Даплыць да «Свабоды». Гісторыя Разалін, якая капала тунэль у Амерыку

эліс айлэнд, выспа эліс, іміграцыя ў зша, іміграцыя ў амерыку, гісторыя іміграцыі ў зша, праект зямля свабоды

Вітаем, гэта PALATNO! Больш за сто гадоў таму з беларускіх зямель за лепшым жыццём у Амерыку плылі тысячы чалавек. Ва ўсіх былі розныя лёсы, розныя гісторыі… Але ва ўсіх іх засталіся каштоўныя ўспаміны пра Беларусь.

У серыі падкастаў «Зямля свабоды» мы раскажам асабістыя гісторыя дзясяткаў людзей, якія пакідалі родныя мясціны, родных людзей і ўспаміны, што працягнулі жыць у іх сэрцах праз шмат гадоў пасля.

«Думала, што ўсе людзі са светлымі валасамі»

Разалін Брэснік-Пэры нарадзілася 8 жніўня 1922 года ў мястэчку Высока-Літоўск (цяпер — Брэсцкая вобласць).

— Гэта была паўночна-заходняя частка Расіі. Я ніколі не казала, што нарадзілася ў Расіі ці Польшчы. Гэта зямля часта пераходзіла то сюды, то туды. Калі нарадзіліся мае бацькі, то гэта была Расія, а за пяць гадоў да майго нараджэння яна адышла да Польшчы. Затым зноў стала часткай Расіі. Цяпер гэта Беларусь. Вельмі рада, што цяпер магу называць месца, дзе нарадзілася.

Разалін нарадзілася ў яўрэйскай сям’і, у яе было шмат дзядзькаў і цётак, бабулі і дзядулі. Мястэчка, у якім яны жылі, было невялікім: большасць жыхароў яўрэі, астатнія хрысціяне, якія працавалі ў адміністрацыі ці паліцыі. Частка людзей жыла па-за населеным пунктам, яны былі сялянамі. У мястэчку знаходзілася аптэка, дзе працаваў мясцовы доктар.

— Амаль усе былі яўрэямі. Я думала, што ўсе людзі са светлымі валасамі і светлым колерам вачэй. Бачыла толькі некалькіх цёмнавалосых людзей. Калі прыехала ў Амерыку, то толькі тут мне сказалі, што ўсе яўрэі абавязкова павінны быць з цёмнымі курчавымі валасамі, кручкаватымі насамі, але я такіх людзей у дзяцінстве не бачыла.

У сям’і Разалін былі канфлікты

Бацька Разалін, Макс Кольнер, займаўся продажам быдла. Ён купляў жывёлу ў сялян і прадаваў мяснікам. Дзед дзяўчыны таксама займаўся гэтай справай. Аднак Разалін не ведала дзеда, бо той памёр падчас эпідэміі пасля Першай сусветнай вайны. У доме дзеда яны жылі вялікай сям’ёй: у адным памяшканні мясцілася іх сям’я, у другім — дзядзька Бораф з жонкай і шасцю дзецьмі, у трэцім — бабуля Шана, жонка памерлага дзеда.

Па ўспамінах Разалін, бабуля не любіла яе. Дзяўчыну хвалявала, чаму так сталася, і аднойчы яна наўпрост запыталася: «Яна адказала, што я — частка маёй маці, а яна не любіла маю маці». Маці Разалін звалі Дорай. Нелюбоў тлумачылася тым, што бацька ажаніўся з маці без пасагу. Бабуля лічыла, што гэта ганьба: «Твой бацька дурань. У яе прыгожы твар, яна ведае крыху Тору, але пасагу ў яе няма», — казала дзяўчынцы бабуля.

У маці і бабулі Разалін былі дрэнныя адносіны, але ўсё ўскладнілася пасля ад’езду бацькі дзяўчыны ў Амерыку. На яе думку, гэта была рэўнасць бабулі, бо бацька ўжо не надаваў ёй шмат увагі. Аднак складаныя адносіны паміж сваякамі не сапсавалі пачуцці Разалін да бацькавай маці.

