Слухаў прамовы Леніна і Троцкага — замест камунізму абраў Амерыку. Гісторыя Ірвінга Маркмана

эліс айлэнд, выспа эліс, іміграцыя ў зша, іміграцыя ў амерыку, гісторыя іміграцыі ў зша, праект зямля свабоды, падкасты беларускія

Вітаем, гэта PALATNO! Больш за сто гадоў таму з беларускіх зямель за лепшым жыццём у Амерыку плылі тысячы чалавек. Ва ўсіх былі розныя лёсы, розныя гісторыі… Але ва ўсіх іх засталіся каштоўныя ўспаміны пра Беларусь.

У серыі падкастаў «Зямля свабоды» мы раскажам асабістыя гісторыя дзясяткаў людзей, якія пакідалі родныя мясціны, родных людзей і ўспаміны, што працягнулі жыць у іх сэрцах праз шмат гадоў пасля.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Гісторыя Разалін, якая капала тунэль у Амерыку

«У цягніку былі грошы, золата — салдаты цягнулі ўсё сабе ў кішэні»

Ірвінг Маркман нарадзіўся ў Докшыцах у пачатку мінулага стагоддзя. У шэсць гадоў разам з сям’ёй пераехалі ў Лепель. Там, у Лепелі, Ірвінг жыў увесь час да пераезду ў Амерыку. Падчас Кастрычніцкага перавароту маладога хлопца забралі ў бальшавіцкую армію. Там ён праслужыў да 1922 года — да пераезду ў Злучаныя Штаты.

— Нас проста забралі ў армію. Як гэта здарылася? Бо адбылася рэвалюцыя. Яны ўсіх забіралі: маладых зусім, каму было трынаццаць, пятнаццаць гадоў. Ім было ўсё роўна. Нас не трэніравалі, нават не вучылі страляць, а проста паслалі на фронт.

Спачатку вайскоўцаў адправілі пад Пскоў. Там яны займаліся кантролем цягнікоў. Аднойчы спынілі цягнік ля Пскова, у якім былі белыя генералы. Генералы адмовіліся выходзіць: «У цягніку было шмат людзей. Наколькі памятаю, ніхто з іх не застаўся жывым. Там, у цягніку, былі грошы, золата. На падлозе валяліся рублі… Салдаты пабеглі іх браць, цягнулі ўсё сабе ў кішэні».

Ірвінга разам з іншымі вайскоўцамі паслалі пад расійскі Саратаў. Адтуль пад Самару, дзе размяшчаліся войскі генерала Аляксандра Калчака.

— Мы ехалі да Самары шэсць тыдняў на цягніку. Потым ішлі ў дзень шмат кіламетраў без перапынкаў, а потым — былі баі.

Ірвінг, якога не навучылі страляць з вінтоўкі, у першым баі нават не разумеў, як карыстацца зброяй. Аднак з часам навучыўся змагацца, ваяваць. Падчас захопу бальшавікамі Самары загінулі шмат людзей з двух бакоў: «Гэта было жорстка», успамінаў Ірвінг.

Сустрэчы з Троцкім і Леніным (неаднаразовыя)

Там жа перад вайскоўцамі выступаў Леў Троцкі. Ірвінг добра памятае гэта, нават тое, што казаў адзін з лідараў бальшавікоў: «Троцкі сказаў: “Кожны салдат атрымае ў два разы больш грошай, калі мы возьмем Самару”. І мы ўзялі Самару. Мы атрымалі заробак у 500 рублёў, гэта былі ўжо новыя грошы. Але справа ў тым, што за гэтыя новыя грошы мы нічога не маглі купіць».

Пад Самарай Ірвінг бачыў Троцкага не першы раз. Па яго словах, ён быў у 1917 годзе ў Пецярбургу. Там жа бачыў Льва Троцкага разам з Уладзімірам Леніным: «Мы, салдаты, стаялі ў адным шэрагу. А Ленін падыходзіў да кожнага з нас і рукаўся». Ірвінг памятае прамовы двух рэвалюцыянераў: яны адрозніваліся — Ленін быў спакойным і ціхім, але казаў ад сэрца, успамінае мужчына, а вось Троцкі заўсёды выступаў больш агрэсіўна, тым больш для вайскоўцаў.

Пасля Самары частку Ірвінга накіравалі на Урал. Мужчына ўспамінае, што бачыў там Васіля Чапаева і ваяваў разам з ім. Пасля Маркман трапіў ва Уфу. Ва Уфе ў Ірвінга жылі сваякі — цётка і дзядзька. Ён вельмі хацеў з імі пабачыцца, але маладога вайскоўца не адпускалі афіцэры, пакуль ён разам з іншымі шэрагоўцамі не дабудуюць масты.

— Пасля ўзяў каня і паехаў у горад. Знайшоў дом цёткі і дзядзькі, там былі іх дзеці. Мы разам сядзелі з гарбатай з самавару, я прынёс ім хлеба і цукру.

