Беларусы заўсёды любілі жарты і жартаваць. У тагачасных газетах часцяком друкавалі розныя жарты ці анекдоты на апошніх старонках, каб пацешыць чытачоў, часам і чытачы дасылалі жарты. Нават выходзіў спецыяльны часопіс «Авадзень», які называўся «часопісам крытыкі, жартаў і смеху». Жарты былі і вострасацыяльныя, і бытавыя, і палітычныя…
PALATNO пагартала газеты стогадовай даўніны і дзеліцца жартамі, якія былі папулярныя ў той час.
* * *
— Што ж кума, вашаму мужу ўжо трохі лепш?
— Э, куды там, ужо будзе тры дні, як пахавалі.
— А доктара клікалі?
— Не, так абышлося, сам памёр.
Газета «Крыніца», №34, 1924 год
* * *
Прыйшоў адзін хлопец да ксяндза і просіць разводу. Ксёндз кажа, што для разводу трэба важная прычына.
— А як жа, ёсць прычына! — кажа дзяцюк.
— Якая ж у цябе можа быць прычына? Ты ж толькі два тыдні як ажаніўся.
— Ёсць прычына, — цвердзіць ён.
— Якая? Мо яна непаслухмяная?
— Не.
— Мо хворая?
— Не, куды там!
— Мо з кім звязалася?
— Не, мяне аднаго пільнуецца.
— Дык што? Кажы, бо цярплівасці не стае!
— А бачыш, пробашч, яна прынесла ў пасагу такую кароткую коўдру, што ў мяне ноччу заўсёды аж па калені голыя і ад таго насмарк дастаў.
Газета «Крыніца», №35, 1924
* * *
— Ну, што, каго ж выбралі?
— Тых самых?
— Значыцца і парадкі будуць тыя самыя.
«Авадзень», №1, 1924
* * *
Гаспадыня купляе рыбу і кажа да купчыхі:
— Мне здаецца, што гэта рыба смярдзіць.
— Не, — адказвае купчыха, — гэта не ад рыбы, гэта ад мяне ветрам пацягнула…
Газета «Крыніца», №36, 1924
* * *
Пытаецца інжынер у тэхніка:
— Без чаго не можа абысціся ніводзін мост?
— Без дзюры, — адказвае той.
Газета «Крыніца», №37, 1924
* * *
— Ці ты чуў, што ў Бельгіі народ найгусцей сядзіць? Там на адной квадратнай вярсце ад 200 жыхароў?
— Гэта яшчэ не густа: на Лукішках у Вільні на адной сажані сядзіць ад 20…
Газета «Крыніца», №38, 1924
* * *
— Бабка, а бабка, — пытаецца ўнучак, — ці бабка да нас сама прыйшла, ці хто прынёс?
— Сама, дзетачка, сама, ніхто мяне не нёс.
— А чаму татка, як бабка ішла, глянуў у вакно і сказаў: «Во, ужо бабку чорт нясе!»…
Газета «Крыніца», №26, 1924
* * *
У судзе.
— Гэта ты скраў сасну з лесу?
— Зусім не я, Ваше-скародіе. Я шчыра прызнаюся вам як было: ехаў я праз лес і вось мая зачапілася за дрэва, а тое дай і зламалася і бразь на воз. Што было рабіць?! Дрэва цяжкае, — я адзін не скіну, ну і зацягнуў да хаты.
«Авадзень», №1, 1924
* * *
— Ведаеце, браточкі, ёсць чалавек у Нямеччыне адзін вучоны. Выдумаў ён такую штуку: бярэць дзве птушкі рознага гатунку, напрыклад, курапатку і курыцу — самца і самку, лучыць іх у адну сям’ю і родзяцца з іх гусяняты.
— Хацеў бы запытацца: а калі б ён злучыў абедзве курапаты, ці тады народзяцца з іх гусяняты?
— Не, нічога не выходзіць.
— Дурны твой нямецкі вучоны! Вось я знаю такую штуку, што бацька і матка абое былі беларусамі, а сын іх паляк.
