Выбітныя жанчыны-доктаркі ў гісторыі Беларусі: лячылі вайскоўцаў, турэцкіх султанаў і беларусаў

таццяна бірыч

Па ўсім свеце напрацягу доўгага часу жанчыны сутыкаліся з рознымі гендарнымі абмежаваннямі. Адно з іх — немагчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю і прафесіі, у тым ліку медыцынскія. У XIX стагоддзі пачаўся працэс супрацьстаяння гэтай няроўнасці. Дзякуючы зацятасці і барацьбе, для жанчын пачалі адчыняцца дзверы як у медыцыне, так і іншых сферах. Напрыклад, першай і адной з самых вядомых ва Усходняй Еўропе доктарак-самавучак была беларуска Саламея Русецкая. Яна займалася лячэннем хвароб вачэй. А Таццяна Бірыч выпрацавала метад оксігенатэрапіі, выпрабавала яго на сабе, а потым правяла аперацыі групе салдат.

PALATNO узгадвае гісторыі беларускіх доктарак, якія выратавалі не адно чалавечае жыццё і ўнеслі значны ўклад у развіццё медыцыны.

Саламея Русецкая

саламея русецкая
Ілюстрацыя згенераваная штучным інтэлектам.

Найбольш важныя жыццёвыя падзеі Саламея Русецкая запісвала ў мемуарах. Менавіта яны і з’яўляюцца амаль адзінай крыніцай ведаў пра лёс жанчыны.

Саламея нарадзілася ў 1718 годзе на Навагрудчыне ў сям’і беднага шляхціца Яўхіма Русецкага. Дзяўчына была здольнай да моў: вывучыла польскую і старабеларускую.

У 14 гадоў Саламею выдалі замуж за прафесійнага лекара Якуба Гальпера. У сваім дзённіку Саламея пісала:

«У маладым веку маім выдалі мяне мае бацькі замуж з Літвы, ваяводства наваградскага, за лекара Якуба Гальпіра, з якім я гэтага ж года паехала ў Стамбул, і адразу прынятыя мы былі ў прыстойных людзей, бо ён быў надзвычай добры лекар медыцыны, і Пан Бог нас блаславіў, і да нас павярнулася Фартуна».

На той час атрымліваць адукацыю жанчыны не маглі. Саламея цікавілася медыцынай, таму пераняла веды і досвед па лячэнні хвароб вачэй у свайго мужа. А палонны доктар-італьянец навучыў жанчыну лацінскай мове і навуцы выпісваць рэцэпты, а таксама перадаў ёй свае кніжкі і зборнік з формуламі лекаў.

Пазней Саламея атрымала афіцыйны дазвол на лячэбную практыку. Жанчына магла прымаць пацыентаў з розных краін, таму што ў дадатак да ўжо вядомых моў авалодала турэцкую, нямецкую, рускую і лацінскую.

У той час у Стамбуле дактары-мужчыны не маглі займацца лячэннем жанчын. А мусульманкі, у сваю чаргу, не мелі права лячыць мужчын. Паводле мемуараў, у Саламеі такіх абмежаванняў не было і таму яна карысталася папулярнасцю сярод людзей. Доктарка ўваходзіла ў гарэмы, ёй давяралі самыя складаныя захворванні.

Праз некаторы час Якуб пакінуў Саламею з маленькай дачкой, а сам з’ехаў у Боснію. Жанчына адправілася за мужам, але па дарозе банда рабаўнікоў перабіла ўсіх, хто суправаджаў яе караван. Жыццё Саламеі выратаваў атаман рабаўнікоў Сары-Хусэйн, які адвёз жанчыну да хворага сваяка. Лекарка падняла яго на ногі і падлячыла вочы атамана. Той аддзячыў Саламеі і даў ахову ў дарогу. Саламея прыехала ў Боснію да мужа, але праз нейкі час ён памёр. Жанчына атрымала вялікую спадчыну, якую выдаткавала на вандроўкі і дабрачыннасць. На жыццё зарабляла лячэннем вачэй і іншых органаў.

У балгарскім Відзіне Саламея выкупала з палону аўстрыйцаў, каб за грошы іх сваякоў вярнуць на радзіму. Неўзабаве жанчына выйшла замуж за аднаго з выкупленых афіцэраў і вярнулася з ім дадому.

У Нясвіжы Саламея і яе муж атрымалі працу пры двары вялікага гетмана літоўскага Міхала Радзівіла Рыбанькі. Крыху пазней жанчына пакінула дачку ў манашак-бенедыктынак і паехала ў Пецярбург, каб вызваліць з рускага палону турэцкіх афіцэраў. Там Русецкая служыла лекаркай пры двары расійскай імператрыцы Ганны Іванаўны. Саламея сустракалася з ёй і іншымі манархамі і арыстакратамі.

