
Сто гадоў таму дзясяткі тысяч людзей з’язджалі з беларускіх зямель у Злучаныя Штаты Амерыкі па лепшае жыццё, новыя перспектывы і вялікія грошы. Іх жыццё на радзіме, у Беларусі — ці ў Расійскай імперыі, ці Польшчы, ці БССР — было складаным і са шматлікімі выпрабаваннямі. У падкастах «Зямля Свабоды» мы расказваем гісторыі ўраджэнцаў Беларусі — пра тое, як яны жылі на беларускіх абшарах сто гадоў таму і што атрымалі на чужыне, куды часцяком з’язджалі без грошай, але са спадзяваннямі на лепшае.
PALATNO працягвае цыкл аповедаў пра беларускіх яўрэяў, якія з’ехалі ў Амерыку сто гадоў таму. Гэтым разам мы расказваем гісторыю Хільды Сігал з Пружанаў, якая пераехала ў Нью-Ёрк.
Жыццё ў Пружанах сто гадоў таму
«Не, гэта не быў маленькі горад, гэта быў прыгожы горад. У мой час там жыло, напэўна, 18 тысяч чалавек. Аднак ён быў добра пабудаваны: ён быў падобны да знака плюс, разумееце? Быў цэнтр, былі вуліцы, якія ішлі ад яго… Была галоўная вуліца, добра дагледжаны горад… Ой, я не магу гаварыць…
Дачка Хільды: Я ведала, што яна будзе плакаць. Чаму ты плачаш?
Хільда: Не ведаю
Дачка: Чаму?
Хільда: Я не ведаю.
Дачка: Тады супакойся! Хочаш выпіць вады? Ты ж глядзіш Лары Кінга пастаянна, ён інтэрв’юіруе людзей. Гэта такая ж сітуацыя. Чаму ты плачаш? У цябе пытаюцца, ты адказваеш на пытанні.
Хільда: Тут шмат пра што можна расказаць…»
Так Хільда Сігал упершыню расказвае пра Пружаны — горад, у якім нарадзілася праз два тыдні пасля пачатку Першай сусветнай вайны, у сярэдзіне жніўня 1914 года. Яна нарадзілася ў шматдзетнай яўрэйскай сям’і: разам з Хільдай было сямёра дзяцей, усе — дзяўчаты. Таму бацька дзяўчынкі, Сэм, з’ехаў з Расійскай імперыі ў Злучаныя Штаты на працу, каб забяспечыць сям’ю грашыма. Хільда памятае, што на той момант ёй было ўсяго 10 гадоў. Да пераезду ў Амерыку бацька дзяўчыны працаваў у Пружанах: прадаваў фрукты на рынку — яблыкі, грушы, слівы, ягады. Па словах Хільды, самым люксавым фруктам былі апельсіны, іх маглі купіць толькі самыя заможныя людзі.
У Пружанах Хільда скончыла мясцовую школу і, па яе ўспамінах, мела вельмі добрае жыццё. У яе было шмат сяброў, сям’я мела грошы, бо бацька працаваў у Амерыцы і дасылаў долары.
«Яўрэі займаліся ў асноўным бізнесам. І заўсёды было небяспечна, бо заўсёды баяліся палякаў, якія маглі быць да яўрэяў злымі, і рускіх, бо баяліся, што яны прыйдуць. […] Але мы жылі камфортна, бо мелі грошы. Бацька дасылаў кожны месяц 60 долараў, наколькі я памятаю, а маці пра нас клапацілася».
Хільда памятае, што ў Пружанах жыло шмат яўрэяў. Не яўрэі, то бок хрысціяне, у асноўным жылі за горадам у сельскай мясцовасці і займаліся сельскай гаспадаркай. Дзяўчына кажа, што ў горадзе адчуваўся дух антысемітызму. Часам было страшна хадзіць па вуліцах, дзе не жылі яўрэі. У той жа час яна адзначае, што ў Пружанах пры яе жыцці не было ніякіх пагромаў ці нападаў на яўрэяў.