— Калі я даведалася, што мы паедзем у Амерыку, а бабуля застанецца, то захацела, каб яна заўсёды мела магчымасць паглядзець на нас. Я пачала рыць у нашым пакоі дома такі тунэль, бо думала, што ён вядзе ў Амерыку. Маці даведалася і моцна раззлавалася. Сказала мне, што я ўся пайшла ў бабулю.

Якімі Разалін памятае родныя мясціны

Роднае беларускае мястэчка Разалін успамінае з любоўю. Яна памятае аматарскі яўрэйскі тэатр, бібліятэку. У тэатры выступаў яе дзядзька, ставілі Шэкспіра і Чэхава на ідышы. Ад мястэчка ішлі дарогі да Брэста і Варшавы, Беластока і Мінска, гэта быў чыгуначны вузел, таму там шмат што адбывалася.

— Гэта балюча ўсвядоміць, але цяпер яўрэяў там не засталося. Я была там. Думала, што змагу пагаварыць з людзьмі. Частка сінагогі па-ранейшаму знаходзіцца там, але я памятаю сінагогу — яе пабудавалі за год да нашага пераезда. Памятаю вялікі луг, праз які ўвесну жанчыну неслі праць рэчы. Дамы там стаялі так блізка, ніякіх машын, толькі коні.

Разалін успамінае, што часам у мястэчка прыязджала машына з Варшавы — усе выбягалі на вуліцу і глядзелі на яе, так жа рабілі, калі ў небе ляцеў самалёт.

У дамах не было водаправоду, туалеты знаходзіліся на вуліцы. Разалін лічыць, што на той час людзі жылі быццам у сярэдзіне ХІХ стагоддзя, але мысленне было новым. Моладзь хацела вырвацца з малых вёсак і мястэчак: «Усё кантралявала рэлігійная ўлада. Празмерная рэлігійнасць не падабалася маладым людзям, было шмат сацыялістаў і камуністаў». На той час ужо адбыўся Кастрычніцкі пераварот, частка моладзі бачыла будучыню ў Расіі, а антысемітызм у Польшчы, наадварот, штурхаў да пераезду. Шмат яўрэяў з’язджала ў пачатку XX стагоддзя з тэрыторыі, якая была Расійскай імперыяй. Людзі ехалі не толькі ў Злучаныя Штаты, таксама ў Паўднёвую Амерыку і Канаду. Частка яўрэяў пераязджала ў Палесціну.

Пераезд у ЗША: маці не хацела, а бацька пераканаў

Бацька Разалін з’ехаў у Амерыку, калі яна была зусім маленькай. Ён прабыў там сем гадоў, пакуль да яго не пераехалі жонка з дачкой. Маці Разалін не хацела пераязджаць, але бацька пераканаў.

— Калі б мой бацька не быў такім моцным чалавекам, то нас забілі б там, на радзіме, як усіх, хто застаўся.

У ЗША Макс Кольнер працаваў мясніком, але моцна не любіў гэту справу. Разалін успамінае, што той адчуваў сябе на працы, як у турме. Бацька павінен быў працаваць, каб атрымаць амерыканскае грамадзянства і назапасіць дастаткова грошай для пакупкі білету на карабель для жонкі і дзяціці.

Падрыхтоўка да пераезду была доўгай. Маці вырашала, што ўзяць з сабой: у чамаданы сабралі адзенне, гусіны тлушч, каструлі, патэльні і дзве качалкі для цеста.

— Калі ў Амерыцы іміграцыйны афіцэр адкрываў наш чамадан, а качалкі выпалі, ён сказаў: «Навошта вы іх узялі? Каб мужа біць?» Маці не зразумела, не ведала англійскай, але ёй пераклалі. Яна вельмі здзівілася: «Тут б’юць мужоў качалкамі? Ну, можа быць, у Амерыцы мужы заслугоўваюць».

З мястэчка маці і дзяўчынку павінны былі давезці фурманкай да цягніка. Разалін добра памятае развітанне са сваякамі. Яна была задаволеная, што з’язджае кудысьці, але яшчэ не ведала, што з’язджае назаўсёды. Перад тым, як фурманка ад’ехала, да яе падышоў дзед: «Падняў мяне з зямлі, каб перадаць маці і затрымаўся: “Унучка, скажы мне, ці застанешся ты сапраўднай дачкой свайго народа?”».