Пакуль жанчыны не было дома яе муж растраціў яе грошы. Доктарка накіравалася ў Вену, каб атрымаць грошы ў бацькоў мужа, выдаткаваныя ёй за вызваленне з палону. Саламея атрымала толькі траціну неабходнага. У хуткім часе слава пра новую доктарку распаўсюдзілася і да Саламеі пачалі прыходзіць жыхары Вены. Менавіта ў гэтым горадзе ў жанчыны нарадзілася другое дзіця — сын Францішак-Ксаверый. Праз дзевяць год чарговы каханак Саламеі закрыў хлопца ў склепе, ад чаго той загінуў.

У апошнія гады свайго жыцця лекарка вярнулася ў Турцыю, дзе працавала акулісткай пры гарэме султана Мустафы. На гэтым эпізодзе і абрываецца дзённік Саламеі. Па розных звестках жанчына памерла ў 42 гады: яе атруцілі.

Таццяна Бірыч

таццяна бірыч
Фота: bis.nlb.by

Афтальмолаг і першая жанчына-прафесар Беларусі Таццяна Бірыч нарадзілася ў 1905 годзе ў вёсцы Лошніца ў Мінскай губерні. Маці Марыя працавала акушэркай у вясковай бальніцы, а бацька Васіль быў народным настаўнікам. Пасля школы Таццяна сама працавала настаўніцай. У 1921 годзе яе адправілі на 3-гадавыя педагагічныя курсы. А затым камсамол камандзіраваў маладую жанчыну ў Мінск у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на медыцынскі факультэт.

Пасля заканчэння ўніверсітэту Таццяна прайшла ардынатуру пры вочнай клініцы і аспірантуру пры Акадэміі навук БССР, стажыравалася ў Маскве і Адэсе. Затым вярнулася ў Мінск, дзе пасля абароны кандыдацкай дысертацыі атрымала званне дацэнта кафедры вочных хвароб Мінскага медыцынскага інстытута.

Падчас Другой сусветнай вайны Таццяна была загадчыкам кафедры вочных хвароб Саратаўскага медыцынскага інстытута, працавала начальнікам вочнага аддзялення ваеннага шпіталя і кансультантам эвакашпіталя. Усю вайну лячыла параненых байцоў. Таццяну называлі «ўпартай беларускай», якая не баялася спрачацца за сваю праўду.

Па словах праўнука Таццяны Францішка Цярэшкі салдаты падчас вайны масава знішчалі зрок з-за атручвання метылавым спіртам. Таццяна Бірыч выпрацавала метад оксігенатэрапіі — ін’екцыі кіслароду пад слізістую вочнага яблыка. Спачатку выпрабавала яго на сабе, а потым правяла аперацыю для групы салдат.

На аснове методыкі польскага афтальмолага Тадэвуша Кравівіча Таццяна выпрацавала крыягенны метад. Менавіта ён дазволіў праводзіць паспяховыя хірургічныя аперацыі на крышталіку вока.

Пасля заканчэння вайны Таццяна ўзначаліла кафедру вочных хвароб Мінскага медінстытута, дзе працавала 40 гадоў. Дзякуючы Бірыч у Беларусі з’явіліся першыя пункты прафілактыкі і лячэння «гультаяватага вока» і касавокасці, а таксама кабінеты па падборы і вырабе кантактных лінзаў.

Таццяна Бірыч з’яўляецца першай беларускай, якая атрымала навуковую ступень прафесара. Яна таксама мае званне Заслужанага доктара БССР.

У Таццяны была дачка і муж, якога рэпрэсавалі ў 1938 годзе. Мужа жанчына не пабачыла, ён загінуў у ссылцы. Рэабілітавалі яго толькі пасля смерці Сталіна «за адсутнасцю складу злачынства».  Таццяна Бірыч памерла 26 лютага 1993 года. Яе імем названая вуліца ў Барысаве.

Зінаіда Тусналобава-Марчанка

зінаіда тусналобава-марчанка
Фота: belta.by

Зінаіда нарадзілася 23 лістапада 1920 года пад Полацкам. Маладосць дзяўчыны прайшла на Кузбасе ў Расіі. У 1941 годзе Тусналобава скончыла курсы медсясцёр і добраахвотнікам пайшла на фронт.

Першы бой Зінаіда сустрэла санінструктарам у 1942 годзе пад Варонежам. Тады яна вынесла з-пад агню па вузкім калідоры сорак параненых салдат і афіцэраў з іх асабістай зброяй і процівагазамі. Зінаіда брала салдата, перакідала і цягнула на сабе волакам. За гэта Тусналобаву ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі і прысвоілі званне старшыны медыцынскай службы.

