125 гадоў таму жанчыны ўпершыню змаглі выступіць на Алімпіядзе

тэнісістка шарлот купер, тэніс на алімпіядзе, алімпіяда ў парыжы 1900

У 1900 годзе ў Парыжы адбыліся Алімпійскія гульні. Гэта была першая Алімпіяда, на якой змаглі выступаць жанчыны ў шэрагу розных дысцыплін. Што яны заваявалі? У якіх відах спорту змагаліся і якія рэкорды паставілі?

PALATNO расказвае падрабязней пра тое, як жанчыны дэбютавалі на Алімпіядзе.

Якой была Алімпіяда ў Парыжы

Парыжская Алімпіяда праходзіла ў рамках Міжнароднай выставы. Алімпіяда праводзілася з мая па кастрычнік 1900 года. Калі на Алімпіядзе ў Афінах у 1896 годзе жанчынам не дазволілі ўдзельнічаць, то ў Парыжы арганізатары выставы адказвалі за допуск удзельнікаў у спартыўнай праграме і, адпаведна, дазволілі жанчынам упершыню спаборнічаць на Гульнях.

Цікава, што жанчыны не ўдзельнічалі ў спаборніцтвах па фехтаванні, аднак на адным з афіцыйных плакатаў усё ж была намаляваная жанчына. Першыя жаночыя алімпійскія спаборніцтвы па фехтавалі адбудуцца пазней і ўсё там жа — у Парыжы праз 24 гады, у 1924-м.

У Алімпіядзе ў Парыжы прынялі ўдзел амаль тысяча спартсменаў. З 997 атлетаў у спаборніцтвах удзельнічалі толькі 22 жанчыны. Яны выступалі ў розных дысцыплінах: парусны спорт, конны спорт, кракет, стральба з лука, рыбалка і інш. Аднак толькі ў гольфе і тэнісе вылучаліся спаборніцтвы сярод жанчын, у астатніх жанчыны ўдзельнічалі ў змешаных камандах.

Першымі алімпійскімі чэмпіёнкамі лічацца швейцарка Элен дэ Пурталес у парусным спорце і брытанка Шарлот Купер у тэнісе.

Элен дэ Пурталес і парусны спорт

Элен дэ Пурталес па нараджэнні была амерыканкай. Яна нарадзілася ў Нью-Ёрку і большую частку жыцця пражыла ў Злучаных Штатах. Напрыканцы XIX стагоддзя яна выйшла замуж за швейцарскага графа дэ Пурталеса.

Разам з мужам Германам і пляменнікам Бернарам яны ўдзельнічалі ў парыжскай Алімпіядзе. У іх была лодка «Лярына», на якой яны разам перамаглі ў гонцы сярод лодак да 2 тон.

Элен дэ Пурталес лічыцца першай жанчынай, якая выйграла залаты алімпійскі медаль — толькі праз два месяцы золата ў тэнісе возьме Шарлот Купер. Таксама яна стала першай жанчынай, якая прадстаўляла Швейцарыю на Алімпійскіх гульнях.

Тэніс і жанчыны

Тэнісная частка Алімпійскіх гульняў праходзіла ў ліпені 1900 года на грунце на выспе Пюто пасярод Сены.

Шарлот Купер з Вялікабрытаніі стала адным з адкрыццём парыжскай Алімпіяды. На момант турніру ёй было 30 гадоў. Аднак яшчэ да гэтага яна ўжо стала знакамітасцю на радзіме: у 25 гадоў яна перамагла на Уімблдоне, а потым яшчэ чатыры разы станавілася пераможцай гэтага турніру. На Алімпіядзе ў Парыжы Купер выступала ў індывідуальнай частцы і змешаным парным разрадзе.

Імя Шарлот Купер увайшло ў гісторыю, бо яна стала першай алімпійскай спартсменкай, якая выйграла залаты медаль у індывідуальнай дысцыпліне.

тэнісістка шарлот купер, тэніс на алімпіядзе, алімпіяда ў парыжы 1900
Шарлот Купер.

Свой першы медаль на той Алімпіядзе Купер узяла ў парным разрадзе разам з Доэрці: у фінале яны перамаглі франка-брытанскую пару Прэва і Махоні. Другі медаль Купер выйграла ў адзіночным разрадзе супраць той жа францужанкі Прэва.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Як беларусы выступалі на Алімпіядах: ад трыумфаў да нейтральнага сцяга

 

Пад бел-чырвона-белым сцягам. Як прайшлі першыя Алімпійскія гульні для незалежнай Беларусі

 

Трагічныя выпадкі на Алімпійскіх гульнях: гісторыі, якія ўзрушылі свет


Гольф і жанчыны

Яшчэ адным відам спорту, у якім дазволілі ўдзельнічаць жанчынам, стаў гольф.

Золата ў дысцыпліне ўзяла амерыканская спартсменка Маргарэт Ів Эбат. На другім месцы фінішавала швейцарка Полі Вітэр, а на трэцім — францужанка Эбі Прат.

Перамога для Маргарэт Эбат не была галоўнай справай. Яна прыехала ў Парыж разам з маці, каб застацца ў французскай сталіцы і навучацца мастацтву.

жанчыны і алімпійскія гульні, алімпіяда 1900 года ў парыжы, парыж 1900, гальфістка маргарэт ів эбат
Маргарэт Ів Эбат падчас турніру ў Камп’ене.

Маці і дачка на той момант былі дасведчанымі гульцамі ў гольф, таму абедзве ўдзельнічалі ў Алімпіядзе: гэта першы і адзіны выпадак, калі маці і дачка ўдзельнічалі ў адным алімпійскім спаборніцтве адначасова. Турнір па гольфе адбыўся ў Камп’ене ў кастрычніку 1900 года. Маргарэт перамагла ў гольф-турніры, а яе маці заняла сёмае месца.

Маргарэт Ів Эбат ніколі не даведалася, што завявала залаты медаль Алімпійскіх гульняў. Афіцыйна жанчыны былі дапушчаны да ўдзелу ў Алімпіядзе толькі ў 1928 годзе, а жанчыны да іх былі, па сутнасці, аматарамі-удзельніцамі. Толькі пасля смерці Эбат спаборніцтвы, на якіх яна перамагла, былі афіцыйна прызнаны і ўключаны ў алімпійскую праграму.

Вярнуцца ўгару