Now Reading
«Ён валяецца на зямлі, а на ім сядзіць амапавец». Мужа збілі ў РАУС — выйшла на жаночую акцыю

«Ён валяецца на зямлі, а на ім сядзіць амапавец». Мужа збілі ў РАУС — выйшла на жаночую акцыю

пратэсты ў беларусі, сілавікі супраць народа беларусі

Марына з Маладзечна стала адной з арганізатарак і ўдзельніцай жаночых акцый у сваім горадзе. Раней яна не цікавілася палітыкай, але ўсё змяніў 2020 год. Марына расказала PALATNO, як жаночыя акцыі праходзілі ў рэгіёнах, як адбыўся ад’езд з Беларусі праз крымінальную справу і чаму, на яе думку, падчас выбараў трэба было дзейнічаць больш жорстка. Таксама мы пагутарылі з нізавай актывісткай Настай Базар пра жаночыя маршы і чаму частка жанчын усё-ткі не выйшла.

Мяне завуць Марына Бігель. Я — палітычны ўцякач. Па прафесіі — медык, медсястра. Апошнія чатыры гады не працавала па прафесіі, таму што ў гэтай сістэме складана працаваць. Па-першае, гэта маленькія заробкі. Я працавала зусім у іншай сферы.

Для палітыкі абсалютна не было месца ў маім жыцці да 2020 года. Жыццё праходзіла ў рамках — праца, сям’я.

Палітычна актыўнае жыццё пачалося перад выбарамі ў 2020 годзе. Трэба было выказваць сваё незадавальненне ўладай. Перад выбарамі было шмат непрыемных рэчаў, пасля выбараў таксама. Мяне ўразіла, як убіралі апанентаў, пасадзілі Бабарыку. Усе спадзяванні былі на гэтага кандыдата. Ён мне падаваўся правільным, адукаваным чалавекам. Калі твае спадзяванні выкраслілі, убралі — гэта было балюча. Выходзілі ў ланцугі, станавіліся ў яго падтрымку. Людзей разганялі, не давалі выказваць сваё меркаванне, затыкалі рот.

Мы выходзілі ў Маладзечне, таму што жылі там. У Мінск не было сэнсу ехаць, трэба было паказваць сябе там, дзе ты жывеш. А да выбараў хадзіла на дзве акцыі, каб паказаць, што мы супраць такіх дзеянняў.

Дзень выбараў і гвалт сілавікоў

Я галасавала ў Мінску, таму што там прапісаная. Уражанні… Быў пад’ём. Ты бачыш столькі людзей з белымі бранзалетамі! Думаеш, што ў нас усё атрымаецца! Апошнія тры разы я не хадзіла на выбары: бо ведаеш, што нічога не зменіш. А тут ты бачыш, што людзі хочуць змены, ты таксама хочаш змены.

Вечарам сабраліся са сваёй сям’ёй, вырашылі выйсці на вуліцу. Інтэрнэту ўжо не было, але нейкім чынам змаглі чытаць Telegram — там людзі пісалі, што ўжо збіраюцца выходзіць. Толькі на вуліцы мы даведаліся пра гэтыя папярэднія вынікі.

Было крыўдна, балюча. Гэта няпраўда, не можа такога быць. Нас падманулі. Гэта былі вельмі непрыемныя пачуцці. Як так?! Нас было так шмат, мы ўсе выйшлі, прагаласавалі, складвалі бюлетэні гармонікам. Прыдзіраліся, каб бюлетэнь быў абсалютны чысты. А тут кажуць, што з такой перавагай… Гэтага не магло быць, гэта ўсё няпраўда.

У той вечар, 9 жніўня, мы паехалі да Стэлы. Калі мы прыехалі, ужо з Нямігі гналі людзей. Былі прыцемкі, а калі стала зусім цёмна — людзі паўключалі ліхтарыкі на тэлефонах, каб бачыць адзін аднаго. Вось там шмат людзей, тут — шмат людзей. Уся Стэла была ў людзях! Так званая міліцыя пачала адцясняць людзей: сагналі з Нямігі, потым у бок Пушкінскай пачалі гнаць. Людзей разганялі, узрывалі светлашумавыя гранаты. Крыху страшна было. Было страшна бегчы ў натоўпе: вось там можна было траўмавацца. Хаця калі мы тады выходзілі, мы не думалі, што будзе такая лютасць. Усе думалі, што ў нас ёсць закон. Мы ж не ішлі нешта бурыць ці ламаць, мы выйшлі паказаць, колькі нас.

