«Я рады, што нарадзіўся ў Еўропе». Гісторыя Маера Гарбуса, які пераехаў з Пінска ў Нью-Ёрк

падкаст зямля свабоды, падкаст пра эміграцыю, падкаст пра іміграцыю, беларусы ў амерыцы, беларускія яўрэі

Сто гадоў таму дзясяткі тысяч людзей з’язджалі з беларускіх зямель у Злучаныя Штаты Амерыкі па лепшае жыццё, новыя перспектывы і вялікія грошы. Іх жыццё на радзіме, у Беларусі — ці ў Расійскай імперыі, ці Польшчы, ці БССР — было складаным і са шматлікімі выпрабаваннямі. У падкастах «Зямля Свабоды» мы расказваем гісторыі ўраджэнцаў Беларусі — пра тое, як яны жылі на беларускіх абшарах сто гадоў таму і што атрымалі на чужыне, куды часцяком з’язджалі без грошай, але са спадзяваннямі на лепшае.

PALATNO працягвае цыкл аповедаў пра беларускіх яўрэяў, якія з’ехалі ў Амерыку сто гадоў таму. Гэтым разам мы расказваем гісторыю Маера Гарбуса, які пераехаў з Пінска ў Злучаныя Штаты.

Першы эпізод: «Мы пыталіся ў людзей, як трэба есці бананы». Гісторыя Хільды Сігал з Пружанаў, якая пераехала ў Нью-Ёрк

Другі эпізод: «Я амаль забыла старую краіну». Гісторыя Хэлен Гурынскі-Вайнберг, якая з’ехала з Камянца ў Нью-Джэрсі

Трэці эпізод: «Калі пераходзіў мяжу, страціў бот і ўсе долары». Гісторыя Джэка Левіна, які з’ехаў з Міншчыны ў Нью-Ёрк

Жыццё ў Пінску ў пачатку мінулага стагоддзя

Маер Гарбус нарадзіўся ў Пінску ў 1910 годзе. Ён пераехаў у Амерыку праз дзесяць гадоў, у 1920-м.

Маер памятае Пінск як вялікі горад са шматлікай яўрэйскай супольнасцю. Там было некалькі сінагог, яўрэі працавалі ў дробным гандлі, на мясцовых фабрыках, займаліся рамяством. Бацька Маера быў настаўнікам, вёў заняткі з дзецьмі розных узростаў. Заняткі праходзілі ў вялікім пакоі ў іх доме. Маці дапамагала бацьку і трымала невялікую цукеркавую краму. Сям’я Гарбусаў была вялікая: акрамя Маера было яшчэ трое братоў і адна сястра. Старэйшыя брат і сястра першымі з’ехалі ў Злучаныя Штаты, калі Маеру быў усяго год. Ужо пазней менавіта старэйшы брат перавёз усю сям’ю ў Амерыку.

«Думаю, мы былі тыповымі яўрэямі, якія пакідалі Расію перад Першай сусветнай вайной або адразу пасля яе. Гісторыя Расіі і Польшчы была нярадаснай для яўрэяў — пагромы, антысемітызм. І, канешне, легенды пра вуліцы, выкладзеныя золатам у Амерыцы, і разуменне, што гэта краіна дэмакратыі для ўсіх, прымусілі нас ехаць.

Я памятаю адзін выпадак падчас вайны, прыкладна ў прамежку 1917—1919 гадоў. Пінск стаў месцам баёў паміж бальшавікамі і беларусамі, і з-за гэтага практычна ўсё яўрэйскае насельніцтва было вымушана перасяліцца ў невялікі горад каля Варшавы. Па дарозе туды польскія салдаты схапілі майго бацьку, у якога была доўгая барада, і зрэзалі яму бараду. Добра, што нажніцамі, а не штыкамі, як бывала часам. Больш я не памятаю нічога дрэннага».

Падчас Першай сусветнай вайны сям’я Гарбусаў жыла не ў Пінску. Немцы забралі амаль усіх членаў сям’і для працы, а маленькі Маер знаходзіўся пад апекай рабіна на гэты час. Пасляваенны час быў незразумелы: раніцай людзі бачылі чырвоны сцяг бальшавіцкай арміі, а ўжо вечарам па вуліцах маршыруюць нямецкія салдаты, яшчэ праз дзень — там стаіць польская армія. Пасля вайны і баявых дзеянняў Гарбусы вярнуліся ў Пінск, гэта адбылося прыкладна ў сярэдзіне 1919 года.

Якім быў пераезд у Амерыку

У 1919 годзе старэйшыя брат з сястрой ужо даслалі дакументы для пераезду астатніх членаў сям’і. З Пінска Гарбусы паехалі ў Варшаву, дзе прабылі каля трох месяцаў, пакуль адбываліся фінальныя бюракратычныя працэдуры. З Варшавы — у Ратэрдам, ужо адтуль на караблі плылі ў Нью-Ёрк.

Маер не вельмі добра памятае само падарожжа. Яму асабліва запомнілася ежа, бо пасля ваенных гадоў, калі ўся сям’я літаральна галадала, паесці штосьці новае і смачнае было сапраўдным шчасцем. Уся сям’я падчас падарожжа перажыла марскую хваробу, асабліва было дрэнна маці Маера.

