«Мы не лічым гэта сэксізмам». Для чаго патрэбны жаночыя клубы

беларускі маладзёвы хаб

Жаночыя клубы ўсё больш і больш набіраюць папулярнасць у сучасным свеце. Яны становяцца тым месцам, дзе жанчыны абмяркоўваюць свае праблемы, атрымліваюць новыя эмоцыі, адкрываюць магчымасці асобаснага росту ў розных сферах жыцця. 

PALATNO паразмаўляла з каардынатаркай праграмы адаптацыі жанчын з Беларусі ў Польшчы «ЯЁсць», якая дзейнічае ў межах Беларускага моладзевага хаба, і даведалася, чаму жанчыны бяруць удзел у такіх клубах і ці не з’яўляецца гэта сэксізмам.  

«Стварыць бяспечную зону, дзе б жанчыны маглі дзяліцца сваімі праблемамі»

Каардынатарка праграмы адаптацыі жанчын з Беларусі ў Польшчы «ЯЁсць» Алеся Гмір упэўнена, што людзі — сацыяльныя жывёлы і без гэтага ніяк. Па яе меркаванні, жаночыя клубы для гэтага і былі створаны: найперш людзям патрэбна камунікацыя і толькі потым — канкрэтная дапамога. Такія супольнасці — гэта выдатная магчымасць падзяліцца досведам, атрымаць падтрымку і разуменне.

— Я выкажу не сваё меркаванне, а вынікі апытання жанчын, якія ўдзельнічалі ў нашай праграме. Яны вельмі радыя, што сфарміравалася супольнасць, дзе можна атрымаць як маральную, так і фізічную падтрымку, пагаварыць пра эмоцыі, дзе іх зразумеюць, не асудзяць, дзе сабраліся такія ж жанчыны-бежанкі розных узростаў, з рознай адукацыяй, з розных сфер. Бэкграўнд у дзяўчат таксама вельмі адрозніваецца, але пры гэтым цяга да сацыялізацыі ва ўсіх аднолькава моцная.

Паўстае заканамернае пытанне: чаму тады няма мужчынскага клуба? Беларускі моладзевы хаб, на базе якога дзейнічае праграма адаптацыі жанчын, заахвочвае рэалізаваць такую ідэю, калі ёсць жаданне і існуе патрэба.

— Мы гатовыя аб’яднаць сілы і такім чынам дапамагчы і нашым мужчынам. Перад запускам праекта мы даследавалі статыстыку і зразумелі, што ў эміграцыі жанчыны сутыкаюцца з хатнім гвалтам і баяцца звярнуцца па дапамогу. Таму ў праграме не ўдзельнічалі мужчыны. Толькі на завяршальнай сустрэчы ў нас быў су-шэф на майстар-класе. Гэта быў адзіны мужчына на пляцоўцы за ўвесь час дзеяння праграмы. Мы не лічым гэта сэксізмам. Нам хацелася стварыць бяспечную зону, дзе жанчыны маглі б дзяліцца сваімі праблемамі максімальна адкрыта.

беларускі маладзёвы хаб
Фота: Беларускі маладзёвы хаб у Варшаве

Паглядзець лекцыі могуць і тыя, хто знаходзіцца ў Беларусі

Праект адаптацыі жанчын з Беларусі ў Польшчы «ЯЁсць» распачала Стася Гліннік, а затым яго працягнула Алеся. Сама ідэя стварэння праекта, па словах Стасі, ляжала на паверхні: арганізатары шукалі спосаб дапамагчы жанчынам, якія сутыкаюцца з тыповымі праблемамі. Алеся дадае, што гэта могуць быць і псіхалагічныя траўмы, атрыманыя ў выніку гвалту, і праблемы, якія ўзніклі ў кантэксце беларускіх падзей, як, напрыклад, сум па сям’і.

— Многія з’язджалі з адным заплечнікам. Жанчыны, якія прывыклі клапаціцца пра дзяцей, пра сям’ю, тут былі вымушаныя пачынаць клапаціцца пра сябе. Для іх гэта была дадатковая цяжкасць. Нягледзячы на нестабільны псіхалагічны стан, дэпрэсію, людзі мусяць працаваць, выжываць. Сам праект нараджаўся як праект дапамогі — псіхалагічнай і адаптацыйнай.

Алеся кажа, што дадатковай праблемай з’яўляецца страх звярнуцца па дапамогу. Яна прыводзіць у прыклад гісторыю жанчыны, якая некалькі разоў прыходзіла пад дзверы Беларускага моладзевага хаба, на базе якога адбываюцца сустрэчы, і назірала, як збіраюцца жанчыны. Але сама зайсці не змагла.

— І тут пытанне: калі жанчына не адчувае ў сабе дастаткова сіл, каб прыйсці на адкрытае мерапрыемства, з якога ёсць магчымасць сысці, то як ёй тады звярнуцца, напрыклад, да медыкаў, у паліцыю або па іншую дапамогу? Мы разумеем, што ў гэтым вельмі шмат псіхалогіі.

Першы сезон праекта ўключаў у сябе 16 лекцый і групавых заняткаў з псіхолагамі, кар’ернымі кансультантамі і кансультантамі па пытаннях легалізацыі. Арганізатары праекта прапанавалі дзяўчатам індывідуальныя кансультацыі ў псіхолага. Быў таксама курс польскай мовы на ўзровень А1. Па словах Алесі, у працэсе праграма карэктавалася ў залежнасці ад запытаў аўдыторыі, запрашаліся тыя спецыялісты, якія цікавілі групу.

— У першым сезоне наш праект падтрымала пасольства Канады ў Польшчы. На дадзены момант мы аднавілі працу праекта — ужо адбылася першая лекцыя з псіхолагамі пра тое, як перажыць зіму. Светлавы дзень кароткі, наша псіхіка сутыкаецца з дадатковымі цяжкасцямі. Мы заўсёды даём анонсы на адкрытыя мерапрыемствы ў нашых сацыяльных сетках. Гэта для тых, хто цяпер жыве ў Варшаве. Што тычыцца людзей у Беларусі, у нас ёсць канал на YouTube. Там мы вялі стрымы, дзе трансліравалі інфармацыю, якая можа быць карыснай дзяўчатам не толькі ў Польшчы, але і тым, хто знаходзіцца ў Беларусі.

За папярэднія чатыры месяцы праграма дапамагла ўжо 83 жанчынам. Беларуска лічыць гэты праект перспектыўным, таму што ў жанчын заўсёды ёсць патрэба ў развіцці, а адаптацыя — гэта не тое, што можна вырашыць за некалькі месяцаў. На гэта сыходзяць гады.

— Зацікаўленыя ў нашым праекце дзяўчаты-спікеры могуць напісаць нам у сацыяльныя сеткі, і мы абавязкова пагутарым. Я хачу, каб праект працягваўся. У ідэале хацелася б сфарміраваць такую супольнасць на базе хаба, дзе б жанчыны, якія ўжо прымалі ўдзел у праграме, маглі дзяліцца досведам з новымі ўдзельніцамі.

Вярнуцца ўгару