
Сто гадоў таму дзясяткі тысяч людзей з’язджалі з беларускіх зямель у Злучаныя Штаты Амерыкі па лепшае жыццё, новыя перспектывы і вялікія грошы. Іх жыццё на радзіме, у Беларусі — ці ў Расійскай імперыі, ці Польшчы, ці БССР — было складаным і са шматлікімі выпрабаваннямі. У падкастах «Зямля Свабоды» мы расказваем гісторыі ўраджэнцаў Беларусі — пра тое, як яны жылі на беларускіх абшарах сто гадоў таму і што атрымалі на чужыне, куды часцяком з’язджалі без грошай, але са спадзяваннямі на лепшае.
PALATNO працягвае цыкл аповедаў пра беларускіх яўрэяў, якія з’ехалі ў Амерыку сто гадоў таму. Гэтым разам мы расказваем гісторыю Хэлен Вайнберг, якая пераехала з Камянца ў Нью-Джэрсі.
Першы эпізод: «Мы пыталіся ў людзей, як трэба есці бананы». Гісторыя Хільды Сігал з Пружанаў, якая пераехала ў Нью-Ёрк
Змест
Якім было жыццё ў Камянцы больш за сто гадоў таму
Хэлен Вайнберг нарадзілася ў чэрвені 1909 года ў Камянцы.
Бацька Хэлен, Шмуль, меў краму будаўнічых матэрыялаў у Камянцы. Дзякуючы гэтаму сям’я жыла добра, іх — Хэлен і яе брата — вучылі настаўнікі дома. Яны таксама хадзілі ў хедер — пачатковую яўрэйскую школу. Маці звалі Нэха, яе сям’я паходзіла з Беластока. У сям’і быў старэйшы сын, але ён памёр у дзень свайго абразання. З таго часу маці Хэлен вельмі баялася сурокаў, таму кожнаму дзіцяці рабіла дадатковую кішэню на адзенні, куды клала соль. Бацька шмат працаваў і шмат часу праводзіў у краме.
«Ён не хацеў, каб мы з’язджалі ў Злучаныя Штаты. Сям’я маёй маці двойчы дасылала дакументы, ён павінен быў паехаць, і мы таксама павінны былі паехаць, мая маці і мы, двое дзяцей. Ён казаў, што Амерыка — не кашэрная зямля. Тут, ён казаў, я са сваімі людзьмі. Я ведаю, што кашэрны. Я хаджу ў сінагогу. А там усё інакш, як я разумею. Пасля ён двойчы адсылаў дакументы назад, якія высылалі браты і сёстры маёй маці. Ён адмаўляўся ехаць».
Некалькі гадоў бацька Хэлен цяжка хварэў, у яго былі сур’ёзныя праблемы са страўнікам, але не змог адолець хваробу і памёр у 1921 годзе ў брэсцкім шпіталі. Праз кароткі час сваякі маці з Амерыкі зноў даслалі дакументы і запрашэнне прыехаць у новую краіну. Брат Хэлен, якому было крыху больш за 15 гадоў, адзін паехаў у Варшаву да амерыканскага консула, каб дамовіцца аб візах.
Сям’я Хэлен была вельмі рэлігійнай. Яны адзначалі ўсе яўрэйскія святы, хадзілі ў сінагогу. Дзяцей вучылі, якую ежу можна есці, а якую — нельга, што такое кашэрная ежа. Дзеці вучыліся асаблівым правілам паводзінаў, якіх патрабуе яўрэйскі закон.
Хэлен добра памятае Камянец у пачатку мінулага стагоддзя. Па яе словах, у ім жыло шмат яўрэяў і хрысціян таксама.
«Я памятаю, што непадалёк адтуль, дзе мы жылі, была вялікая царква. Вышэй на схіле стаяла вялікая царква. Хрысціяне хадзілі туды, каб памаліцца. Гаспадары крамаў вельмі чакалі тых дзён, бо хрысціяне пасля царквы ішлі па крамах, яны куплялі ўсё, што ім трэба там. Гэта быў добры дзень для бізнесу, ведаеце. Мой бацька гэтым займаўся, як і ўсе астатнія. Там было шмат крамаў, у большасці іх трымалі яўрэі. Хрысціяне прыходзілі і куплялі, што ім трэба ў краме.
Было шмат рабаванняў. Шмат разоў яўрэйскія крамы рабавалі. Яны ўламваліся ў крамы і забіралі тавары. Не было добрых адносінаў у хрысціян і яўрэяў. Хрысціяне, думаю, так будзе слушна сказаць, ненавідзелі яўрэяў. Так. Шмат разоў рабіліся пагромы. Яны спальвалі то тут, то там, ці пачыналі бойку з яўрэямі. Не было гармоніі, адчування гармоніі. Мы не былі дастаткова ў добрых стасунках з імі. Не з усімі. Канешне, былі добрыя людзі таксама».