«Памятаю, як прыехалі. Нам сказалі, што мы набліжаемся да Амерыкі. Мы ўсе выйшлі на палубу. Мы ўбачылі Статую Свабоды. Мы былі вельмі ўзрушаныя — пачалі пляскаць у далоні, махаць рукамі. Было шмат маленькіх лодак вакол нашага парахода, і бацькі паказалі нам, на якой з лодак знаходзяцца мой брат і сястра. Яны пазналі нашых бацькоў і махалі ім, а мы махалі ў адказ. Я не памятаў іх, бо калі яны з’ехалі з Расіі, я або яшчэ не нарадзіўся, або быў немаўляткам».

Калі сям’я Гарбусаў прайшла ўсе медагляды, іміграцыйная служба адпусціла іх да сваякоў, якія сустракалі іх у Нью-Ёрку. Маер памятае, што іх даставілі з іміграцыйнага цэнтра на Манхэтан на пароме. У брата і сястры не было дастаткова грошай, каб заказаць таксі для сям’і, таму яны паехалі на чыгунцы.

Першыя месяцы Гарбусы жылі ў кватэры мужа сястры Маера, а пасля бацька арэндаваў вялікую кватэру для ўсёй сям’і. Бацька Маера ўжо быў пажылога ўзросту, яму было каля 60 гадоў, не валодаў англійскай мовай, але адразу далучыўся да рэлігійнай абшчыны яўрэяў, ураджэнцаў былой Расійскай імперыі. Бацька хацеў адкрыць школу, каб вучыць яўрэйскіх дзяцей, але для гэтага трэба было вывучыць англійскую, але ён адмовіўся гэта рабіць, таму заставаўся актыўным толькі ў справах сінагогі. Маці таксама не працавала, займалася домам.

Сям’я Гарбусаў прыехала ў Амерыку ў ліпені 1920 года. У Маера было цэлае лета, каб падцягнуць англійскую мову. У верасні яго прынялі ў школу, і ён трапіў у спецыяльны клас для іншаземцаў, але зусім хутка, праз некалькі месяцаў, яго перавялі ў звычайны клас. Школа, у якую хадзіў Маер, была пераважна яўрэйскай, а вось у старэйшай было больш дзяцей італьянскіх імігрантаў.

Маер пайшоў працаваць у 14 з паловай гадоў. У гэты час ён працягваў вучыцца ў школе, а затым змог скончыць каледж.

«Я называю гэта «сем доўгіх, галодных гадоў», бо было вельмі цяжка: працаваць з васьмі раніцы да шостай вечара і хадзіць у школу чатыры вечары на тыдзень Я працаваў пераважна ў жаночай абутковый прамысловасці, куды пайшлі і мае браты. Да гэтага я спрабаваў розную працу — быў хлопцам на падхваце, клеркам у адпрацоўцы тавараў. Заробак складаў 15-20 долараў на тыдзень. Браты сказалі мне: “Кінь ты гэтыя спробы знайсці працу белага каўнерыка, ідзі на фабрыку, будзеш зарабляць сапраўдныя грошы”».

Першы час Маер гэтым і займаўся, але з часам змог атрымаць лепшую працу і стаў юрыстам.

«Я рады, што нарадзіўся ў Еўропе. Гэта стала для мяне пачаткам падарожжаў, якімі я займаюся і цяпер. Калі я пераехаў у ЗША у 10 гадоў, я яшчэ не разумеў культурных адрозненняў і ідэалогій, што існуюць у свеце. За апошнія 17 гадоў, калі мая фінансавая сітуацыя дазволіла мне падарожнічаць, мы наведалі шмат краін — Еўропа, Мексіка, Паўднёвая Амерыка. І я зразумеў: толькі праз зносіны і наведванне іншых краін мы можам стаць талерантнымі. А талерантнасць для мяне — вельмі важная рэч у жыцці. Толькі праз павагу да іншых поглядаў і палітыкі мы зразумеем, што няма ніводнай краіны ці народа, які быў бы вышэй за астатніх».

* * *

Першы сезон падкаста «Земля свабоды»:

Даплыць да «Свабоды». Гісторыя Разалін, якая капала тунэль у Амерыку

Слухаў прамовы Леніна і Троцкага — замест камунізму абраў Амерыку. Гісторыя Ірвінга Маркмана

Гісторыя Молі, якая з’ехала з двума доларамі з Пінска ў Амерыку

Са Слуцка ў Філадэльфію за тры месяцы. Гісторыя Луіса, які шукаў лепшае жыццё

Прыгоды, а не небяспечная вандроўка ў невядомае. Гісторыя Эдны, якая пераехала з Петрыкава ў Нью-Ёрк

З Клецка ў Нью-Ёрк — і назад. Гісторыя Пола, які прыехаў на радзіму чужынцам

З Наваградка ў Кліўленд і Нью-Ёрк. Гісторыя Роўз, якая стала феміністкай

Забіць рускую частку сябе. Гісторыя Абрама, які стаў у Амерыцы мастаком

Вярнуцца ўгару