Пружаны запомніліся дзяўчыне тым, што гэта быў горад з вялікай колькасцю навучальных устаноў: там былі яўрэйскія і польскія школы; установы, дзе можна было навучыцца слесарнай справе ці атрымаць адукацыю настаўніка. У горадзе знаходзіліся буйныя прадпрыемствы.
Хільда дагэтуль памятае свой дом у Пружанах. Па яе словах, яна магла бы знайсці яго і цяпер, калі б яе туды адвезлі. Гэта быў вялікі драўляны будынак. У доме былі тры вялікія кватэры: у адным пакоі жылі гаспадары дома, адна кватэра здавалася іншай сям’і, а ў трэцяй жылі Хільда з сям’ёй.
Сям’я Хільды адзначала ўсе яўрэйскія святы, была кашэрнай. Маці Хільды, Дора, не ўмела чытаць і пісаць, але хацела, каб яе дочкі былі адукаванымі. Акрамя школы, у якую хадзілі дочкі, маці наняла настаўніка, які займаўся з імі дома.
Вандроўка ў Амерыку
Сям’я Хільды з’язджала з Пружанаў у Амерыку ўзімку 1929 года. Гэта была халодная і снежная зіма. Яны нават не змаглі знайсці фурманку, таму давялося ехаць да чыгуначнай станцыі за горад на вялікіх санях. З сабой маці запакавала шмат адзення і пёравых падушак:
«Мы ўзялі пёравыя падушкі, якія вырабілі тут. Мы не бралі коўдры. Што яшчэ мы бралі? Не магу зараз успомніць, але пёравыя падушкі былі каштоўнымі. Не ведаю, чаму. Такога шмат было ў Амерыцы. Чаму мы гэта ўсё бралі?»
З Пружанаў яны дабраліся да Варшавы. У Варшаве трэба было прайсці медагляд і атрымаць візы ў амерыканскага консула. Падчас медыцынскага агляду ў будучых пасажыраў караблёў аглядалі валасы, вочы, зубы. Хільда ўспамінае, што ў той час шмат людзей ехала не толькі ў Амерыку, але і на Кубу, і ў Аргенціну. Для Хільды гэта была не першая паездка ў Варшаву, бо раней яна ездзіла ў польскую сталіцу разам з класам. Калі дазвол на выезд у Амерыку быў атрыманы, сям’я Хільды павінна была адправіцца туды з Гданьска. Аднак бацька быў супраць, бо баяўся, што непагадзь і зімовае надвор’е могуць негатыўна паўплываць на паездку. Таму адправіліся цягнікамі ў Шэрбур, у Францыю, адкуль пачалася фінальная вандроўка ў Злучаныя Штаты Амерыкі.
«Гэта было вельмі цікава, бо гэта першы раз, калі мы ехалі цераз тунэлі, і было цікава: спачатку цёмна, а затым зноў станавілася светла. Некаторыя людзі ўжо ведалі, як гэта было, таму ўсё тлумачылі нам. Нам давалі ежу, нам давалі бананы, а мы не ведалі, як іх есці. Нам даводзілася пытацца ў людзей, каб яны прыйшлі і патлумачылі, як есці гэтыя бананы і тую ежу, якую мы бачылі ўпершыню. Мы нават і не думалі, што бананы трэба чысціць. Вось гэта быў першы раз, як мы навучыліся есці бананы».
