Now Reading
Як галоўныя краіны Еўропы гулялі ў жаночы баскетбол і як у беларусак атрымалася быць амаль наперадзе

Як галоўныя краіны Еўропы гулялі ў жаночы баскетбол і як у беларусак атрымалася быць амаль наперадзе

беларускі жаночы баскетбол, баскетбол у беларусі, беларускія баскетбалісткі

Беларускі жаночы баскетбол — самы паспяховы від сярод камандных відаў спорту ў краіне. У федэрацыі баскетбола атрымлівалася працаваць з мясцовымі трэнерамі, вырошчваць таленавітых спартсменак і займаць адны з самых высокіх месцаў на міжнародных спаборніцтвах.

Як гэта атрымалася ў Беларусі і чаму Францыя, Германія і Англія рэалізоўвалі магчымасці не заўсёды паспяхова — расказваем максімальна зразумела і з мінімумам спартыўных тэрмінаў.

«Буяльскія дзяўчаты»: поспех і заняпад

Анатоль Буяльскі — галоўны трэнер нацыянальнай зборнай, які тройчы прыходзіў на пасаду і тройчы сыходзіў. З імі звязаныя галоўныя поспехі жаночай зборнай краіны. У 1995 годзе ён упершыню ўзначаліў камандаванне «нацыяналкай», але ў тыя гады не дабіўся значных поспехаў. У 2001 годзе яго ізноў прызначаюць галоўным трэнерам, і за чатыры гады каманда разам з ім выйшла ў элітны дывізіён — зборныя ў «эліце» спаборнічаюць у чэмпіянаце Еўропы.

У 2007 годзе нацыянальная зборная ўзяла бронзавыя медалі Еўрабаскета — найвышэйшае дасягненне каманды пры Буяльскім і за ўсю гісторыю каманды дагэтуль. Чаму гэтак атрымалася?

Анатоль Буяльскі трэніраваў пакаленне баскетбалістак, якія ў даволі маладым узросце выехалі за мяжу і гулялі за замежныя клубы. Буяльскаму атрымалася распрацаваць гульню «дзвюх вежаў» — Настассі Верамеенка і Алены Леўчанка — дзвюх высокіх гульцоў. Акрамя гэтага ў трэнера была доўгая лаўка якасных запасных. У камандзе заўсёды былі хуткія і выдатныя форварды — Таццяна Троіна, Кацярына Сныціна, Наталля Трафімава, Юлія Рыцікава. Ім дапамагалі плэймейкеры (гульцы, якія будуюць гульню на пляцоўцы) — Наталля Марчанка, Вольга Падабед. Дарэчы, спаборніцтва за месца на пляцоўцы паміж Марчанка і Падабед стала амаль што легендарным, а паўнавартасную замену гэтым баскетбалісткам так і не знойдуць. Аляксандра Тарасава змагалася з траўмамі і не змагла прызвычаіцца да плана гульні Буяльскага такім чынам, як гэта зрабілі Марчанка і Падабед.

У Буяльскага атрымалася пабудаваць каманду і выкарыстаць магчымасці гульцоў, але адзінае, што не змог зрабіць самы паспяховы трэнер у жаночым баскетболе Беларусі, — знайсці змену сярод больш маладых баскетбалістак.

У сучаснай гісторыі жаночай зборнай быў яшчэ адзін трэнер — літовец Рымантас Грыгас. Ён трэніраваў каманду некалькі гадоў пасля зыходу і чарговага прыходу Буяльскага.

У 2014 годзе адбываюцца змены ў Беларускай федэрацыі баскетбола. Максім Рыжанкоў, які праз некалькі гадоў стане намеснікам адміністрацыі Лукашэнкі, становіцца кіраўніком федэрацыі. Пры ім адбываюцца маштабныя змены, якія пасля негатыўна паўплываюць на свабоду ўнутры федэрацыі, чэмпіянатаў і зборных. Аднак трэба адзначыць, што Рыжанкоў змог прыцягнуць да фінансавання беларускага баскетбола буйныя кампаніі. А яшчэ пры ім у Мінску правялі чэмпіянат Еўропы па баскетболе 3х3 да 18 гадоў, на якім беларускі ўзялі срэбраныя медалі. У 2018 годзе Беларусь прыняла апошні буйны турнір па баскетболе, які ёй даверыла Міжнародная федэрацыя баскетбола, — чэмпіянат свету для дзяўчат да 17 гадоў.

