі не звужаліся да акруглага вастрыя, таму такая зброя была разлічала на моцны рубячы ўдар.

Ужо ў XVI стагоддзі мячы паступова губляюць былую ролю. Прычына была не ў змене густу ваяроў, а ў новай пагрозе. Напрамак ваеннай напружанасці пераносіўся з захаду на ўсход: цяжкі меч станавіўся менш эфектыўным супраць лёгкаўзброеных сапернікаў. На полі бою патрабавалася ўжо іншая зброя, якая была больш практычнай.

ваяры вкл, войска вкл, зброя вкл
Меч XV-XVI стагоддзяў, знойдзены ля Полацка.

Корды і цесакі былі альтэрнатывай мячу

Паралельна з мячамі вялікалітоўскія ваяры шырока выкарыстоўвалі корды і цесакі. Корд выглядаў як вялікі нож, а цесак быў крыху даўжэшым, хоць і карацейшым за меч.

На тэрыторыі ВКЛ цесакі з’явіліся раней за корды і актыўна выкарыстоўваліся ў баявых дзеяннях. Іх асабліва цанілі як добрую колючую зброю. Корды сталі трывалым элементам ваеннай практыкі ў дзяржаве, а ў Першым Статуце ВКЛ іх называлі нарматыўнай зброяй паспалітага рушэння.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Эвалюцыя зброі: пяць вынаходніцтваў, якія змянілі гісторыю

корды, ваяры вкл, войска вкл, зброя вкл
Корды XV стагоддзя.

Шаблі, канчары і шпагі

Шаблі былі вядомы на тутэйшых землях яшчэ да ўзнікнення ВКЛ. Аднак шырокае распаўсюджанне яны атрымалі дзякуючы татарам. Роля шабляў у войску ўзрасла пры Вітаўце, калі татары сталі важнай часткай ваеннай сілы княства. У сярэдзіне XVI стагоддзя шабля перастае быць выключна татарскай зброяй, бо яе пачалі выкарыстоўваць іншыя вялікалітоўскія ваяры.

У ВКЛ былі распаўсюджаны два асноўных віды шабляў: гусарскія і казацкія. Гусарскія шаблі прызначаліся для магутных і цяжкіх удараў, якія ў пэўным сэнсе нагадвалі ўдары мячом. Казацкія ж былі мацней звязаны з татарскай традыцыяй і больш выразна выконвалі функцыю колючай зброі. Аднак шабля не засталася вечнай для ваяроў, бо з часам яе папулярнасць зменшылася, а на першы план пачаў выходзіць канчар.

канчар, ваяры вкл, войска вкл, зброя вкл
Канчар XV-XVI стагоддзяў. Фота: гісторыка-этнаграфічны музей Літвы

Канчары ўзгадваюць у крыніцах з другой паловы XVI стагоддзя. Гэты быў від доўгага мяча, які служыў дапаможнай зброяй кавалерыі. З-за сваёй даўжыні канчар звычайна мацавалі не на поясе, а на конскім рыштунку.

У той жа перыяд усё большую папулярнасць набывае шпага. Яна была прызначана не для таго, каб прабіваць цяжкі даспех, а паражаць тыя ўчасткі цела, якія былі не прыкрытыя тым даспехам. Тут дзейнічала іншая ваенная логіка: патрабавалася не груба ссекчы па даспехах праціўніка, а ўмець нанесці дакладны выпад.

Коп’і, алебарды і партызаны: зброя для конных і пешых ваяроў

Адной з самых папулярных наступальных відаў зброі для кавалерыі і пяхоты былі коп’і. У XVI стагоддзі асабліва вядомымі сталі гусарскія коп’і, у якіх выбіралі драўніну з сярэдзіны, каб зрабіць іх лягчэйшымі і адначасова павялічыць даўжыню. Для конных ваяроў такая зброя давала перавагу падчас атакі. Пяхота часта выкарыстоўвала рагаціну і ошчап: такая зброя была асабліва пашырана сярод тых, хто не меў добрых ахоўных даспехаў. Ошчап быў лёгкім кап’ём, прызначаным для кідання, і дазваляў змагацца з ворагам на дыстанцыі.

Сярод колюча-сякучай дрэўкавай зброі галоўнае месца ў пяхоты займала алебарда. Алебарды выкарыстоўвалі для барацьбы супраць цяжкаўзброенай кавалерыі. Хоць у Заходняй Еўропе алебарды ўжывалі яшчэ з XIII стагоддзя, на землях ВКЛ яны стала па-сапраўднаму папулярнай толькі з XV стагоддзя.

партызаны, ваяры вкл, войска вкл, зброя вкл
Партызаны XVI-XVII стагоддзяў.

Яшчэ адным відам падобнай зброі да коп’яў і алебард былі партызаны. Цікава, што першапачаткова іх наканечнікі нярэдка выраблялі са старым клінкоў мячоў. Нягледзячы на гэта, вялікалітоўскія ваяры выкарыстоўвалі партызаны адносна рэдка.

Грубая сіла і практычнасць абуховай зброі

У Вялікім княстве Літоўскім ўжывалі вельмі актыўна абуховую зброю — сякеры, чаканы, кляўцы, дубіны, булавы, перначы, кісцяні. Найбольш пашырынамі ў войсках былі, безумоўна, сякеры.

У XVI стагоддзі ваенныя сякеры падзяляліся на пяхотныя і кавалерыйскія. Пяхота часта выкарыстоўвала барты — сякеры з шырокім лязом. Кавалерыя ж аддавала перавагау чаканам. У познесярэднявечнай Еўропе такія сякеры нярэдка мелі кап’епадобны грот, што надавала ім пэўнае падабенства з алебардамі.

Для барацьбы з цяжкай кавалерыяй выкарыстоўвалі кляўцы — зброю, у якой абух быў аформлены як малаток, а замест сякеркі была завостраная дзюба.

Найстаражытнейшай і самай простай абуховай зброяй доўгі час заставалася дубіна. У самай элементарнай форме гэта была простая палка з патаўшчэннем на канцы. Часам у яе ўбівалі жалезныя шыпы або цвікі, каб удар быў яшчэ больш разбуральным.

Пазней з’явілася булава — зброя з акруглым або шматгранным навершшам з металу, якое насаджвалася на драўляную, радзей металічную, рукаяць.

Асобнае месца займаў кісцень. Яго ўдарная частка мела выгляд гіркі і мацавалася да рукаяці пры дапамозе вяроўкі або ланцуга. Часам рукаяць увогуле адсутнічала, а рэмень намотваўся на руку. Кісцяні ў ВКЛ ужываліся, але звестак пра іх захавалася не так шмат.

Як лук і арбалет дапамагалі ваяваць здалёк

Папулярнасць лука ў вялікалітоўскім войску значна ўзрасла дзякуючы татарам, якія з часоў Вітаўта сталі неад’емнай часткай узброеных сіл. У XVI стагоддзі лук стаў галоўным відам зброі далёкага бою ў вялікалітоўскай кавалерыі.

Не менш цікавым быў лёс арбалета. На землях княства яго выкарыстоўвалі з XIII стагоддзя. Пры гэтым сам тэрмін «арбалет» тады яшчэ не быў вядомы: тую зброю называлі «самастрэлам», а пазней — «кушай». Арбалетамі актыўна забяспечвалі памежныя замкі, а завозілі іх з Польшчы.

У першай палове XVI стагоддзя арбалет паступова выходзіць з баявога ўжытку. Ён не знікае цалкам, а застаецца пераважна паляўнічай зброяй.