Вандроўка на караблі ў Амерыку запомнілася Хільдзе не лепшым чынам. Яна памятае, што ёй стала дрэнна, у яе пачалася марская хвароба. Яе ванітавала некалькі дзён запар, яна нічога не маглі есці. Хільдзе стала лягчэй толькі тады, калі карабель ужо падыходзіў да нью-ёркскай бухты. Спачатку пасажыраў высадзілі ў порце Бэтары-Парк. Там іміграцыйныя афіцэры правяралі дакументы, дазвалялі ці не дазвалялі ўезд у Злучаныя Штаты. Сям’і Хільды не вельмі пашанцавала: высветлілася, што ў бацькі дзяўчыны не было задэкларавана дастаткова грошай, то бок, па дакументах іміграцыйнай службе было зразумела, што той не зможа забяспечыць сям’ю з жонкай і сямю дзецьмі. Бацьку спатрэбілася некалькі дзён, каб сабраць неабходныя дакументы і засведчыць, што ён дастаткова зарабляе, а пасля забраць сям’ю з іміграцыйнага цэнтра.
Хільда Сігал прыехала ў Амерыку на караблі «Аквітанія» ў 15 гадоў. Ішоў 1929 год.
У Амерыцы сям’я Сігалаў жыла ў Бронксе, у Нью-Ёрку. Першае ўражанне Хільды ад горада не было пазітыўным, яна палічыла, што ў ім вельмі брудна. Першая кватэра, у якой жыла сям’я ў Амерыцы, была невялікай і халоднай. Маці Хільды амаль адразу сказала, што яны не застануцца там жыць, таму бацька вельмі хутка знайшоў вялікія апартаменты з пяццю пакоямі.
Хільду, як і яе сясцёр, аддалі ў школу. Хільда адносна хутка вывучыла англійскую мову. Аднак надоўга ў школе не засталася, бо знайшла працу — стала краўчыхай.
Хільда прыехала ў Амерыку ў час, калі пачалася Вялікая дэпрэсія. Яна памятае, як людзі стаялі на вуліцах і грэліся ля бочак з вуголлем. Памятае, як людзі стаялі ў чэргах па ежу, як прадавалі штосьці на вуліцах.
У Амерыцы Хільда далучылася да арганізацыі, якая аб’ядноўвала людзей, што прыехалі з розных кутоў Польшчы. На самой справе, гэта было палітычным аб’яднаннем — Хільда называе яго Сацыялістычнай партыяй. Там жа яна сустрэла свайго будучага мужа Макса Тайтлбаўма. Хільда выйшла замуж у 19 гадоў.
«О, так, ён падараваў мне прыгожы гадзіннік, а я люблю брыльянты. Той гадзіннік быў з брыльянтамі. Ён выглядаў вельмі дарагім. Таму я сказала яму: “Ты даў шмат грошай на гадзіннік, але я б хацела брыльянтавы пярсцёнак”. А ён сказаў: “Не хвалюйся, я падару табе пярсцёнак таксама».
У шлюбе з Максам Тайтлбаўмам у Хільды нарадзілася трое дзяцей — Глорыя, Сэймур і Дарын. Муж Хільды памёр у маладым узросце. Жанчына пазней пабралася шлюбам у другі раз — з Джо Сігалам.
* * *
Першы сезон падкаста «Земля свабоды»:
Даплыць да «Свабоды». Гісторыя Разалін, якая капала тунэль у Амерыку
Слухаў прамовы Леніна і Троцкага — замест камунізму абраў Амерыку. Гісторыя Ірвінга Маркмана
Гісторыя Молі, якая з’ехала з двума доларамі з Пінска ў Амерыку
Са Слуцка ў Філадэльфію за тры месяцы. Гісторыя Луіса, які шукаў лепшае жыццё
Прыгоды, а не небяспечная вандроўка ў невядомае. Гісторыя Эдны, якая пераехала з Петрыкава ў Нью-Ёрк
З Клецка ў Нью-Ёрк — і назад. Гісторыя Пола, які прыехаў на радзіму чужынцам
З Наваградка ў Кліўленд і Нью-Ёрк. Гісторыя Роўз, якая стала феміністкай
Забіць рускую частку сябе. Гісторыя Абрама, які стаў у Амерыцы мастаком