
Сто гадоў таму дзясяткі тысяч людзей з’язджалі з беларускіх зямель у Злучаныя Штаты Амерыкі па лепшае жыццё, новыя перспектывы і вялікія грошы. Іх жыццё на радзіме, у Беларусі — ці ў Расійскай імперыі, ці Польшчы, ці БССР — было складаным і са шматлікімі выпрабаваннямі. У падкастах «Зямля Свабоды» мы расказваем гісторыі ўраджэнцаў Беларусі — пра тое, як яны жылі на беларускіх абшарах сто гадоў таму і што атрымалі на чужыне, куды часцяком з’язджалі без грошай, але са спадзяваннямі на лепшае.
PALATNO працягвае цыкл аповедаў пра беларускіх яўрэяў, якія з’ехалі ў Амерыку сто гадоў таму. Гэтым разам мы расказваем гісторыю Джэка Левіна, які з’ехаў з Міншчыны ў Нью-Ёрк.
Першы эпізод: «Мы пыталіся ў людзей, як трэба есці бананы». Гісторыя Хільды Сігал з Пружанаў, якая пераехала ў Нью-Ёрк
Другі эпізод: «Я амаль забыла старую краіну». Гісторыя Хэлен Гурынскі-Вайнберг, якая з’ехала з Камянца ў Нью-Джэрсі
Дом, бацькі, Міншчына
Джэк Левін нарадзіўся ў сакавіку 1893 года. Яго імем на радзіме, у Беларусі, было Якаў Ляльчук. Ён пераехаў у ЗША у 1913 годзе ва ўзросце 20 гадоў. Усё жыццё ў Беларусі пражыў у вёсцы на Міншчыне, зусім непадалёк ад Мінска. У яго вёсцы, якую ён называе сялом — бо ў мясцовасці была царква, было ўсяго дзве вуліцы. Там жа была мясцовая адміністрацыя.
«Я памятаю, што сяляне з суседніх вёсак прыязджалі ў нядзелю ці на нейкае свята да царквы, яны прыходзілі да мясцовага святара. Святар быў у царкве кожную нядзелю, размаўляў з імі, нешта прамаўляў перад імі. І вось таму, таму гэта было чымсьці большым, чым вёска. Гэта было сяло, бо там было праўленне, царква, святар і некалькі ваенных людзей. Яны называлі іх раднікамі».
Бацьку Джэка звалі Абрам, ён быў вельмі рэлігійным чалавекам. Абрам працаваў цесляром, рабіў мэблю: сталы, крэслы, ложкі. У асноўным, заказчыкамі былі сяляне, якія куплялі мэблю ў свае хаты.
«’’Хата’’ — гэта значыць дом. Быў толькі адзін паверх, адразу ад зямлі. Ты заходзіш у хату з вуліцы адразу ў дом, можна сказаць, што столі там былі высокія. У хаце было невялікае акно. Гэта былі дамы сялян».
Бацька Джэка сам збудаваў уласны дом. У гэтым яму дапамагалі мясцовыя сяляне. Будаўніцтвам дома Абрам займаўся гадамі. У атрыманні зямлі пад дом сям’і дапамаглі ўсё тыя мясцовыя сяляне, калі Абрам вярнуўся з царскай арміі — дарэчы, той служыў пры бацьку апошняга расійскага імператара, Аляксандры III. Маці Джэка звалі Хае, у дзявоцтве — Руднік. Джэк з цеплынёй успамінае адносіны бацькоў і кажа, што яны ніколі не сварыліся, моцна кахалі адзін аднаго. Маці таксама зарабляла добрыя грошы, бо працавала швачкай.
Адносіны паміж яўрэямі і хрысціянамі былі добрымі, успамінае Джэк. Ён адзначае, што ўрад быў настроены негатыўна ў адносінах да яўрэяў, але людзі адносіліся па-добраму, хаця былі і выключэнні. Суседзі заўсёды прыходзілі да бацькі Джэка ў госці. Ён расказвае, што падчас рэвалюцыі яго бацькі заставаліся на радзіме, і іх выратавалі ад бандытаў суседзі. Ужо пасля, калі бацька з’язджаў адтуль, то ў якасці падзякі пакінуў дом чалавеку, які выратаваў яго. Бацькі Джэка пераехалі ў ЗША амаль праз дзесяць гадоў пасля пераезду іх сына, у 1921-м.
Чаму і як Джэк з’ехаў з Беларусі ў Амерыку
А што наконт Джэка? Бліжэй да ад’езду Джэка з Расійскай імперыі ўсе навокал казалі, што хутка пачнецца вайна, ішоў 1913 год. Хлопцу было 20 гадоў. На той час перасталі выдаваць пашпарты для выезду з краіны. Унутры краіны яшчэ можна было ездзіць з горада ў горад, з мястэчка ў мястэчка, але каб выехаць за мяжу — такіх дакументаў не выдавалі. Джэку прыйшла позва ў войска, ён прайшоў медкамісію, але яго не ўзялі з-за праблем з вухам. Яму сказалі, што калі пачнецца вайна, то на фронт яго не возьмуць, але пакінуць працаваць у тыле.