Пасля Алімпіяды ў Рыа, на якой зборная выступіла няўдала, Рыжанкоў знайшоў вінаватага: ім стаў Анатоль Буяльскі. У піку яму паставілі працу з маладымі гульцамі, якіх, па меркаванні Рыжанкова, не змог падрыхтаваць да выступленняў за нацыянальную каманду менавіта Буяльскі. У хуткім часе на пост галоўнага трэнера зборнай прызначылі Наталлю Трафімаву, якая гуляла ў камандзе больш за дзесяць гадоў.

Рубеж 2016-2017 гадоў можна называць этапам заняпаду, у які пагрузілася каманда. Алена Леўчанка адмовілася выступаць за каманду, Настасся Верамеенка прапусціла адзін з чэмпіянатаў Еўропы. А Наталля Трафімава ў якасці новага трэнера пачала прыцягваць больш маладых, але менш прафесійных баскетбалістак. У выніку каманда двойчы праваліла Еўрабаскеты, заняўшы перадапошнія месцы.

Усе праблемы зборнай упіраліся ў якасную падрыхтоўку каманд рэзерву. Буяльскаму, якому пашанцавала з пакаленнем Леўчанка, Верамеенка, Троінай, Марчанка і іншых, можна супрацьпаставіць пакаленне гульцоў Трафімавай, якой, як і яе папярэднікам, не атрымліваецца падрыхтаваць моладзь.

Чаму беларусы не могуць гэтага зрабіць? Па-першае, большасць маладых гульцоў не з’язджаюць гуляць за мяжу ў маладым узросце — толькі адзінкі едуць у ЗША ці замежныя еўрапейскія клубы, дзе могуць набыць досвед. Па-другое, унутраны чэмпіянат краіны — нізкі па ўзроўні, і ў ім маладыя гульцы не могуць развівацца, як, да прыкладу, у іншых еўрапейскіх краінах — Польшчы, Чэхіі, Венгрыі і іншых. Па-трэцяе, дзейная сістэма беларускага баскетбола кантралюецца ва ўсіх аспектах федэрацыяй баскетбола: ад самастойнай фінансавай палітыкі да развіцця дзіцячых каманд. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну беларускія клубы страцілі магчымасць удзельнічаць у клубных еўрапейскіх чэмпіянатах і «варацца ў адным катле» з расіянкамі.

Чэмпіянаты Еўропы: 2007 — трэцяе месца, 2009 — чацвёртае месца, 2011 — дзявятае месца, 2013 — пятае месца, 2015 — чацвёртае месца, 2017 — 15-е месца, 2019 — 13-е месца, 2021 — чацвёртае месца.

Чэмпіянаты свету: 2010 — чацвёртае месца, 2014 — дзясятае месца.

Алімпіяды: 2008 — шостае месца, 2016 — дзявятае месца.

Францужанкі — еўрапейскія выдатніцы (за выключэннем чэмпіянатаў свету)

Баскетбол у Францыі з’явіўся яшчэ ў XIX стагоддзі. Першы афіцыйны баскетбольны матч згулялі ў Парыжы ў 1893 годзе. Французскія баскетбалісткі згулялі на афіцыйным турніры, што арганізавала Міжнародная федэрацыя баскетбола, у 1938 годзе.

Францужанкі занялі чацвёртыя месцы на першых двух Еўрабаскетах. У 1970 годзе ўзялі срэбраныя медалі. А пасля — заняпад, які скончыўся ў 1990-х. Кардынальныя змяненні адбыліся напрыканцы 1990-х: тады францужанкі здолелі двойчы заняць другую прыступку на подыуме. У 2001 і 2009 гадах Францыя становіцца чэмпіёнкай Еўропы, з 2013 года на шасці Еўрабаскетах займае другое месца. Дарэчы, у 2001-м францужанкі выступалі ў якасці гаспадынь еўрапейскага першынства, на якім узялі свой першы залаты медаль.

Жаночы баскетбол на Алімпіядах быў прадстаўлены толькі ў 1970-х гадах. Францужанкі прапусцілі першыя шэсць розыгрышаў, бо не змаглі кваліфікавацца. Самыя высокія пазіцыі былі на Алімпіядзе ў Лондане — другое месца — і Алімпіядзе ў Токіа — трэцяе месца.

Самым беспаспяховым турнірам для французскай жаночай зборнай стаў чэмпіянат свету. У далёкім 1953 годзе Францыя стала бронзавым прызёрам, а пазней не займала месца вышэй за пятае.