Цягнік адвёз іх у Данцыг (цяпер — Гданьск). Адтуль паплылі караблём у Вялікабрытанію: спачатку ў Лондан, а пасля ў Саўтгэмптан. Адтуль адпраўляўся карабель, на якім прыбылі ў Амерыку. На караблі знаходзіліся ў трэцім класе, у труме — гэта быў самы эканомны варыянт, каб дабрацца ў Штаты.

— У дарогу маці ўзяла шмалец і хлеб. Я не хацела есці, бо на борце здарыўся адзін інцыдэнт. Мне было ўсё цікава, я гуляла па караблі. Аднойчы адзін марак звярнуўся да мяне па-нямецку. Я зразумела крыху, што ён кажа. Была вельмі па-сяброўску настроеная, у мяне ніколі не было праблем з дарослымі людзьмі… Гэты марак схапіў мяне і пацягнуў у нейкую каюту, хацеў згвалціць. Але, на шчасце, хтосьці зайшоў туды, і я змагла ўцячы. Я ніколі не расказвала пра гэта маці.

Вандроўка праз акіян у Разалін і Доры заняла дзесяць дзён. Па дарозе адбыўся вялікі шторм, многім людзям было дрэнна — яны схапілі марскую хваробу. Разалін кепска сябе адчувала і думала, што ніколі не дабярэцца да Амерыкі.

Статуя Свабоды, нью-ёркская бухта і амерыканскія бананы

У адзін дзень людзі на караблі пачалі гаманіць, выбягаць на палубу. Удалечыні былі добра бачныя маленькія выспы, і потым усе пабачылі Статую Свабоды. Яны даплылі да самага вядомага порта, які за апошнія стагоддзі прыняў мільёны імігрантаў у Амерыку, размяшчаўся ў нью-ёркскай бухце. І называўся ён выспа Эліс…

Бацька не змог сустрэць сям’ю на выспе Эліс, куды прывозілі еўрапейскіх імігрантаў. Іміграцыйная служба адвяла іх у адзін з пакояў, каб там пачакалі бацьку. Тату Разалін амаль не памятала, таму ў Амерыцы яна з ім, можна сказаць, пазнаёмілася.

— І тут раптам прыбягае маленькі чалавек з чырвоным тварам, лысы, вельмі спацеўшы. Маці бяжыць да яго ў абдымкі, яны плачуць. Я думала, што бацька выглядае інакш, што ён прыгожы і ўвогуле іншы. Я пачала плакаць. Бацькі запыталіся, што са мной адбываецца, і я сказала, што гэта не мой бацька, бо мой бацька прыгожы. Тады яны пачалі смяяцца.

Разалін пераехала ў час, калі ў Амерыцы пачалася Вялікая дэпрэсія. Для дзяўчыны і яе бацькоў гэта быў цяжкі час. Разам з гэтым пераезд быў шокам, бо вялікая частка сям’і заставалася ў Еўропе. Разалін было складана вучыць англійскую мову, было цяжка ў амерыканскай школе, не было сяброў.

— Калі тата сустракаў нас на выспе Эліс, то прывёз з сабой бананы, бо амерыканскія дзеці іх вельмі любяць. Ён даў мне паспрабаваць, але мне не спадабалася — я выплюнула ў хустку. Бацька выглядаў расчараваным, але сказаў, што абавязкова прыйдзе дзень, калі з’ем банан, як сапраўдная амерыканская дзяўчынка. Скажу шчыра, банан дагэтуль не мой любімы фрукт, але дактары кажуць, трэба есці.

* * *

У наступнай гісторыі пра пасажыраў, што прыехалі ў Амерыку з беларускіх земляў у канцы XIX­ — пачатку XX стагоддзяў PALATNO раскажа пра вайскоўца, які слухаў прамовы Леніна і Троцкага, а пасля паехаў у Амерыку.

Вярнуцца ўгару