Браты Джэка ўжо былі ў Амерыцы, аднаго звалі Зэлег (у ЗША ён стаў Сэмам і быў краўцом), другога — Сэмам таксама, ён быў цесляром, як і бацька. Усе яны добра ўладкаваліся ў Амерыцы.
Бацька зрабіў для Джэка чамадан. Ён узяў з сабой бялізну, сарочкі, штаны. Таксама паклаў сідур — гэта малітоўнік, якім карыстаюцца кожную раніцу, і Тору. Маці паклала ежу: хлеб, сыр і гародніну.
Джэк ведаў, што яму трэба пераходзіць мяжу, але гэта можна было зрабіць толькі ноччу. Кантрабандысты збіралі вялікія групы па 50 чалавек і пераходзілі з імі. На савецка-польскай мяжы былі вайсковыя патрулі.
«Гэта было сярод ночы, у ноч з нядзелі. Чаму менавіта ноччу ў нядзелю? Бо ў такія ночы на мяжы менш вартавых. І вёў нас адзін чалавек. Ён быў вайсковец, нёс з сабой доўгую белую палку, выразаную з дрэва. Мы мусілі глядзець на яго і сачыць, куды паверне — сюды ці туды. Я страціў адзін бот, бо было вельмі мокра. Бруд, вельмі брудна. І вельмі цёмна. Не было святла ўвогуле. Адзінае святло — тое, што было ўначы на небе, але ліхтароў там не было. Мы ішлі, сачылі за гэтай палкай, ішлі за чалавекам, што нёс яе — так пераходзілі мяжу. Я страціў бот, ужо не мог ісці далей. Наступіў у глыбокую лужыну, застаўся ззаду. Уся група, чалавек 20-50, ужо была далёка наперадзе, а я застаўся адзін».
Джэк дайшоў да бліжэйшай вёскі, яго накармілі і далі паспаць. Раніцай Джэка знайшлі іншыя члены групы, купілі яму боты. Пазней хлопец зразумеў, што падчас пераходу страціў усе долары, якія назапасіў для падарожжа. Далей яны адправіліся ў Варшаву, а потым у нямецкі Брэмен. Адтуль, з Германіі, ён адправіўся ў Амерыку. Ён плыў на караблі «Маўрытанія» з Гамбурга. Дарэчы, «Маўрытанію» знішчылі немцы падчас Першай сусветнай вайны.
Джэк моцна падарваў здароўе падчас вандроўкі ў Злучаныя Штаты. Брат, які сустрэў Джэка, адразу адвёў яго да доктара. Яму парэкамендавалі адпачыць, некалькі тыдняў ён правёў на ферме ў гарах. Затым атрымаў першую працу — рабіў у майстэрні плашчы ад дажджу. Аднак Джэк атрымліваў мала грошай, таму кожны дзень шукаў іншую працу і ўладкаваўся на фабрыку. У тыя гады эканамічная сітуацыя ў ЗША была складаная, было цяжка знайсці працу. Аднак Джэк змог добра замацавацца ў швачным бізнесе на працягу некалькіх гадоў.
У 1922 годзе ён ажаніўся на Бэкі, у іх нарадзіўся адзін сын — Мілтан.
«Інтэрв’юэр: Вы калі-небудзь вярталіся ў Расію? Вярталіся ў Расію калісьці?
Джэк: Не, не.
Інтэрв’юэр: А не хацелі б паехаць туды?
Джэк: Не, не».
* * *
Першы сезон падкаста «Земля свабоды»:
Даплыць да «Свабоды». Гісторыя Разалін, якая капала тунэль у Амерыку
Слухаў прамовы Леніна і Троцкага — замест камунізму абраў Амерыку. Гісторыя Ірвінга Маркмана
Гісторыя Молі, якая з’ехала з двума доларамі з Пінска ў Амерыку
Са Слуцка ў Філадэльфію за тры месяцы. Гісторыя Луіса, які шукаў лепшае жыццё
Прыгоды, а не небяспечная вандроўка ў невядомае. Гісторыя Эдны, якая пераехала з Петрыкава ў Нью-Ёрк
З Клецка ў Нью-Ёрк — і назад. Гісторыя Пола, які прыехаў на радзіму чужынцам
З Наваградка ў Кліўленд і Нью-Ёрк. Гісторыя Роўз, якая стала феміністкай
Забіць рускую частку сябе. Гісторыя Абрама, які стаў у Амерыцы мастаком