Сям’я Хэлен перажыла ў Камянцы Першую сусветную вайну і бальшавіцка-польскую вайну. Яна памятае, як бальшавікі ваявалі з палякамі ў горадзе, яна чула стрэлы, як маці хавала дзяцей. У гаспадарцы сям’і была карова, яе выпасам займаўся брат. Аднойчы падчас чарговай ваеннай сутычкі брат пайшоў пасвіць карову разам з сябрам — сябра забілі, а брат цудам уратаваўся. Хэлен кажа, што час ад 1917 да 1921 года быў вельмі страшным і складаным для сям’і.
Якім быў пераезд у Амерыку сто гадоў таму: досвед Хэлен і яе сям’і
Прыкладна праз тры месяцы пасля смерці бацькі Хэлен, яе брат і маці паехалі ў Амерыку. Яны дабраліся да Антверпена, селі на карабель, але на шляху ў карабля здарыліся нейкія праблемы, таму давялося вярнуцца назад. Адносна хутка яны зноў селі на карабель. Падарожжа ў Злучаныя Штаты заняло каля двух тыдняў. У іміграцыйным цэнтры Эліс-Айленд іх правяралі дактары: глядзелі, ці ёсць у іх вошы, аглядалі вочы і запытваліся пра праблемы са здароўем. Затым сям’ю Хэлен сустрэў дзядзька. Ён забраў іх у Нью-Джэрсі. У Нью-Джэрсі ўжо больш за 20 гадоў жылі браты і сёстры маці, яны пераехалі ў Амерыку ў 1890-я гады. На той час яны ўжо добра жылі ў Штатах, мелі сем’і і добрую працу.
«Пёравыя, пёравыя коўдры. Маці прывезла пару з іх сюды. Яшчэ маці прывезла вялікія, прыгожыя хусткі для маіх цётак. Яны былі незвычайныя, даволі дарагія, вялікія і доўгія. Яны былі… З чаго яны былі зроблены? Карункавыя ці нешта падобнае. Яны былі з воўны? Не, прыгожыя карункавыя рэчы з рознымі ўзорамі. Хусткі, чорныя хусткі, карункавыя. У іх можна было пайсці на баль ці нешта падобнае. Разумееце? Надзець, напрыклад, паверх сукенкі. Ты носіш іх на плячах, маці прывезла іх у падарунак для сясцёр. Гэта ўсё, што я памятаю».
Хэлен пераехала ў Амерыку ў 12 гадоў у 1921 годзе. Праз тыдзень пасля пераезду Хэлен аддалі ў школу. Яна хутка засвоіла англійскую мову, скончыла школу і ўладкавалася на працу ў офіс. Яе брат адвучыўся і стаў канструктарам на швейнай фабрыцы, але з-за праблем са здароўем яму давялося кінуць працу, ён заняўся грамадскім актывізмам.
Маці Хэлен памерла ў Злучаных Штатах у 1940 годзе. Праз некалькі месяцаў Хэлен пабралася шлюбам з яўрэйскім мужчынам Сэмам, ураджэнцам Аўстрыі.
«Я амаль забыла старую краіну. Я, так бы мовіць, развіталася з ёй. Што было, тое было. Гэта былі непрыемныя ўспаміны. Занадта шмат страціла ў дзяцінстве. Памятаю, як бацька шмат гадоў хварэў. Памятаю, як хрысціяне шмат разоў ладзілі невялікія пагромы супраць яўрэяў. Я была рада, што далёка ад гэтага, і не зацыкліваюся на гэтым. Я стараюся забыць гэта. Я рада, што знаходжуся тут і стварыла для сябе іншае жыццё».
* * *
Першы сезон падкаста «Земля свабоды»:
Даплыць да «Свабоды». Гісторыя Разалін, якая капала тунэль у Амерыку
Слухаў прамовы Леніна і Троцкага — замест камунізму абраў Амерыку. Гісторыя Ірвінга Маркмана
Гісторыя Молі, якая з’ехала з двума доларамі з Пінска ў Амерыку
Са Слуцка ў Філадэльфію за тры месяцы. Гісторыя Луіса, які шукаў лепшае жыццё
Прыгоды, а не небяспечная вандроўка ў невядомае. Гісторыя Эдны, якая пераехала з Петрыкава ў Нью-Ёрк
З Клецка ў Нью-Ёрк — і назад. Гісторыя Пола, які прыехаў на радзіму чужынцам
З Наваградка ў Кліўленд і Нью-Ёрк. Гісторыя Роўз, якая стала феміністкай
Забіць рускую частку сябе. Гісторыя Абрама, які стаў у Амерыцы мастаком