Ужо тады было бачна, што яны (сілавікі — PALATNO) настроены агрэсіўна. Людзі не кідаліся на іх. Ніхто не ўжываў сілу. Нават у ланцугах перад выбарамі людзі таксама не былі настроеныя, каб з імі біцца. 9 жніўня таксама. Даведаліся мы тады, калі ўключылі інтэрнэт. Гэты быў проста шок. Што яны тварылі з людзьмі, што яны рабілі на Акрэсціна, у РАУС. Людзі нічога дрэннага не рабілі, а з іх здзекаваліся — і без зубоў выходзілі, паламаныя.

Я вярталася 11 жніўня ў маршрутцы ў Маладзечна. Тады ўжо можна было падключыцца да інтэрнэту. Усю дарогу чытаеш пра тое, што адбывалася — і амаль што плачаш. Страшныя рэчы тварыліся. Успамінаеш — я ж магла трапіць у гэты замес. Усе гісторыі краналі, таму што кожная гісторыя — боль, жах, гора.

Першая жаночая акцыя, калі амапаўцы збівалі мужа ў РАУС

У Маладзечне на жаночую акцыю выйшла 12 жніўня. Усе хацелі, каб гэты гвалт спыніўся. Іншага спосабу не было. Жанчыны павінны былі выйсці. Мы тады думалі, што жанчын не будуць так лупіць. Адзіная мэта была, каб не чапалі нашых мужчын.

Пра тое, што мужа забралі, даведалася з Telegram-канала. Я ўбачыла рэпартаж, артыкул з таго месца. Убачыла, што мой муж валяецца на зямлі, а на ім сядзіць амапавец. Была на працы, але ў той момант яе ўжо для мяне не існавала: мне было неабходна высветліць, што здарылася з маім мужам.

Муж Марыны Бігель Сяргей за імгненні да затрымання. Фота: архіў PALATNO

Першыя некалькі гадзін не было ніякай інфармацыі, толькі патэлефанаваў яго брат. Я званіла ў РАУС, пыталася, ці ён там. Прыехалі пад РАУС, каб запытацца, што можна зрабіць: ці трэба рэчы, які ягоны стан пасля таго, як на ім пасядзеў амапавец. Пасля навін, што тварылі з людзьмі амапаўцы на вуліцах 9-10 жніўня, мне трэба было ведаць, што з ім. Інфармацыі мне ніхто ніякай не даў. Потым мне Сяргей сам пазваніў. Ён гаварыў толькі пра вёску: зрабіце тое і тое.

Тэмы жаночых акцый прыходзілі самі сабой, навіны падштурхоўвалі. Мы арганізаваліся, стваралі маленькія чаты, каб была сувязь паміж сабой. Ідэя прыходзіла пасля навін.

Былі акцыі ў падтрымку людзей, якія знаходзіліся за кратамі. Мы спявалі «Купалінку» пад Маладзечанскім РАУС. Думалі, што калі тыя, хто будзе сядзець, пачуюць, — ім будзе трохі лягчэй пераносіць гэта несправядлівае пакаранне. Выказвалі сваю пазіцыю праз жаночыя ланцугі, паказвалі, што мы хочам справядлівасці, што няправільна збіваць людзей. Я памятаю жалобны марш у Маладзечне. Мы яго зладзілі ў памяць пацярпелых і загінулых ад рэжыму людзей.

Самыя натхняльныя акцыі… Самыя масавыя былі, канешне, у Мінску. Ты ідзеш, сілкуешся энергетыкай людзей, якія вакол цябе. Усе думаюць, што яшчэ трошкі — і мы пераможам. Мы ідзём, мы выказваем сваё незадавальненне. У Маладзечне, калі людзей збіралася так шмат, калі кожны мог паказаць сваё незадавальненне. У Маладзечне можна было прайсціся з усімі, памахаць сцягамі.

Далейшыя маршы і акцыі — ім было ўсё роўна. Пасля мы зразумелі, што яны могуць і дзяўчат збіваць. Калі 9 і 10 жніўня выходзіла, то брала з сабой пашпарт. Думала, мяне маглі затрымаць, але перапішуць дадзеныя і адпусцяць дадому. А калі 11 жніўня чытаеш, што людзей проста ў мяса збівалі, разумееш, што такая дурасць была з майго боку. Яны станавіліся больш жорсткімі.

У сям’і было разуменне маёй актыўнасці. Аказалася, што муж без мяне хадзіў на актыўнасці. А што рабіць? Калі ў душы кіпіць, а маўчаць не можаш, то трэба нешта рабіць. А як тады? Проста сядзець моўчкі? Я не хатаскрайнік. Калі гэта непасрэдна мяне тычыцца, то як можна проста сядзець? Трэба выйсці і сказаць, што ты не згодна.

