
Уявіце, што ёсць жудасныя жалезныя істоты, якія могуць палохаць дзяцей і караць за руйнаванне прыроды. А вось продкам беларусаў уяўляць гэта не трэба, бо для іх гэта была частка традыцыі.
PALATNO расказвае пра Жалезнага чалавека і Жалезную бабу.
Жалезнай бабай пужалі дзяцей

Жалезную бабу ўяўлялі як нізкарослую старую з вялікі жалезнымі грудзямі. Асноўнай характарыстыкай яе было тое, што яна была злая.
Жалезная баба з’яўлялася на палях і агародах, дзе пільнавала гародніну. Паводле паданняў, яна магла схапіць дзіцяці круком, кінуць у жалезную ступу, патаўчы і з’есці — менавіта Жалезнай бабай часцяком пужалі дзяцей.
У вобразе Жалезнай бабы беларускія навукоўцы бачылі падабенства да русалак з Палесся, якія зацягвалі дзяцей у жыта, і да іншых небяспечных істот (напрыклад, да стрыгі).
Жалезная баба жыла ў студні. Лічылася, што туды яна магла зацягваць тых, хто глядзеў у студню. Асабліва цікавымі для гэтай істоты былі дзеці.
Жалезная баба была папярэджаннем і забаронай: не варта хадзіць у небяспечныя месцы без нагляду.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Ці былі ў беларусаў Баба Яга і Кашчэй?
Тры беларускія нячысцікі, пра якіх вы маглі не ведаць
Кім быў Жалезны чалавек?

Жалезны чалавек быў вядомы не толькі ў беларускай міфалогіі. Сюжэт з ім быў пашыраны таксама ў балгар, сербаў і іншых славянскіх народаў.
Жалезнага чалавека ўяўлялі як волата, які цалкам закаваны ў жалеза. Ён ахоўвае свае лясныя і балотныя ўладанні. На Палессі ім палохалі дзяцей, каб яны не блукалі ў лесе адны. У фальклорных сюжэтах Жалезны чалавек мог выконваць волю юнака, які валодаў цудадзейнымі прадметамі.
Некаторыя этнографы адзначалі, што элемент «жалезны» ў назвах міфічных істот меў функцыю адпужвання. Напрыклад, Жалезная баба павінна была адпужваць дзяцей ад студні, а Жалезны чалавек быў перасцярогай для людзей ад лесу.
У XX стагоддзі вобраз Жалезнага чалавека атрымаў мастацкае ўвасабленне ў рамане Віктара Казько «Неруш», дзе ён паўстае як сімвал абаронцы роднай зямлі.