2 лютага 1943 года рота, у якой служыла Зінаіда, атрымала загад правесці разведку перадавых пазіцый ворага. Раптам пачуўся крык: «Камандзіра параніла! Санітара сюды!». Зінаіда пабегла яму на дапамогу, але камандзір роты — Міхаіл Цімашэнка — быў ужо мёртвы. Побач прагрымеў выбух і беларусцы перабіла ногі. Тусналобава паспрабавала прыкінуцца мёртвай, але адзін з нямецкіх салдат заўважыў яе, ударыў ботамі і прыкладам. Зінаіду знайшлі на другія суткі разведчыкі, якія вярталіся з задання. Яе аднеслі ў медсанбат у вёсцы Дзмітрыеўка Стара-Аскольского раёна.

Зінаіда страціла ногі і рукі. Некалькі месяцаў дзяўчына збіралася з думкамі, каб напісаць ліст свайму каханаму Іосіфу Марчанку. З афіцэрам Марчанкам Зінаіда пазнаёмілася яшчэ да вайны.

«Красавік 1943 г.

Мой дарагі Іосіф! Не ведаю, дзе і пры якіх абставінах знойдзе цябе мой ліст. Пішу ўсё, як ёсць, нічога не ўтойваючы. Падманваць, ты ж ведаеш, я ніколі не ўмела. Са мной здарылася непапраўная бяда. Я страціла рукі і ногі. Горка і крыўдна застацца ў 23 гады інвалідам … мабыць, мая песенька праспяваная. Будзь вольным, родны. Рабі, як палічыш зручным для сябе. Не магу, не маю права стаць перашкодай на тваім шляху. Уладкоўвай сваё жыццё. Бывай…».

Праз некалькі месяцаў Зінаіда атрымала ліст ад каханага, у якім першая фраза была: «Мілая мая малышка». У лісце Іосіф сказаў, што ён не збіраецца адмаўляцца ад Зінаіды і яны ўсё роўна будуць разам.

У шпіталях беларуска правяла 15 месяцаў. У Свярдлоўску яна пазнаёмілася з галоўным хірургам Мікалаем Сакаловым, які вельмі  хацеў ёй дапамагчы. Пасля шматлікіх аперацый дзяўчыне ўсталявалі пратэзы рук і ног. Цяпер яна магла выконваць розныя функцыі і вучылася зноўку хадзіць.

Літаральна на наступны дзень пасля сустрэчы з Іосіфам пара паведаміла маці дзяўчыны, што неўзабаве ажэніцца. Праз год у іх з’явілася першае дзіця, затым — другое. Але, на жаль, гэтыя дзеці памерлі ад інфекцыі.

Праз некаторы час у іх сям’і нарадзіліся яшчэ двое дзяцей: Уладзімір і Ніна. Зінаіда займалася грамадскай працай, дапамагала былым франтавікам, мела камунікавала з моладдзю.

За восем месяцаў знаходжання на фронце гераічная жанчына вынесла з поля бою 123 параненых байцоў.

Антаніна Леановіч

антаніна леановіч

Першая жанчына-прафесар па неўралогіі ў Беларусі Антаніна Леановіч нарадзілася ў 1929 годзе ў Барысаве Мінскай вобласці. Вучылася ў Мінскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце. Ужо тады беларуска цікавілася навуковымі даследаваннямі ў вобласці неўралогіі. Яна прымала ўдзел у працы навуковага студэнцкага гуртка і рабіла даклады.

Леановіч працавала доктаркай-ардынатарам у неўралагічных аддзяленнях 2-й гарадской і Мінскай абласной клінічных бальніц, затым малодшым і старшым навуковым супрацоўнікам беларускага НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі.

У 1961 годзе Антаніна абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Клініка-імуналагічныя асаблівасці рассеянага склерозу», а ў 1969 годзе — доктарскую дысертацыю па дыферэнцыяльнай дыягностыцы і патагенезу захворванняў нервовай сістэмы.

Больш за 65 гадоў свайго жыцця беларуска прысвяціла медычнай, педагагічнай і навуковай дзейнасці ў галіне неўралогіі. Антаніна распрацавала класіфікацыі і прынцыпы дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі дэміелінізаваных захворванняў нервовай сістэмы і неўралагічных алкагольных ускладненняў. Жанчына была аўтарытэтам сярод калег, мела вучняў і пацыентаў як у Беларусі, так і за мяжой.

Антаніна Леановіч памерла ў 2020 годзе.

Вярнуцца ўгару