Я так думаю, тады так атрымалася: улада сама зразумела, што нешта няправільнае зрабіла. Людзі змаглі скааперавацца, ладзіць акцыі. Але ж гэта доўга не працягвалася. Была разгубленасць з боку ўладаў. Людзі малайцы, што змаглі генерыраваць ідэі. Нас было нямала для такога горада, як Маладзечна.

Што думалі пра акцыі маладзечанскія сілавікі? Яны думалі, што гэта звар’яцелыя дзеўкі, якім няма чаго рабіць. Яны і зараз так думаюць пра ўсіх. Проста гэта абмежаванасць.

Калі я вярнуся ў Беларусь? Калі ўсё зменіцца, калі мы пераможам, калі людзі выйдуць з турмаў, калі людзей перастануць забіраць за шкарпэткі з чырвонай палоскай. А цяпер там небяспечна.

Як людзі рэагавалі на пратэстоўцаў

Былі розныя рэакцыі ад людзей. Мінакі дзякавалі, а некаторыя абражалі дрэннымі словамі. Гэта праблемы гэтых людзей. Немагчыма кожнага чалавека пераканаць. Калі да таго моманту чалавек не прыйшоў мазгамі, што творыцца нешта дрэннае, то свае мазгі не пераставіш іншаму. Аднойчы на прыпынку да мяне прычапілася жанчына – убачыла ў мяне на руцэ белую стужку. Я яе не чапала, сядзела ў тэлефоне і чакала аўтобус. Яна разам з іншай сваёй сяброўкай пачала: «А што ім не хапае? Сядзяць у сваіх “тэлеграмах”, ім там замбіруюць мазгі».

Я пачала абурацца, казаць, што яны зусім не бачаць, як дзяўчат гвалтавалі на Акрэсціна. Яна сказала: «Вы самі напрасіліся». Канешне, не ў такой форме, яна там кідалася на мяне, абражала матам. Мяне так калаціла і трэсла, таму што было незразумела, як чалавек можа апраўдваць такія дзеянні. Мы ж не ў Сярэднявеччы жывём, калі катуюць людзей. Нельга здзекавацца нават з крымінальнікаў, нельга ні з каго здзекавацца.

Не было сярод маіх знаёмых такіх людзей. Многія прытрымліваліся нейтралітэту. Але не было такіх, хто казаў бы: што ты творыш, мы ж хораша жывём.

Самы страшны момант

9 і 10 жніўня, калі я была ў эпіцэнтры гэтага ўсяго, — гэта не было самым страшным. Самым страшным было ўбачыць, што мой муж валяецца на зямлі, што яго цягнуць у бусік. Гэта было страшна. І ты разумееш, што яны могуць зрабіць з ім што заўгодна. І ты нічога не зробіш з гэтым. За сябе я ніколі не хвалявалася ні на адной акцыі і маршы. За сябе не страшна, страшна за сваіх блізкіх.

Затрыманне Сяргея Бігеля. Фота: архіў PALATNO

Спачатку яно нарастала такім комам. Мы рабілі ўсё, што хацелі. А потым яны зацягвалі, зацягвалі, зацягвалі. А затым разумееш, што могуць прыйсці са школы. Быў жа адміністратыўны штраф. Я чакала, што яны могуць прыйсці са школы. Сказаць: мы вам цяпер агляд устроім, паглядзім на ўмовы. Яшчэ і скажуць: вы такія бацькі, што на акцыі ходзіце, улёткі клеіце.

Эміграцыя

Да выбараў ты жывеш звычайным жыццём. Нідзе не ўдзельнічаеш. Так, незадаволены. Незадаволены ўвогуле сістэмай. Ты проста плывеш па плыні. А потым — нейкі выбух. Ты актыўна ўключаешся ў мясцовыя падзеі. Потым было цяжка. Ты пастаянна жывеш у стрэсе. Баішся любога шораху. Калі Сяргей з’ехаў, у нас было два вобшукі. Ты перастаеш адказваць на незнаёмыя нумары. Пару разоў яны з міліцыі дазвоньваліся да мяне, але я на размову так і не пайшла, бо ўжо была навучаная: казала ім, каб дасылалі павестку. Павестка дагэтуль ідзе.

