Жанчына-фараон Хатшэпсут, якую спрабавалі сцерці з сусветнай гісторыі

хатшэпсут фараон, фараоны старажытнага егіпта, гісторыя старажытнага егіпта

Хатшэпсут была адной з першых у гісторыі жанчынай-фараонам, якая ўмацавала ўладу і зрабіла з Егіпта квітнеючую дзяржаву. Аднак пасля смерці сын яе мужа спрабаваў знішчыць гісторыю Хатшэпсут і яе спадчыну.

PALATNO расказвае пра Хатшэпсут.

Шлях да ўлады

Хатшэпсут нарадзілася паміж 1505-1495 гадамі да нашай эры ў Тэбах. Яна была старэйшай дачкой фараона Тутмаса I і яго жонкі Ахмасы. Затым яна пабралася шлюбам са сваім зводным братам Тутмасам II, калі ён стаў фараонам.

Пасля яго смерці ў 1479 годзе да нашай эры Хатшэпсут кіравала Егіптам як рэгент пры трохгадовым фараоне Тутмасе III, які быў сынам Тутмаса II ад другога шлюбу. Калі Тутмасу споўнілася восем гадоў, то яна захапіла ўладу ў Егіпце і стала самастойнай кіраўніцай.

Для легітымізацыі ўлады ў глыбока патрыярхальным грамадстве яна насіла штучную бараду і насіла мужчынскае адзенне, а на старажытнаегіпецкіх манументах яе нярэдка малявалі як мужчыну.

ХАТШЭПСУТ БЫЛА НЕ ПЕРШАЙ ЖАНЧЫНАЙ-ФАРАОНАМ?
Хатшэпсут не была першай жанчынай-фараонам, але была найбольш уплывовай і вядомай з іх. Герадот згадваў Нітакрыс, якая правіла Егіптам прыблізна ў XXII стагоддзі да нашай эры, але археалагічных дадзеных пра рэальнае існаванне яе застаецца мала. Першай пацверджанай жанчынай-фараонам лічыцца Сабекнефру (каля 1806-1802 гады да нашай эры).

Як Хатшэпсут зрабіла Егіпет зноў вялікім

Пры Хатшэпсут Егіпет стаў квітнеючай дзяржавай. Пры ёй егіпецкая палітыка была мірнай, яна амаль цалкам адмовілася ад вялікіх ваенных кампаній: хоць, хутчэй за ўсё, праводзіліся дробныя місіі ў Нубіі і Сінаі. Самай вядомай была экспедыцыя ў зямлю Пунт, адкуль даставілі значную колькасць экзатычных тавараў і каштоўнасцей.

Пры Хатшэпсут развівалася сельская гаспадарка, яна ж умацавала адміністратыўную галіну. Напрыклад, пачала прызначаць мясцовых чыноўнікаў у рэгіёнах, якія былі адданыя цэнтральнай уладзе. Хатшэпсут падтрымлівала культ Амона і будавала новыя святыні, каб умацаваць яе ўладу «абраную багамі». Цікава, што яна таксама актыўна карысталася прапагандысцкімі сродкамі: на сценах храмаў змяшчаліся надпісы і рэльефы, якія падкрэслівалі яе боскае паходжанне.

Найвялікшым помнікам яе кіравання стаў храм у Дэйр-эль-Бахры, які лічыцца сапраўдным архітэктурным шэдэўрам Старажытнага Егіпта.

Хатшэпсут кіравала Егіптам больш за два дзесяцігоддзі.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Егіптаманія: як 200 гадоў таму муміі сталі хітом англійскіх вечарынак

 

Цырыманіялы, мяцяж і забойства. Як швейцарцы сталі галоўнымі ахоўнікамі Папы Рымскага

 

Што аб’ядноўвае Мінск і Сан-Паўлу? Адказ — на сцяне


Смерць, забыццё і вяртанне

Хатшэпсут памерла каля 1458 года да нашай эры. Доўгі час прычыны яе смерці былі невядомыя, але сучасныя даследаванні паказалі, што яна магла пакутваць на дыябету і хваробы костак. У 2007 годзе была знойдзена мумія Хатшэпсут: даследчыкі выявілі, што ў яе былі праблемы з зубамі і, хутчэй за ўсё, мела рак.

Пасля смерці Хатшэпсут Тутмас III вярнуў сабе поўную ўладу і, верагодна, пачаў кампанію наўмыснага сцірання імя жанчыны-фараона: выдалялі выявы, разбуралі яе манументы. Прычыны ўчынку Тутмаса невядомыя: магчыма, ён спрабаваў аднавіць «натуральны» парадак перадачы ўлады.

Толькі ў XIX-XX стагоддзях даследчыкі паступова аднавілі гісторыю Хатшэпсут.

Вярнуцца ўгару