— Ну гэта штука! У Нямеччыне і Францыі такога не бывае.
Газета «Крыніца», №21, 1924
* * *
Адзін войт спаткаўся з ксяндзом і кажа:
— Чаму гэта ксёндз ездзіць на кані? То ж Пан Езус ездзіў на асле…
А ксёндз яму кажа:
— Цяжка, што тут параіш, цяпер аслоў мала, а калі які знойдзецца, дык адразу войтам робяць…
Газета «Крыніца», №20, 1924
* * *
— Пан войт, а чаму гэта вы не скажаце паправіць мост, то ж могуць коні ногі паламаць?..
— Гэта так, але не ведаю, ці будзе начальнік ехаць, і дзеля таго мо не варта правіць…
Газета «Крыніца», №27, 1924
* * *
Адзін сын служыў у салдатах. Пачалася вайна. Сын да бацькі піша з вайны і просіць прыслаць грошы, бо яму адстрэлілі нагу і ён ляжыць хворы ў лазарэці.
Бацька адпісвае:
«Дарагі сынок! Гэта ўжо чацвёртая нага, што табе адстрэлілі на вайне. Шкада цябе, але грошай у мяне няма ўжо. Пастарайся вылезці на апошніх нагах, што ў цябе засталіся, на добрую дарогу. Твой бацька».
«Авадзень», №1, 1924
* * *
Матка кажа свайму малому сыну:
— Яначак, занясі ты гэту хустку і павесь на сонцы, хай прасохне.
Яначка пайшоў і праз мінуту вяртаецца.
— Ідзі ты сама вешай на сонцы, бо я да яго не дастану.
Газета «Крыніца», №13, 1924
* * *
Адзін злодзей папаўся за крадзеж каня. Наняў ён адваката і прасіў бараніць. Адвакат як узяўся гаварыць на судзе, як пачаў выказваць нявіннасць падсуднага, дык не толькі суддзі паверылі і вызвалілі злодзея, але нават сам злодзей пасля суда падыходзіць да адваката і кажа:
— Скажыце ж, пан, як яно ёсць запраўду, ці я скраў таго каня, ці не, бо паслухаў вашу прамову і цяпер сам не ведаю… ці мой конь, ці скрадзены…
Газета «Крыніца», №29, 1924
* * *
Настаўнік пытаецца ў сваіх вучняў:
— Скажыце мне, хто забіў Авеля?
Усе маўчаць.
— Як гэта можа быць, каб вы не ведалі? — злуецца настаўнік.
— Далібог, гэта не я забіў, — кажа адзін вучань са слязамі.
Газета «Крыніца», №18, 1924
* * *
— Не цягай сабаку за хвост, бо ўкусіць, — крычыць матка на хлопца.
— Як жа ён укусіць, калі ў хвасце зубоў няма.
Газета «Крыніца», №19, 1924
* * *
— Дзед, а дзед, — пытае ўнучак, — ці дзед маеш зубы?
— Не, дзіцятка, не маю.
— То трымай дзедка мае арэхі, а я злётаю на двор.
Газета «Крыніца», №18, 1924
* * *
— Ці маеш бацькоў? — пытаецца суддзя ў падсуднага.
— Не ведаю, — кажа падсудны.
— Як жа ж ты не ведаеш? То ж дзіўна не ведаць, ці маеш бацькоў, ці не маеш?
— Гэта так, але ад душы не ведаю. Бо яно так было. Спачатку памёр мой бацька, матка пайшла замуж за другога, пасля памерла матка, а мой новы бацька ізноў ажаніўся. І так не магу згадаць, ці ў мяне ёсць бацькі, ці не…
Газета «Крыніца», №14, 1924
* * *
— Кум, які гэта будынак ставяць у вашай гміне, мусіць школу?
— Куды там школу, арыстантскую!
— Казалі ж, што будзе школа!
— Казалі, казалі, але нічога з гэтага не выйшла; бо бачыш, без школы можна абысціся, а без арэстантскай — цяжка.
Газета «Крыніца», №31, 1924