Стрэс быў пастаянны. Нават тады, калі пераехала. Мяне дачка нядаўна напужала. Яна прыйшла са школы, зрабіла не так, як рабіла звычайна: спачатку дзёргала ручку, а пасля званіла ў званок. У той раз яна адразу пазваніла ў званок. У мяне проста — вось так, я не магла супакоіцца. У мяне быў такі страх! Я была абавязаная ім адкрыць дзверы па законе. Восем месяцаў ты жывеш у пастаянным стрэсе, гэта былі непрыемныя восем месяцаў. Ты думаеш, як класціся спаць: у касцюме са штанамі ці звычайна. Пастаянна думаеш: а што рабіць з тэлефонам, калі яны прыйдуць. Ты думаеш: ці паспею я выдаліць у сябе ўсё ў тэлефоне. Мой тэлефон — гэта вялікі тэрмін для мяне, калі б яны яго ўскрылі.

Я ехала з дзецьмі. Межы ўжо былі закрытыя на выезд. У мяне не было падстаў на выезд, было трошкі страшна. Я не ведала, ці заведзеная крымінальная справа. Прыйшлося выязджаць праз Расію, пасля праз Латвію. На цягніку мы ехалі з Мінска да Віцебска, там перасадка на піцерскі цягнік — мы выходзілі ў Невелі. Там напісана, што гэта горад, але гэта натуральна вёска. І ты не ведаеш, дзе шукаць таксі да латвійскай мяжы. І столькі нядобрых гісторый пра таксістаў ведаеш, а стаіш адна маленькая жанчына з дзецьмі і сумкамі.

Таксіст давёз да мяжы. Пасля таксама пытанні: ці прапусцяць латвійскія памежнікі цябе з літоўскай візай. З Расіі мы выехалі нармальна, аднак латвійцы не хацелі нас пускаць: кавід — «мы вас не можам пусціць». У нас былі ўсе паперы, усе аналізы. І я там са слязьмі, істэрыкай, каб нас хоць начальнік змены выслухаў. Я яму казала, што муж не можа прыехаць да нас, бо яго пасадзяць. Я пісала заяву, нас ужо Сяргей чакаў з іншага боку. Калі Сяргей зайшоў да нас, то гэта ўсё: ты бачыш чалавека восем месяцаў з экрана тэлефона, а цяпер можна дакрануцца.

Ці было пачуццё віны, калі з’ехала з Беларусі

Спачатку было. Былі думкі, што там столькі людзей, і яны ў турмах. А ты сядзіш у бяспецы, а шмат людзей у небяспецы. Цяпер — няма. Я працягваю рабіць тое, што рабіла. Што можам, то мы робім дагэтуль. Спадзяюся, што гэта ўсё прынясе вынікі хутчэй. Калі кожны будзе рабіць пакрысе, то ўсё будзе хутчэй.

На частку людзей ёсць злосць. Калі салідарнасці было б болей, калі людзі падумалі б пра іншых людзей, якія сядзяць у турмах і не бачаць сваіх родных, — гэта тэрміны не на некалькі сутак, а гады жыцця. Становіцца вельмі крыўдна, што людзі нічога не робяць. Крыўдна, што бытавыя рэчы важней, чым лёс людзей.

Хтосьці скажа: вы збеглі і вам лягчэй разважаць. Але калі была б магчымасць не з’язджаць, то ніхто нікуды не з’ехаў бы. Гэта было вымушанае рашэнне: дома лепш, чым у гасцях.

Я сумую па родных, па маці і тату. Так, і крыўдна. Крыўдна, таму што людзям трэба быць больш рашучымі. Па сутнасці, трэба было перацярпець пару месяцаў, калі аб’явілі б забастоўку. Чаму людзі выйшлі на працу на наступны дзень? Не атрымалася. Чаму? Не разумею.

Трэба было быць больш рашучымі, больш радыкальнымі. Гледзячы на тое, як дзейнічала міліцыя, трэба было даваць адпаведны іх дзеянням адпор. Я не магу заклікаць да радыкальных дзеянняў, але мне падаецца, што людзі крыху струсілі. Шкада людзей, якія сядзяць у турмах, яны хацелі чагосьці дабіцца.

Наста Базар: жанчыны — добрыя арганізатаркі

Наста Базар. Фота: nasta.bazar / Instagram

PALATNO пагутарыла з актывісткай Настай Базар — пра аб’яднанне жанчын у 2020 годзе, чаму гэта атрымалася, чаму частка жанчын вырашыла не выходзіць і як цяпер успрымаюцца жаночыя маршы беларусак пасля выбараў.

— Чаму жанчыны аб’ядналіся ў жніўні 2020 года?