Нягледзячы на частковыя няўдачы, французская зборная ад 2000-х гадоў з’яўляецца адной з самых моцных у Еўропе. Канкурэнцыю францужанкам стваралі хіба што іспанкі. Францужанкі амаль ідэальна спраўляліся з тым, каб змяняць узроставых гульцоў маладымі баскетбалісткамі, у краіне былі створаныя моцныя маладзёжныя школы. А клубны чэмпіянат з’яўляецца адным з самых вядомых і моцных у Еўропе, каманды — «Бурж», «Вільнёў» — штогод удзельнічаюць у клубных чэмпіянатах Старога Свету.

Немкі і англічанкі — на ўзровень ніжэй

Нямецкая зборная ўдзельнічала ў чэмпіянатах Еўропы ў другой палове 1990-х. Тады, калі Германія была падзеленая на дзве часткі, у спаборніцтвах удзельнічалі і дзве зборныя. Зборная Усходняй Германіі згуляла свой першы матч у 1954 годзе на еўрапейскім першынстве, саступаючы саперніцам з вялікім лікам — СССР прайграла 95 ачкоў, Югаславіі саступіла 55 ачкоў. Першая афіцыйная перамога адбылася на тым жа чэмпіянаце: немкі перамаглі Данію — 33:21.

Наступныя 50 гадоў нямецкая зборная паказвала нізкія вынікі. Каманда знаходзілася на дзясятай і вышэй пазіцыі па выніках турніраў.

Пасля аб’яднання Германіі нацыянальная каманда згуляла на Еўрабаскеце ў Венгрыі ў 1997 годзе. Немкі змаглі заваяваць пакуль адзіныя медалі на еўрачэмпіянаце — бронзу. Пасля зборная згуляе яшчэ на чатырох Еўрабаскетах у 1999, 2005, 2007 і 2011 гадах, але вынікі будуць амаль такія самыя, як былі ў каманды Усходняй Германіі падчас камуністычнай акупацыі.

У 1998 годзе немкі згулялі на чэмпіянаце свету і там занялі 11-е месца.

У Германіі пачалі больш-менш прафесійна развіваць жаночы баскетбол даволі позна. Толькі ў 2001 годзе быў створаны нацыянальны чэмпіянат, у якім ёсць першая і другая жаночыя лігі. Дарэчы, у Беларусі існуе толькі адна ліга з дзевяццю камандамі. У Германіі ў першай лізе гуляюць 11 каманд, у другой — 24 каманды (там яшчэ ёсць падзел на дывізіёны, згодна з геаграфічным палажэннем).

Некалькі гадоў таму ў нямецкія лігі пачалі прыцягваць замежных спонсараў, таму развіццё мясцовых чэмпіянатаў знаходзіцца на пачатковым узроўні. Аднак калі параўноўваць з беларускай рэчаіснасцю, то немцы ўжо далёка наперадзе і па фінансаванні, і па прыцягненні ў свае клубы замежных спецыялістаў і гульцоў. Мноства маладых немак едуць на стажыроўкі ў Нацыянальную асацыяцыю студэнцкага спорту ў ЗША, дзе гуляюць у баскетбол у самых вядомых студэнцкіх камандах.

Англійскі жаночы баскетбол пачаў трансфармавацца таксама некалькі гадоў таму, калі мясцовы чэмпіянат стаў прыцягваць амерыканак і іншых зорных еўрапейскіх гульцоў.

У 2005 годзе зборная Вялікабрытаніі ўпершыню была сабраная (раней англічанкі не выступалі на міжнародных спаборніцтвах, бо не ўваходзілі ў склад Міжнароднай федэрацыі баскетболу). Упершыню брытанкі згулялі на чэмпіянаце Еўропы ў 2011 годзе і занялі дзявятае месца. Лепшым вынікам з’яўляецца чацвёртае месца ў 2019 годзе. У 2012 годзе англічанкі згулялі на Алімпіядзе як гаспадыні Гульняў, аднак занялі там толькі перадапошняе, 11-е месца. У сусветных першынствах англічанкі дагэтуль не ўдзельнічалі.

Цікавы факт: за зборную Вялікабрытаніі не выступаюць баскетбалісткі з Паўночнай Ірландыі — яны гуляюць толькі за зборную Ірландыі.

Жанчыны пачалі гуляць у баскетбол у Вялікабрытаніі ўсё-ткі крыху раней за 2005 год. Мясцовыя чэмпіянаты праводзіліся з другой паловы 1960-х гадоў. Баскетбол — не настолькі папулярны від спорту ў Вялікабрытаніі, як, напрыклад, у суседняй Францыі. Аднак у апошнія гады менеджары федэрацыі займаюцца развіццём нацыянальных чэмпіянатаў: крыху  больш павольна, чым гэта робіцца ў Германіі, аднак больш актыўна і масава, чым у Беларусі.

Вярнуцца ўгару