Антысемітызм, арышт за дэзерцірства

У бальшавіцкай арміі Ірвінг Маркман, як яўрэй, неаднаразова сутыкаўся з праявамі антысемітызму. Па яго словах, нянавіcць ці грэблівае стаўленне да яўрэяў у бальшавікоў было вельмі распаўсюджаным, нягледзячы на тое, што некаторыя з бальшавіцкіх дзеячаў самі былі яўрэямі. Ірвінг успамінаў такі выпадак з вайсковай службы:

— Неяк мы леглі спаць, а спалі мы на падлозе. Адзін салдат падышоў да мяне ноччу са зброяй: “Я застралю цябе, жыд!” Я нічога яму не адказаў, толькі паглядзеў на яго — а ён сышоў. Я ведаў, што калі б расказаў старэйшым афіцэрам, то з ім бы разабраліся. Памятаю, што калі ў адным з гарадоў нашы салдаты скралі яйкі ў мясцовых, то наш афіцэр — ён быў палякам — загадаў расстраляць чатырох салдат. Я бачыў гэта на свае вочы. Таму вырашыў нічога не расказваць, каб яго проста не забілі».

Потым у Ірвінга будуць баі пад Чалябінскам, Томскам. Там магло скончыцца яго жыццё: аднак яму пашанцавала, калі бомба ўпала толькі побач з ім, а не на яго.

— Мяне адправілі ў шпіталь, я не мог размаўляць амаль паўгода. Калі вылечыўся, то мяне адразу адправілі на фронт.

У арміі Ірвінг правёў яшчэ некалькі гадоў. Ён удзельнічаў таксама і ў бальшавіцка-польскай вайне. Ірвінг успамінаў гэта так: «У 1919 годзе мяне адправілі на польскі фронт. Мы ваявалі супраць палякаў. Падышлі амаль да Варшавы, там нас добра так пабілі. І я ўцёк. Я вяртаўся дадому, без абутку, без лапцей. Вядома, за ўцёкі мяне арыштавалі».

За дэзерцірства Ірвінга затрымалі і пасадзілі ў турму. За кратамі ён знаходзіўся даволі працяглы час. У турме маладога хлопца наведвала маці і падчас кожнага візіту казала: «Не хвалюйся, цябе адпусцяць». Аднак праз час яго не толькі не адпусцілі, а адвезлі далей ад роднага дома – перавялі ў іншую турму, а адтуль зноў адправілі на польскі фронт. Ваяваць Ірвінг доўга не змог – вельмі хутка прастудзіўся, хварэў. Яго адправілі дадому, а вайна бальшавікоў супраць палякаў скончылася.

Дарога ў Амерыку зацягнулася на чатыры гады

Ішоў 1922 год. На той час Ірвінгу ўжо было 23 гады. Гэта быў час, калі яго сям’я пачала атрымліваць лісты з Амерыкі. Яго маці вырашыла, што ім таксама трэба пераязджаць у новую краіну. Каля года ім рабілі неабходныя дакументы і візы. Толькі ў 1923 годзе яны змаглі атрымаць усё, каб рушыць у вандроўку ў новае жыццё.

— Спачатку мы паехалі ў Віцебск, потым у Рыгу. Мы чакалі перасячэння мяжы, бо там, у Латвіі, больш не баяліся. Так, там таксама хапала антысемітызму… З Латвіі паехалі ў Бельгію.

Іх дарога ляжала да французскага Шэрбура – адзін з портаў, адкуль караблі плылі да Амерыкі. У Шэрбуры сям’я Ірвінга даведалася, што руская квота на імігрантаў закрытая. То бок, трапіць у Злучаныя Штаты яны не маглі – прыйшлося чакаць, калі амерыканцы зноў дазволяць рускім імігрантам прыязджаць.

У Францыі Ірвінг пражыў аж чатыры гады, да 1927 года. Ён з сям’ёй і яшчэ некалькімі сотнямі імігрантаў жылі ў гасцініцы «Атлантык» у Шэрбуры: «Гэта было добрае месца, мы не баяліся паліцыі, увогуле нічога не баяліся. Мы былі сумленнымі людзьмі».

За чатыры гады Ірвінг змог знайсці ў Шэрбуры працу і зарабіць грошы. Яго першай працай у Францыі стала сартаванне вуголля на вугальнай шахце. Яму плацілі дваццаць франкаў за працоўны дзень. Па яго ўспамінах, гэта раўнялася долару і дваццаці пяці цэнтам. Аднак такі заробак не радаваў хлопца, таму ён вырашыў паехаць у французскую сталіцу. Так чатыры гады да адплыцця ў Амерыку Ірвінг правёў у Парыжы: «У Парыжы я прадаваў розныя рэчы, вось і ўсё. Так і зарабляў на жыццё».

У 1927 годзе амерыканцы абвясцілі, што людзі, народжаныя ў Польшчы, могуць свабодна прыехаць у Амерыку і не чакаць рускай квоты. Ірвінг, як і яго сям’я, палічылі, што нарадзіліся на польскай тэрыторыі, таму падалі заявы ў амерыканскае консульства і чакалі візы з дакументамі. Амерыканскі консул ухваліў заяву Ірвінга, і так пачаўся яго фінальны этап да пераезду ў Амерыку. Яны з сям’ёй пераехалі з Францыі ў Вялікабрытанію, у горад Галіфакс. З Галіфаксу карабель адправіўся ў Злучаныя Штаты.

— У Амерыцы я адразу знайшоў працу. Свае першыя грошы амаль усе аддаў сястры. Тады я зарабляў аж 18 долараў за тыдзень працы».

Ірвінг Маркман жыў у Нью-Ёрку.

* * *

У наступнай гісторыі пра пасажыраў, што прыехалі ў Амерыку з беларускіх земляў у канцы XIX­ — пачатку XX стагоддзяў PALATNO раскажа пра дзяўчыну, якой маці дала ў дарогу два долары, а яна іх захавала і ўжо з Нью-Ёрку адправіла гэтыя самыя грошы маці ў Беларусь.

Вярнуцца ўгару