— Сацыяльныя канструкты і жаночая сацыялізацыя. Нас з дзяцінства прывучаюць быць тымі, хто абслугоўвае. Нас прывучаюць быць эмпатычнымі. Мы — акрамя афіцыйнай працы, нябачнай побытавай працы, — мне здаецца, яшчэ ў гэтым стагоддзі далучылася трэцяя нагрузка — эмацыянальнае абслугоўванне. З аднаго боку, гэта не окей, таму што сілы размеркаваны несправядліва. А з другога боку, гэта прывяло да мажлівасці для жанчын быць больш эмпатычнымі, больш адчувальнымі да пачуццяў іншых. Давайце будзем шчырымі, вялікая колькасць жанчын мае дзяцей, а мацярынства, як і бацькоўства, — такая рэч, якая развівае soft skills. Ёсць шмат статыстыкі, якая паказвае, што людзі з дзецьмі праз год ці два пасля дэкрэтнага авалодваюць такімі скіламі, якія атрымліваюць людзі пасля курсаў па soft skills.

Шматзадачнасць — гэта закладзена ў жанчын з дзяцінства. Жанчыны — добрыя арганізатаркі. Жанчыны разумеюць, што такое адчуванне, што такое еднасць. Гэтыя свае навыкі ў XXI стагоддзі перанакіравалі на тое, што яны і робяць, толькі ў іншым фармаце.

— Прайшло некалькі гадоў пасля тых падзей. Чаму некаторыя жанчыны не змаглі прамаўчаць і выходзілі, а іншыя — не?

— У жанчын нашмат больш адказнасці за сваякоў, за бацькоў і матуль, у тым ліку і за бацькоў і матуль мужоў, і за дзяцей. Хто сказаў, што на мужчын ціснуць дзецьмі? На жанчыну заўсёды, у першую чаргу, будуць ціснуць праз дзяцей. Я таксама не з першага маршу выходзіла на пратэст, таму што разумела, што ў дзяцей я адна. Я не разумела, дзе яны будуць, нават калі гэта будуць для мяне суткі. І я лічу, што першая прычына, чаму не выходзілі, — гэта адказнасць за сям’ю і дзяцей. Другая — наша меркаванне не чулі і з боку ўлады, і з боку апазіцыі. Жанчыну не ўспрымалі ўсур’ёз. Думаю, што нейкая частка жанчын магла павесціся і на гэта: «Усё роўна мой голас не будзе чутны. Усё роўна мяне не будуць успрымаць усур’ёз».

Мы жывём у сістэме патрыярхату. Не ведаю, як зараз, але да 2020 года ў нас быў разрыў у заробках паміж мужчынамі і жанчынамі, па афіцыйных дадзеных Белстата — 27%. Гэта ўсё як адзін з паказальнікаў, што жанчыну не ўспрымалі. Для часткі жанчын было так: «Мая справа быць на кухні, гатаваць, чакаць, але не выходзіць».

Былі даследаванні пра органы СНС (сацыяльна небяспечнае становішча — PALATNO), якое рабіла Даша Чурко, што гэты орган стаў рэпрэсіўным. Сацыяльныя службы ва ўсім свеце прыходзяць у сем’і, каб дапамагчы, падтрымаць і расказаць, то ў Беларусі — гэта выключна рэпрэсіўны орган, каб запалохаць жанчыну ці адабраць дзяцей.

— Як 2020 год змяніў стаўленне да жанчын у беларускім грамадстве?

— Думаю, што калі раптам атрымалася б і не было б «дапамогі» з суседняй краіны (Расіі — PALATNO), то жанчыны безумоўна былі б даўжэй паважанымі. Але паколькі не ўсё так хутка — гэта не спрынт, а марафон, — таму пайшла рыторыка, што калі не выйшлі б жанчыны з кветкамі, то мы ўсё парашалі б. Мяне здзіўляе гэта рыторыка, бо нібыта тое, што мы стаялі з кветкамі, перашкодзіла вам выйсці не з кветкамі. Прасцей спіхнуць на жанчыну. У нас вельмі распаўсюджаная такая рэч, як вікцімблэймінг — асуджэнне ахвяр. А абвінаваціць жанчыну ў любых няшчасцях — любімая справа. Я думаю, што ў 2020 годзе жанчыны былі пачутымі, але гэта вельмі хутка змянілася, таму што не адбыліся перамены хутка.

У кожным разе, да ўлады хочуць прыходзіць у асноўным мужчыны. У мужчын больш рэсурсаў, больш магчымасцяў. Іх жонкі сядзяць з дзецьмі дома, а ў жанчыны ёсць дзеці і яна не можа так лёгка пайсці ў палітыку. Усё, што мы можам зрабіць, — памятаць пра нашу годнасць, якую мы злавілі і адчулі, і працягваць пра гэта гаварыць. Трэба заяўляць пра сябе, шукаць і патрабаваць падтрымкі.

Вярнуцца ўгару