Цікавыя здольнасці людзей, якія сапраўды існуюць

цікавыя здольнасці людзей, сверхчалавечыя здольнасці

А вы ведаеце, што існуюць людзі, якія ўвогуле не адчуваюць болю? А людзі, якія бачаць музыку колерамі і наадварот — колеры музыкай? А вы ведалі, што некаторыя людзі могуць запамінаць усё да найдрабнейшай дэталі ці запамінаць штосьці быццам бы гэта фотаздымак?

PALATNO расказвае пра дзіўныя і загадкавыя здольнасці людзей.

Сінестэзія: зліццё пачуццяў

Сінестэзія ўзнікае, калі сэнсарныя шляхі мозгу перакрыжоўваюцца. Напрыклад, слуханне музыкі можа выклікаць візуальныя рэакцыі, ці можна бачыць пэўныя колеры альбо формы. Даследчыкі мяркуюць, што сінестэзія можа быць вынікам павелічэння сувязі паміж сумежнымі абласцямі мозгу.

Храмэстэзія: музыка: музыка Фарэл Уільямс адчувае колеры звязанымі з музыкай, для яго пэўныя тоны ўяўляюцца яркімі візуальнымі ўзорамі.

Сэнестэзія лічбаў: некаторыя людзі бачаць, што лічбы маюць прасторавае размяшчэнне (напрыклад, сямёрка можа падавацца большай ці «вышэй» за тройку.

Смакавая сінестэзія: некаторыя людзі адчуваюць смак, калі чуюць пэўныя словы, напрыклад, «чацвер» будзе на смак як штосьці цытрынавае.

Гіпертымезія: бясконцая памяць

Людзі з гіпертымезіяй могуць атрымаць доступ да эпізадычных успамінаў з ранняга ўзросту. Лічыцца, што ў гэтым гуляюць значную ролю гіпакамп і скроневая доля мозгу. У бясконцай памяці ёсць свае мінусы. Напрыклад, яркае перажыванне траўматычных падзей можа зрабіць жыццё чалавека эмацыянальна знясільваючым.

Першым задакументаваным выпадкам гіпертымезіі з’яўляецца Джыл Прайс. Яна магла ўспомніць падзеі кожнага дня з 14 гадоў.

Тэтрахраматыя: бачанне каляровай вясёлкі

Тэтрахраматы маюць чацвёрты тып конусных клетак у сятчатцы, што дазваляе ім адрозніваць да 100 мільёнаў колераў. Трыхраматы могуць адрозніць да мільёну колераў.

Цікава, што большасць тэтрахраматаў — жанчыны, бо генетычная мутацыя пераносіцца ў Х-храмасоме. Мужчыны радзей перадаюць яго ў спадчыну.

Для тэтрахраматаў падыходзіць кар’ера ў мастацтве і дызайне з-за іх тонкага ўспрымання колераў.

Абсалютны слых

Гэта рэдкая здольнасць ідэнтыфікаваць або перадаць музычную ноту без аніякай спасылкі. Напрыклад, хтосьці можа пачуць пыласос і вызначыць яго вышыню як сі-бемоль.

Пэўную ролю да з’яўлення такой здольнасці адыгрывае генетычная схільнасць.

Людзі, якія валодаюць танальнымі мовамі (да прыкладу, кітайскай ці в’етнамскай), маюць больш высокія паказчыкі абсалютнага слыху, бо ўжо ў раннім узросце могуць адрозніваць вышыні гуку ў маўленні.

Эйдэтычная памяць

Ад звычайнай памяці людзі з эйдэтычнай адрозніваюцца тым, што ўспаміны ў іх аднаўляюцца як фатаграфія ў думках, а ў звычайных людзей успаміны аднаўляюцца недасканала.

Такая памяць даволі рэдкая нават сярод геніяў. Часта эйдэтычная памяць згасае з узростам, а яшчэ людзі з такой памяццю не запамінаюць нейкія падзеі на працяглы час, як гэта адбываецца ў выпадку з гіпертымезіяй.

Інжынер Акіра Харагучы быў вядомы тым, што запомніў 100 000 лічбаў Пі. А мастак Стывен Уілтшыр малюе гарадскія пейзажы па памяці пасля кароткага назірання.

Звышчалавечая талерантнасць да болю

Гэта рэдкі феномен, дзякуючы якому людзі могуць пераносіць боль, якая для большасці была б нясцерпнай. Гэта з’ява можа быць выкліканая генетычнымі фактарамі ці псіхалагічнымі трыгерамі.

Пры такім стане чалавек зусім не адчувае болю. Людзі могуць апякчыся, парэзацца, зламаць косць, але не заўважаць гэтага. Яны могуць адчуць дотык і тэмпературу, але не боль. Гэта звязана з парушэннямі ў адным гене, які кадзіруе бялок і ўдзельнічае ў перадачы болевых сігналаў па нервовай сістэме.

У такім стане ёсць шэраг перавагаў і рызыкаў. Чалавек можа перанесці сур’ёзныя траўмы ці балючыя працэдуры, больш хутка прыстасавацца да экстрэмальных фізічных умоў, мець больш высокі ўзровень псіхалагічнай устойлівасці, чым звычайныя людзі. Аднак мінусы таксама ёсць: чалавек можа сур’ёзна нашкодзіць сабе і нават не зразумець гэтага.

Вярнуцца ўгару